Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Быхаўскія школьнікі на макетах аднаўляюць спаленыя паселішчы


Апошнія два гады падлеткі актыўна прымаюць удзел у даследаваннях знішчэння мірнага насельніцтва ў рэгіёне. Нагодай сталі розныя конкурсы і акцыі рэспубліканскага і абласнога ўзроўню. А яшчэ асабісты інтарэс, які запальваюць у іх тутэйшыя настаўнікі. Яны кажуць, што не ведаць пра свой род сорамна. Асабліва пра той момант, калі яго прыніжалі і знішчалі фашысцкія нацысты. Сёння вынікі гэтай работы можна ўбачыць у Быхаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Напярэдадні адкрыцця выставы там пабываў і карэспандэнт «Звязды».


Гісторыю ваеннага мінулага вучні школы № 2 г. Быхава вывучаюць з прывязкай да мясцовасці.

Малодшы навуковы супрацоўнік Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Верхаўцова пачынае экскурс у ваеннае мінулае з залы, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны. З сакавіка гэтага года тут з'явілася экспазіцыя аб генацыдзе. На стэлажах копіі архіўных дакументаў, якія былі перададзены пракуратурай пры даследаванні злачынстваў акупантаў, здзейсненых на тэрыторыі раёна. Акцэнт робіцца на яўрэях, бо на тэрыторыі Быхава было створана гета. У старадаўнім замку, які застаўся з часоў XVІІ стагоддзя, разам з яўрэямі ўтрымліваліся партыйныя работнікі, бежанцы з Заходняй Беларусі, у тым ліку палякі. Першы расстрэл адбыўся ў жніўні 1941 года, калі немцы знішчылі болей чым 250 мужчын. Пад відам удзелу ў рамонтных работах яны былі вывезены з горада і за кіламетр ад Быхава расстраляны. Гэта месца называецца Ганькаў роў, там зараз стаіць мемарыял. Праз тыдзень усіх астатніх, хто ўтрымліваўся ў замку без ежы і вады, вывезлі ва ўрочышча Маславічы, што за шэсць кіламетраў ад Быхава, і таксама расстралялі. Аблавы на яўрэяў праходзілі да снежня 1941 года. Усяго ў раёне па акце ад 1944 года было расстраляна 4679 чалавек.

Макеты школьнікаў прысвечаны вёскам, дзе з 1942 года на поўную моц лютаваў карніцкі атрад Барчыка, які ўваходзіў у эсэсаўскі батальён Оскара Дзірлевангера. Эсэсаўцы палявалі на партызан, а заадно знішчалі насельніцтва.

— На жаль, са стапрацэнтнай дакладнасцю нельга падлічыць, колькі было знішчана жыхароў, — расказвае Алена. — Запісы рабіліся са слоў відавочцаў, якія маглі нешта бачыць і паведаміць. У нас неяк працавала настаўніца, якая займаецца гэтай тэмай, і звярнула ўвагу, што некаторыя імёны не супадаюць. Падчас складання гэтых спісаў маглі пераблытаць год нараджэння і нават пол. Хлопчыка, напрыклад, запісаць як дзяўчынку, асабліва калі імёны мужчынскія і жаночыя супадалі. Але іншых звестак мы не маем. Акты падпісвалі людзі пры пасадах, якія неслі адказнасць. Сёння акты захоўваюцца ў архівах, і гэта адзінае, на што можна абапірацца.

Быхаўшчына лічылася партызанскай зонай, тут «ляснымі людзьмі» арганізоўвалася шмат дыверсій, і немцы праводзілі акцыі запалохвання. Невялічкая вёска чыгуначнікаў Залатое Дно была спалена фашыстамі пасля таго, як партызаны пусцілі непадалёк ад яе пад адхіл нямецкі цягнік. Гарадзец наогул палілі двойчы, бо там стаяў нямецкі гарнізон, і партызаны часта на яго нападалі. Карніцкія аблавы праводзіліся ў Студзёнцы, Мокрым, Ветранцы, Смаліцы. Жыхароў зганялі ў дамы або пуні і спальвалі. Людзі расказвалі, што карнікі кідалі ў вокны дамоў гранаты, а тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Выжывалі адзінкі.

