Вы тут

14 новых аб'ектаў і лакацый з'явілася ў Гродзенскай вобласці, дзякуючы конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў


У рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў у рэгіёне з'явілася 14 новых аб'ектаў і лакацый. У іх ліку — дзіцячыя і экалагічныя пляцоўкі, спартыўныя комплексы, аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны... У праектную дзейнасць актыўна ўключыліся ўсе раёны вобласці. Ініцыятывы зыходзілі як ад асобных дэпутатаў, так і ад сельскіх Саветаў, грамадскіх арганізацый, іншых устаноў.


Акцэнт быў зроблены на вырашэнне сацыяльна значных пытанняў, рэалізаваць якія бяруцца самі грамадзяне. І ў гэтым галоўны сэнс конкурсу. Па словах старшыні Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоля Нікіціна, стаяла задача прыцягнуць месцічаў да развіцця свайго краю, добраўпарадкавання тэрыторыі. А паколькі конкурс праходзіў упершыню, арганізатарам было цікава ўбачыць, што змогуць прапанаваць ініцыятыўныя жыхары вобласці.

— На конкурс паступіла 104 праекты, што сведчыць аб жаданні нашых жыхароў зрабіць штосьці карыснае для свайго кутка, той мясціны, дзе яны жывуць. Будзем спадзявацца, што з цягам часу ўсе гэтыя прапановы так ці інакш будуць рэалізаваны. Пакуль было вырашана абраць 14 праектаў, якія б дапамаглі вырашэнню сацыяльна значных пытанняў мясцовага ўзроўню, — растлумачыў Анатоль Нікіцін.

Сродкі выдзеліў Банк развіцця — у сярэднім па 7 тысяч рублёў на адзін праект. За паўгода практычна ўсе яны асвоены.

За здаровы спосаб жыцця

Значная частка ініцыятыў накіравана на далучэнне грамадзян усіх узростаў да фізічнай культуры і здаровага спосабу жыцця.

Напрыклад, у аддзяленні дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна набыты дадатковыя трэнажоры і спартыўны інвентар. Цяпер спартыўны гурток тут наведвае амаль 60 чалавек. У аддзяленні лічаць, што дзякуючы праекту пашырыцца кола аматараў актыўнага даўгалецця, палепшыцца іх здароўе.

З тэмай здароўя звязаны і праект па стварэнні ў ландшафтным заказніку «Гродзенская пушча» мінеральна-крынічнага парку. За сродкі фонду тут праведзены мерапрыемствы па ахове прыродных крыніц ад забруджвання. Пры падтрымцы Гродзенскага лясгаса добраўпарадкавана тэрыторыя, пракладзена дарожка, зроблены мосцік, каб зручна было набіраць крынічную ваду. Не забыліся стваральнікі праекта і пра эстэтычны выгляд. Побач з крыніцай устаноўлены інфармацыйны стэнд і альтанка з драўлянай скульптурай, якую выканаў гродзенскі рэзчык па дрэве. У далейшым ёсць планы па арганізацыі турыстычных і краязнаўчых сцежак, веладарожак, назіральных пляцовак і зон адпачынку.

На здаровы спосаб жыцця скіраваны праекты ў аграгарадку Дзявяткавічы Слонімскага раёна і горадзе Гродна. Тут з'явіліся спартыўныя пляцоўкі для дзяцей і падлеткаў.

У Любчу на кірмаш

А вось у Любчы Навагрудскага раёна абсталявалі вясковы рынак для гандлю і культурна-масавых мерапрыемстваў. З такой ініцыятывай выйшаў старшыня Любчанскага сельскага Савета Сяргей Кавецкі сумесна з дэпутатам сельскага Савета Алегам Бедункевічам.

— Праект даўно выспяваў. У пасёлку няма месца, дзе можна было б разгарнуць сельскагаспадарчы гандаль. Раней мы рабілі тое на плошчы, перакрывалі вуліцы, што стварала нязручнасці для кіроўцаў, — расказаў Сяргей Кавецкі. — Нядаўна на плошчы знесены аварыйны будынак былога Дома быту. І на гэтым месцы якраз і з'явіўся рынак з агароджанай пляцоўкай. Цяпер тут не толькі кірмаш, але і месца правядзення розных культурна-масавых мерапрыемстваў. Да нас прыязджае шмат музычных калектываў. Цяпер ім будзе зручна выступаць, а слухачам — сабрацца іх паслухаць.

