Вы тут

Канцэптуальны праект «Стужка14» прэзентаваў Беларускі саюз дызайнераў


Беларускі саюз дызайнераў — добра вядомая ў краіне творчая арганізацыя, якая з 1987 года аб’ядноўвае больш за 600 спецыялістаў у сферах індустрыяльнага і графічнага дызайну, праектавання малых форм, інтэр’ераў і абсталявання, рэкламы, арт-дызайну, мадэльераў, выкладчыкаў і навукоўцаў. БСД мае офіс і галерэю, у якой адбываюцца выстаўкі мастакоў, фатографаў, скульптараў.


У пачатку кастрычніка ў Галерэі Беларускага саюза дызайнераў адбыліся першыя кінапаказы праекта «Стужка14». Асветніцкую праграму маладой генерацыі саюза, якая хоча паглядзець на дызайн з новага ракурсу, распрацавалі і ажыццявілі Яна Кісялей, Святлана Сізянкова, Аліна Першацвет і Яна Сонца.

— Здаецца, што так сышліся зоркі: мне заўсёды хацелася, каб на Брылеўскай, 14 было шмат людзей, — успамінае Святлана, якая з’яўляецца супрацоўніцай Беларускага саюза дызайнераў. — Калі прыйшла працаваць Яна Кісялей, то мы пачалі думаць, як можна развіваць прастору. Было шчырае жаданне не толькі праводзіць выстаўкі, а каб тут увесь час знаходзіліся людзі. Не хапала толькі падтрымкі.

Пасля адной выстаўкі мы пазнаёміліся з Янай Сонца. Яна мела досвед  у стварэнні мастаціх часопісаў, цікавілася дызайнам. Ідэя рабіць кінапаказы ўзнікла імгненна. А паколькі мы ўсе сустрэліся ў Галерэі саюза дызайнераў, таму і пытанняў, пра што менавіта будзем глядзець кіно, не ўзнікала. На гэтым этапе да нас далучылася Аліна. Каманда была створана.

На працягу лета і пачатку восені ішло абмеркаванне. Вырашалі, як будзе выглядаць сустрэча, збіралі неабходныя матэрыялы, распавядалі аб сваіх планах кіраўніцтву аб’яднання. СтаршыняБеларускага саюза дызайнераў Зміцер Сурскі падтрымаў ідэю правядзення такіх імпрэз і даў згоду.

— Самым няпростым было скласці спіс фільмаў, — падзялілася ўражаннямі Яна Сонца. — Запланавалі толькі 14 сустрэч, а на абмеркаванні кожная назвала не менш за пяць. Прыходзілася ўважліва слухаць, выбіраць, спрачацца. Мы сутыкнуліся з тым, што часам маем розныя ўяўленні пра дызайн. Яно відавочна, таму што толькі ў Вікіпедыі тлумачэнняў гэтага паняцця не менш за шэсць. 

Галоўная мэта праекта — абудзіць цікавасць да дызайну, не толькі паглядзець на яго вачыма розных творчых людзей, рэжысёраў, але і зладзіць абмеркаванне фільмаў, прыйсці да нечага новага. 

Арганізатары лічаць свой праект не проста асветніцкім, але і агульначалавечым.

— Мы спачатку вырашылі, што асноўная мэта «Стужкі14» — асвятляць актуальныя тэндэнцыі сучаснага дызайну, распавядаць пра гісторыю развіцця і станаўлення мастацкага кірунку. Але ў гэтых словах шмат навуковага і зусім не адчуваецца жыццё, — падкрэсліла Яна Кісялей. — Тады падумалі, што ўсё-ткі наша ініцыятыва створана для аб’яднання людзей, думак, напрамкаў дзейнасці, чым, як мне падаецца,  і з’яўляецца дызайн. Не толькі рэч, але і яе функцыя.

Канцэптуальна «Стужка14» мае адзін сезон, які складаецца з 14 сустрэч. Кожная з іх уяўляе сабой асобны кінапаказ і не звязана з папярэднім. Пасля прагляду гледачы маюць магчымасць застацца і абмеркаваць падзеі фільма, падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і агучыць свае думкі пра дызайн. Каляндар фільмаў утрымлівае стужкі і мастацкія, і дакументальныя: розныя гады, розныя тэмы, розныя пытанні. Агульнае адно — панаванне дызайну.

— Я проста ўпэўнена, што зараз галоўная патрэба ў актыўнасці і творчым яднанні. А ад гэтага ўжо ідуць розныя фарматы праектаў, тэмы і г. д., — распавядае Аліна Першацвет. — Асабіста я хацела б больш мультыжанравых праектаў, спалучэння розных напрамкаў мастацтва і імгненнасці. Таму «Стужка14» — гэта і дызайн, і кінематограф, і мастацтва размоў. Шмат працы мастацкай мы ажыццяўляем яшчэ да сустрэчы. Для любога арганізатара, які хоча, каб да яго прыйшлі, істотна напісаць тэкст, каб было ўсё да месца. Афіша сапраўды становіцца мастацкім выказваннем. Як можна прыйсці ў саюз дызайнераў глядзець фільм пра дызайн, калі афіша зроблена няякасна?

Як сцвярджаюць удзельніцы каманды, кінапаказы — толькі пачатак, першыя крокі, каб даведацца, што цікава мінскай публіцы. У далейшых планах — творчае развіццё пляцоўкі: пашыраць «Стужку14», ладзіць выстаўкі маладых, запрашаць на сустрэчы сталых майстроў, якія могуць падзяліцца досведам.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.