Вы тут

Тараненка: Не прайшло і года, як я ледзь не памёр, а стаў пераможцам


«Прабачце, а ваша прозвішча выпадкова не Тараненка? Я некалі за вас хварэў. Рады бачыць вас у добрым здароўі». Хвілінная сустрэча ў адным са сталічных паркаў, якая перапыніла інтэрв'ю з легендарным спартсменам, паказала, што цяжкую атлетыку ў Беларусі глядзелі і шанавалі. А зрэшты, як можна яе не заўважыць? Асабліва ў 1980-я гады, калі на памосце выступаў Леанід Тараненка. За сваю кар'еру ён зрабіў столькі неверагодных рэчаў, што іншым хапіла б на некалькі жыццяў. У 1980-м выйграў Алімпійскія гульні з сусветным рэкордам, які трымаўся ажно з 1975 года. У рыўку ўзяў 190 кілаграмаў (сусветны рэкорд), у штуршку — 230. Сума 420 кілаграмаў таксама была рэкорднай. І гэта быў толькі пачатак... Леанід Тараненка — адзіны беларускі штангіст, які выступаў на трох Алімпійскіх гульнях. Ён першы сярод беларусаў чэмпіён свету ў першай цяжкай вазе, катэгорыі, якая заўсёды ў штангістаў была прэстыжнай. У гісторыі Беларусі ён адзіны цяжкаатлет, які выйграў чэмпіянаты свету ў першай і другой цяжкіх вагах. Першы і адзіны. Дык чаму ж дзівіцца, што і праз столькі гадоў на вуліцы да яго падыходзяць, каб проста паціснуць руку?..


— Леанід Аркадзевіч, вы родам з Маларыты. Раскажыце, калі ласка, як у савецкі час спорт развіваўся ў невялікіх гарадах.

— Гэта быў час энтузіястаў і іх шчырай адданасці спорту. Калі чалавек таго часу пасябраваў са спортам — гэта было на ўсё жыццё. Такім чалавекам быў мой першы трэнер Пётр Сацюк. У арміі ён атрымаў першы спартыўны разрад па цяжкай атлетыцы. І пасля дэмабілізацыі ў Маларыце арганізаваў секцыю на базе дзіцячай спартыўнай школы. Асноўнымі відамі спорту ў гэтай школе былі лёгкая атлетыка і гандбол. Асобна працавала секцыя барацьбы. Увогуле, гэта ўсе спартыўныя задавальненні, якія былі даступныя дзецям Маларыты таго часу. Таму вялікага выбару, якім відам спорту займацца, у нас не было. Моладзь хадзіла ў асноўным на лёгкую атлетыку. Прыцягвалі экіпіроўкай і кітайскімі кедамі, якія выдавалі бясплатна. Я прайшоў праз лёгкую атлетыку і барацьбу. Дзіцем я быў укормленым і невысокім: у восьмым класе мой рост быў 155 сантыметраў і вага каля 60 кілаграмаў, вагароставыя прапорцыі не выконваліся. Да таго моманту, як Пётр Паўлавіч Сацюк, а ў тыя часы проста сябар Пеця, арганізаваў секцыю цяжкай атлетыкі, мы з сябрам займаліся атлетычнай гімнастыкай, вядомай як культурызм. Рабілі гэта таемна, па кнізе «Атлетызм: здароўе, прыгажосць, сіла». Чаму таемна? Таму што ў савецкі час культурызм, мякка скажам, не заахвочваўся: буржуазны від спорту, неалімпійскі да таго ж. Аднойчы мае старанні заўважыў Пётр Сацюк. Ён сказаў, што не патрэбны мне ніякі культурызм, што мне трэба займацца цяжкай атлетыкай, бо ёсць здольнасці. Я да яго прыслухаўся. У секцыю цяжкай атлетыкі я прыйшоў ужо падрыхтаваным, мог прысесці з вагой 100 кілаграмаў на плячах.

— Першыя спаборніцтвы памятаеце?