Адрасы «Дворыка дзяцінства»

Пры адборы праектаў у значнай ступені ўлічваліся інтарэсы дзіцячай аўдыторыі. Дзякуючы гэтаму была ўхвалена ініцыятыва па стварэнні дзіцячай пляцоўкі ў аграгарадку Гожа Гродзенскага раёна. Такую прапанову ў мясцовы сельвыканкам унеслі самі жыхары. І гэта зразумела. Населены пункт развіваецца, павялічваецца яго насельніцтва, расце колькасць дзяцей. Па словах старшыні сельвыканкама Наталлі Макаўчык, пад індывідуальнае будаўніцтва генеральным планам прадугледжана выдзяленне яшчэ 60 зямельных участкаў. Адпаведна, будзе расці і колькасць маладых сем'яў. А вось сучаснай дзіцячай пляцоўкі ў аграгарадку не было. Таму сельвыканкам па ініцыятыве месцічаў выйшаў на конкурс менавіта з такім
праектам.

— Мы назвалі наш праект «Дворык дзяцінства», — кажа Наталля Макаўчык. — Пляцоўка размясцілася побач са стадыёнам, які сёлета здадзены ў эксплуатацыю. Сродкі банка выкарысталі для ўладкавання інфраструктуры пляцоўкі, а вось дарожку да яе праклалі з дапамогай спонсараў. Жыхары аграгарадка таксама ўзялі ўдзел у добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. У планах — дапоўніць пляцоўку гульнявымі канструкцыямі і зрабіць штучнае пакрыццё.

Старшыня сельвыканкама ўпэўненая, што жыхары і надалей не будуць чакаць, як хтосьці прыйдзе і штосьці зробіць, а гатовыя самі ўключыцца ў працэс. Напрыклад, тут мяркуюць працягваць «дзіцячую» тэматыку і прыняцца за мадэрнізацыю гульнявых пляцовак у дзіцячым садку, пабудаваным у 1970-я гады.

Яшчэ адзін праект з такой назвай рэалізаваны ў аграгарадку Дубна Мастоўскага раёна. Іх «Дворык дзяцінства» размясціўся ў самым цэнтры населенага пункта, у паркавай зоне, што вельмі зручна для наведвальнікаў.

— Раней у нас не было дзіцячай пляцоўкі, таму вырашылі абсталяваць гэты аб'ект больш грунтоўна. Для рэалізацыі праекта дадатковыя сродкі былі выдзелены райвыканкамам. У выніку з'явілася сучасная пляцоўка з арэлямі, горкамі, пясочніцай, прыгожымі лаўкамі, — расказаў старшыня Дубненскага сельвыканкама Анатоль Ліс.

З акцэнтам на гісторыю

Цікавы праект ажыццявілі ў Астраўцы. На конкурс яго прапанавала гімназія № 1. Ініцыятыва скіравана на захаванне вежы на востраве ў аграгарадку Варняны, якая з'яўляецца аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны. Апошнім часам гімназісты ладзяць там тэатралізаваныя экскурсіі, дзе расказваюць аб гісторыі і асаблівасцях гістарычных мясцін свайго краю. Такія экскурсіі нават выклікалі інтарэс з боку турыстычных кампаній. Але сама вежа патрабавала добраўпарадкавання. Праект аказаўся ў ліку пераможцаў. Да працэсу падключыліся спонсары і мясцовыя жыхары. Цяпер, лічаць у гімназіі, аб'ект набудзе яшчэ большую прывабнасць у рамках распрацаванага турыстычнага маршруту «Залатое кола Астравеччыны».

З акцэнтам на гісторыю, але ў сучасным выкананні рэалізаваны праект па аднаўленні былога парку Сапегаў у аграгарадку Дзярэчын Зэльвенскага раёна. Ініцыятыву мясцовых улад падтрымалі жыхары, якія цяпер могуць адпачыць у новых альтанках, палюбавацца архітэктурнымі формамі, пазаймацца на спартыўнай пляцоўцы. Усё гэта стала магчымым дзякуючы ўдзелу ў праекце і намаганням саміх месцічаў.

***

Як адзначыў старшыня абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Нікіцін, асацыяцыяй праводзяцца адукацыйныя семінары, якія дапамагаюць знайсці тэму для праектаў і забяспечваюць іх кампетэнтнае суправаджэнне. Але варта разумець, што сутнасць самакіравання ў тым, каб самастойна выяўляць праблемы і знаходзіць шляхі іх вырашэння. Гэта павінна актывізаваць грамадскасць на партнёрскае ўзаемадзеянне з дзяржавай, лічыць Анатоль Нікіцін. Па яго словах, такія конкурсы мяркуецца праводзіць штогод. Дарэчы, сёлета рашэннем аблвыканкама для падтрымкі мясцовых ініцыятыў створаны абласны фонд у памеры 200 тысяч рублёў. Яго пераможцамі сталі чатыры праекты, самым буйным з якіх з'яўляецца будаўніцтва паркавай зоны ў адным з новых мікрараёнаў Гродна. Сёння там актыўна вядуцца работы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзены Гродзенскай абласной асацыяцыяй Саветаў дэпутатаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».