Вы тут

Пра шлях да ўз’яднання. Пабывалі на здымках новай кінастужкі «Беларусьфільма» — «Мы адзіныя»


На кінастудыі «Беларусьфільм» стартавалі здымкі новага нацыянальнага праекта пад рабочай назвай «Мы адзіныя». Над стужкай працуе беларуска-расійская творчая група. Падзеі поўнаметражнага фільма адбываюцца ў 1925-м годзе, калі Беларусь была падзелена на Усходнюю і Заходнюю. Галоўныя героі, браты Павел і Антон апынаюцца ў віры гістарычных падзей: партызанская барацьба, польская акупацыя і прыгнёт. Што чакае братоў, і якія выпрабаванні выпадуць на іх долю? Аб гэтым можна будзе даведацца пасля таго, як стужка пабачыць свет. А пакуль «Звязда» распавядае аб першым здымачным дні.


Натурная пляцоўка студыі знаходзіцца пад Смалявічамі. Месца, асабліва ў восеньскія дні, выглядае сапраўды кінематаграфічна: пажоўклае лісце кантрастуе з зялёнымі галінкамі яловага лесу. Чуваць фырканне коней — жывёлы іграюць далёка не апошнюю ролю ў фільме. Згодна з сюжэтам, падзеі стужкі адбываюцца ў лістападзе. Надвор’е спрыяе задумцы сцэнарыстаў: ідзе невялікі дождж, а неба зацягнута хмарамі. На пляцоўку завітаў генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі:

— Спадзяемся, што «Мы адзіныя» стане першай часткай трылогіі аб беларусах, аб тым, як мы жылі падзеленымі, і як аб’ядноўвалі, адраджалі краіну. Эпоха закранута няпростая, раней кінастудыя да гэтай тэмы не звярталася. Уяўляеце, сем’і былі падзелены мяжой — яны не маглі не тое што жыць разам, але нават сустракацца. Ішла барацьба за вызваленне тэрыторыі, якая знаходзілася пад польскімі ўладамі. З аднаго боку, гэта драматычны час, але ў ім можна знайсці элементы рамантыкі: партызаны, пагоні, кантрабандысты. У першую чаргу ў стужцы закладзена гуманная і вельмі важная ідэя: Беларусь павінна быць адзінай, а родныя людзі — разам. Тэма актуальная як ніколі: у час, калі сціраюцца паняцці патрыятызму, любові да Радзімы, трэба захоўваць свае традыцыі і культуру.

Каб дакладана адлюстраваць час, разам са стваральнікамі працуюць гістарычныя кансультанты. Захаваць гістарычную дакладнасць дапамагаюць загадчык аддзела навейшай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Сяргей Траццяк, а таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар гістарычных кніг Вячаслаў Бандарэнка. 

На першы дзень у каманды шмат планаў. Трэба настроіць абсталяванне, зняць пачатковыя сцэны, а пасля абавязкова разбіць талерку, каб фільм атрымаўся. Рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Хрулёў распавёў, што цэнтрам гісторыі стануць лёсы звычайных хлопцаў са Стоўбцаў.

— Для мяне гэта гісторыя аб тым, як у няпростых абставінах застацца чалавекам. У стужцы адлюстравана, як галоўны герой робіць выбар, і якія падзеі гэтаму спрыяюць. У нас запланавана дастаткова дынамічных сцэн, звязаных з конямі. Відовішчная і масавая сцэна суда, на якім беларускія падпольшчыкі будуць вызваляць сваіх таварышаў, павінна здымацца ў Снове 

Здымачны працэс тым часам працягваецца: акцёры рэпеціруюць сцэну, спецыяльнымі ўстаноўкамі распыляецца дым, памочнікі перадаюць каманды па рацыях. Непадалёк свайго часу чакаюць грымёры, піратэхнікі і механікі — яны павінны быць побач, бо зусім хутка аператар дасць старт здымкам. 

Данііл Чуп выконвае ролю Паўла. Менавіта яго герою давядзецца вырашаць, на чый бок стаць. А пакуль у акцёра ёсць некалькі хвілін, каб распавесці аб атмасферы, якая пануе на пляцоўцы:

— Мой герой хоча проста жыць: працаваць, кахаць, сталець. Таму на пачатку фільма ён не зацікаўлены ў тым, што адбываецца вакол. Але абставіны ўсё ж такі вымушаюць яго пачаць дзейнічаць. Першы здымачны дзень праходзіць выдатна, пакуль не паспеў з усімі пазнаёміцца, але атмасфера ўжо сяброўская. Каскадзёры дапамагаюць справіцца з коньмі — гэта вельмі важна, таму што сыграць сцэну — гэта адно, а тэхнічна праехаць на кані — ўжо іншае. 

Плануецца, што здымкі на натурных пляцоўках працягнуцца да снежня. Потым каманда пачне працаваць у павільёнах. Работа над фільмам пачалася напрыканцы мінулага года: пасля распрацоўкі сцэнарыя праводзіўся кастынг акцёраў. Адметна, што будучых выканаўцаў падбіралі згодна з гістарычнымі фотаздымкамі, каб іх тыпажы адпавядалі вобразам людзей мінулай эпохі. Прэм’ера стужкі запланавана на май 2023 года. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.