Вы тут

На перадавой барацьбы са злачыннасцю


Аднак найперш прадстаўнікам органаў унутраных спраў давялося прайсці шэраг выпрабаванняў. За два конкурсныя дні міліцыянеры не толькі праверылі свае веды, а і ўдасканалілі іх. Таксама праваахоўнікі пазнаёміліся адно з адным, наладзілі службовыя зносіны — нярэдка дапамога калег з іншага рэгіёна можа спатрэбіцца падчас расследавання крымінальнай справы.


Пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу на званне найлепшага супрацоўніка крымінальнага вышуку.

Змагаючыся за лідарства, канкурсанты прадэманстравалі свае веды тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі, аператыўна-пошукавай дзейнасці і крыміналістыкі. Ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных, супрацоўнікі крымінальнага вышуку паказалі, як неабходна працаваць на месцы здарэння. Пазмагаліся міліцыянеры і ў аратарскім майстэрстве: яны пастаянна працуюць з людзьмі, таму ўменне правільна даносіць інфармацыю — адна з найважнейшых якасцяў вартавых правапарадку. А ў меткасці ім увогуле не павінна быць роўных: сышчыкі ўпэўнена даказалі гэта падчас спаборніцтва па агнявой падрыхтоўцы. Іх выдатную спартыўную форму журы ацаніла ў выпрабаванні па фізічнай падрыхтоўцы.

Па выніках агляду-конкурсу на званне найлепшага супрацоўніка крымінальнага вышуку пераможцам стаў старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РАУС Гомеля маёр міліцыі Аляксандр ЮРЧАНКА. Дарэчы, гэта трэцяя перамога сышчыка ў прафесійным выпрабаванні. У міліцыі малады чалавек — 15 гадоў (гэта з улікам навучання ў Акадэміі МУС). Усю сваю прафесійную дзейнасць ён служыць у крымінальным вышуку. Раней жа такі адказны ўчастак работы ўчарашнім выпускнікам давяралі нячаста: спачатку трэба было набрацца вопыту ў іншых падраздзяленнях органаў унутраных спраў. Цяпер важныя справы даручаюць і маладым афіцэрам, якія з першых дзён паказваюць прафесіяналізм.

— Супрацоўнікі крымінальнага вышуку стаяць на перадавой барацьбы са злачыннасцю, — адзначае Аляксандр Юрчанка. — Сапраўды, у міліцыі гэта самая складаная работа.

Апошнім часам афіцэр займаецца выяўленнем злачынстваў у сферы аўтабізнесу.Расказаць пра паспяховыя раскрыцці крымінальных спраў адмовіўся. І не таму, што гэта службовая таямніца. Аляксандр пабаяўся пакрыўдзіць калег, бо кожная раскрытая справа, па яго словах, — калектыўная работа, таму расказваць толькі пра сябе, сама меншей, нясціпла.

Оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў Зэльвенскага райвыканкама капітан міліцыі Дзмітрый ЛАТУШКА таксама ўдзельнічае ў конкурсе не ўпершыню. Летась на рэспубліканскім этапе праваахоўнік заняў трэцяе месца, сёлета ж малады чалавек стаў другім. Міліцыянер жартуе, што калі Аляксандр Юрчанка, які стаў пераможцам, не прыедзе на конкурс налета, то «золата» можа дастацца яму.

У крымінальны вышук Дзмітрый трапіў адразу па размеркаванні. Шосты год займаецца раскрыццём злачынстваў на Зэльвеншчыне. Быць сышчыкам малады чалавек марыў яшчэ са школы. Для яго, вясковага хлопца, які любіў глядзець савецкія фільмы пра міліцыянераў, гэта здавалася нават нечым нерэальным. Аднак ён упэўнена ішоў да сваёй мэты — у выніку сёння займаецца любімай справай.

— Гэта вельмі адказна, бо даводзіцца працаваць па ўсіх кірунках, — удакладняе дэталі Дзмітрый Латушка. — У маленькім аддзеле, як у нас, даводзіцца займацца ўсім: пачынаючы ад расследавання забойства, заканчваючы крадзяжом індыкоў. Аднак такая разнастайнасць у службовай дзейнасці толькі дазваляе прафесійна ўдасканальвацца і набірацца вопыту.

Нярэдка даводзіцца чуць, што працаваць у крымінальным вышуку — не жаночая справа. З гэтым нязгодная бронзавы прызёр конкурсу маёр міліцыі Ірына МАЛЯНОК, якая служыць старшым оперупаўнаважаным аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РАУС Гомеля. Ірына, дарэчы, адзіная жанчына, якая ўдзельнічала ў конкурсе прафесійнага майстэрства, пры гэтым яна апярэдзіла многіх калег-мужчын.

У крымінальны вышук Ірына Малянок прыйшла адразу па заканчэнні Акадэміі МУС і ў сваім аддзеле стала адзінай жанчынай на гэтым адказным участку работы. Сапраўды, да нядаўняга часу гэта была ў асноўным мужчынская вотчына: ненармаваны рабочы дзень, спецыфічны кантынгент, з якім рэгулярна маюць узаемаадносіны спецыялісты крымінальнага вышуку, накладаюць свой адбітак. Сучасныя супрацоўніцы органаў унутраных спраў даказваюць, што выдатна могуць сумяшчаць хатнія абавязкі са службай.

Ірына займаецца пошукам грамадзян, якія зніклі без вестак. Гэта, па яе словах, няпроста, нават з улікам высокіх тэхналогій. Аднак дзякуючы свайму прафесіяналізму сучасныя сышчыкі здольныя на многае, што пацвярджаюць вынікі агляду-конкурсу.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?