Вы тут

Рамантычны ўікенд ад Юлі Раманьковай


Убачыце Мону Лізу ў форме пажарнай аховы, бясплатна наведаеце адзіную ў Беларусі музей-аптэку. Па закінутай сцяжынцы дойдзеце да старажытнай царквы 12 стагоддзя... Падборка самых цікавых месцаў у Гродна.


Закахаецеся з першага погляду 

За два дні ў Гродна прайшла пехатой больш за 30 км! З першых крокаў горад застаўляе закахацца! Вузкія вулачкі, старажытныя, рознакаляровыя домікі, брусчатка пад нагамі, маленькія дворыкі. І балконы: хтосьці зрабіў на іх сапраўдную аранжарэю, хтосьці сушыць паласаты швэдар. Толькі жылыя дамы можна разглядаць некалькі гадзін. 

Сэканоміце на паездцы ў Луўр

Купіла сувенірную паштоўку, на ёй — старажытная вуліца Замкавая, над якой высіцца Пажарная каланча. Яна пабудавана ў 1902 годзе. На вышыні 32 метра заўсёды сачылі за магчымымі пажарамі. Але сёння ўжо не патрабуецца вартавых вежай. Зараз у гэтым будынку — музей пажарнай службы. Ён не толькі цікавы гістарычны аб’ект. На бакавой сцяне ёсць фрэска ў стылі сацрэалізму: намаляваны 16 чалавек у гістарычнай пажарнай і ваеннай форме. Уважліва паглядзіце на твары людзей. Там жа Мона Ліза (крайняя справа)! Кажуць, што мастакі так пажартавалі. 

Але і гэта яшчэ не ўсё. Ёсць у Пажарнай каланчы свая цікавая традыцыя: кожны дзень у 12.00 выходзіць трубач у старадаўнім строі і апавяшчае людзей, што ў горадзе ўсё добра.

Пабываеце ў замку Стэфана Баторыя 

Побач з Пажарнай каланчой знаходзіцца Стары замак, які зусім нядаўна адрэстаўрыравалі. Выглядае шыкоўна: беласнежныя сцены, аркі, вытанчаныя карнізы і чырвоны чарапічны дах. 

Прыблізна такім замак пабудавалі ў 1579 годзе. Для гэтага ў Гродна запрасілі італьянскіх архітэктараў з Пармы. Інтэр’еры былі размашыстымі і каралеўскімі: з мармуровай падлогай, разьбянымі элементамі, пышнымі кафлямі і лепшай мэбляй. У тыя часы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый часова перанёс у Гродна сталіцу дзяржавы. А замак быў галоўным абарончым аб’ектам: сцены тоўстыя і непрыступныя. 

Зараз у замку сабрана калекцыя старадаўніх артэфактаў, арыгінальных экспанатаў. Напрыклад, скураныя крэслы часоў Рэчы Паспалітай! Пасля прагляду экспазіцыі вас чакае сюрпрыз — абавязкова падыміцеся на назіральную пляцоўку замка. Адтуль адкрываецца шыкоўны від на горад.

Пачытаеце паштоўкі Максіма Багдановіча

Прыгожы драўляны домік — музей Максіма Багдановіча. Ён захоўвае жыццё і творчасць беларускага паэта: асабістыя рэчы, цікавыя лісты і дакументы, старыя фатаграфіі, газету «Наша ніва», дзе публікаваўся паэт, прадметы побыту і іншае. У доме ёсць кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой з цацкамі і люлькай, гасцёўня з вялізным люстэркам. 

Даведаецеся цікавае хобі беларускай пісьменніцы 

Яшчэ адзін цікавы музей у Гродна — дом беларускай пісьменніцы Элізы Ажэжка. Там знойдзеце асабістыя рэчы, фотаздымкі, убачыце найпрыгажэйшыя гербарыі — хобі пісьменніцы. Кожнае лета яна збірала і сушыла лісце, кветачкі, травінкі, а зімой ператварала іх у гербарыі, пано, закладкі для кніг. Акрамя музея ў доме знаходзіцца і бібліятэка. Раю пачытаць «Хам» Элізы Ажэжка — нестандартны, нехарактэрны твор беларускай літаратуры, які ўвесь час трымае чытача ў напружанні і зацікаўленасці.

