Вы тут

Качанава: Будучыня нашай краіны залежыць ад кожнага з нас


У Мінскім дзяржаўным Палацы дзяцей і моладзі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла адкрыты дыялог з новым пакаленнем. Удзельнікамі сустрэчы сталі навучэнцы школ і каледжаў, студэнты беларускіх ВНУ, а таксама маладыя спецыялісты. На пытанні хлопцаў і дзяўчат разам з Наталляй Качанавай адказвалі міністр адукацыі Андрэй Іванец і першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. Пытанні, што прагучалі падчас адкрытага дыялогу, тычыліся сістэмы адукацыі, прадастаўлення жылля для маладых спецыялістаў, Года гістарычнай памяці і паспяховага развіцця дзяржавы. 


— Падчас нашай сустрэчы я хачу даведацца ад вас, што вас хвалюе, каб даць вам адказы, а таксама запазычыць для сябе нешта новае, — звярнулася да моладзі Наталля Качанава. — Маладзёжная палітыка — адзін з прыярытэтных напрамкаў у нашай дзяржавы, таму такія сустрэчы з моладдзю для нас традыцыйныя. Матываваная, адукаваная моладзь — стратэгічны рэсурс любой краіны. І ад таго, якой будзе моладзь, шмат у чым залежыць будучыня краіны. Аб гэтым заўсёды кажа наш Прэзідэнт, звяртаючыся да моладзі, ставячы задачы перад дзяржаўнымі органамі. І кожны павінен разумець, што будучыня нашай краіны залежыць ад кожнага з нас. Ад таго, што робіць кожны з нас на сваім месцы. У кожнага чалавека павінен быць свой стрыжань, адданасць, любоў да сваёй краіны, — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. 

Роля педагогаў і сям’і

Як маладым педагогам узаемадзейнічаць з бацькамі? З такім пытаннем да Наталлі Качанавай звярнулася студэнтка гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Гэта сапраўды вельмі важны аспект. Без ведання прадметаў не будзе развіцця краіны — гэта тая база і аснова, якая дае магчымасць маладому чалавеку атрымаць спецыяльнасць і прафесію. Але не менш важна быць патрыётам, ведаць гісторыю сваёй краіны, — адказала старшыня Савета Рэспублікі. — У выхаваўчым працэсе павінна ўдзельнічаць не толькі школа, але і сям’я. Калі сям’я трывалая і бацькі даюць правільныя пасылы, любое дзіця гэта ўспрыме. Таму тут павінна быць усё ў комплексе: дашкольныя ўстановы, школа і бацькі. З боку педагога павінны гучаць дакладныя, ёмкія думкі, якія накіруюць моладзь у правільнае рэчышча. На Рэспубліканскім педагагічным савеце, які праводзіў Прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч у чарговы раз акцэнтаваў увагу на тым, што настаўнік павінен выхоўваць. Таму ўсё павінна быць у комплексе. 

Закон аб генацыдзе беларускага народа

Навучэнка Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі спыталася, чаму закон аб генацыдзе беларускага народа не быў ініцыяваны раней, улічваючы, што аб фактах знішчэння беларусаў ведалі даўно. 

— Я лічу, што мы, беларускія людзі, вельмі сціплыя. Калі мы сутыкнуліся з той бядой, цаной неверагодных ахвяр зрабілі ўсё, каб адстаяць сваю зямлю. Вы ведаеце, што некаторыя рэгіёны да гэтага часу не ўзнавілі колькасць таго насельніцтва, якое было до Вялікай Айчыннай вайны. Падтрымліваючы мір, спакой, мы лічылі, што гэта толькі наша трагедыя і наш боль, памяць аб якіх трэба перадаць наступным пакаленням, каб гэта ніколі не паўтарылася. Але калі мы ўбачылі, што нацызм і фашызм зноў паднімае галаву — і гэта не проста чыесьці выказвання, а навіслая пагроза над светам, мы прышлі да выніку, што ініцыяванне закона неабходна, — адказала Наталля Качанава. 

Дзейнасць БРСМ 

З пытаннем, які з праектаў БРСМ запомніўся Наталле Іванаўне больш за ўсё, звярнулася навучэнка Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа: 

— Адразу ў памяці ўсплывае праект, які быў рэалізаваны разам з міністэрствам адукацыі. Гэта «Цягнік памяці», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. — Таксама мне вельмі спадабалася ваша ініцыятыва па добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплекса «Хатынь», які для нас з’яўляецца святым. Вы малайцы, што робіце гэта разам. Адзначу, што ў 2023 годзе праект «Цягнік памяці» працягнецца. Мы плануем, што да нас падключацца краіны Еўразійскага саюза: краін-удзельніц будзе ўжо не дзве, а пяць. Старт традыцыйна адбудзецца каля Брэсцкай крэпасці.

Галоўная тэма 2023 года

Ці будзе 2023 год звязаны з патрыятызмам і захаваннем гістарычнай памяці? Аб гэтым падчас адкрытага дыялогу спыталася вучаніца сярэдняй школы № 152 горада Мінска. 

— Зараз дзяржаўнымі органамі і людзьмі уносяцца розныя прапановы, якім мы хацелі бы бачыць наступны год. Разглядаем варыянты Года сям’і, духоўных каштоўнасцяў. Таму, канешне, будзем рабіць усё, каб год застаўся ў памяці надоўга. Напрыклад, для мяне трылогія малой радзімы была шчасцем. Калі вы ўнясеце свае прапановы, мы з радасцю іх прымем, — адзначыла Наталля Качанава. 

Падтрымка маладых спецыялістаў

Навучэнка Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа пацікавілася тым, як маладому спецыялісту на размеркаванні атрымаць жыллё і да каго звяртацца ў выпадку, калі ўзнікае праблема. 

— Калі малады чалавек заканчвае каледж або вышэйшую навучальную ўстанову, мы павінны прадаставіць яму працоўнае месца. Працоўныя месцы ёсць, таму размеркаванне павінна быць. Хачу акцэнтаваць увагу: універсітэты павінны самі прадастаўляць месцы для паслявузаўскай адукацыі, малады спецыяліст не павінен шукаць месца сам — гэта няправільна. Датычна жылля: згодна з законам малады спецыяліст мае права на арэнднае жыллё. І ў большай ступені гэта датычыцца бюджэтных сфер — зараз мы будуем даволі шмат такога жылля. Зараз гарады, куды прыязджаюць маладыя спецыялісты, прадастаўляюць жыллё з паніжаным каэфіцыентам. У выпадку, калі такое жыллё не прадастаўляецца, вам трэба звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады. Яны павінны дакладна разумець, што да іх прыехаў малады спецыяліст, якому неабходна падтрымка, — адзначыла Наталля Качанава. 

***

Таксама падчас адкрытага дыялогу прагучалі асабістыя пытанні, накіраваныя старшыні Савета Рэспублікі. Наталля Качанава адзначыла, што з некаторымі рабятамі сустрэнецца асабіста, каб выслухаць іх прапановы. У Палацы дзяцей і моладзі старшыня Савета Рэспублікі таксама наведала лабараторыю інавацыйных тэхналогій і кабінет «эка-дызайну», дзе пазнаёмілася з дзейнасцю ўстановы. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».