Вы тут

Саюзныя парламентарыі вызначылі праграму аднаўлення чарнобыльскіх зямель


Задачу па стварэнні ў межах Саюзнай дзяржавы новай сацыяльна-арыентаванай праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы на наступную пяцігодку абмеркавалі ў Мінску на пасяджэнні камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Аказанне комплекснай медыцынскай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян абедзвюх краін, якія падвергліся радыяцыйнаму ўздзеянню, сумесная дзейнасць у межах Саюзнай дзяржавы па пераадоленні негатыўных наступстваў катастрофы, а таксама распрацоўка сумесных тэхналогій геалагічнага вывучэння, рацыянальнага і экалагічна бяспечнага выкарыстання нетраў Беларусі і Расіі — тэмы, разгледжаныя парламентарыямі.


Кліматычныя клопаты

Працягваць рэабілітацыю пацярпелых ад аварыі зямель, а таксама развіццё рэгіёнаў, якія падвергліся радыяцыйнаму ўплыву, праводзіць далейшы радыяцыйны маніторынг наваколля — такія задачы павінны выконвацца ў межах саюзнай праграмы, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Васількоў:

— Кліматычная тэма даволі актуальная, і змены клімату адбываюцца поўнамаштабна, тэмпература за кошт парніковых газаў павышаецца, і гэта неспрыяльна адбіваецца на эканоміцы, сельскай гаспадарцы і здароўі насельніцтва. Так што ў частцы канцэпцыі праграмы гідраметэаралагічнай бяспекі на 2023—2027 гг. мы хочам бачыць канкрэтыку, наколькі будзе рэалізавана тэхнічная аснашчанасць службаў і ведамстваў, наколькі прадказальныя стыхійныя бедствы, што могуць узнікнуць на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

Наступствы чарнобыльскай аварыі будуць яшчэ 150 гадоў пераследаваць жыхароў пацярпелых тэрыторый. Не распрацоўваць сёння нейкія навуковыя падыходы і практычную рэалізацыю, каб мінімізаваць гэтыя наступствы, немагчыма. Так што названая праграма архіважная для абедзвюх дзяржаў. Калі насельніцтва не будзе пражываць на тэрыторыях, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, то там не будзе і эканомікі. Адпаведна, гэтыя тэрыторыі знікнуць з карт і Беларусі, і Расіі, падкрэсліў ён.

Трансгранічны перавоз

У межах дзейнасці камісіі працягваецца работа над гарманізацыяй заканадаўстваў Саюзнай дзяржавы, збліжэннем экалагічнай павесткі і рашэннем экалагічных выклікаў і пытанняў, якія паўстаюць перад абедзвюма краінамі, дадаў намеснiк старшынi Камiсii Парламенцкага сходу па прыродных рэсурсах, экалогii i ахове навакольнага асяроддзя, першы намеснiк старшынi Камiтэта Дзяржаўнай думы па турызме i развiццi турыстычнай iнфраструктуры Мiкалай Валуеў, які на пасяджэнні ўзняў пытанне трансгранічнага перавозу другаснай сыравіны, з якой можна стварыць новы прадукт:

— Ёсць нявырашаныя пытанні, што датычацца нарматыўных дакументаў, якія не дазваляюць абедзвюм краінам даволі хутка рэагаваць пры перамяшчэнні другаснай сыравіны паміж дзяржавамі. Існуе розны пералік нарматыўных дакументаў, якія неабходна афармляць, і яны таксама маюць розныя назвы. Як вынік, пры афармленні такіх грузаў назіраецца больш доўгае афармленне і больш працяглы мытны пераезд.

Расійскі парламентарый спадзяецца, што пытанне неабходнасці гарманізацыі дакументаў, якія датычацца трансгранічнага перавозу другасных матэрыяльных рэсурсаў, будзе ўключана ў планы камісіі на 2024—2026 гады.

Меддапамога і рэабілітацыя

— Аказанне комплекснай высокатэхналагічнай і спецыялізаванай медыцынскай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян — таксама актуальная праграма. Яна запатрабавана насельніцтвам, медыцынскія ўстановы працуюць паспяхова, маюць добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. У перспектыве для арганізацыі аказання меддапамогі будзе выдзелена каля 260 мільёнаў, — падкрэсліў Мікалай Васількоў.

Парламентарыі бачаць перспектыву і ў кірунку развіцця праграмы па рэабілітацыі дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі. Пакуль такая праграма прапрацоўваецца з профільнымі міністэрствамі абедзвюх краін.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.