— Аднаго дня Пётр Паўлавіч зайшоў ва ўпраўленне спорту таварыства «Ураджай». І там даведаўся, што на чэмпіянат патрэбная замена хвораму цяжкавагавіку. Сацюк не доўга думаючы прапанаваў маю кандыдатуру, паабяцаўшы, што я гарантавана выступлю на ўзроўні першага спартыўнага разраду, а то і па кандыдаце ў майстры спорту. І паведаміў, мне, што я еду ў Барысаў на чэмпіянат таварыства «Ураджай». На тых спаборніцтвах я заняў месца, далёкае ад прызёраў, але я выканаў нарматыў на першы дарослы разрад у штуршку і нарматыў кандыдата ў майстры спорту ў рыўку. У выніку мне прысвоілі першы спартыўны разрад. І Пеця не падвёў калектыў «Ураджаю», і мяне заўважылі. Той чэмпіянат стаў для мяне, можна сказаць, лёсавызначальным турнірам. Там я ўпершыню ўбачыў сапраўдную штангу. У Маларыце мы трэніраваліся з чыгуннай штангай. Пеця сказаў, што на чэмпіянаце я з-за аднаго выгляду штангі дадам пяць кілаграмаў. І сапраўды, прыгожая ленінградская штанга нават паднімалася лягчэй. Пасля таго чэмпіянату мяне сталі запрашаць да сябе многія трэнеры. У тым ліку і мой будучы настаўнік Іван Пятровіч Лагвіновіч.

— Мабыць, ужо тады зразумелі, што хочаце звязаць жыццё са спортам?

— Мяне вабіла неба. З дзяцінства марыў стаць лётчыкам. Пасля школы збіраўся паступаць у Вышэйшае лётнае вучылішча ў Чарнігаве. Я без праблем прайшоў раённую і абласную медыцынскія камісіі. А ў самім вучылішчы не прайшоў. Там рыхтавалі перахватчыкаў на вайсковых самалётах, таму здароўе павінна было быць ідэальным. А я ў дзяцінстве шмат гуляў у хакей, пра шчыткі ў нас нават згадкі не было, таму ад частых падзенняў у мяне пад каленямі ўтварыліся касцяныя нарасты. У вучылішчы мне растлумачылі, што пры палётах на вялікай вышыні пры моцным ціску пачнуцца болі. У лётчыкі мяне не ўзялі. Дзіцячая мара пайшла марна... У Маларыту з Чарнігава я вярнуўся ў жудасным настроі. Але, мабыць, лёсам было наканавана, каб я стаў штангістам. Я прыняў запрашэнне Івана Пятровіча Лагвіновіча і паехаў да яго ў Мінск. Так у лютым 1974 года пачалося маё спартыўнае жыццё. З Іванам Пятровічам у мяне хутка пайшоў прагрэс і ўжо да восені я выканаў нарматыў на званне майстар спорту. Адказна заяўляю, што кілаграмы, якія трэба было падняць, каб выканаць майстра спорту, сёння меншыя, чым у мой час. Хоць колькі часу прайшло. Па ідэі, усё павінна ісці па нарастаючай... Няхай гэта будзе на сумленні цяперашніх функцыянераў і трэнераў, якія працуюць дзеля птушачкі.

— Іван Пятровіч Лагвіновіч у гісторыі айчыннай цяжкай атлетыкі — фігура вельмі значная. Які гэта быў чалавек?

— Унікальны. Кандыдат тэхнічных навук, які пісаў вершы і на свае сродкі адкрыў залу для заняткаў цяжкай атлетыкай. Наша паразуменне было на нейкім касмічным узроўні. Іван Пятровіч спаў і сніў мае рэкорды. На адным з чэмпіянатаў СССР ён мне кажа: «Ты сёння ўстановіш два сусветныя рэкорды. Мне прыснілася, што я сарваў два вялізныя выспелыя яблыкі — гэта твае рэкорды». А мяне тое злавала: ну хто перад спаборніцтвамі гаворыць пра рэкорды? Але супадзенне ці не — тады я сапраўды ўстанавіў два сусветныя рэкорды. Гэта быў вялікі чалавек. Я яго шчыра называў сваім настаўнікам, усе дзівіліся, што я яго так паважаю. А ўсім адказваў, што гэта мой настаўнік, які выхаваў мяне не толькі як спартсмена, але і як чалавека. Я гляджу на цяперашнюю моладзь, на цяперашнюю цяжкую атлетыку і мне робіцца сумна. Узяць, напрыклад, таго ж Андрэя Арамнава — таленавіты спартсмен. Але ў яго не было трэнера, якога б ён паважаў і слухаў. Ён мог бы і пяць Алімпіяд выйграць, калі б побач з ім быў старэйшы надзейны таварыш. Няма было каму накіраваць Арамнава, шкада, што прапаў такі талент.

