Вы тут

Галіна Гарэлава: Наша місія — захаваць творчы патэнцыял нацыі


Музыка — мастацтва, здольнае з дапамогай усяго сямі нот адлюстраваць бясконцую палітру пачуццяў, сэнсаў і падзей, якія адгукаюцца ў душы творцы. Кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Галіна Гарэлава таксама належыць да шэрагу тых, хто ўмее здзяйсняць такія «пераклады», ствараючы інструментальныя канцэрты, санаты, сюіты, фантазіі, вакальныя цыклы, музыку для дзяцей і да спектакляў... Яна вучылася ў найлепшых — Анатоля Багатырова, Дзмітрыя Смольскага, Юрыя Фартунатава і вось ўжо 42 гады вучыць студэнтаў у сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сёлета ўстанова адзначыць сваё 90-годдзе. Мы сустрэліся там з Галінай Канстанцінаўнай, каб распытаць пра творчасць, час і місію творчай асобы ў абодвух кантэкстах.


— Галіна Канстанцінаўна, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі на адкрыцці сезона адбылася прэм’ера вашай сюіты «Душа над горадам», прысвечанай Марку Шагалу. Як доўга працавалі над ёю, і ці заўсёды твор даходзіць да гледача ў тым выглядзе, як задумвае яго аўтар?

— Мне блізкі стыль «містычнага рэалізму» Марка Шагала, хаця сама — абсалютны традыцыяналіст. Мяне зачароўваюць шагалаўскія героі (закаханыя, кароўка са скрыпкай, гадзіннікавы майстар), якія лётаюць над горадам. Ёсць у гэтых палётах пачуццё свабоды. І аднойчы да мяне прыйшла балерына Юлія Маркоўская і распавяла, што ёй хацелася б увасобіць вобразы Марка Шагала ў пластыцы на сцэне. Я адразу адмовілася, патлумачыўшы, што не з’яўляюся тэатральным кампазітарам. Плюс я разумела, наколькі гэта вялікі пласт працы, але Юля вельмі гарэла сваёй ідэяй. Яна мела ўжо план лібрэта, ставіла «Сон Бэлы» з танцоўшчыцай. Яе пастаноўку нават у план тэатра ўнеслі. Пасля на мяне выйшаў яе кіраўнік. Праца доўжылася два з паловай года. Аднак з часам з’явіліся сумневы, што давядзём да фіналу справу... У тэатры ўзнікалі перашкоды. І самой было цяжка. Калі пішаш партытуру ў 250 старонак (на кожнай 24 нотныя радкі!), то і спіны не адчуваеш, і вочы баляць... Але, абіраючы шлях кампазітара, трэба быць гатовым да таго, што не ўсё з напісанага будзе абавязкова рэалізавана. Я і сваім студэнтам кажу, што творчая праца не бывае дарэмнай. А вось у Юлі вочы патухлі, хоць мы верылі, што ўсё атрымаецца.

— Як жа твор трапіў у філармонію?

— Калі стала зразумела, што пастаноўка не адбудзецца, я папрасіла вярнуць з тэатра маю партытуру. А потым Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў, рыхтуючы канцэрт, прапанаваў мне са зробленай музыкі скласці сюіту. З амаль што дзвюх гадзін музыкі мы адабралі дваццаць хвілін, пакінуўшы там нумары, якія спалучаюцца па кантрасце. Дарэчы, заканчваецца сюіта развітаннем з Віцебскам, які для героя так і застаўся назаўсёды ідэальным светам... Ідэальнае павінна заставацца ў жыцці заўсёды...

Дабрацца да аркестра шанцуе нямногім маім калегам. Доўгі час праходзіць ад моманту напісання партытуры і да яе рэалізацыі. Мне, лічу, пашчасціла атрымаць прапанову аб супрацоўніцтве ад маэстра Анісімава, і я яму за гэта вельмі ўдзячная. Безумоўна, можна пісаць у стол і суцяшаць сябе булгакаўскімі словамі «рукапісы не гараць», але калі мы гаворым пра музыку, то ў стале яна не жыве. На прэм’еры мне адна жанчына, якая сядзела побач, сказала, што не чакала «пачуць такую музыку ад беларускага кампазітара». Я пытаюся: «Не верыце ў беларускую музыку?» Кажа: «Цяпер веру!» Таму, каб у нашу беларускую музыку верылі, трэба каб яна гучала!

