Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Было відаць, з якім задавальненнем Прэзідэнт агледзеў вучэбную базу. Усёй маёмасцю, што засталася ад папярэднікаў, гарадскія ўлады і кіраўнікі распарадзіліся надзвычай па-гаспадарску. Аляксандр Рыгоравіч сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі, агледзеў макет кампуса, паабяцаў сур'ёзную падтрымку ў развіцці ўніверсітэта. Мы ўсе разам заклалі каля ўніверсітэта раўнюткую алею з маладых дубкоў. І Прэзідэнт на сваім верталёце падняўся ў паветра. Ва ўсіх быў вельмі прыўзняты, святочны настрой. І раптам у Анатоля Афанасьевіча Тозіка зазвінеў мабільны тэлефон. Ён адразу напружыўся:

— Прэзідэнт звоніць!


Пасля нядоўгай размовы з Прэзідэнтам Анатоль Афанасьевіч звяртаецца да мэра горада Дзічкоўскага:

— Прэзідэнт пытаецца, што ў вас там за даўгабуд такі на ўскраіне горада? Ён з верталёта ўбачыў, што там на недабудаваным будынку ўжо нават бярозкі прараслі. Даручыў разабрацца. І калі заказчыкі будаўніцтва не здольны яго завяршыць, то варта перадаць гэты будынак універсітэту і неадкладна дабудаваць!

— Гэта Міністэрства аховы здароўя яшчэ гадоў дзесяць назад запланавала ў нас будаўніцтва Рэспубліканскага дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі, а пасля ад ідэі адмовілася, — адразу ж патлумачыў сітуацыю Віктар іванавіч Дзічкоўскі.

— І будоўля канчаткова спынілася?

— Так! У гэты праект ужо ўкладзены немалыя сродкі і ў такім выглядзе ён у нашым горадзе нікому непатрэбны.

— Тады паехалі, паглядзім усё на месцы.

Мала таго, што будоўля знаходзілася ў самым непрыглядным стане і там даўно ўжо будаўнікі нават не з'яўляліся, да таго ж архітэктура будынка разлічана была на доўгія калідоры з маленькімі кабінетамі для прыёму хворых і велізарную, у выглядзе амфітэатра, залу для кансіліумаў. Мы з рэктарам напружыліся. Планіроўка будынка ніяк не адпавядала вучэбным мэтам. А ў нас жа задуманы кампус, для яго ўжо ёсць праект, там прадугледжаны прыгожы вучэбны корпус і побач тры студэнцкія інтэрнаты, мы яго паказалі Прэзідэнту і атрымалі згоду на будаўніцтва. Я стаў рашуча пярэчыць, Васіль Іванавіч Качурка мяне падтрымаў, вопыт у яго ў такіх справах быў немалы. І губернатару Сумару, і мэру Дзічкоўскаму было, канешне ж, выгадна дабудаваць гэты будынак за кошт рэспубліканскага бюджэту, таму яны былі за тое, каб перадаць будоўлю ўніверсітэту, а значыць, пад эгіду Міністэрства адукацыі. Разумеючы складанасць будучых рашэнняў, Анатоль Афанасьевіч прапанаваў усім падрыхтаваць свае прапановы ў выглядзе дакладной запіскі Прэзідэнту.

Маштаб гэтай задачы патрабаваў адпаведных рашэнняў урада. Дакладная запіска Прэзідэнту рыхтавалася за подпісам прэм'ер-міністра С.С. Сідорскага. Сяргей Сяргеевіч мне сумленна паказаў, што ў ёй прыведзены ўсе нашы з рэктарам меркаванні: будынак для вучэбных мэт не прыстасаваны, ад яго аддалены асноўныя транспартныя артэрыі і студэнцкія інтэрнаты, кошт яго рэканструкцыі пры завяршэнні будаўніцтва пераўзыдзе затраты на ўзвядзенне новага корпуса на тэрыторыі задуманага кампуса. А пасля таксама паказаў і рэзалюцыю Прэзідэнта: «Завяршэнне будаўніцтва перадаць Міністэрству адукацыі для развіцця матэрыяльнай базы Баранавіцкага ўніверсітэта». І Аляксандр Рыгоравіч быў правы: рэаніміраваць гэтую будоўлю магла б толькі дзяржаўная сістэма, параўнальная з Міністэрствам адукацыі. А ўніверсітэту надзвычай неабходны быў вялікі вучэбны корпус.

Я пасля падумаў, наколькі ўдалым усё ж такі атрымалася прызначэнне рэктарам прафесара Качуркі. Ён «выцягнуў» усе задачы па развіцці ўніверсітэта. Дарэчы, самай цяжкай аказалася кадравая. Універсітэт павінен быць забяспечаны дыпламаванымі спецыялістамі — кандыдатамі і дактарамі навук. Там павінны весціся паўнавартасныя навуковыя даследаванні, інакш гэта ўжо не ўніверсітэт. На момант яго адкрыцця ў Баранавічах было шэсцьдзесят два кандыдаты навук і нават адзін доктар. Колькасць вучоных быццам неблагая, але гэта ж ва ўсім горадзе! Хто ўжо на пенсіі, хто ў канструктарскім бюро, хто ў сярэдняй школе — яны раз'яднаны, гэта не прафесарска-выкладчыцкі калектыў вышэйшай навучальнай установы. У здаровым прадукцыйным стане ўніверсітэт павінен вырабляць вучоных ужо са свайго асяроддзя. Збольшага таму і нельга адкрываць універсітэты, па вобразным выказванні Прэзідэнта, у кожнай вёсцы.

