Вы тут

Сівохіна: Тэатр ствараўся як гурток для будучых настаўнікаў роднай мовы


Не раз народны тэатр «Жывое слова» быў удастоены высокіх узнагарод за сваю дзейнасць і вялікі ўнёсак у мастацка-эстэтычнае выхаванне моладзі. З 2012 года тэатрам кіруюць Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі. Сёння Алеся распавядае пра тое, куды прывяло яе даўняе юнацкае захапленне. 


Алеся Сівохіна.

— Алеся, а што трэба найперш, каб стаць акцёрам тэатра «Жывое слова»? 

— Вялікае жаданне і гатоўнасць працаваць. Традыцыйна — талент, іскра, але гэта толькі пяць працэнтаў. Астатнія 95 — наколькі ты гатовы ўкладацца, прыходзіць на рэпетыцыі, не трапляць на сцэну, але «варыцца» ў гэтым матэрыяле. 

— Чым адметны ваш рэпертуар? 

— Ставім самае рознае. А сёлета, у юбілейны год Якуба Коласа вырашылі зрабіць вялікую кампазіцыю па яго рамане — проста спектаклем гэта не назавеш, бо тут няма канфлікту і развіцця тэмы, але гэта і не класічная кампазіцыя таксама, дзе зазвычай адсутнічае сюжэт... Тэма настаўніцтва, выбару гэтага шляху нас зачаравала. Колас меў такое пакліканне і вырашыў ісці за ім, нягледзячы на цяжкасці, з якімі сутыкаўся. 

Летась у нас адбылася прэм’ера — паставілі «Цень» паводле Яўгенія Шварца. Мы з Алесем Мойскім перастварылі п’есу па-беларуску, і атрымаўся цікавы незвычайны спектакль. 

— Чаму менавіта Шварца вырашылі паставіць? 

— Яўген Шварц — класік. Чаму класікі называюцца класікамі? Не толькі таму, што добра пішуць, але і таму, што напісанае імі заўсёды актуальна. У любыя часы знаходзіш тое, што адгукаецца. Гэтай пастаноўкай мы пацвярджалі званне народнага тэатра. 

— Але ж у асноўным у пастаноўках вы задзейнічаеце айчынных аўтараў? 

— Аўтары могуць быць рознымі. Але творы — па-беларуску. Калі няма ад¬паведнага перакладу, робім яго самі. Так, калі ставілі «Радасць вось такая» па Чэхаву, знайшлі адзін пераклад — ён аказаўся стары і неактуальны, з нуля перастварылі твор. 

— На якіх пляцоўках выступаеце? 

— Выступаем і на сцэне педуніверсітэта, і ў музеях, і ў бібліятэках: чытаем вершы, спяваем песні на словы нашых паэтаў. 

Сцэна са спектакля «Цень»

— А як склалася, што ты кіруеш тэатрам? 

— Кірую тэатрам я разам з Алесем Мойскім — для адной мяне гэта было б вельмі цяжка, я ўвогуле слаба ўяўляла сябе кіраўніком хоць чаго-небудзь. 

Прыйшла ў калектыў як актрыса ў 2001 годзе. Нічога не ўмела, адзінае — вельмі хацела спяваць. Вельмі любіла з дзяцінства-юнацтва. Першыя гады два выконвала толькі песні пад гітару. Тады кіравалі Алена і Юрась Чарэнкі. Аднойчы пасля чыткі спектакля «Балада» мы запісваліся, хто якія ролі хоча, і я папрасілася на ролю, дзе трэба было толькі танцаваць. Пасля да мяне падышоў Юрась Валянцінавіч і запытаўся, чаму не выбрала штосьці больш сур’ёзнае... Першыя вершы, якія я пачытала са сцэны, Навума Гальпяровіча. 

Наталля Кухарава, якая кіравала тэатрам пасля Чарэнкаў, прапанавала мне стаць памочнікам рэжысёра, а потым і рэжысёрам. Актыўна гэтым занялася, у мяне атрымлівалася. Калі ж Наталля сыходзіла, сказала: «А цяпер кіруеш ты...» Амаль адразу ж я зразумела, што адной будзе вельмі складана, і папрасіла Алеся дапамагчы мне ў гэтым. 

— Што найбольш складанае ў тваёй рабоце? 

— Складанае ўсё, але найбольш — тое, што няма пастаянства: мы не з’яўляемся тэатрам у класічным яго разумені — не маем рэпертуарных спектакляў. Усе акцёры ў нас — студэнты, і з ранку да вечара праводзіць рэпетыцыі немагчыма. 

Акрамя таго, мне складана ісці на кантакт з незнаёмымі людзьмі, да¬маўляцца пра выступленні, пісаць тэксты. Гэта ўсё робіць Алесь Мойскі. Падабаецца з ім спрацоўнічаць: ён памайстэрску кампануе і тэкст, і сцэнарый, адразу можа вербалізаваць ідэі... Ён структуруе хаос, які ў нас часам узнікае. Мы заўсёды гатовыя адно аднаго падтрымаць... 

— Па адукацыі ты псіхолаг. Наколькі гэтая спецыяльнасць задзейнічана ў тваёй працы? 

— На першы погляд, можа, і падаецца, што псіхалогія ад тэатра вельмі далёка. Але насамрэч праца акцёраў — гэта праца, у якой ёсць пэўныя псіхалагічныя механізмы і законы. Ёсць геніі, якія гатовы трымаць увагу гледачоў, застаючыся аднымі на сцэне на працягу больш чым гадзіны. 

— Але ж вы не рыхтуеце прафесійных акцёраў? 

— Не, найперш да нас прыходзяць тыя, хто шукае беларускамоўнае асяроддзе, дзе можна ўдасканаліць сваё маўленне, папрацаваць над сваім голасам, што вельмі важна для настаўнікаў. Тэатр наш і ствараўся як гурток для будучых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры — каб яны маглі зацікавіць вучняў літаратурай. Заахвоціць прыгожым маўленнем, паказаць, што слова — не пусты гук, яно павінна жыць... 

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.