Вы тут

Абазначце сябе і забудзьце пра гаджэты


З кожным восеньскім днём вечары становяцца ранейшымі, а віднее пазней, чым звычайна. Самы час задумацца аб флікерах. Засцерагчы сябе святлоадбівальнымі элементамі пешаходам і веласіпедыстам варта ўжо цяпер.


Вялікая прафілактычная работа па папулярызацыі выкарыстання святлоадбівальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці ў цёмны час сутак, увогуле па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам уразлівых удзельнікаў дарожнага руху праводзіцца органамі ўнутраных спраў. Праблема дарожна-транспартнага траўматызму па-ранейшаму застаецца адной з найбольш вострых у арганізацыі бяспекі дарожнага руху.

Аналіз ДТЗ, якія адбыліся ў краіне сёлета за восем месяцаў, сведчыць аб тым, што каля 30 % аўтааварый звязана з наездамі на пешаходаў, у якіх 99 чалавек загінулі і 488 атрымалі раненні. Пры гэтым па віне пешаходаў здзейснена 187 дарожна-транспартных здарэнняў (загінула 56 чалавек, 135 грамадзян паранена). Па віне веласіпедыстаў адбылося 91 ДТЗ (пяцёра загінулі, 88 чалавек паранена).

Як адзначаюць у органах унутраных спраў, асноўнымі прычынамі і ўмовамі, якія ўплываюць на здзяйсненне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, з'яўляюцца знаходжанне пешахода ў стане алкагольнага ап'янення, пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы, непадпарадкаванне сігналам рэгулявання дарожнага руху, а таксама нечаканы выхад на праезную частку з-за перашкод, якія абмяжоўваюць агляданне.

— Людзі заўсёды кудысьці спяшаюцца, дзеці забываюцца аб усім падчас гульні, а дарога неабачлівасці не даруе, — заўважае начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Вадзім ПЕТЫШ. — Безумоўна, на пераходзе пешаход мае перавагу перад аўтамабілем. Аднак важна не забываць, што транспартны сродак — гэта ўсяго толькі механізм, які не ў стане спыніцца імгненна і, у рэшце рэшт, можа зламацца. Калі для ўладальніка аўтамабіля шкода ад аўтааварыі будзе вымярацца коштам рамонтных работ, то для пешахода такая «сустрэча» можа скончыцца цяжкім калецтвам або гібеллю. Вельмі часта маладыя людзі пры руху па вуліцах, пераходзе праезнай часткі дарогі «губляюцца» ў сваіх гаджэтах і не ацэньваюць навакольнае становішча, што можа пацягнуць за сабой цяжкія наступствы. У сувязі з гэтым, незалежна ад таго, ходзяць дзеці па вуліцы пешшу, ездзяць на веласіпедзе або карыстаюцца грамадскім транспартам, бацькам варта навучаць іх правілам бяспекі на дарогах.

Сваю ролю ў выхаваўчы працэс уносяць і міліцыянеры, якія праводзяць шматлікія акцыі, рэйды, перш за ўсё накіраваныя на папярэджанне магчымых трагедый з удзелам пешаходаў. На асаблівым кантролі — непаўналетнія ўдзельнікі дарожнага руху. Дарэчы, у бягучым годзе з удзелам непаўналетніх зарэгістраваны 254 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх загінулі 10 дзяцей, 263 юныя грамадзяне атрымалі раненні. Пры гэтым удзельнікамі ста ДТЗ станавіліся дзеці-пешаходы, пяцідзесяці — дзеці-веласіпедысты.

Праблема дарожна-транспартнага траўматызму з удзелам уразлівых удзельнікаў дарожнага руху становіцца яшчэ больш актуальнай з надыходам асенне-зімовага перыяду, з улікам скарачэння светлавога дня. Усе сітуацыі, калі пешаход абавязаны насіць святлоадбівальныя элементы, а таксама калі яму гэта рэкамендуецца, прапісаны ў чацвёртым раздзеле ПДР «Правы і абавязкі пешаходаў». У прыватнасці, адзін з пунктаў правілаў абвяшчае, што пры руху па краі праезнай часткі дарогі ў цёмны час сутак пешаход павінен абазначыць сябе святлоадбівальным элементам (элементамі). Пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па-за падземным, надземным, наземным пешаходнымі пераходамі і скрыжаваннем у цёмны час сутак пешаходу рэкамендуецца абазначыць сябе святлоадбівальным элементам (элементамі).

Калі ігнараваць такое патрабаванне, можна атрымаць штраф у памеры ад 1 да 3 базавых велічынь, а знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення — ад 3 да 5. Аднак выкарыстанне святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак як у сельскай мясцовасці, так і ў горадзе, павінна быць выклікана не страхам атрымання штрафу, а, у першую чаргу, павышэннем уласнай бяспекі пры ўдзеле ў дарожным руху, захаваннем жыцця і здароўя.

Каб пазбегнуць няшчаснага выпадку на дарозе, неабходна:

— пры руху на вуліцы быць максімальна сканцэнтраванымі;

— хадзіць па тратуары з правага боку;

— катацца на роліках, скейтбордах, веласіпедах, самакатах толькі ў месцах, прызначаных для гэтага;

— пры пераходзе праезнай часткі спыніцца і паглядзець, ці няма блізка аўтамабіля;

— перасякаць дарогу толькі на зялёнае святло і толькі па пешаходным (пры яго адсутнасці — надземным, падземным) пераходзе;

— чакаць грамадскі транспарт выключна на пасадачных пляцоўках або абочынах;

— не перабягаць дарогу перад транспартам, які набліжаецца;

— пазбягаць гульняў на праезнай частцы і каля яе.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».