— «Душа над горадам» — не першы ваш зварот да творчасці Шагала і яго асобы. Дзе звычайна шукаеце натхненне?

— Цікаўнасць — найстаражытнейшы інстынкт чалавека. І асабліва каштоўная прафесійная цікаўнасць. Памятаю, як мы з Сяргеем Картэсам, Дзмітрыем Смольскім, Андрэем Мдзівані, Анатолем Багатыровым хадзілі на ўсе канцэрты. Нам было цікава слухаць новую музыку калег. Так і да сёння. Спадзяюся не страціць сваёй дапытлівасці. А яшчэ з узростам хочацца да нечага вяртацца. Люблю перачытваць класікаў — Гогаля, Чэхава, нядаўна прачытала зноў Томаса Мана «Смерць у Венецыі». Перапаўняецца памяць камп’ютара і ад карцін. Але ж гэта зусім не параўнаць з тым, што адчуваеш пры жывым знаёмстве з мастацтвам. Я ўсё хацела ўбачыць творы бельгійскага мастака Магрыта ўжывую. І вось так склалася, што мяне запрасілі на канцэрт з выкананнем маёй музыкі ў Базэлі, а пасля я трапіла на выстаўку ў базэльскі музей, дзе былі і карціны Магрыта. Цуды здараюцца!

— Лічыцца, што музыка — мастацтва, якое не патрабуе перакладу. Ці ёсць у вас сваё ёй вызначэнне?

— Музыка заўсёды знаходзіцца па-над усімі межамі. Неяк на фестывалі Юрыя Башмета была прэм’ера твора Сафіі Губайдулінай, і напярэдадні ў нас адбылася сустрэча з ёй, і Сафія Асгатаўна сказала, што нацыя — гэта арганізм, а акадэмічнае мастацтва — гэта дыханне нацыі! Але мала толькі пачуць яе словы — трэба зразумець сказанае.

— Вы неяк адзначалі, што з узростам пісаць становіцца складаней, бо павялічваецца патрабавальнасць да сябе. У чым яна выяўляецца?

— У маладосці, калі ты славалюбівы (творчым людзям гэта неабходна), то вызначаеш сабе планку і верыш, што дасягнеш яе. Толькі мы не ўлічваем, што планка будзе расці разам з намі. Таму з узростам усё часцей пачынаеш ладзіць сабе «страшны суд». Вось перад прэм’ерай чаго нервуешся? Таму што ўсё разлічыў і выбудаваў у сябе ў галаве, а пасля думаеш: ці будзе твор гучаць, а раптам музыканты не справяцца і г. д. Усе часы па-свойму складаныя, але, дзякаваць богу, мне ніхто не загадваў, што я павінна пісаць. Хаця калегі мае пісалі на замову і за тое атрымлівалі добрыя грошы. Я нікога не асуджаю, але шчаслівая, што ў мяне засталася творчасць — тая зона сумлення, дзе ты здольны застацца сабой.

— Вам не даводзілася пісаць на замову?

— Творчыя замовы, безумоўна, былі. Аднак, якія б падзеі ні адбываліся навокал, я працягвала пісаць тое, што мне было блізка. У 2007 годзе я атрымала замову напісаць твор для струннага аркестра з прысвячэннем Юрыю Башмету, але тэму магла выбіраць сама. Толькі ведала, што працягласць — дзесяць хвілін. І тады я напісала «Іngemіsco» («Вінаваты, уздыхаю і каюся...» ) — гэта словы з каталіцкай месы. Пашчасціла на працягу жыцця атрымліваць замовы і прапановы ад маіх таленавітых калег: трубача Мікалая Волкава, альтысткі Лючыі Ластаўкі, ударніка Міхаіла Канстанцінава, гітарыста Паўла Кухты і іншых цудоўных выканаўцаў. Гэта шчасце, калі нашы творы выконваюцца — тады мы адчуваем сябе патрэбнымі.

— А што дало вам першы імпульс, каб выказацца на мове музыкі?