— Гэта праўда, што Іван Пятровіч настойваў на тым, каб вы атрымалі вышэйшую адукацыю?

— Сапраўды так, для яго гэта было вельмі важна. У верасні 1974 года я пачаў вучобу на першым курсе электрамеханічнага факультэта Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Праз пяць гадоў атрымаў спецыяльнасць «інжынер-электрамеханік». Першыя два курсы я сядзеў на першай парце і пісаў канспекты, усё ж інжынерная спецыяльнасць — гэта складана. З-за збораў я шмат прапускаў, і даводзілася ўсё адпрацоўваць. Але ні разу не браў акадэмічны водпуск. Скажу шчыра, інстытут часам і цяпер сніцца. А першыя дзесяць гадоў пасля яго — дык наогул кожную ноч. Меркавалася, што пасля інстытута я буду працаваць на птушкафабрыцы. Але птушкалова з мяне не выйшла. Дыплом я абараняў у 1979 годзе падчас падрыхтоўкі да Спартакіяды народаў СССР. І ў мяне было двайное свята, калі я спачатку абараніў дыплом, а потым выйграў Спартакіяду.

— Леанід Аркадзевіч, якія ўмовы былі ў савецкіх спартсменаў?

— У наш час добра былі забяспечаны цяжкаатлеты ў Расіі, у паўднёвых рэспубліках, на Каўказе. А мы з Іванам Пятровічам былі самымі беднымі. Жылі на стыпендыю саюзнага значэння, атрымлівалі талоны на харчаванне. Грошай на рукі не давалі, адпаведна, з дабаўкамі, вітамінамі было цяжка. Нашым асноўным «допінгам» была чорная ікра па «казачнай» цане — 40 рублёў за кілаграм. Даводзілася есці ікру. Гэта быў кашмар нейкі. За дзень я з'ядаў сто грамаў чорнай ікры, сто грамаў сала, за месяц з'ядаў трохлітровы слоік мёду. Энергію трэба аднекуль браць. Аснова для кожнага спартсмена і асабліва для штангіста — гэта харчаванне. Яно павінна быць каларыйным, бялковазмяшчальным, з усімі неабходнымі мікраэлементамі. Калі я ўжо пачаў паказваць вынікі на міжнародных стартах, выйграў Алімпіяду, мяне прымацавалі да магазіна ЦК. А ў закрытых крамах былі свае цэы.

— Акрамя вашай неверагоднай перамогі ў Маскве, чым яшчэ запомніліся Алімпійскія гульні-1980?

— Нягледзячы на тое, што выйграў, Алімпійскія гульні ў Маскве для мяне — падзея сумная. Бо падчас Алімпіяды памёр мой кумір, Уладзімір Высоцкі. Падчас Алімпіяды мы жылі на сваёй трэніровачнай базе ў Падольску. Гэта быў закрыты аб'ект, нават сваякоў не пускалі, каб пазбегнуць правакацый. А калектыў тэатра на Таганцы пусцілі. На жаль, тады Уладзімір Сямёнавіч не прыехаў, але яго сябар паабяцаў, што раскажа яму, якія мы класныя хлопцы, і Высоцкі да нас прыедзе ў наступны раз. Наступнага разу не атрымалася. Праз тыдзень Высоцкі памёр. У Маскве я не адчуў святочнай атмасферы Алімпіяды, пра якую ўсе любяць успамінаць. Мусіць, таму што я думаў толькі аб спаборніцтвах. Праехалі па пустой Маскве ў суправаджэнні міліцыі, выступілі — вось і ўся Алімпіяда. Пасля перамогі нам дазволілі пераехаць у алімпійскую вёску. Я туды прыехаў, нікому да мяне не было справы, усе былі занятыя сабою. І зразумеў, што я дзіка стаміўся і хачу дадому. У Мінск мы з трэнерам ехалі абсалютна ў пустым вагоне. Каб стварыць бачнасць, што ўсё добра, у Маскву і з яе ганялі пустыя цягнікі. За перамогу на Алімпіядзе родны «Ураджай» падарыў сур'ёзны падарунак — прыёмнік «Акіян» за 130 рублёў. Дзяржава выдала прэмію — 4900 рублёў чыстымі, а Жыгулі каштавалі 5500.

