Вы тут

Праваахоўнікі выкрылі схему перапрацоўкі малака, якая вяла да падаражання


Малако — складаны харчовы прадукт, жыццёва важны як для росту дзіцяці, так і для здароўя дарослага чалавека, бо малочныя прадукты з’яўляюцца важнай крыніцай кальцыю, магнію, селену, рыбафлавіну, вітаміну В12 і пантатэнавай кіслаты. Таму малако заўсёды ўваходзіла як у спіс сацыяльна значных прадуктаў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, так і ва ўсе існуючыя спісы базавых прадуктаў, якія павінны быць у доме кожнага чалавека. Мы можам па праве ганарыцца сваёй малочнай галіной: наша краіна займае трэцяе месца ў свеце па экспарце масла і сухой сыроваткі, чацвёртае — па экспарце сыру і пятае — па экспарце сухога абястлушчанага малака.


Фота БелТА, носіць ілюстрацыйны характар

За гэтымі дасягненнямі стаіць вялікая напружаная праца вялізнага комплексу. І каб усе механізмы працавалі зладжана, а поспехі галіны не сыходзілі ў настальгічнае мінулае, важна не дапускаць збояў, злоўжыванняў, карупцыі і нядобрасумленнасці ўсіх удзельнікаў малочнай сферы. Таму для ўсіх нас важна, калі падобныя негатыўныя рэчы своечасова выкрываюцца і ліквідуюцца. Прыкладам апошняга стала выяўленне супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС сумесна з калегамі з Упраўлення ўнутранымі справамі Мінскай вобласці шэрай схемы ў перапрацоўцы малака, у выніку якой адзін з вядучых малакаперапрацоўчых заводаў краіны за паўгода недалічыўся каля мільёна рублёў, а мы з вамі атрымалі прадукт, які беспадстаўна меў большы сабекошт.

— Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, Міністэрства ўнутраных спраў разам з іншымі дзяржаўнымі органамі кантралюе дзяржаўныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць гандаль, — пракаментаваў «Звяздзе» вынікі папярэднія расследавання часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі палкоўнік міліцыі Дзяніс Сцепанкоў. — Нядаўна аператыўнікі Галоўнага упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС разам з калегамі з Мінскай вобласці высветлілі, што ў ланцужку паміж вытворцам малака на Міншчыне і дзяржаўным малакаперапрацоўчым заводам на Гомельшчыне з’явілася камерцыйная кампанія, якая ажыццяўляла беспадстаўнае пасрэдніцтва пры рэалізацыі малака.

Са жніўня 2021 года да сакавіка 2022 года пасрэдніцкая структура быццам выконвала ўзятыя на сябе абавязацельствы па пастэрызацыі малочнай сыравіны (сырога малака) і пастаўкі яе ў адрас дзяржаўнага прадпрыемства, размешчанага ў Гомельскай вобласці. Насамрэч пасрэднік пастэрызацыю не праводзіў, малако не пастаўляў, але грошы і за тое, і за другое атрымліваў. Між тым паміж вытворцам сыравіны і малаказаводам існавалі прамыя дагаворы, па якіх абодва суб’екты працягвалі супрацоўнічаць.

— Камерцыйны суб’ект умяшаўся ў існуючую схему прамых дагаворных узаемаадносін паміж дзяржаўнымі суб’ектамі, — патлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення ГУБЭЗ КМ МУС палкоўнік міліцыі Андрэй Паўловіч. — Гэта пацягнула падаражанне малочнай прадукцыі, якая потым выпускалася, бо камерцыйны суб’ект беспадстаўна павялічваў быццам бы затраты на пастэрызацыю і пастаўку малака, якія не рабіў, што адбівалася на сабекошце сыравіны.

Выпадак гэты не адзінкавы. Зараз праводзіцца комплекс аператыўна-следчых мерапрыемстваў па ўсталяванні іншых фактаў беспадстаўнага пасрэдніцтва, заўважае Андрэй Паўловіч.

— Дакладна ўстаноўлена, што перапрацоўку — пастэрызацыю — дадзены камерцыйны суб’ект не рабіў, — падкрэсліў суразмоўца. — Ажыццяўляў яе толькі па дакументах: быццам бы такая пастэрызацыя была. Фактычна суб’ект перапрадаваў сырое малако, якое дзяржпрадпрыемства магло набыць у гаспадаркі непасрэдна.

Да ведама:

Пастэрызацыя — працэс апрацоўкі малака ад шкоднасных бактэрый шляхам аднаразовага і нядоўгага нагрэву. У выніку цалкам знішчаецца патагенная мікрафлора, да магчымага мінімуму зніжаецца велічыня агульнага ўтрымання мікраарганізмаў у малацэ, пры гэтым колер і смак карыснага напою захоўваюцца.

