Вы тут

Таленавіты сібірак з беларускага роду. Неверагоднае жыццё Анатолія Забалоцкага


У коле блізкіх людзей вядомы кінааператар, фотамайстар, пісьменнік, цяпер масквіч Анатолій Забалоцкі часам згадвае пра беларускі свой радавод. Што яго дзед па бацькоўскай лініі, Канстанцін Лявонцьевіч, сіратою рос ды ў гады Сталыпінскай рэформы перабраўся ў Сібір «аднекуль з-пад Барысава».


Анатолій Забалоцкі.

Нарадзіўся наш суайчыннік ў Краснаярскім краі 16 верасня 1935 года. І ў лёсе яго — як, відаць, і многіх іншых беларускіх перасяленцаў, іх дзяцей — шмат і страт было, і кардынальных перамен. Расказваючы трохі пра сябе ў кнізе «Шукшын у кадры і за кадрам. Запіскі кінааператара», Анатолій Дзмітрыевіч піша, што «нарадзіўся на цяперашнім дне рукатворнага мора Краснаярскай ГЭС.

Наша вёска Сыда была падобная да шукшынскіх Стросткаў, тулілася на высокім беразе рэчкі Сыды й рэчкі Узенкі». Праз пяць кіламетраў абедзве рэчкі паглынаў Енісей, маючы ўжо кіламетры два ў шырыню. І на сённяшніх лоцыях для суднавадзіцеляў па Енісеі, удакладняе аўтар, пра «родны кут» яго можна прачытаць: «Урочышча Сыда — месца для ўкрыцця суднаў у час штармоў». Перакрылі Енісей плацінаю, калі Анатолій, закончыўшы школу ў Абакане, сталіцы Хакасіі, ужо вучыўся ў Маскве на кінааператара. Быў на трэцім курсе УДІКа (відаць, 1956 год…), маці напісала яму, што ў былой вёсцы Сыдзе на месцы могілак тоўшча вады аж 29 метраў, і труны пустымі ўсплываюць…

Шмат беларусаў, якія рознымі шляхамі траплялі ў Сібір, аказваліся ў Прыенісейскім краі: жыло там нашых дзясяткі тысяч. У дзеда Канстанціна, згадвае Забалоцкі, было аж дзевяць дзяцей. Нягледзячы на хуткую асіміляцыю нашых суайчыннікаў у Сібіры, яшчэ ў 2010 годзе Усерасійскі перапіс у Краснаярскім краі зафіксаваў амаль 10 тысяч беларусаў.

Ды Анатолій Забалоцкі жыць туды не вярнуўся. У 1959-м закончыў вучобу і ў кастрычніку 1960-га па размеркаванні прыехаў на зямлю продкаў: у Мінск, на «Беларусьфільм». Прызнаецца ў мемуарах, што з галавой акунуўся ў работу: да 1969-га працаваў захоплена, не выкарыстоўваў нават сваіх адпачынкаў. А кінастудыя, нагадаем, размяшчалася тады пры плошчы Леніна: у Чырвоным касцёле.

Напружаная, без прастояў праца на «Беларусьфільме», зносіны з мясцовымі творчымі людзьмі вярнулі кінааператара — спачатку «авангардна» настроенага, схільнага толькі да «нефігуратыўнага мастацтва» — да рэалізму. Ён ужо зняў фільмы «Апошні хлеб» (1963, рэжысёр Барыс Сцяпанаў), «Праз могілкі» (1964, рэжысёр Віктар Тураў), калі на акцёрскую пробу ў Мінск (у фільм сакурсніка Валянціна Вінаградава) прыязджаў Васілій Шукшын: з ім Забалоцкі быў знаёмы і па інтэрнаце ва УДІКу. І пазней яны зблізіліся, моцна пасябравалі, разам зрабілі знакамітыя фільмы «Печки-лавочки» (кінастудыя імя М. Горкага, 1972) ды «Калина красная» («Мосфильм», 1973).

Згадваючы гады працы на «Беларусьфільме», Забалоцкі радуецца, што тут яму «ўдалося перамагчы малаграматнае лявацтва, прывітае прагрэсіўнай атмасферай УДІКа тых гадоў», набыць у напружанай працы каштоўны досвед. Важнымі дасягненнямі на яго творчым шляху як кінааператара сталі таксама фільмы «Альпійская балада» (1965, рэжысёр Барыс Сцяпанаў — па аднайменнай аповесці Васіля Быкава) ды «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (зняты ў 1967-м, адноўлены ў 1989-м, рэжысёры Уладзімір Бычкоў і Сяргей Скварцоў — па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча). Падчас працы над тымі кінастужкамі ў Забалоцкага склаліся цёплыя, сяброўскія кантакты з Васілём Быкавым, завязалася моцнае сяброўства з Уладзімірам Караткевічам — кінааператар згадвае пра іх у запісах. Дзякуючы Караткевічу Забалоцкі пабачыў шмат чаго цікавага ў Беларусі, здымаючы па сцэнарыі пісьменніка дакументальны фільм «Сведкі вечнасці» пра самыя старыя дрэвы краіны.

На фота — Валянцін Распуцін.