Зачаруецеся ад прыгажосці Фарнага касцёлу 

Выдатны помнік стылю барока — Каталіцкі кафедральны сабор Святога Францыска Ксаверыя. У 18 стагоддзі ён уражваў пышнасцю падарожнікаў, якія прыязджалі ў Гродна падчас пасяджэнняў сейма і трыбунала. Сёння сабор не перастае зачароўваць турыстаў. Абавязкова зайдзіце ўнутр, убранства дзівіць багаццем: 13 алтароў, у тым ліку ўнікальны разьбяны, вышынёй 21 метр! Сабор з’явіўся ў горадзе дзякуючы манахам ордэна езуітаў. З 17 ст. пры касцёле працуе аптэка.

Адчуеце сябе езуіцкім аптэкарам

Менавіта езуіцкія аптэкары вынайшлі асаблівы сродак супраць «маравой язвы», так званыя «езуіцкія пілюлькі». Сёння ў Гродна адкрыта адзіная ў Беларусі аптэка-музей! Уваход бясплатны. Тады рамеснікі рабілі ўнікальныя рэчы. Аптэчныя вырабы можна лічыць сапраўднымі творамі мастацтва. Тут сінія і зялёныя пасудзіны, цудоўная ваза 18 ст, банкі і штангласы (шкляныя ёмістасці для захоўвання лекаў). У аптэцы таксама ўбачыце і гербарыі Элізы Ажэжка, захаваліся ў выдатным становішчы. І абавязкова купіце там самую смачную гарадзенскую гарбату!

Пасядзіце на лавачцы кахання

Гэта аптэка ў канцы 18 стагоддзя належала Гродзенскай медыцынскай акадэміі. Там працаваў са сваімі вучнямі вядомы французскі вучоны, медык, прафесар Жан-Эмануэль Жылібер. Ён вельмі многа зрабіў для Гродна: заснаваў першую на Беларусі медыцынскую акадэмію, акушэрскую і ветэрынарную школу, клінічны шпіталь і батанічны сад. Сёння на месцы саду — гарадскі парк, названы ў яго гонар. Прыгожы! Адпачываць у ім — адно задавальненне: журчыць вада ў рацэ, спяваюць птушкі, усюды — бронзавыя статуі і камфортныя лавачкі. Ёсць сярод іх і цікавыя, напрыклад, лавачка кахання.

Падыміцеся на «Крышу мира»

7 хвілін — і вы ўжо на вуліцы Савецкай. Гэта пешаходная вуліца, адна з самых старых у гістарычным цэнтры Гродна. Тут старадаўнія будынкі 15-16 ст., граюць і спяваюць вулічныя музыканты, прадаюць ручныя вырабы бабулі ў сініх капелюшах і сукенках. На Савецкай вельмі шмат кафэ і рэстаранаў, можна адпачыць і смачна паесці. 

Але ёсць на гэтай вуліцы яшчэ адна разынка — назіральная пляцоўка. Адтуль Гродна як на далоні: чырвоныя дахі, сярод якіх узвышаецца той самы бела-бірузовы Фарны Касцёл. Здаецца, я згубіла там шмат часу, пакуль любавалася цудоўным краявідам. Рухаемся далей.

Пройдзеце па закінутай сцяжынцы 

Да Каложскай царквы ёсць некалькі шляхоў. Ад Нёмана на верх вядзе парослая дрэвамі і раслінамі закінутая сцяжынка. Лесвіца — вялізныя камяні, якія ледзь відаць з-пад высокай травы. Сцяжынка — сапраўдныя вароты ў мінулае. Яшчэ некалькі крокаў, і вось праз кусты ўжо відаць старажытную, магутную Барыса-Глебскую царкву. Я падышла і паволі дакранулася да сцен 12 стагоддзя. Разглядала кожны каменьчык, керамічныя пліткі, выкладзеныя ў выглядзе крыжоў. Прыгадала пра галаснікі — гліняныя амфары, яны паляпшаюць акустыку і палягчаюць сцены.

Зайшла ўнутр, паставіла свечку. Тут мяне здзівілі старажытныя фрэскі, а таксама цудатворны абраз Божай маці, які ўжо шмат стагоддзяў захоўваецца ў царкве. 

Паслухаеце музыку сапраўднага нямецкага аргана

Гродна не перастае здзіўляць! Акрамя Каложскай царквы тут ёсць адзіны ў Беларусі дзеючы лютэранскі храм. Адрас: Акадэмічная 7а. У выходныя сюды прыходзяць сем’і з дзецьмі, бабулі, дзядулі, маладыя людзі на богаслужэнні. У Лютэранскай кірзе ўсе жадаючыя на канцэртах могуць паслухаць музыку сапраўднага нямецкага аргана з горада Франкфурта-на-Майне.

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».