— Мой першы твор меў назву «Зязюля». Вобраз гэтай птушкі мяне ўвогуле суправаджае ўсё жыццё як нейкі сімвал часу, а можа, смерці. Памятаю, чытала Ахматаву, і мяне зачароўвалі яе радкі «...Когда моя настанет смерть, // Душа кукушкой обернётся, // В густой листве цветущих груш // Я полночью глухою спрячусь // І так во мраке запою, // Что милый голос мой узнает...». А дванаццаць гадоў таму неяк выходжу з кватэры і бачу ў пад’ездзе мёртвую зязюлю. Падумала, што нешта здарыцца, і памерла мая мама. Бываюць такія знакі, на якія я звяртаю ўвагу. Апошні раз я сутыкнулася з гэтым у вёсцы Дальва. Яе напаткаў той жа лёс, што і Хатынь. Там ёсць пранізлівы да слёз мемарыяльны комплекс: уздоўж былой вуліцы размешчаны помнікі ў выглядзе зрубаў хат. І на адным з ганкаў — выява дудачкі, скрыпкі — там жыў музыкант. Калі падышла да яе (гэта быў пачатак чэрвеня), то закувала зязюля. Я была вельмі ўзрушаная, паколькі ў паданнях лічыцца, што гэтая птушка кукуе, калі душа памерлага прылятае, каб убачыць свае мясціны ці развітацца з чалавекам...

— Скажыце, ці можа кампазітар дазволіць сабе паўзы ў творчасці, калі ўжо мае рэпутацыю і званні?

— Паўзы самі з’яўляюцца. Асабліва пасля працы над партытурай ці буйным нейкім творам ты адчуваеш поўную спустошанасць. І патрэбен час, каб душа зноў напоўнілася ўражаннямі. Мне падабаецца, як напісаў Пушкін, здаецца, пасля «Барыса Гадунова»: «...окончен труд мой многолетний. // Что ж непонятная грусть тайно тревожит меня? // Или, свой подвиг свершив, // Я стою, как поденщик ненужный...». Вельмі трапнае аўтар знайшоў апісанне, бо так сябе і адчуваеш пасля вялікага эмацыянальнага выкіду. А з іншага боку, пасля вялікага перапынку не кожнаму ўдаецца працягваць пісаць.

— Як лічыце, перыяд, калі вы з’ехалі працаваць па размеркаванні ў Баранавічы, спрацаваў вам у плюс?

— Так, я з цікаўнасці выбрала Баранавічы. Увогуле, туды размяркоўвалі 12 чалавек, але ў выніку толькі двое паехалі працаваць. Гэта была найбліжэйшая кропка ад Мінска. А яшчэ за два гады да гэтага туды з’ехала працаваць мая блізкая сяброўка, з якой мы ўвесь час падтрымлівалі сувязь. І вось я прыехала туды і трапіла ў цікавы калектыў. Асабліва падабалася стракатая група духавікоў, дзе малодшаму хлопцу было 14 гадоў, а яго два «калегі» ўжо былі пасля службы ў арміі. І я іх вучыла, знаёміла з сусветнай класікай. Неяк на занятках расказвала, што ў кампазітараў бываюць перыяды, калі яны шукаюць новыя формы, перажываюць творчы пералом, а пасля ў вучнёўскіх канспектах прачытала: «ў іх здараецца творчы перамол»... (усміхаецца. — Аўт.) Так мне тое выслоўе спадабалася, што я і сёння, калі ў мяне пытаюць, над чым працую, магу адказаць: «У мяне творчы перамол»! Таксама за два з паловай года ў Баранавічах я паспела і шмат напісаць сама.

— У Акадэміі музыкі вы ўзначальваеце кафедру кампазіцыі. Скажыце, як музыканту, чалавеку творчаму раскрыць свой талент і патэнцыял? І якую ролю ў гэтым адыгрываюць яго настаўнікі?

— У педагогаў двухузроўневая місія. Па-першае, якія б здольнасці не меў студэнт, ты павінен навучыць яго рамяству. Гэта праграма мінімум. А максімум для педагога — выхаваць творчую асобу. Аднак тут мала толькі намаганняў выкладчыка. Абавязкова патрэбна зваротная сувязь ад вучня. У мяне вось неяк вучыўся адзін даволі адораны хлопец, а потым у нейкі момант сышоў у іншую сферу, бо жаданне зарабляць вялікія грошы для яго аказалася важнейшае за музыку. Наша ж праца патрабуе засяроджанансці, напружанасці. Як казаў Анатоль Франс, у мастацтве існуе дзве праблемы: рамеснік, які не мастак, і мастак, які не рамеснік. Адзін можа быць таленавітым, але не давучыцца, іншы — сціплы па здольнасцях, але, дзякуючы зацікаўленасці, упартай працы, адданасці прафесіі, вырастае у буйную творчую асобу.

