Вы тут

Чырвоная дарожка і яскравыя стужкі


У кінатэатры «Масква» 4 лістапада было шматлюдна, ужо на падыходзе да будынку заўважна, што адбываецца нешта цікавае: гучала музыка, на экранах дэманстраваліся трэйлеры, а людзі каля ўваходу пыталіся аб лішніх білетах. Але ў гэты дзень «урваць» квіток — задача амаль немагчымая, бо ў кінатэатры зусім хутка пачнецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця ХХVIII Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лістапад». У гэтым годзе фестываль сабраў гасцей з Расіі, Кітая, Сербіі, Таджыкістана, Ізраіля і іншых краін. Таксама ў Мінск завіталі кіназоркі, сярод якіх Уладзімір Гасцюхін, Наталля Варлей, Алег Фамін, Дзмітрый Астрахан, дырэктар міжнароднага фестываля «Абрыкос» Хачатран Аруцюн (Арменія), сцэнарыст-прадзюсар Ёван Маркавіч (Сербія) ды іншыя. Наперадзе нас чакае шмат яскравых стужак, майстар-класы, творчыя сустрэчы і круглыя сталы. Фестываль сапраўды знамянальная падзея ў культурным жыцці нашай краіны, аб гэтым паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка:


— Мы спадзяемся, што наш патрабавальны глядач, кінакрытыкі выберуць лепшыя карціны, якія будуць затым дэманстравацца на прасторы краін, якія прымаюць удзел у «Лістападзе».

Традыцыйна ўрачыстая цырымонія адкрыцця распачалася з чырвонай дарожкі, па якой прайшлі ганаровыя госці і ўдзельнікі фестывалю. На самой цырымоніі адкрыцця намеснік прэм’ер-міністра зачытаў прывітальны адрас кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам фестывалю. У ім Прэзідэнт адзначыў, што форум працягне добрыя традыцыі па падтрымцы ідэалаў гуманізму, умацаванню згоды і ўзаемапаразумення паміж народамі, у Год гістарычнай памяці яшчэ раз нагадае аб святых непарушных духоўных запаветах.

Падчас урачыстага адкрыцця «Лістапада» ганаровую ўзнагароду атрымаў заслужаны дзеяч мастацтваў, кінарэжысёр і сцэнарыст Вячаслаў Нікіфараў. Ён стаў лаўрэатам узнагароды Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве»: 

— Я на родным фестывалі. «Лiстапад» нараджаўся ў Саюзе кінематаграфістаў у пачатку 90-х, калі я быў старшынёй. Ідэя належала Уладзіміру Рыбараву. Першай умовай было — развіццё нацыянальнай кінематаграфіі. Другое — у фестываля павінен быў быць міжнародны статус. Наша беларускае кіно ўяўляе сапраўднае мастацтва, высокую паэзію. Наша літаратура ў асобе такіх светачоў, як Караткевіч, Быкаў, Адамовіч, Мележ, Дудараў, Казько, перадалі беларускаму кіно эпічны маштаб і чалавечнасць, — падзяліўся меркаваннямі кінарэжысёр.

Яшчэ адна прыгожая традыцыя, без якой не абыходзіцца ніводны «Лістапад» — талерка з аўтографамі ўдзельнікаў фестываля, якую старшыня конкурсу разбівае на сцэне.

— Мы верым у тое, у што мы верылі, мы спадзяемся на тое, на што спадзяваліся. Мы ведаем, што існуе любоў, мір, шчасце, вера ў бога, вера ў чалавечыя магчымасці, — адзначыў народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. — Нас шмат. Мы не альтэрнатыўны культурны працэс, мы сапраўдны культурны працэс. Мы адэпты сапраўднай культуры, і мяне гэта сагравае і радуе. Я спадзяюся, так будзе заўжды.

На цырымоніі адкрыцця ўпершыню была выканана песня «Лістапад» музычнага праекта «Зямля і неба», таксама для ўдзельнікаў свята выступіла група «Верасы», а фінальным акордам стала выкананне ўрыўка з «Травіяты». Тэльман Гужэўскі, сябра журы конкурса асноўнага кіно, які прыехаў да нас з Ізраіля, паўдельнічаў у гэтым канцэртным нумары разам з салістамі Вялікага тэатра — Мартай Данусевіч і Дзмітрыем Шабецей.

Першы дзень «Лістапада» завяршыўся паказам стужкі «Плакаць нельга» расійскага рэжысёра Наталлі Назаравай. Фільм, які адкрыў ХХVIII «Лістапад», распавядае аб рускай эмігрантцы ў Скандынавіі, сын якой не вярнуўся дамоў са школы. Усяго на ўдзел у кінафоруме было пададзена 1360 заявак, журы адабрала самыя лепшыя і яркія фільмы. У выніку цягам васьмідзённай праграмы фестывалю, уключна з пазаконкурснай праграмай і «Залатой калекцыяй», мы пабачым каля сотні фільмаў.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».