Тэма генацыду патрабуе ўважлівага вывучэння, аналізу, лічыць супрацоўніца музея. Інфармацыя ўдакладняецца па сёння, і тое, што ў гэтых даследаваннях прымаюць удзел школьнікі, вельмі важна. На Быхаўшчане ў выніку карных аперацый, авіяналётаў і баёў была спалена 131 вёска. Школьнікі ўвасобілі ў сваіх праектах выключна тыя, дзе з асаблівай жорсткасцю знішчалася насельніцтва.

Спаленая вёска Залатое Дно пасля вайны так і не аднавілася.

Макеты ў выставачнай зале — нібы маленькія матэрыялізаваныя выспачкі ў бязмерным акіяне чалавечага гора. На сценах іх суправаджаюць рэпрадукцыі карцін Міхаіла Савіцкага з жахлівымі сцэнамі нямецкіх злачынстваў. Мастак сам прайшоў праз канцлагеры, на сабе выпрабаваў усю глыбіню чалавечага гора. Побач з работамі школьнікаў — таблічкі, на якіх прапісаны даты знішчэння вёсак, колькасць спаленых дамоў і жывых ахвяр. Вунь макет з відам вёскі чыгуначнікаў Залатое Дно, а вось Красніца — яе немцы палілі некалькі разоў, адзін раз з асаблівай жорсткасцю. У 1943-м знішчына было болей чым 800 жыхароў. «А маці першая ўскочыла на печ, дык лягла, за трубу галаву. І ёй — як білі, так мяса ляцела — галаву гэта абляпала ёй. Ну і білі на печ усё. Бабульку тую пасеклі — яна ўсё жывая. Маці паранілі, там пазабівалі ўсіх... Сем нас чалавек, а мы толькі ўтрох — мама і я з братам сышлі потым з печы...» — гэта толькі частка жахлівага ўспаміну жыхаркі гэтай вёскі, які ўвайшоў у твор Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». Расповеды нямногіх ацалелых у той бойні відавочцаў яны запісвалі праз 30 гадоў пасля падзей. Твор — спрэс крывавая рана. Там усё ў дэталях ад першай асобы.

А вунь на макеце вёска Гарадзец, дзе людзей спалілі разам з храмам. Яе жыхары таксама сведчаць аб злачынствах сваіх забойцаў у кнізе «Я з вогненнай вёскі».

Вёска Хамічы, дзе было каля 200 дамоў, цалкам спалена ў 1944 годзе. Немцы пры адступленні спаганялі помсту на старых, жанчынах, дзецях...

— Школьнікі праводзілі даследаванні, макеты рабілі з улікам апісанняў людзей, схем населеных пунктаў, — расказвае мой гід. — Іх работы здольныя прабудзіць успаміны ў іншых або прымусіць іх нешта даведацца з мінулага свайго роду. Мая бабуля таксама ледзь не загінула. Яна жыла ў вёсцы Барсукі, якая згарэла ў выніку авіяналёту. Але карніцкія аблавы праводзіліся і тут. Яны шукалі яўрэяў, а бабуля была каравокая і цямнявая. Маці схавала яе ў пуні, закапала ў салому. Немец зайшоў туды, пачаў торкаць салому віламі і зачапіў нагу дзяўчыны. Тая завойкала, але немец нечакана прыклаў палец да вуснаў, маўляў, маўчы, і выйшаў. Дзяўчыне проста пашчасціла.

Настаўнік гісторыі быхаўскай школы № 2 Сяргей Кулаеў тэмай вайны займаецца не адзін год. У школе ён кіруе краязнаўчым гуртком і разам з дзецьмі даследуе злачынствы немцаў на тэрыторыі раёна. Разам з ім сямікласнікі Максім Каспартаў і Марыя Ларшына стварылі макеты дзвюх спаленых вёсак.