— У выніку шэрай схемы сабекошт закупкі малочнай прадукцыі павышаўся прыкладна на 12-13 працэнтаў: калі малако рэалізавалася па 890 рублёў за тону, то пасля фіктыўных «паслуг» пасрэдніка яго сабекошт складаў 1100–1200 рублёў за тону, — удакладніў непасрэдны ўдзельнік расследавання старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ КМ МУС Арцём Лапаценка. — Як правіла малако гэтае нават не трапляла на завод прыватніка для пастэрызацыі. Ды і дастаўка яго ажыццяўлялася аўтатранспартам дзяржаўнага прадпрыемства-перапрацоўшчыка. Адзінкавыя выпадкі заезду да камерсанта былі — для зліву пэўнай колькасці (да адной тоны) для ўласных патрэб, яго адразу фасавалі ў кардонныя каробкі. Аднак, як правіла, увесь аб’ём адпраўляўся адразу на Гомельшчыну.

Малакавозы з Гомельскай вобласці прыязджалі ў Мінскую, загружаліся сырым малаком і вярталіся на свой завод, дзе і адбывалася пастэрызацыя, падкрэсліў старшы оперупаўнаважаны.

Як аказалася такая схема магчымай? Дагаворы ў камерцыйнай фірмы пасрэдніка існавалі як з гаспадаркай на Міншчыне, якая вырабляе малакосыравіну, так і з малакаперапрацоўчым заводам на Гомельшчыне. Пераплачваў апошні. Навошта?

— Калі б пастэрызацыя сапраўды рабілася ў пасрэдніка, гэта скараціла б тэрміны вытворчасці канчатковага прадукту на малакаперапрацоўчым заводзе, — разважае Арцём Лапаценка. — Пастэрызаванае малако можна выкарыстоўваць адразу для вырабу той або іншай прадукцыі. Напэўна, у такім выпадку ні ў нас, ні ў іншых кантралёраў не ўзнікла б пытанняў да пасрэдніка. Але на справе мы бачым беспадстаўнае павелічэнне кошту (з-за неажыццёўленай перапрацоўкі, на транспартныя паслугі, якія аплачвалі камерсанту, але якія ён не аказваў). Калі малако паступала на дзяржаўнае прадпрыемства, яно там падвяргалася пастэрызацыі (па дакументах — паўторнай, насамрэч — першай). Завод на Гомельшчыне на ўсё гэта выдаткоўваў дадатковыя рэсурсы (акрамя аплаты за пастэрызацыю, якой не было, і пастаўкі, якую выконваў сам).

Чаму завод, які купляў малако, не выказаў прэтэнзіі нядобрасумленнаму пасрэдніку — з-за нядбайнасці або пэўнай зацікаўленасці — следчым яшчэ належыць высветліць.

— Вядома, што службовыя асобы Мінскай вобласці маюць дачыненне да таго, што сітуацыя доўжылася некалькі месяцаў. На Гомельшчыне таксама не маглі не ведаць, што прымаюць сырое малако замест пастэрызаванага. Чаму не скасавалі дагаворныя адносіны? — задае рытарычнае пытанне Арцём Лапаценка. — Самае меншае — яны перавышалі свае службовыя паўнамоцтвы.

Немагчыма схаваць у гэтай схеме ні пасрэдніка, які браў грошы, ні той факт, што гэты пасрэднік не выконваў узятыя на сябе абавязацельствы, бо ўсё гэта відаць па дакументах, дадае оперупаўнаважаны.

— Заўсёды трэба захоўваць інтарэсы дзяржавы, — каментуе сітуацыю Андрэй Паўловіч. — Задача любога кіраўніка — забяспечыць эфектыўную работу прадпрыемства — гэта значыць, атрымаць прыбытак, а таксама стварыць камфортныя ўмовы для работнікаў. У дадзенай шэрай схеме нажываўся камерцыйны суб’ект, а не дзяржаўнае прадпрыемства. Малаказавод недаатрымаў прыбытак у памеры больш за 970 тысяч рублёў. На такую суму абагаціліся камерсанты, якія нічога не рабілі. Між тым гэтыя грошы маглі б быць выдаткаваныя на развіццё дзяржаўнага малакаперапрацоўчага завода.

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў зацікавілася падобнымі камерцыйнымі структурамі-пасрэднікамі не толькі ў дадзеным ланцужку рэалізацыі прадукту і не толькі ў малочнай сферы.

— Расследаванне працягваецца, мы ўжо маем аналагічныя факты, якім хутка будзе дадзена правая ацэнка, — рэзюмуе намеснік начальніка ўпраўлення ГУБЭМ КМ МУС. — Супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі працягнуць мерапрыемствы па выключэнні беспадстаўнага пасрэдніцтва і завышэння цэн, што вядзе да падрыву эканомікі дзяржавы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.