Рэктар Качурка пабудаваў для студэнтаў тры сучасныя інтэрнаты і ўсё ж такі стварыў задуманы кампус. А які прыгожы вучэбны корпус атрымаўся з будынка рэабілітацыйнага цэнтра! І рэктар, і выкладчыкі, і студэнты сапраўды ўклалі душу ва ўладкаванне, упарадкаванне. Калі мы з прафесарам Качуркам аглядалі напоўненыя студэнтамі аўдыторыі, лабараторыі, спартыўныя залы, я яму сказаў, што ўніверсітэт ў Баранавічах не саступае ні ў чым еўрапейскім.

Адкрыццё ўніверсітэта ў Баранавічах мела і палітычнае значэнне — гэты горад стаў універсітэцкім! Прыгожыя карпусы ўніверсітэта ўзбагацілі горад, не кажучы ўжо пра яго насычэнне маладой і гарачай студэнцкай энергіяй.

Васіль Іванавіч у рэктарскі корпус краіны ўвайшоў заканамерна і натуральна. Больш за тое, ён сабою ўяўляў своеасаблівы вобраз такога кіраўніка — на трыбуну лішні раз не напрошваўся, па дапамогу ў міністэрства звяртаўся самую разумную, з мясцовым кіраўніцтвам меў добрыя адносіны, унутраныя ўніверсітэцкія праблемы вырашаў сам, у сяброўстве з рэктарамі-калегамі быў ненавязлівы, але надзейны. Качурка. Вымаўляючы гэта прозвішча, мы ўсе ўяўлялі рэктараў такога своеасаблівага класа. Вартых прадстаўнікоў, вартых кіраўнікоў такога ўзроўню.

На рэктарскай пасадзе прафесар Качурка працаваў з 2004 да 2021 года. У адстаўку сышоў па ўзросце. Змяніў яго першы прарэктар дацэнт Аляксандр Мікалаевіч Унсовіч. Баранавіцкі ўніверсітэт за гэтыя гады выйшаў на ўзровень свайго ўзнаўлення.

Пасля адкрыцця Баранавіцкага ўніверсітэта ствараць Палескі ўніверсітэт было ўжо істотна лягчэй. Па-першае, Пінск пасля абласных цэнтраў — адзін з самых вялікіх гарадоў Беларусі, лічыцца неафіцыйнай сталіцай беларускага Палесся. Па-другое, да моманту адкрыцця ўніверсітэта там ужо быў філіял Беларускага эканамічнага ўніверсітэта і дыхтоўна ўладкаваны, высокага прафесійнага ўзроўню Пінскі вышэйшы банкаўскі каледж. Па-трэцяе (а хутчэй, гэта якраз па-першае), у адкрыцці ўніверсітэта на базе каледжа былі актыўна зацікаўлены старшыня праўлення Наыянальнага банка Пётр Пятровіч Пракаповіч і выпускніца гэтага каледжа, старшыня праўлення Беларусбанка Надзея Андрэеўна Ермакова. Пасля адкрыцця ўніверсітэта ў 2006 годзе ён першы час нават фінансаваўся са сродкаў Нацыянальнага банка і яму нават падначальваўся. І гэта былі правільныя падыходы, якія дазволілі разгарнуць матэрыяльную базу ўніверсітэта, пабудаваць прыгожы вучэбны корпус, зрабіць выключна прыгожы стадыён. Пінск стаў універсітэцкім горадам, і гэта яго ўпрыгожыла з усіх бакоў.

Але рэктара для Пінскага ўніверсітэта мы таксама знайшлі... у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Я нязменна прытрымліваўся патрабавання, што кіраўніком універсітэта павінен быць доктар навук. Даў згоду на гэта прызначэнне дэкан эканамічнага факультэта акадэміі, доктар эканамічных навук, прафесар Канстанцін Канстанцінавіч Шабека. І зноў мы не памыліліся! Прафесар Шабека вывеў Палескі ўніверсітэт у шэраг беларускіх ВНУ высокага класа і пры гэтым рабіў сваю працу грунтоўна і паслядоўна. У кагорце беларускіх рэктараў Канстанцін Канстанцінавіч паводзіў сябе сціпла, але быў заўважны і ўсімі прызнаны як прафесіянал. Рэктарам Палескага ўніверсітэта працаваў з першых дзён яго стварэння да 2021 года. Кіраўніцтва ўніверсітэтам перадаў кандыдату біялагічных навук, дацэнту Валерыю Іванавічу Дунаю.

ВНУ Брэсцкага рэгіёна па сваім геаграфічным размяшчэнні, па грунтоўнасці, па трываласці ў нечым уяўляюцца мне той ажурнай, але моцнай будаўнічай канструкцыяй, якую для дахаў вынайшлі ў тэхнічным універсітэце рэктара Пойты.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 22 кастрычніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».