— У 1983-м вы перанеслі цяжкую хваробу — стафілакокавую інфекцыю. Але ўсё роўна вярнуліся ў спорт. Што вас падштурхоўвала?

— Сапраўды, пры навакаінавай блакадзе пазваночнага дыска мне занеслі стафілакокавую інфекцыю. Са спіны яна распаўсюдзілася ў нагу. Каб выратаваць мне жыццё, зрабілі аперацыю. Як я часам жартую: мяне разразалі ад пяткі да лапаткі. Зрэшты, гэта не жарты, мне разразалі 30 сантыметраў на спіне і ўсю заднюю паверхню сцягна. Курс рэабілітацыі быў вельмі доўгім, 35-сантыметровае шво таўшчынёй з палец не расцягвалася, было жудасна балюча і цяжка выконваць элементарныя рухі, не кажучы ўжо пра трэніроўкі. Урачы нават думкі не дапускалі, што я магу вярнуцца ў цяжкую атлетыку. Але ў спорт я вярнуўся. Заўсёды быў упартым хлопцам. Дапамагаў і неверагодны фанатызм да цяжкай атлетыкі, які жыў ува мне і маім трэнеры. Мною рухала жаданне даказаць, што я чагосьці варты ў гэтым жыцці, жаданне паказаць, што мяне не зламаць. Калі б такая ўпартасць ды ў народную гаспадарку, такіх высокіх вынікаў можна было б дасягнуць! Пасля вымушанай бяздзейнасці да штангі пацягнула з новай сілай. У мяне яшчэ шво не зажыло, а я ўжо паднімаў жалеза. Усе спецыялісты былі ў шоку. І толькі Іван Пятровіч у мяне верыў. Сваім вяртаннем у спорт сам сабе даказаў, што я жывучы да немагчымасці. І пераканаўся, што магчымасці чалавечага арганізма бязмежныя. Не прайшло і года, як я ледзь не памёр, а я ўжо быў пераможцам на турніры «Дружба-84».

— Зразумела, што «Дружба-84» не замяніла вам Алімпійскія гульні, якія прапусцілі ўсе савецкія спартсмены. Але чаму вас не было ў алімпійскай камандзе ў Сеуле?

— Не па сваёй волі я не выступіў і на Алімпійскіх гульнях 1988 года. Перада мной паставілі шлагбаум і пазбавілі мяне залатога медаля, які цалкам мог бы быць маім. Мусіць, камусьці ў структуры Дзяржкамспорта Тараненку прыйшоўся не даспадобы. Бруду на нас з трэнерам вылілі вельмі шмат. Нават былі абвінавачанні ў тым, што на нейкім унутраным турніры я нібыта падмяніў допінг-пробы. Хоць усе цудоўна ведалі, што такога быць не магло, бо пробы ў мяне заўсёды былі чыстыя. Мы з Іванам Пятровічам аказаліся занадта лагоднымі і выканалі ўказанне кіраўніцтва адмовіцца ад заяўкі ў Сеул.

— А праз месяц пасля заканчэння Алімпіяды ў Сеўле вы ўстанавілі два сусветныя рэкорды...

