Вы тут

Скула на целе. Пра Хэлаўін і не толькі


У панядзелак увечары ў поўным вагоне метро ўвагу прыцягвала адна маладзенькая дзяўчына. Я спачатку нават не зразумела, што ў ёй не так, чаму на яе скоса пазіраюць людзі. Пасля нарэшце дайшло: вочы. Вочы ў дзеўчаняці былі страшныя, я сказала б — інфернальныя. У іх не было зрэнак, дакладней, яны ўсе былі адны суцэльныя зрэнкі — чарнюшчыя. Дзяўчына-падлетак,з чыстым, амаль дзіцячым тварыкам і д'ябальскім позіркам, назіраючы за павышанай цікавасцю да сваёй асобы, сядзела і летуценна ўсміхалася. Ёй было прыемна, яна была шчаслівая. Яна ўставіла ў вочы чорныя лінзы і ехала адзначаць Хэлаўін. Здавалася б, даволі прывычная карціна ў апошнія дзесяцігоддзі на мяжы кастрычніка і лістапада. Але тут чамусьці падумалася: нібы сам нячысцік пераможна ўсміхаецца, гледзячы на людзей вачыма колеру бездані...


Фота: pixabay.com

Назаўтра ішла на работу і на працягу зусім нядоўгай дарогі ад метро жахнулася двойчы. Да дзвярэй кальяннай была проста на асфальце пакладзена крывава-чырвоная дывановая дарожка, а самі шкляныя дзверы былі спрэс залапаныя барвовымі адбіткамі далоняў — нібы перад імі сплыў крывёю смяротна паранены чалавек. А каля кавярні, што месціцца ля нашага Дома прэсы, стаяла дзеўка без галавы, па яе сукенцы расплываліся крывавыя падцёкі — быццам нейкая пачвара ёй галаву адгрызла. Манекен быў у натуральную велічыню, таму карціна была даволі-ткі жахлівая (і гэта прытым, што маральна ты да такога відовішча падрыхтаваны, бо кельцкае свята ўжо каторы год упарта спрабуе стаць і нашай нацыянальнай традыцыяй).

Хэлаўін дагнаў мяне і другога лістапада, калі выправілася ў гістарычны цэнтр Мінска, да галоўных хрысціянскіх храмаў. У Катэдру ішла запаліць лампадку па сваіх каталіках — якраз быў Задушны дзень, у Свята-Духаў — падаць запіскі па спачылых праваслаўных: пятага чысла Дзмітрыеўская бацькоўская субота. А на рагу Інтэрнацыянальнай і Леніна (побач з каталіцкім храмам і зусім недалёка ад праваслаўнага) на ганку кавярні ляжалі рэшткі ўшанавання нячыстай сілы — нейкае рыззё, выквацанае ў крывава-чырвоны, і гарбузы, з якіх павыразалі галовы страшыдлаў. І гэта ўжо зусім выбіла з душэўнай раўнавагі, таму што ну не павінна так быць. Хоць забіце мяне — не павінна!

Хтосьці скажа: чаго ўсхадзілася, прыдумала праблему на роўным месцы. Забаўляецца моладзь — няхай забаўляецца. У нас жа дэмакратыя, талерантнасць, асабліва што датычыцца рэлігійнасці і нерэлігійнасці. І Хэлаўін, які ніхто не забараняе, з усімі яго крывава-д'ябальскімі атрыбутамі — ці не самае найлепшае таму сведчанне. А дзеці нашы — добрыя дзеці, звычайныя. Калі раз на год пазабаўляюцца — хай сабе.

А бабулям, што прадаюць у пераходах гарбузы, яшчэ і прыбытак добры: у апошнія дні кастрычніка іх тавар ідзе на ўра, прычым па літаральна спекуляцыйнай цане...

Толькі ведаеце, тут я буду абсалютна катэгарычнай. Бабулі — няхай сабе. Яны на выручаныя за гарбузы грошы (не асабліва ўнікаючы, для чаго іх купляюць і толькі ведаючы, што ў гэты час на іх асаблівы попыт) закажуць імшу ў касцёле ці абедню ў царкве. Сходзяць, як загадвае спрадвечная традыцыя, на могілкі і ў храм, увечары накрыюць стол, паклічуць, як клікалі іхнія бабулі: «Святыя Дзяды, клічам вас, хадзіце, ляціце да нас!» А вось ці зробяць тое маладыя, якія ў іх гэтыя сонечна-аранжавыя гарбузы купілі дзеля таго, каб вытрыбушыць і зрабіць заморскую брыду? (Прачытала ў сацсетках назіранні супрацоўніка аднаго сталічнага супермаркета. Дзяўчаткі прыйшлі і пыталіся, ці можна купіць «тыквочку, оранжевенькую, с глазками». «С глазками»! Яны нават уяўлення не маюць, як тыя «тыквочки» растуць!) Дык вось я вам адкажу — не зробяць. І ні ў храм, ні на могілкі не пойдуць. А ў Бацькоўскую суботу прынясуць кветкі на магілу... любімай кошкі. Прытым, што на магіле роднай бабулі, якая за некалькі кіламетраў, не былі з дня пахавання. І гэта я не выдумваю, а пішу з уласнага, так бы мовіць, досведу і назірання.

У гэтым няма нічога страшнага? А па-мойму ёсць. Мы калі не сваімі рукамі перапісваем, дык з нашай маўклівай згоды дазваляем перапісваць свой спрадвечны код. Які заўсёды ахоўваў, які дапамагаў выжываць у любых сітуацыях. І гэта не выдумкі экзальтаванай жанчыны, «павернутай» на хрысціянстве. Мяне нават з вялікай нацяжкай складана назваць рэлігійным чалавекам. Проста калі на ўзроўні і падсвядомасці, і проста рацыянальнага мыслення ўся істота пратэстуе супраць не нашага, абсалютна чужога, можа, яна, істота, якраз і не памыляецца? Гэта, выбачайце за натуралізм, як скула на целе: спачатку толькі крыху свярбіць і тузае, але ж падсвядома пастаянна адчуваеш дыскамфорт, а калі не лячыць — вось табе і хірургічная інфекцыя, і заражэнне ўсяго арганізма як перспектыва. А тым скептыкам, хто дбае і пра інтэграцыю з «цывілізаваным светам», і пра беларускую самаідэнтычнасць, — пытанне на засыпку: а чаму «цывілізаваны свет» не святкуе нашы Каляды? Ці Русальны тыдзень? Ці Купалле? Чаму, каб стаць часткай гэтага свету, мы павінны забыцца пра сваё і адпраўляць культ яўна нячыстай сілы з усімі яго выродлівымі атрыбутамі?..

Дзяўчынка з д'ябальскімі вачыма ў метро летуценна ўсміхалася, бо на яе звярталі ўвагу. Але ў гэтай увазе было больш асуджэння, чым разумення, больш грэблівасці, чым захаплення. Дасць Бог, яна крыху падрасце і зразумее. Ён жа, Бог, у нас на Беларусі яшчэ жыве?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.