— Мы прытрымліваліся карты вёскі Дабужжа 30-х гадоў, якую знайшлі ў інтэрнэце, — расказвае Максім. — Асабіста я рабіў пад кіраўніцтвам настаўніка дамы з драўляных брускоў. Вайны ў нашай вёсцы яшчэ няма, яна атрымалася жывая, прыгожая. І калі ведаеш, які адбыўся кантраст з тым, што было, становіцца страшна.

— А я размалёўвала дамкі, рабіла нешта накшталт травы, клеіла пясок, калі стварала дарогу, — расказвае Маша. — У галаве не ўкладваецца, як нелюдзі маглі абыходзіцца так жорстка з мірнымі жыхарамі. Відавочца Аляксей Сцяпанавіч Салаўёў падрабязна расказваў, як яго цётку Ульяну Квартальную забілі палкамі, здзекаваліся з дзяцей.

Настаўнік з дзецьмі выязджаў у Дабужжа, каб яны маглі паглядзець на мясцовасці, дзе што знаходзіцца. Над макетам працавалі каля паўгода.

— Яшчэ мы ездзілі на курган, які знаходзіцца непадалёк ад вёскі, — дадае Маша. — Яго адкрылі ў 1963 годзе ў гонар партызанскага палка пад кіраўніцтвам Сяргея Грышына. Гэта камандзір таго самага знакамітага палка «Трынаццаць», які ішоў рэйдам па Смаленшчыне, Магілёўшчыне і трапіў у акружэнне. Гітлераўцы хацелі іх знішчаць у раёне вёсак Дабужжа і Боўкі. Іх блакада праходзіла каля двух тыдняў. Былі задзейнічаны танкі, авіяцыя. З-за гэтых падзей і былі спалены Дабужжа, Смаліца, Ветранка і Трылесіна.

Сяргей Кулаеў лічыць, што дзеці абавязкова павінны ведаць імёны сваіх продкаў, якія перажылі вайну. Асабіста ён разам з сынам рабіў работу на конкурс пра прадзеда Івана Кулаева, які быў родам з вёскі Трубільня Краснапольскага раёна. Баявое хрышчэнне ён прыняў у 1943-м на Проні ў раёне Прапойска (Слаўгарада), дзе фронт стаяў 9 месяцаў. Потым быў палон, уцёкі, блуканне па пінскіх балотах, партызаны, зноў фронт. Вызваляў Польшчу, дайшоў да Берліна, удзельнічаў у вулічных баях. Яго баявыя заслугі адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку медалём за адвагу.

— Да дзявятага класа ў школьнай праграме нічога няма пра Вялікую Айчынную вайну, але дзякуючы нашаму краязнаўчаму гуртку дзеці яшчэ з пятага класа ведаюць пра ваенныя падзеі. Максіму пашчасціла, што гэтай тэмай цікавіліся яго маці і старэйшы брат. Марыя таксама ўжо тое-сёе ведае пра свайго дзеда. Паспрабуем разам пашукаць інфармацыю пра яго на сайтах і зрабіць работу на які-небудзь конкурс. На жаль, сёння нават бацькі нашых вучняў вельмі мала ведаюць нешта пра сваіх прадзедаў. Мы імкнёмся абудзіць у дзецях цікавасць. Яны ўдзельнічаюць у конкурсе «Мая зямля — Прыдняпроўе», традыцыйна праводзяцца перад 9 Мая конкурсы па Вялікай Айчыннай вайне. Там згадваем і пра гісторыі сваёй сям'і, школьнікі пішуць эсэ, сачыненне, ствараюць лэпбукі.

Алена Верхаўцова знаёміць з жахлівымі гісторыямі спаленых вёсак.

Сёлета ў Быхаўскім раёне каля вёскі Дунаёк аднавілі партызанскі лагер. У гады вайны там знаходзілася пяць партызанскіх атрадаў. Балоцістая мясцовасць, рака Грэза — проста так туды было не прабрацца. Там жа хаваліся 12 тысяч мірных жыхароў, у тым ліку жанчыны, дзеці. У 1972 годзе быў пастаўлены помнік. Зараз з'явіліся яшчэ і зямлянкі, каб перадаць дух тых часоў. Сяргей Кулаеў ездзіў туды разам са сваімі юнымі краязнаўцамі — хадзілі па тых зямлянках, дзяліліся ўражаннямі.

