Вы тут

У Дэпартаменце аховы служыць трэцяе пакаленне сям'і Лейчанкаў


Калі нехта з сужэнцаў Лейчанкаў затрымліваецца на рабоце або працуе ў выхадны дзень, непаразуменняў у сям'і ніколі не ўзнікае. Ні муж, ні жонка нават пытанняў не задаюць, бо добра ведаюць на іх адказ. Справа ў тым, што Дзмітрый і Вікторыя абралі адну прафесію на дваіх — яны служаць у міліцыі. Нават у адным падраздзяленні — Маскоўскім аддзеле Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў.


Дзядулеў прыклад

Мы сустрэліся з сям'ёй Лейчанкаў у аддзеле, хоць Вікторыя непасрэдна нясе службу ў Доме правасуддзя. Дзяўчына з дзяцінства марыла служыць у міліцыі. Усе мужчыны з яе сям'і — дзядуля, бацька і брат — з'яўляюцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

«Дзядуля і бацька заўсёды насілі форму, — успамінае Вікторыя Лейчанка. — Памятаю, збіраюцца на службу, а я з захапленнем на іх гляджу. Яны былі героямі ў маіх вачах, вельмі імі ганарылася. Дзядулі ўжо няма з намі, бацька знаходзіцца ў запасе».

Парушыць сямейную дынастыю яна не магла і не хацела. Пасля школы паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на юрыдычны факультэт. З такой адукацыяй яе з задавальненнем узялі ў Маскоўскі аддзел Дэпартамента аховы. У свой час у гэтай структуры служыў і дзядуля Вікторыі. Уладзімір Гаралевіч з'яўляўся начальнікам Бешанковіцкага адзялення Дэпартамента аховы. А першым кіраўніком гэтага падраздзялення быў дзядуля Дзмітрыя — Афанасій Лейчанка. Такім чынам, іх унукі не проста працягнулі міліцэйскую дынастыю, а таксама звязалі сваё жыццё з Дэпартаментам аховы.

На сваім месцы

Дзмітрый Лейчанка ў міліцыю прыйшоў пасля арміі. Служыў у адным з элітных падраздзяленняў Узброеных Сіл — у роце ганаровай варты. «Гэта быў асаблівы этап у маім жыцці, — расказвае Дзмітрый. — Служыць у роце ганаровай варты няпроста: гэта пастаянныя трэніроўкі, знаходжанне ў цэнтры ўвагі. Найбольш запомніўся ўдзел у парадзе. Вельмі пачэсна прадстаўляць сваё падраздзяленне перад Прэзідэнтам, усёй краінай».

Пасля службы ў арміі, асабліва ў элітным падраздзяленні, дзверы ў міліцыю заўсёды адчыненыя. Скарыстаўся такой магчымасцю і Дзмітрый Лейчанка. Яшчэ ў войску пачаў задумвацца аб будучым працаўладкаванні. Не паспеўшы дэмабілізавацца, трапіў на навучанне ў Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства ўнутраных спраў — ён, як і яго жонка, марыў з дзяцінства служыць у міліцыі.

Пасля навучання Дзмітрый трапіў у Маскоўскі аддзел Дэпартамента аховы, дзе дагэтуль нясе службу. Спачатку працаваў кіроўцам у групе затрымання, цяпер — старшына групы тылавога забеспячэння: малады чалавек выдае асабоваму складу спецсродкі, адказвае за захоўванне зброі. Дзмітрый Лейчанка марыць аб афіцэрскіх пагонах. Невыпадкова ён паступіў ў Магілёўскі інстытут МУС, дзе вучыцца завочна.

Вікторыя — міліцыянер батальёна міліцыі. Яна нясе службу ў Доме правасуддзя. Асноўным абавязкам дзяўчыны з'яўляецца ахова грамадскага парадку. «У суд прыходзяць розныя людзі, не заўсёды яны знаходзяцца ў адэкватным стане, — расказвае супрацоўнік Дэпартамента аховы. — Часта паміж людзьмі ўзнікаюць спрэчкі, мы іх спрабуем урэгуляваць. Нярэдка на судовыя пасяджэнні з'яўляюцца і ў стане алкагольнага ап'янення. Мы не павінны дапусціць такіх людзей у будынак. У нас пры сабе ёсць зброя, спецсродкі. Заўсёды можна націснуць трывожную кнопку — і на працягу некалькіх хвілін прыбудзе нарад групы затрымання». Пры гэтым, як заўважае Вікторыя, дэбашыры, асабліва калі гэта мужчыны, звычайна не пярэчаць дзяўчыне-міліцыянеру і становяцца больш згаворлівымі ў размове з ёй.

Як лічаць маладыя людзі, нягледзячы на розныя сітуацыі, работа яшчэ больш іх згуртоўвае. «Можам абмеркаваць адно з адным некаторыя моманты, — удакладняе Вікторыя. — Я ў курсе спецыфікі дзейнасці Дзімы, таму калі ён позна вяртаецца дамоў, ведаю, дзе ён і чым заняты».

Вікторыя і Дзмітрый выхоўваюць пяцігадовую дачку Софію. Дзяўчынка кажа, што таксама будзе працаваць у міліцыі. «Малая яшчэ, каб вызначацца з прафесіяй, але мы не супраць», — у адзін голас кажуць бацькі. Яны ўсё паспяваюць: і службовыя абавязкі своечасова ды добрасумленна выконваць, і час з сям'ёй праводзіць. Наведваюць каток, ходзяць на хакей, рэгулярна ездзяць на малую радзіму. А яшчэ з ахвотай удзельнічаюць у творчым жыцці міліцыі. Нядаўна Вікторыя і Дзмітрый Лейчанкі сталі прызёрамі рэспубліканскай акцыі МУС «Сям'я! Служым разам!», дзе былі адзначаны ў намінацыі «Самая вытанчаная сям'я». І тут складана не пагадзіцца. Прычым да іх службовых абавязкаў гэта таксама адносіцца.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва герояў публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».