У нашых краях Анатолій Дзмітрыевіч пазнаёміўся з Уладзімірам Высоцкім: у 1961-м Віктар Тураў здымаў з Забалоцкім кінанавелу «Зорка на спражцы» (сцэнарый Генадзя Шпалікава паводле апавядання Янкі Брыля), тады ж Высоцкі прыехаў у Мінск па сваіх кінасправах. І з Высоцкім, і са сцэнарыстам і паэтам Шпалікавым бываў Забалоцкі ў кампаніях (у барда ў Беларусі жылі і жывуць блізкія родзічы, а дзед яго, Вольф Высоцкі — з Брэста-Літоўскага родам). Забалоцкі нават фатаграфаваў барда ў Мінску разам з Марынай Уладзі. Радок з мемуараў: «Калі Валодзя бываў у Мінску, мы, натуральна, бачыліся, і ў мяне было вельмі шмат добрых фотакартак — і Валодзі, і Марыны Уладзі». Аднак здымкі тыя не ацалелі. Пра тыя сустрэчы, як і пра іншыя цікавыя моманты жыцця працы ў Беларусі, Анатоль Забалоцкі расказваў журналістам на сустрэчы ў Мінску ў лютым 2020-га.

Тады ж і мы гутарылі з ім — на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, дзе маскоўскі госць прэзентаваў згаданую кнігу пра Васілія Шукшына.

Закончыўся ж «беларускі перыяд» жыцця і творчасці для Анатолія Дзмітрыевіча з вялікімі стратамі ды патрасеннямі. Хоць і была тут плённай яго дзейнасць, і атрымаў званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР» (1967), аднак адносіны з кіраўніцтвам «Беларусьфільма» ў сібірака-беларуса не складваліся. Пэўна, бываў ён «упёртым» у адстойванні сваіх поглядаў і перакананняў — і ўсё зайшло, як кажуць, у тупік. У адным з інтэрв’ю расказваў, як прыляпілі яму тут ярлык «антысаветчыка» ды імкнуліся ў рабоце перашкаджаць. «І калі я пасля таго з’ехаў да Шукшына, то яны ўзламалі замок памяшкання, дзе я захоўваў свой архіў, забралі 70 скрынак з плёнкамі ды ўсе фатаграфіі. Сабралі тое ўсё ў кучу — і спалілі! З панятымі склалі акт аб спаленні, узважылі ды забралі серабро з плёнак — і больш нічога не засталося. Вось у тым вогнішчы і загінулі выдатныя фатаграфіі Валодзі Высоцкага, Віці Турава, Гены Шпалікава...»

Вада, агонь, медныя трубы… Праз усё прайшоў наш супляменнік. Родную вёску Анатолія Забалоцкага знішчыла вада. Многія фотаздымкі сямейныя, расказваў мне, самі яго родзічы знішчылі: каб не наклікаць бяды ў пару рэпрэсій. Бо, на-

прыклад, нехта з радні меў з часоў Першай сусветнай Георгіеўскія крыжы за подзвігі. Быў і здымак некага з роду ў шпіталі — разам з сёстрамі міласэрнасці з імператарскай сям’і. Усё давялося «падчысціць». У 60-я гады аператар ездзіў у Барысаў, шукаў каго з беларускіх родзічаў, ды безвынікова. І па маладосці яго тое — карані роду — мала займала: было шмат іншых клопатаў. Аднак жа і немалы плён іх, яго мінскай творчай працы знішчыў агонь. Прычым, падказвае інтэрнэт, якраз у тыя гады — з 1967-га да 1971-га — уводзіліся ў строй агрэгаты згаданай ГЭС. У хуткім часе пасля таго, як Васілія Шукшына не стала, практычна сышоў з кіно і Анатолій Забалоцкі. Праўда, зняў пазней як аўтар-рэжысёр дакументальны фільм «Слова матери» (1978), дзе ўспа-

мінамі пра сына дзеліцца маці Васілія Шукшына Марыя Сяргееўна. Пабачыць фільм яна не паспела. Забалоцкі пісаў неяк, што кінаплёнку і камеру на чатыры дні пад той фільм яму выдзелілі на «Беларусьфільме». І на пачатку невялічкай, на 18 хвілін стужкі, бачым адметную застаўку вядомага творчага аб’яднання «Летапіс». Урэшце ж кінааператар (зняў ён 15 фільмаў) з 1977 года пераключыўся на іншую працу і з часам набыў славу «легендарнага фотамайстра», выпусціў альбомы, афармляў кнігі, зрабіў нямала фотавыставак. Шмат здымае ў расійскай глыбінцы, працаваў з Валянцінам Распуціным, Віктарам Астаф’евым, Фёдарам Абрамавым… І «на след» Анатолія Забалоцкага выйшаў я дзякуючы кнігам ды маім піцерскім аднакашнікам. Гэта вядомы дэпутат Дзярждумы

Расіі, пісьменнік Анатолій Грашневікоў і яго памочнік Мікалай Панасенка. Праз пісьменніка Васілія Бялова абодва ведаюць нашага супляменніка, даслалі мне шэраг цікавых кніг. Сярод іх аказаўся і ўнікальны фаліянт Васілія Бялова «Лад. Нарысы пра народную эстэтыку» (з цудоўнымі фотаздымкамі Анатолія Забалоцкага) ды згаданыя ўспаміны кінааператара пра Шукшына. Праз пасрэдніцтва Мікалая Панасенкі мы і сустрэліся ў Мінску з Анатоліем Забалоцкім. Цяпер, піша мне сябар, 87-гадовы Анатолій Дзмітрыевіч няважна сябе пачувае. То пажадаем суайчынніку здароўя!

Іван ЖДАНОВІЧ

Фота  Анатолія ЗАБАЛОЦКАГА з сайта pravoslavie.ru

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.