Вы тут

Хто мае права на навучанне дома? Мінадукацыі — пра навучальны працэс у хатніх умовах


Сярэдняя агульнаадукацыйная школа падыходзіць не ўсім дзецям без выключэння. Камусьці перашкаджае засяродзіцца на вучобе: колькасць аднакласнікаў — у класах часам бывае 30 і больш чалавек. Хтосьці не паспявае за тэмпам (досыць хуткім згодна з сучаснай праграмай) засваення навучальных тэм. Дададзім сюды апрыёры: няпростыя ўзаемаадносіны ў дзіцячым, і асабліва ў падлеткавым калектыве, якія могуць «не скласціся»...


Уласна, тое, што «дзеці бываюць розныя» — не прыкмета сённяшняга дня. Ва ўсе часы былі дзеці, якія па тых ці іншых прычынах мелі патрэбу ў асабліва індывідуальным падыходзе. Вядомая, напрыклад, гісторыя пра Тома Эдысана. Будучага вынаходніка выставілі з пачатковай школы — яго палічылі папросту няздольным да навучання (з беларускіх агульнаадукацыйных школ за непаспяховасць, на шчасце, не выстаўляюць). Пра што ў карэктнай форме лістом апавясцілі яго маці. Яна ліст сыну не паказала і сварыцца на яго не стала, а наадварот, сказала, быццам бы ў лісце дырэктар піша, што хлопчык занадта таленавіты для звычайнай школы. І занялася хатнім навучаннем сына. Вынік вядомы: выдатны вучоны зрабіў шэраг адкрыццяў і стварыў прыборы, якія змянілі свет (некаторымі з іх людзі карыстаюцца і ў трэцім тысячагоддзі).

Згодна з законам

Прыемна ўяўляць, што тваё дзіця — геній, вось і не складваецца ў яго з сярэдняй школай. Але цешыць сябе гэтай думкай небяспечна: магчыма сур'ёзна расчаравацца. Падлічана, што паводле статыстыкі, людзей з выдатнымі інтэлектуальнымі здольнасцямі (гэтых самых геніяў), у кожным пакаленні нараджаецца ў сярэднім адзін (плюс-мінус) на 10 000 чалавек. Але таленавітае яно або не вельмі, сваё дзіця — гэта сваё дзіця, і калі яно наадрэз адмаўляецца наведваць школу па прычыне, напрыклад, канфлікту з аднакласнікамі або ў сувязі з іншымі (хтосьці можа сказаць: «дзіцячымі») турботамі, ад гэтага адказным бацькам не адмахнуцца. І рашэнне гэтай праблемы, да таго ж, немагчыма адкласці «на потым».

Раней выйсцем маглі быць, напрыклад, прыватныя школы (іх «плюсы» і «мінусы» — тэма асобнай гутаркі). Сёння многія з іх спынілі працу, акрамя таго, аплаціць прыватную школу пад сілу не кожнай сям'і (да нядаўняга часу такіх устаноў адукацыі было больш, і, адпаведна, большай была і «разбежка» цэн). Цяпер, калі з агульнаадукацыйнай школай у дзіцяці ўсё складана, некаторыя бацькі спадзяюцца на навучанне дома. Пра тое, хто мае на яго права згодна з Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, мы спыталі ў начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірыны КАРЖОВАЙ.

І вось што адказала спецыяліст:

— Ёсць два паняцці: навучанне дома па медыцынскіх паказаннях і навучанне па індывідуальным вучэбным плане. Для навучэнцаў, якія па медыцынскіх паказаннях часова або пастаянна не могуць наведваць установы адукацыі, ствараюцца ўмовы для засваення зместу вучэбных праграм дома. Пералік медыцынскіх падстаў для навучання дома вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя. Пастановай Міністэрства адукацыі ад 26.07.2022 № 211 зацверджана Інструкцыя аб парадку асваення зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі дома, якой ўстаноўлена, што рашэнне аб арганізацыі адукацыйнага працэсу дома прымае аддзел (упраўленне) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа па месцы жыхарства (знаходжання) вучня або ўстанова адукацыі, у якой ён навучаўся да ўзнікнення медыцынскіх падстаў, на падставе заявы законнага прадстаўніка вучня і заключэння ўрачэбна-кансультатыўнай камісіі.

Адпаведную заяву і заключэнне ўрачэбна-кансультатыўнай камісіі законны прадстаўнік навучэнца падае ва ўстанову адукацыі, у якой навучалася дзіця да ўзнікнення медыцынскіх паказанняў, або ва ўстанову адукацыі па месцы жыхарства (знаходжання).

— Як арганізуецца навучальны працэс у хатніх умовах? І як пры навучанні дома, згодна з заканадаўствам, ажыццяўляецца кантроль атрыманых ведаў?

— На падставе прадстаўленых дакументаў установай адукацыі будуць вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні, загадам кіраўніка ўстановы адукацыі будуць прызначаны педагагічныя работнікі, якія ў адпаведнасці з зацверджаным раскладам будуць наведваць навучэнца дома і праводзіць навучальныя заняткі. Тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 16.05.2022 № 120, для арганізацыі навучання дома ўстаноўлена асобная колькасць гадзін па вучэбных прадметах. Бягучая, прамежкавая і выніковая атэстацыя навучэнцаў, якія навучаюцца дома, ажыццяўляецца на агульных падставах у адпаведнасці з правіламі атэстацыі навучэнцаў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанымі пастановай Міністэрства адукацыі ад 11.07.2022 № 184.

