Вы тут

Даўняя гісторыя ў новым спектаклі РТБД «Камень дурасці»


Ёсць старая галандская прыказка: мець камень у галаве. Так казалі пра дурнога, вар’ята. І каб чалавек паразумнеў, трэба было выдаліць гэты камень. Сюжэт стаў даволі папулярны ў мастакоў Сярэднявечча: можна прыгадаць знакамітую карціну Босха з выявай дзіўнай хірургічнай апера¬цыі — літаральна шарлатанства. Таму другая ідыёма «выдаляць камень» значыць «падманваць». Даўнюю гісторыю ўвасобіў на сцэне РТБД рэжысёр Дзмітрый Зімін у спектаклі «Камень дурасці» па п’есе сучаснага драматурга Канстанціна Сцешыка. 


У галоўнага героя, саракагадовага Рамана, ёсць праблема — пасля аперацыі на мозгу ён больш не можа атрымліваць асалоду ад жыцця. А ўсё таму, што хірургі выдалілі камень дурасці, таму цяпер Раман востра адчувае, якое ўсё бессэнсоўнае. Раздражняюць сябры: спартсмен, які не хварэе, таму што ніколі не п’е таблетак, і прапануе лячыцца зёлкамі; адзінотнік, які пазбавіўся ўсіх матэрыяльных рэчаў; маладая сямейная пара прасветленых, якія вераць, што малако — гэта гной, а цукар — самы моцны наркотык. Яны рэкамендуюць галоўнаму герою перайсці на сыраядзенне або яшчэ лепш — на монаядзенне. Амаль усе ў п’есе дакладна ведаюць, што рабіць галоўнаму герою. Старыя бацькі даўно разышліся, жывуць маркотна і адзінока, прытым робяць выгляд, што ўсё нармальна і правільна. У агульным вар’яцтве Раман адчувае сабе самым разумным. Але, тым не менш, чамусьці асабістае жыццё здаецца пустым і шэрым. Яму хочацца збегчы і схавацца, і вырашае ён гэта зрабіць даволі радыкальна — сысці канчаткова. 

Адзінае светлае, што засталося ў героя, — размовы з Марынай, сяброўкай з бальніцы, якая, на жаль, сваю аперацыю не перажыла. Але ў памяці яна застаецца вясёлай, дасціпнай, упэўненай, асабліва на кантрасце з Раманам, якога яна называе «цюцем». Пэўна, так насамрэч ён сябе і адчувае — аслабелым, разгубленым, прыгнечаным. Здзейсніць план не атрымліваецца: скончыць жыццё не паднялася рука, а вытрымаць ізаляцыю ад людзей складана і страшна. Не менш цяжка нешта змяніць, каб запоўніць пустэчу ў сэрцы, адчуць моц і жаданне ісці далей, убачыць незвычайнае і прыгожае, нават калі нічога не адбываецца. 

Святло і цень, чорнае і белае — такім будуецца атачэнне галоўнага героя на сцэне. Мінімалістычная, графічная кампазіцыя распадаецца на дзве рэальнасці. Адна — фізічная, тое, што можна ўбачыць вачыма. Пакой бацькі: дзве табурэткі, на адной стаіць бутэлька і чаркі. Жытло маці: адно жоўтае крэсла. А рэзкія цені складваюцца ў другую ўнутраную прастору холаду і адбіткаў асабістага болю, які кожны хавае за спробамі нешта камусьці давесці. 

«А ты адчуй сябе самым дурным», — лёгка кідае Марына. І менавіта гэта самае невыноснае. Хочацца, каб жыццё было ідэальным, склалася правільна. Але мы працягваем рабіць памылкі, выправіць якія або складана, або няма жадання іх прызнаць, або не дазваляе гордасць, або занадта позна. А прычыны трэба шукаць у першым, другім і трэцім пунктах. Жыць увогуле страшна. Таму што страшна паміраць. 

Тэма смерці — лагічнай і выпадковай — праходзіць праз усю гісторыю. Раман сам апынуўся на мяжы, а зараз бачыць старых бацькоў, якія паасобку сталі нібыта зусім маленькімі. Як пясчынкі ў вялікай прасторы і нават ва ўласных кватэрах. І галоўнаму герою страшна аднойчы стаць такім жа ў вачах дачкі — нязначнай бессэнсоўнай кропкай. А хочацца, каб праз гады, дзесяцігоддзі пра яго і жонку сказалі: «Магутныя мае старыя». Гучыць значна лепш. Як пацвяржэнне, што ўсё не было дарма. Хаця б таму, што пра цябе кажуць з цеплынёй і гонарам, нават калі ты ў разуменні грамадства не зрабіў нічога значнага. Ты не мастак, не пісьменнік, не навуковец, не значны дзеяч, не наватар. Звычайны чалавек, які ўсё ж такі змог пераадолець адчуванне экзістэнцыяльнага суму і перастаць апантана шукаць тлумачэнні. Устаць, зрабіць крок — і зноў навучыцца жыць. 

Кожны герой п’есы варыцца ў адзіноце, нават калі выглядае шчасліва і спакойна. Заўсёды вельмі хочацца стварыць ілюзію, што усё добра. Так мы выглядаем мацнейшымі, няўразлівымі. Але неабходна дазваляць сабе пабыць «цюцем» і прыняць гэта. Сусвет развальваецца, бо не хапае цэласнасці ўнутры, таму што добраахвотна (ці, бывае, не) выдаляем камень дурасці — падманваем усіх навокал і сябе таксама. 

Арына ПРАНІКАВА 

Фота з сайта РТБД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».