— Вашы выкладчыкі ў чым аказалі на вас уплыў?

— Яны — вялікія людзі. Анатоль Багатыроў быў, напрыклад, вельмі аўтарытарным чалавекам, але з яго класа ўсе вучні выйшлі абсалютна рознымі: і Лучанок, і Картэс, і Смольскі, і Вагнер. І гэта вялікая рэч для выкладчыка, калі яго вучні не падобныя адзін да аднаго. Анатоль Багатыроў быў чалавекам з выключнай настаўніцкай інтуіцыяй. Ён здолеў у хлопцы з чыгуначнага тэхнікума разгледзець аднаго з лідараў беларускай кампазітарскай школы — Яўгена Глебава. Я б хацела мець такую ж інтуіцыю. А Дзмітрый Смольскі, Сяргей Картэс — прыклад для мяне ў сваёй адданасці музыцы. Усе мае выкладчыкі былі для мяне ў чымсьці ўзорамі. І калі на праслухоўванні яны рабілі мне заўвагі, гэта заўсёды было дарэчы. А сучасныя вучні, здаецца, нікога не слухаюць. І ўвогуле зараз час татальнага раўнадушша, калі нават ніхто нікому не зайздросціць. Напісаў, што захацеў, выклаў у сеціва, зарабіў свае «ўпадабайкі» і супакоіўся. Я ж вучу сваіх студэнтаў таму, як важна, калі побач з табой таленавіты чалавек, гледзячы на якога ты імкнешся цягнуцца уверх, стаць яшчэ лепшым.

— У 90-я вы былі вядучай праграмы на радыё пра класічную музыку, і гэта было запатрабавана. Як думаеце, з улікам таго, што, напрыклад, урокі музыкі ў школе скарачаюцца, ці трэба сёння выхоўваць разуменне добрай музыкі ў шырокай аўдыторыі?

— Патрэбна дзяржаўная палітыка падтрымкі кампазітараў. У нас жа нават няма дзяржаўнага нотнага выдавецтва. Згадайце перыяд, калі ў канцэртнай практыцы павінен быў быць пэўны працэнт беларускай музыкі, тое, можа, не ўсім падабалася, але творы беларускія гучалі. І гэта важна, таму што падаць сябе, «раскруціць» далёка не кожны можа. Ці іншы горкі прыклад: калі ў 2002 годзе Андрэй Паначэўны стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага, мне здавалася, што гэта павінна быць нацыянальнае свята, але — цішыня. А вось пасля «Еўрабачання» нашу спявачку сустракалі шматлікія прадстаўнікі СМІ, напісаўшы, што яна ўзяла «пачэснае 17-е месца».

— У наш час што большы ўплыў аказвае на развіццё музыкі — тэндэнцыі, тэхналогіі ці асоба чалавека, які яе стварае?

— Асоба вырашае ўсё. Я нават на лекцыі пра стылі розных кампазітараў згадваю словы французскага вучонага Жоржа Бюфона: «Стыль — гэта сам чалавек». Толькі ад асобы залежыць, што ёй бліжэй: заставацца сабой, нягледзячы на «мэйнстрым», ці паспяваць за тэндэнцыямі. Зараз галоўная тэндэнцыя — гэта тэхналогіі, але ў музыцы па-ранейшаму галоўнае — эмоцыі, душа. Тым больш што гэтыя якасці ў менталітэце беларуская нацыі.

— У вас шэраг твораў, напісаных па матывах паэзіі. Чыімі радкамі вы маглі б ахарактарызаваць сябе сённяшнюю?

— Усе мае ўпадабанні і ў літаратуры, і ў жывапісе засталіся нязменнымі з маладосці. Але зараз успамінаю радкі Ігара Губермана «Где страсти, где ярость и ужасы, где рать ополчилась на рать, блажен, в ком достаточно мужества на дудочке тихо играть». Нягледзячы ні на што, ёсць вось гэтая 420 аўдыторыя і перакананасць мая і маіх калег, што наша місія — захаваць творчы патэнцыял нацыі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».