Такім чынам, для арганізацыі навучання дома аднаго жадання бацькоў дзіцяці недастаткова.

— А калі казаць аб навучанні па індывідуальным вучэбным плане? Можа выступаць аргументам на яго карысць жаданне бацькоў?

— Адносна навучання па індывідуальным вучэбным плане таксама аднаго жадання навучэнца або яго бацькоў недастаткова. Павінны быць важкія прычыны, якія не дазваляюць наведваць заняткі і праходзіць ва ўстаноўленыя тэрміны атэстацыю. Гэтыя прычыны павінны быць пацверджаны дакументальна. Парадак пераводу на індывідуальны навучальны план заканадаўча рэгламентаваны. Ніякіх навін у гэтым пытанні няма. Бацькі пішуць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі, указваюць прычыну, па якой жадаюць перавесці дзіця на індывідуальны навучальны план, і прыкладаюць дакументы, якія пацвярджаюць указаную прычыну. Кіраўнік пасля разгляду пытання на педагагічным савеце прымае канчатковае рашэнне, пра якое інфармуе законных прадстаўнікоў дзіцяці. Што датычыцца «проста слабага вучня, якога трэба падцягнуць па прадмеце» або «слабай сацыялізацыі», то адна з асноўных задач установы адукацыі — забяспечыць сацыялізацыю дзіцяці, навучыць яго знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, якая складваецца, часам і вельмі няпростай, дапамагчы засвоіць прапушчаны па нейкай прычыне матэрыял. І для гэтага ва ўстановах адукацыі ёсць усе магчымасці: аказанне псіхолага-педагагічнай дапамогі, правядзенне падтрымліваючых заняткаў за кошт гадзін вучэбнага плана, індывідуальны падыход на ўроку з улікам асаблівасцяў дзіцяці, узаемадзеянне з бацькамі як у рамках вучэбнай дзейнасці, так і ў рамках сумесных пазакласных мерапрыемстваў.

Псіхалагічны аспект

Словам, навучанне дома магчыма далёка не для ўсіх, а жадання бацькоў тут недастаткова. Але нават калі, згодна з заканадаўствам, ваша дзіця мае права вучыцца дома, важна разумець: хатняя абстаноўка расслабляе, і навучанне дома патрабуе жалезнай самадысцыпліны — у першую чаргу бацькоўскай. Разлічваць, што пры самым індывідуальным падыходзе педагогі зробяць усё за вас — на жаль, нельга. І калі ў вас не хапала цярпення праверыць, ці зрабіла (і ці правільна зрабіла) дзіця дамашняе заданне, калі яно наведвала школу, хутчэй за ўсё, навучанне дома (калі дзіця фізічна здольна хадзіць у школу) — не ваш варыянт. І, можа быць, не варта спрабаваць на такое навучанне перайсці (калі, вядома, гаворка не ідзе пра захворванні, якія не дазваляюць наведваць школу), а лепш пашукаць нейкае іншае рашэнне праблемы: змяніць школу або клас, папрацаваць з псіхолагам. Бо важны аспект навучання дома — непазбежная сацыяльная ізаляцыя дзіцяці.

«Летась, пасля аперацыі, мая дачка паўгода была на навучанні дома, — распавядае мама 15-гадовай школьніцы. — Скажу адразу: гэта было складана. Калі б яна магла хадзіць у школу, я б ужо праз месяц навучання дома аддала б перавагу гэтаму варыянту. Перш за ўсё, настаўнікі прыходзяць на дом не з раніцы, а пасля заканчэння ўрокаў у школе. Да гэтага часу дзіця часта ўжо «страціла» працоўны настрой. У выніку дачка адстала ад аднакласнікаў па вучэбнай праграме. Плюс адсутнасць стасункаў з аднагодкамі: колам зносін дзіцяці на працягу гэтага паўгода былі ў асноўным дзядуля з бабуляй».

І, нарэшце, яшчэ адзін бок «медаля». Пытанне, для каго ў выпадку станоўчага рашэння аб адукацыі на даму будзе больш «плюсаў» — для дзіцяці або для бацькоў? Калі для дзіцяці — што ж, варта паспрабаваць дамагчыся права вучыцца дома. Але, магчыма, гэтае рашэнне «на карысць бацькоў»? Часам бацькі дзяцей з тымі ці іншымі асаблівасцямі развіцця па розных прычынах вырашаюць не афішыраваць дыягназ, а навучанне дома яны ўспрымаюць як магчымасць індывідуальнага падыходу да іх дзіцяці. Вядома, у кожным канкрэтным выпадку пытанне, ці трэба спрабаваць перайсці на навучанне дома, патрабуе індывідуальнага рашэння. І, тым не менш, варта падумаць аб тым, што дзіця вырасце, і яму давядзецца жыць у тым грамадстве, ад якога вы зараз спрабуеце яго абараніць. Псіхолагі шмат пішуць пра бацькоўскую трывожнасць і гіперапеку і пра тое, як яны ўплываюць на будучыню дзіцяці. Важна, каб у вашым рашэнні паспрабаваць перайсці на навучанне дома гэтых складнікаў не было.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.