Вы тут

Вellissimo ад Анісімава, або Каб вушы чулі, а вочы бачылі


Прыгажосць і высакароднасць, якія нараджаюцца ўнутры, імкнуцца вырвацца вонкі, праявіцца, як кветка, што ў зададзены час расцвітае... Кажуць, ад лішку сэрца гавораць вусны. Значыць, па словах, па творчых праявах можна пазнаць, што ў чалавека ў сэрцы. Бязмежная крыніца любові, творчасці, спагады і чуйнасці — такім мне адчулася сэрца Аляксандра Анісімава, галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, народнага артыста Беларусі, падчас канцэрта «Sympho Gala» ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, зладжаным да 75-гадовага юбілею маэстра.


Маэстра Аляксандр Анісімаў прымае віншаванні.

Неверагодная дзея, роўная па маштабах касмічнай з’яве, паўстала дзякуючы творчым знаходкам і руплівасці музыкантаў Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь і зводнага хору — Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Вольгі Янум, Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай, Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага. Аздобілі мерапрыемства, стварыўшы неабходны канцэптуальны і сэнсавы стрыжань, салісты: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Стэфановіч, лаўрэат міжнародных конкурсаў Раман Фірстаў, а таксама сапрана Ірына Крыкунова, бас-барытон Уладзімір Байкоў, мецца-сапрана Кацярына Міхнавец. 

Святочная праграма прадставіла пяць шэдэўраў класічнай сімфанічнай музыкі: Іагана Себасцьяна Баха, Леапольда Стакоўскага, Дзмітрыя Шастаковіча, Рыхарда Штрауса, Георгія Свірыдава. Найярчэйшыя пласты прадстаўленай музычнай праграмы, што складалася з двух аддзяленняў, — музыка Рыхарда Штрауса і Георгія Свірыдава, як адзначыў сам Аляксандр Анісімаў, гаспадар музычнай стыхіі, натура тонкая і шматгранная. 

— Я, перш за ўсё, мастак, і вельмі абвострана адчуваю прыналежнасць да таго, чым мы — інтэрпрэтатары класічнай музыкі — займаемся, — адзначае маэстра Анісімаў. — Сапраўды, адна з задач, якую вырашае мастацтва, — несці ачышчэнне і даваць адухоўленасць. І мы з гэтым непарыўна звязаны. Мы змыкаемся ў гэтым сэнсе з рэлігіяй. Нездарма наш дом — філармонію — называюць храмам музыкі. І таму маё служэнне ў многім накіравана на тое, каб рабіць людзей чысцейшымі, прагажэйшымі, каб вушы чулі, а вочы бачылі прыгажосць гэтага свету. 

Аляксандр Анісімаў.

Момантаў, калі гледачы баяліся парушыць апладысментамі крыштальна празрыстую, здаецца, сусветна абгрунтаваную паўзу паміж зменай частак твора, было вельмі шмат. Адзіная канва надзвычай глыбокага музычнага аповеду, які па-майстэрсу выбудоўваў маэстра Анісімаў, стала не інакш як трамплінам у іншае вымярэнне, дзе пануе дасканаласць і прыгажосць. Прынамсі, гуллівыя, а часам пакорлівыя музычныя хвалі дакраналіся да свядомасці, якая перажывала дзіўнае хваляванне ад сустрэчы з гранічна шчырым музычным выказваннем. Опера «Саламея» — найлепшы таму прыклад: незвычайнае багацце палітры дае магчымасць спасцігнуць новыя сэнсы. «Саламея» сёння з’яўляецца самай папулярнай операй Штрауса, штогод даецца каля 100 спектакляў, і, як падлічылі, яна гучыць кожныя 2-3 дні на працягу тэатральнага сезона. Дарэчы, за больш чым 100 гадоў свайго існавання гэтая опера зазнала шмат вядомых інтэрпрэтатараў: дырыжораў Карла Бёма, Георга Шолці, Фрыца Райнера, Герберта фон Караяна, спявачак Біргіт Нільсан, Тэрэзу Стратас, Леоні Рызанек, Любу Веліч. 

Другі важны пласт праграмы — «Патэтычная араторыя» Георгія Свірыдава. Сам Свірыдаў прадугледжваў ад 150 да 200 чалавек хору — які маштаб! На канцэрце ў філармоніі лічба стала таксама ўнушальнай — больш чым сто чалавек. 

— «Патэтычную араторыю» кампазітара Свірыдава мы, артысты хору і аркестра, выконвалі з вялікім натхненнем і запалам, — дзеліцца артыст Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы Дзмітрый Кулакоў. — Маэстра Анісімаў валодае вялікім майстэрствам прачытання і інтэрпрэтацыі твораў вялікага маштабу. У «Патэтычнай араторыі» вельмі ярка адлюстравана эпоха, чаканні, думкі ды памкненні. У кожнай ноце адчуваецца стаўленне Георгія Свірыдава да паэзіі Уладзіміра Маякоўскага, да яго яркага, эпатажнага стылю, у якім паэт адлюстроўваў сваю эпоху пераўтварэння свету. Музычныя сродкі, якія задзейнічаў Свірыдаў, узмацніў і падкрэсліў стыль паэта. 

Сапраўды, дзіўнае спалучэнне пазачасавых вершаў Уладзіміра Маякоўскага і экстраардынарных здольнасцей кампазітара дае адчуванне заўсёды свежага подыху гэтай музыкі. Твор нячаста выконваўся і ў Расіі, і ў Беларусі, хоць у 1960 годзе атрымаў Ленінскую прэмію. Прычына — складанасць выканання. Ды гэтым разам адбыўся цуд. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы Аляксандру Анісімаву. 

Сімбіёз трох хароў і аркестра — неверагодная музычная з’ява.

— Адзначаючы гэты важны дзень, не толькі прымаеш падарункі, а быццам і робіш сам — тым, хто прыйшоў у глядзельную залу і нават тым, хто выконвае гэтую музыку, — падзяліўся маэстра. — Думаецца, вы адчуваеце маё нераўнадушша да партытур, якія мы выконваем. Працаваць у асяроддзі тых, хто цябе разумее, — шчасце: я не адчуваю негатыву, асцярог. Больш за тое — у мяне кожны раз прысутнічае таемная надзея, што разам з аркестрам, салістамі мы зробім штосьці цікавае. 

Чарговая творчая надзея паспяхова ўвасобілася гэтым разам і супала з цудоўным юбілеем Аляксандра Анісімава. «Многая лета», выкананае ўдзельнікамі трох хароў і салістамі, а таксама падхопленае гледачамі і ўсімі, хто аказаўся ў эпіцэнтры музычнай падзеі, стала фанфарамі з мірыядаў пачуццяў, здольнымі растапіць сэрцы, каб пабачыць прыгожосць свету. 

Многая лета, паважаны маэстра Аляксандр Міхайлавіч! Жадаем гарэць і надалей дабрынёй, спагадай, любоўю і саграваць усіх, хто верыць у ацаляльную моц мастацтва! 

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.