Вы тут

Чаму Дуб-волат збіраюцца пазбавіць статусу помніка прыроды


Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «Бабруйскі дуб-волат» знаходзіцца ў аварыйна-небяспечным стане. Эксперты Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах растлумачылі, чаму рэкамендуюць мясцовым уладам разгледзець пытанне аб спыненні функцыянавання каштоўнага дуба як помніка прыроды.


Дубоў-доўгажыхароў у Беларусі захавалася няшмат: іх высякалі ва ўсе часы нашай гісторыі з-за каштоўнай драўніны. Таму такія дрэвы бярэ пад ахову дзяржаву. Так, у 2003 годзе Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт аб’явіў батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння «Бабруйскі дуб-волат». Дуб захаваўся ў горадзе з часоў Рэчы Паспалітай. Мясцоваму старажылу больш за 300 гадоў.

Да ведама, батанічныя помнікі прыроды — гэта ўнікальныя расліны і насаджэнні. У краіне іх налічваецца 355: 84 — рэспубліканскага значэння і 271 — мясцовага (на пачатак 2022 года ў Беларусі перададзена пад ахову 959 помнікаў прыроды розных відаў, з іх 327 рэспубліканскага значэння і 632 — мясцовага).

Сярод іх сустракаюцца векавыя дубы, адзін з якіх знаходзіцца ў цэнтры Бабруйска.

Сілуэт Дуба-волата рэзка вылучаецца сярод звыклых гарадскіх дрэў. Дыяметр ствала помніка прыроды роўны 1,4 м. У вышыню дрэва дасягае 28 метраў. Крона гарадскога старажыла распасціраецца на 17,1 м у напрамку з поўначы на поўдзень, на 24,2 м — з усходу на захад.

У ліпені бягучага года вучоныя Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах правялі комплекснае абследаванне ўнікальных прыродных аб’ектаў у Магілёўскай вобласці. Вывучэнне каштоўных раслін праводзілася ў рамках інвентарызацыі помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. «Бабруйскі дуб-волат» даследавалі ў сярэдзіне вегетацыйнага перыяду, калі жыццёвыя паказчыкі расліны найбольш вызначальныя.

Эксперты склалі акт абследавання помніка прыроды, у якім праблемным пытаннем апісалі стан векавога дрэва і рэкамендавалі разгледзець пытанне аб спыненні функцыянавання Дуба-волата як помніка прыроды.

Святлана ЦЯРЭШЧАНКА, кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах расказала:

— Пашкоджанні Дуба-волата ў Бабруйску звязаныя з натуральным разбурэннем. Дрэва страціла галіну першага парадку з часткай ствала. У месцы разгалінавання шкілетных галін з’явіліся дуплы, а трутавыя грыбы на ствале дрэва сведчаць аб наяўнасці ствалавой гнілі.

«Бабруйскі дуб-волат» — дрэва, якое стаіць асобна. Месца вырастання вызначае, як фарміруецца яго аблічча.

Дуб, які расце на адкрытай прасторы і фарміруецца індывідуальна, як правіла, мае прысадзісты выгляд, тоўсты ствол і шырокую разгалістую крону, нізкае размяшчэнне галін. Дубы, якія растуць у лясным масіве, наадварот, маюць выцягнуты ствол і вузкую высокую крону: у лесе дрэвы канкурыруюць паміж сабой за рэсурсы асяроддзя.

Крона «Бабруйскага дуба-волата» раскінулася прыкладна на 8 паверхаў (улічваючы стандартную вышыню паверха ў 3 м) у напрамку з усходу на захад і на 6 паверхаў — з поўначы на поўдзень. Для дадзенага дрэва жыццёва важным параметрам з’яўляецца паруснасць кроны.

— Галіны ў асобна стаячага дрэва знаходзяцца прыкладна ў адным радыусе ад ствала па ўсіх напрамках, — тлумачыць навуковец. — Калі ламаюцца шкілетныя галіны, дрэвы губляюць устойлівасць. У Дуба-волата ў Бабруйску зламаная адна з буйных шкілетных галін, другая — мае нахіл каля 30 градусаў. Моцны вецер можа яе зламаць.

На жыццяздольнасць раслін уплывае комплекс фактараў. Не толькі месца вырастання, але і наяўнасць ці адсутнасць шкоднікаў, хвароб, глебава-гідралагічныя, кліматычныя і іншыя ўмовы.

— Каранёвая сістэма дуба ў Бабруйску схільная да антрапагеннага прэса: у ёй адбываюцца парушэнні працэсаў цыркуляцыі вады і паветра, дрэва не атрымлівае дастатковай колькасці пажыўных рэчываў. Акрамя таго, на дуб аказваюць уздзеянне выкіды ад аўтамабільнага транспарту і прамысловых прадпрыемстваў, — тлумачыць спецыяліст.

У акце абследавання помніка прыроды эксперты высока ацанілі прыродаахоўную дзейнасць мясцовых арганізацый. За станам Дуба-волата назірае КУП «ДЭП г. Бабруйска». Супрацоўнікі прадпрыемства праводзяць мерапрыемствы з мэтай падаўжэння веку гарадскога волата: выдаляюць сухія галіны, дэзынфікуюць і пламбіруюць расколіны антысептычнымі сродкамі.

У 2015 годзе КУП «ДЭП г. Бабруйска» арганізавала работы па сцягванні ствала дуба сталёвым абручом. Ён змацоўвае расколіну ў драўніне, перашкаджае трапленню вільгаці ўнутр дрэва праз разлом. Але прафілактычныя меры не могуць спыніць натуральныя працэсы разбурэння.

— Дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане. Мы рэкамендуем спыніць яго функцыянаванне як помніка прыроды, — адзначыў Уладзімір УСЦІН, загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах.

У гэтым выпадку гаворка вядзецца і аб захаванні чалавечых жыццяў. Дуб-волат у Бабруйску расце ў цэнтры горада, побач з тратуарам і праезнай часткай, паміж будынкам УУС і крамай керамікі. Такое размяшчэнне дрэва небяспечнае для здароўя і жыцця гараджан, а таксама здольнае нанесці ўрон гарадской і прыватнай маёмасці.

Эксперты Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах працягваюць абмеркаванне пытання аб спыненні функцыянавання Дуба-волата ў Бабруйску як батанічнага помніка прыроды з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і органамі мясцовага самакіравання Магілёўскай вобласці і горада Бабруйска. А пакуль дуб па-ранейшаму мае статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння.

Анастасія АНІШЫНА

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?