— Дзеці сядзелі на «ложках», выпілаваных з дрэў, і не маглі зразумець, як на гэтым спаць, калі нават сядзець нязручна, — расказвае настаўнік. — Ім было няўцям, як наогул тут людзі жылі, асабліва зімой. Мы гатавалі ежу на кастры, паспрабавалі пажыць жыццём ваеннага часу. На нас напалі ласіныя мухі, прыходзілася адбівацца. Наогул, атрымалі шмат эмоцый. Гэта, канешне, не тое, што было тады. Але нейкі мінімум з таго, што прыходзілася перажываць людзям, мы адчулі.

Сяргей Кулаеў выкладае гісторыю яшчэ і ў Макранскай школе. Там таксама ёсць музей, якім ён загадвае. Ваенная тэма там моцна прадстаўлена. Шмат інфармацыі пра падзеі на тэрыторыі раёна, у тым ліку 324-ю стралковую дывізію, якая вызваляла Быхаўшчыну і атрымала за гэта ганаровую назву Верхне-Дняпроўская.

— Пабываць у музеі можна, далучыўшыся да нашай групы «Уканткце» і «Аднакласніках», — падказвае настаўнік. — Нас глядзяць нават у Рэйк'явіку і Токіа. У школьным музеі захоўваюцца ўспаміны жыхароў вёскі Красніца. А таксама кніга Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі» з успамінамі жыхароў Студзёнкі і Гарадца.

Тэме генацыду будзе прысвечаны чарговы «Пошуковы веснік» Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычн пошукавага клуба «Віккру». Яго кіраўнік Мікалай Барысенка адзначае, што тэма знішчэння беларускага народа патрабуе як мага больш глыбокага вывучэння. Зараз — па архіўных дакументах. У расійскіх архівах адкрываюцца засакрэчаныя даныя па гэтых справах. І інфармацыю трэба адсочваць, параўноўваць, аналізаваць.

— На сёння сітуацыя з лічбамі неакрэсленая, — кажа ён. — Калі працавалі над мемарыялам у Борках, шукалі дакладную колькасць цалкам спаленых вёсак, з жыхарамі і без, спаленых і адноўленых. Статыстыка не дае адназначнага адказу, у розных крыніцах лічбы розныя. У архіўнай даведцы па Магілёўскай вобласці ад 1984 года — копіі рашэння Магілёўскага аблвыканкама ад чэрвеня 1968 года — гаворыцца, што на Магілёўшчыне было спалена 1655 вёсак, і гэты спіс не канчатковы. Я схільны верыць гэтай даведцы, яна бліжэй да вайны, да падзей, калі яшчэ жывыя былі ветэраны. Зараз мы ўсе карыстаемся архіўнымі дакументамі і актамі надзвычайных камісій, якія складаліся з іх слоў.

У савецкія гады лічылася, што ў Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны чацвёрты беларус. І гэта была аксіёма, з якой ніхто не спрачаўся, — працягвае Мікалай Барысенка. — Зараз мы гаворым пра кожнага трэцяга беларуса, які загінуў, прапаў без вестак у гады вайны. Але гэта таксама ўмоўная лічба, бо паміж кожным чацвёртым і кожным трэцім папраўка ў мільёны.

Сяргей Кулаеў з юнымі даследчыкамі.

