Вы тут

Прэм'еры і знакавыя юбілеі «Беларускай музычнай восені»


Сёлета музычны форум збірае прыхільнікаў акадэмічнага мастацтва ўжо ў 48-ы раз і знаёміць наведвальнікаў з найлепшымі ўзорамі музычнай спадчыны, творамі ды імёнамі, якія закліканы адкрыць шырокаму колу асаблівасці розных жанраў і стыляў айчыннай і замежнай музыкі.


Старт фестывалю быў дадзены 25 кастрычніка, а да 29 лістапада аўдыторыю чакае яшчэ шэраг адметных канцэртных праграм. У гэтым годзе «Беларуская музычная восень» праходзіць пад эгідай 85-годдзя Беларускай дзяржаўнай філармоніі, таму і адкрывалася канцэртам, прысвечаным юбілею найстарэйшай канцэртнай арганізацыі краіны. А вось у лістападзе для аматараў музычнага мастацтва маецца тут яшчэ многа цікавых прапаноў.

З 16-га чысла можна трапіць на праграму твораў духоўнай харавой музыкі ў выкананні Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы, што прымеркавана да святкавання 1030-годдзя праваслаўя на нашых землях і да 30-годдзя прыхода і святочнага хору царквы іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» (па блаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Веніяміна, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі). Пры жаданні паслухаць сольныя і ансамблевыя сачыненні Брамса, Шапэна, Ліста, Грыга, Керна, Фралова ў выкананні сямейнага трыа Анастасіі Аляксейчык (фартэпіяна), Ганны Аляксейчык (скрыпка) і Маргарыты Аляксейчык (скрыпка) наведайце канцэрт у малой зале імя Р. Шырмы ў гэты ж дзень.

А 17 лістапада адбудзецца канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, які будзе прысвечаны 20-годдзю творчай дзейнасці яго канцэртмайстра — заслужанай артысткі Беларусі Юліі Стэфановіч. У гэты вечар прысутныя пачуюць канцэрт для скрыпкі з аркестрам Барбера, а таксама сімфанічныя шэдэўры Моцарта, Глазунова і Элгара. За дырыжорскім пультам — Аляксандр Анісімаў.

Таксама сапраўднае свята чакае ўсіх, хто наведае філармонію і 18 лістапада. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча (дырыжор — заслужаны артыст Аляксандр Крамко) падрыхтаваў праграму-прысвячэнне народнаму артысту СССР, рэжысёру Эльдару Разанаву. «Музыка кіно» — канцэрт да 95-годдзя маэстра кіно. Ён аб'яднаў у сабе мелодыі і песні з любімых некалькімі пакаленнямі кінастужак. У сваю чаргу ансамбль салістаў «Класік-Авангард» прадставіць публіцы старонкі беларускай інструментальнай музыкі. Тут прагучаць творы Мікалая Клеафаса Агінскага, Манюшкі і Ельскага, а таксама сачыненні майстроў ХХ стагоддзя, сярод якіх Падкавыраў, Смольскі і Кур'ян.

Сёлета ў рамках музычнага форуму ў беларускую сталіцу вяртаецца і «Rastrellі Cello Quartet» (віяланчэльны калектыў, які ведаюць ва ўсім свеце). І 21 лістапада ён у сценах філармоніі адзначыць сваё 20-годдзе, выконваючы ў аўтарскіх аранжыроўках класіку, кінамузыку і легендарныя мелодыі «Бітлз». Пасля 23 лістапада нас чакае асобная старонка «Музычнай восені» — канцэрт-адкрыццё юбілейнага 55-га сезона Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь.
З гэтай нагоды калектыў пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова падорыць слухачам канцэртную праграму, што ахоплівае тры стагоддзі сусветнага музычнага мастацтва. У якасці саліста ў другім аддзяленні выступіць народны артыст Расіі Фрыдрых Ліпс.

У малой зале імя Р. Шырмы 26 лістапада Мінскі струнны квартэт і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь піяніст Юрый Гільдзюк прэзентуюць «Музыку геніяў розных эпох». Завяршальным акордам «Беларускай музычнай восені» стане канцэрт маладога беларускага піяніста, лаўрэата прэстыжных конкурсаў Уладзіслава Хандогага. Музыкант, якога называюць новай зоркай музычнага небасхілу і які ўмее спалучаць тэмперамент і стыль, выканае канцэрт № 2 соль мажор для фартэпіяна з аркестрам Чайкоўскага ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. А ў першым аддзяленні слухачам прапануюць прэм'ерныя выкананні канцэртных уверцюр беларускіх кампазітараў.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?