Вы тут

Не дапусціць вогненных трагедый і не стаць ахвярай агню


Непатушаная цыгарэта — прычына многіх няшчасцяў. Менавіта з-за яе, як паведамляюць ратавальнікі, здараецца больш за ўсё пажараў, якія заканчваюцца стратай маёмасці і гібеллю людзей. Часта агонь, а адпаведна непатушаная цыгарэта, забірае не адно жыццё.


На фота: Наступствы нядаўняга пажару на Магілёўшчыне.

Невясёлыя гісторыі

Неаднойчы ратавальнікі нагадвалі насельніцтву (і працягваюць гэта рэгулярна рабіць), што за ўласную бяспеку адказвае сам чалавек. Аднак многія, як паказвае сумны вопыт, грэбуюць элементарнымі правіламі бяспекі, што вельмі часта прыводзіць да непапраўнага. Прычым з-за сваёй бяспечнасці і самаўпэўненасці той, хто неасцярожна абыходзіцца з агнём, рызыкуе не толькі сабой, а і жыццём іншых.

Так, у прыватнасці, здарылася ў Стоўбцах. Выпадковы мінак паведаміў у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, што бачыць дым, які ідзе з веранды аднаго з прыватных дамоў. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, устанавілі: гарыць гаспадарчая пабудова, прыстасаваная для пражывання людзей. На падлозе былі выяўлены мужчына і жанчына, якія не падавалі прыкмет жыцця. Як пазней устанавілі праваахоўныя органы, прычынай іх гібелі стала цыгарэта, якую гаспадар закурыў перад сном і, натуральна, не змог патушыць, бо заснуў.

«Герою» іншай вогненнай гісторыі пашанцавала. Ратавальнікам Мінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб узгаранні ў ангары ў вёсцы Хадакова Шчомысліцкага сельскага савета. Падчас праведзенай праверкі было высветлена: узгаранне адбылося ў будынку, які не эксплуатуецца.

Прычына ўсё тая ж — неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння. Агонь пашкодзіў падаконнік і матрац. Сцены і столь па ўсёй плошчы будынка былі закураны. Грамадзянін, па віне якога адбылося надзвычайнае здарэнне, своечасова прачнуўся — лёс падарыў яму другі шанц.

У кашулі нарадзіўся і гаспадар аднаго з дамоў у аграгарадку Дзівін, што ў Кобрынскім раёне. Паведамленне аб пажары паступіла па радыёстанцыі ад начальніка варты пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 3 гэтага населенага пункта. Як высветлілася, у хаце, дзе адбылося ўзгаранне, спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Грамадзянін, які праходзіў побач, пачуў гук, што сігналізуе аб небяспецы, падышоў бліжэй і ўбачыў задымленне. Дзякуючы пільнасці гэтага чалавека супрацоўнікі МНС аператыўна выехалі да месца здарэння. Адкрытага агню ў памяшканні ратавальнікі не выявілі, затое дыму было столькі, што без спецыяльнага абмундзіравання знаходзіцца ў доме было немагчыма. Не дзіва, што гаспадара вынеслі з хаты ў беспрытомным стане. З тэрмічнымі апёкамі цела і атручэннем прадуктамі гарэння пенсіянера шпіталізавалі. Папярэдняя версія пажару — зноў непатушаная цыгарэта.

Менавіта па гэтай прычыне надзвычайнае здарэнне адбылося і ў Віцебску. Ратавальнікі аператыўна адрэагавалі на паведамленне аб задымленні ў адным з пад'ездаў двухпавярховага дома па вуліцы К. Маркса.

— Калі мы прыбылі да месца пажару, па знешніх прыкметах убачылі, што з кватэры на першым паверсе ідзе дым, — расказаў ратавальнік Юрый Макарчук. — Неадкладна сфарміраваўшы звяно газадымаахоўнай службы, мы з Алегам Пятровым і Яўгенам Каліненкам зайшлі ў кватэру, у якой было вельмі шчыльнае задымленне. У калідоры я заўважыў мужчыну на калясцы, ён быў у прытомнасці і клікаў на дапамогу. Мы адразу ж выцягнулі яго на свежае паветра, спытаўшы, ці ёсць у кватэры яшчэ людзі. Мужчына паведаміў, што ў пакоі знаходзіцца яго дзядзька. Дваіх калег я пакінуў з пацярпелым, а сам разам з Максімам Чарняўскім адправіўся паўторна абследаваць кватэру. У падпаленым пакоі на ложку мы знайшлі яшчэ аднаго чалавека, які знаходзіўся без прытомнасці, пасля чаго неадкладна вынеслі яго на свежае паветра, дзе правялі першачарговыя рэанімацыйныя мерапрыемствы да прыезду хуткай дапамогі.

Пажар быў паспяхова ліквідаваны. Аднак хэпі-эндам усё скончылася толькі для аднаго з мужчын. Другі, якога ў непрытомным стане ратавальнікі выносілі з памяшкання, праз некалькі дзён памёр у бальніцы.

Не курыце ў хаце!

У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях за 10 месяцаў бягучага года зафіксавана 2097 пажараў, якія адбыліся па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. У выніку атручвання прадуктамі гарэння на пажарах загінулі 499 чалавек, 389 з іх пазбавілася жыцця менавіта з-за таго, што неасцярожна абыходзіліся з агнём.

Учора ў краіне стартавала рэспубліканская акцыя «Не прапальвай сваё жыццё!» Яе мэта — папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. На розных пляцоўках перад рознабаковай аўдыторыяй ратавальнікі яшчэ раз нагадаюць, як не дапусціць пажараў і што рабіць, калі ўзгарання ўсё-такі не ўдалося пазбегнуць.

— Не грэбуйце сваёй бяспекай, — звяртае ўвагу грамадзян афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Выконвайце правілы пажарнай бяспекі ў побыце і на працоўным месцы, не дапускайце курэння ў неўстаноўленых месцах, у тым ліку ў жылых памяшканнях. Ніколі не курыце ў ложку або ў крэсле: стомлены чалавек або той, хто выпіў, не заўсёды можа кантраляваць свае дзеянні.

Нельга дапускаць курэння каля лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў. Катэгарычна забараняецца выкідваць непатушаныя цыгарэты ці запалкі з вокнаў ці балконаў — яны могуць трапіць да суседзяў. Невыпадкова, сыходзячы з кватэры, рэкамендуецца зачыняць вокны і балконы. Акрамя таго, варта сачыць за тым, каб запалкі і цыгарэты пасля выкарыстання былі цалкам патушаны. Памятайце: адна непатушаная цыгарэта можа загубіць не адно чалавечае жыццё! Лепш за ўсё, вядома, не курыць, а калі і курыць, то рабіць гэта на вуліцы.

І калі пазбавіцца ад шкоднай звычкі вы яшчэ не гатовы, то падстрахуйце сябе і сваю сям'ю — устанавіце дома (у кожным жылым пакоі) аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Гэты даступны кожнаму прыбор, які абсалютна не перашкаджае ў побыце, здольны на многае — выявіць узгаранне на ранняй стадыі і апавясціць аб пажары, нават разбудзіўшы чалавека ўначы. Таму не эканомце на апавяшчальніках: даражэй за жыццё больш нічога няма.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.