Мы дагэтуль не ведаем, колькі жыхароў загінула падчас той ці іншай карнай аперацыі. Боркі, Дабужжа, любая іншая вёска — дакладна ніхто не скажа, колькі было знішчана людзей, часам мы не ведаем з дакладнасцю да 100 і болей чалавек. У 100 працэнтах выпадкаў мы гаворым прыкладныя лічбы. І яны ідуць з успамінаў або актаў надзвычайных камісій, зробленых пасля вайны. Са слоў людзей, якія выжылі. Падлік вёўся ў тым ліку па перапісу 1939 года. Пасля вайны бралі перадваенную колькасць жыхароў і параўноўвалі з колькасцю, якая засталася. А многія былі выгнаны ў Германію, потым вярнуліся, з фронту прыйшлі тыя, якія лічыліся зніклымі без вестак. Ні ў адной сітуацыі мы не ведаем дакладных лічбаў. Вось гэта праблема. Зараз ёсць магчымасць удакладніць — адкрыліся архівы, сайты. І пракуратура правільна аднавіла справу, каб падвесці вынік знішчэнню мірнага насельніцтва. Дагэтуль адкрываюцца новыя прозвішчы злачынцаў. Шмат хто панёс пакаранне, але ж некаторыя засталіся. І нават героямі лічыліся, дзесьці набылі ўзнагароды ўдзельнікаў вайны. А самі служылі ў паліцэйскіх, карніцкіх атрадах — і гэта яшчэ адна тэма для даследавання. Не выключна, што лічба «адна траціна беларусаў» будзе іншай. Таму і актуальна сёння гэта тэма. Амерыканцы і еўрапейцы хочуць даказаць, што вайну выйгралі не мы, а яны. І гэтага нельга дапусціць. Якімі пакутамі дасталася Перамога, нельга пераацаніць. Акупанты імкнуліся знішчыць і пераўтварыць краіну ў рабскую. Захапіць рэсурсы, насельніцтва зрабіць трэцясортным і прымусіць працаваць на іх рэйх. Мы павінны прасвятляць нашу моладзь, бо яны жывуць у іншых вымярэннях. Трэба, каб яны гэтыя макеты рабілі, і па вёсках хадзілі, і ў музеях з архівамі працавалі пад кіраўніцтвам педагогаў. Толькі там можна знайсці дакладныя звесткі. Ніхто ў Еўропе пра гэта казаць не будзе. Яны там стараюцца замазаць і забыць свае злачынствы. Так быць не павінна. Побач з намі ідзе поўнамаштабная вайна. Мы пажынаем плады 1990-х, калі цэлае дзесяцігоддзе Вялікая Айчынная вайна была не папулярная, пра яе спрабавалі забыць, паглыбляліся ў далёкую гісторыю, вывучалі княствы, ВКЛ, Рэч Паспалітую. Вялікая Айчынная вайна непапулярная і нязручная для краін Захаду. На жаль, і для сённяшняй Украіны. Нездарма там героямі становяцца АУНаўцы, нацыяналісты, якія палілі і знішчалі насельніцтва і ў сябе, і тут. Яны не жадаюць бачыць тое, што тварылі на беларускай зямлі тыя ж венгры, мадзьяры — самыя жахлівыя карнікі. І гэта страшна. Бо ад вайны больш за ўсё пакутуе менавіта мірнае насельніцтва. Тыя, хто ніякіх войнаў не развязвае.

Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік «Я з вогненнай вёскі»:

«Пра фашызм чалавецтва ведае, здаецца, усё. Попел мільёнаў ахвяр яго стукаецца ў сэрцы людзей. І ўсё ж дзе-нідзе спрабуюць зноў і зноў абяліць гэтую чуму XX стагоддзя — у вачах новых пакаленняў, якія самі не перажылі жахаў Другой сусветнай вайны. Вунь колькі «навуковых прац» друкуецца на Захадзе пра Гітлера і яго зграю, колькі кніг і артыкулаў, аўтары якіх хто як можа імкнецца надаць «чалавечыя» рысы нацызму, памяць народаў падмяняючы рэваншысцкай нудой генералаў, былых прыслужнікаў фюрара.

Аднак ёсць яна, народная памяць, — жыве непадкупная памяць аб фашызме гестапаўскім, канцлагерным, хатынскім. Суд народаў не скончыўся ў Нюрнбергу. Ён працягваецца — у памяці народнай. Суд гэты неабходны не толькі ў імя гістарычнай справядлівасці. Ён патрэбен жывым. Тым, каму пагражаюць будучыя «фюрары». Нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны перажыць яго зноў...»

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Быхаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?