— Ізноў жа дзякуючы Івану Пятровічу. Пісьменнік Герберт Уэлс сказаў, што чалавек, народжаны на Зямлі, не здольны падняць 600 англійскіх фунтаў, што роўна 272-м кілаграмам. Іван Пятровіч вырашыў гэтыя словы абвергнуць. Я, вядома, яго ідэю падтрымаў. Я быў у добрай форме, ды і зарабіць хацелася. Нават у светлыя сацыялістычныя часы людзям былі патрэбныя грошы. Але каб устанавіць гэты рэкорд, трэба было знайсці спонсара. Я выйшаў на прэзідэнта Еўрапейскай федэрацыі цяжкай атлетыкі Холанда. У іх таксама грошай было не надта багата. Таму ён змог прапанаваць мне толькі пяць тысяч фунтаў. А мне толькі палову з той сумы трэба было патраціць на падрыхтоўку. Мяне гэта не задаволіла. Ён спытаў, чаго я хачу. Я сказаў, што хоць бы машыну «Ягуар». Ён акуляры здымае і пытаецца: «Ты што, хіба Гарбачоў, на такой машыне ездзіць?». І так мая спроба «ссякчы» крыху грошай ад Еўрапейскай федэрацыі не скончылася поспехам. Дапамаглі аўстралійцы, якія запрасілі нас на Кубак суперцяжкавагавікоў у Канберу. Тады ў Аўстраліі я падняў 266 кілаграмаў. Мне прапанавалі замахнуцца і на 270. Але мы з трэнерам не пагадзіліся, не было сэнсу сябе ламаць. Узятыя ў штуршку 266 кг і 475 кг — да гэтага часу непераўзыдзеныя рэкорды, унесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

— У 1990-х гадах значна змянілася сітуацыя ў краіне. Рыхтуючыся да Алімпійскіх гульняў у Барселоне, вы гэта на сабе адчулі?

— Калі развальваўся Савецкі Саюз, у зборнай таксама пачаліся разброд і хістанне. Ужо не было той дысцыпліны, як раней. Збіраючыся ў Барселону, усе
ведалі, што такім складам мы выступаем апошні раз. За год да Алімпіяды я траўміраваў локаць. Але трэба было ездзіць на камерцыйныя турніры і зарабляць на жыццё, цалкам загаіць яго я не мог. Два месяцы палячыўся, на турніры зноў ірвануў той жа локаць — і паехаў на Алімпіяду хворым чалавекам. Сапернікі ў Барселоне былі слабыя. Усе, акрамя Сашы Курловіча. У яго я выйграць не мог. Са сваім хворым локцем я не мог штурхнуць больш за 240 кілаграмаў. Яшчэ і калена вылецела, як на ліха. У такіх умовах і сярэбраны медаль — нядрэнны вынік.

— На вашу думку, у чым асноўная праблема беларускай цяжкай атлетыкі сёння?

— Няма «матэрыялу». Як з жалеза нельга зрабіць крыло самалёта, так і не з кожнага, хто паднімае штангу, можна выгадаваць добрага цяжкаатлета. Патрэбныя ўнікальныя даныя: гнуткасць, хуткасць, рэакцыя, мышачныя асаблівасці. Трэба валодаць працаздольнасцю. І талент, вядома. Але без працы нават наймацнейшы талент не дасць выніку. Я трэніраваўся па тры разы на дзень. На зборах хлопцы прыходзілі на ранішнюю трэніроўку і яшчэ на лаўках дасыпалі. А я тым часам ужо жалеза цягаў. Каму-небудзь з сучасных штангістаў такое скажы, дык пальцам каля скроні пакруцяць...

— Леанід Аркадзевіч, ваша спартыўная кар'ера атрымалася вельмі драматычнай. Зразумела, што спорт моцна паўплываў на ваша здароўе. Сёння вы аб нечым шкадуеце?

— У маладосці здавалася, што здароўе і магчымасці арганізма бязмежныя. Цяпер разумею, што трэба было больш асцярожна да сябе ставіцца. Не ўяўляю, як мой арганізм змог вытрымаць усе здзекі, якія я яму ладзіў. Усе свае медалі і рэкорды я зарабіў потам і крывёй — у прамым сэнсе. Але я ні пра што не шкадую. Усё было невыпадкова. Я люблю творы Тэадора Драйзера, для мяне гэта гігант думкі. Ён неяк сказаў, што выпадковасць — гэта непазнаная неабходнасць. Гэта насамрэч так. Значыць, мне трэба было прайсці гэты цярністы шлях.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».