Вы тут

Хопіць і на ўласныя дранікі, і на экспарт. Ураджай бульбы павысіцца на 6%, гародніны — на 3%


У гэтым годзе, дзякуючы гарачаму жніўню, уборку бульбы і гародніны з адкрытага грунту пачалі прыкладна на два тыдні пазней, чым звычайна. Ужо цяпер спецыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання разлічваюць атрымаць бульбы на 6 % больш, чым летась. А ўраджай гародніны павялічыцца не менш чым на 3 %. Пра гэта заявіла намеснік начальніка ўпраўлення па вытворчасці бульбы і плодаагародніннай прадукцыі Мінсельгасхарча Таццяна Гумянюк.


Фота pixabay.com

Паспеў добры ўраджай

На палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў плануюць сабраць 934 тысячы тон бульбы і 560 тысяч тон гародніны. На сёння момант беларускімі аграрыямі ўбрана толькі 17 % плошчаў, на якіх растуць плады і гародніна. Сёння бульбы нарыхтавалі 149 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 337 цэнтнераў з гектара, што на 57 цэнтнераў больш, чым летась.

Таццяна Гумянюк адзначыла, што эксперты ўпэўненыя: пладоў і ягад будзе ўбрана сёлета на ўзроўні мінулага года — каля 184 тысяч тон, а яблыкаў — больш за 170 тысяч тон.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па вытворчасці бульбы і плодаагародніннай прадукцыі Мінсельгасхарча, гародніну толькі пачынаюць збіраць. У цэлым сітуацыя на палях здавальняльная: сыравіны хапае і яна якасна і своечасова ўбіраецца.

«Так, па стане на 13 верасня ў сельскагаспадарчых арганізацыях ідзе збор яблыкаў. На дадзены момант у нас сабрана 7,8 тысячы тон пладоў і ягад. Вырашчана ў абароненым і адкрытым грунце больш за 110 тысяч тон агуркоў, таматаў, баклажанаў, капусты, цыбулі і перцу. Такім чынам, аб'ёму вырашчанай прадукцыі будзе дастаткова для фарміравання стабілізацыйных фондаў, а таксама для забеспячэння патрэб у перапрацоўцы і інш.», — распавяла спецыяліст.

Паводле яе слоў, дадзеныя аб'ёмы прадукцыі, якія атрымалі ў сельскагаспадарчых арганізацыях, сялянскіх і фермерскіх гаспадарках, дазваляюць у поўнай меры задаволіць патрэбы ўнутранага рынку, а таксама мець экспартныя рэсурсы. У прыватнасці, па бульбе і гародніне экспартны патэнцыял складае каля 300 тысяч тон, а па пладах і ягадах — 60 тысяч тон.

Міжсезоннае захоўванне і не толькі...

Белкаапсаюз адкрывае сезон нарыхтовак ужо ў апошнюю дэкаду мая — менавіта ў гэты час у руплівых аграрыяў паспявае першая бульба. Потым людзі актыўна прадаюць саюзу клубніцы і іншыя ягады, агуркі, памідоры, яблыкі. І заканчваюць сезон спецыялісты Белкаапсаюза купляй у насельніцтва позніх грыбоў і журавін.

Сёлета на міжсезоннае захоўванне арганізацыі спажывецкай кааперацыі плануюць нарыхтаваць больш за 10 тысяч тон плодаагародніннай прадукцыі, з іх 4—5 тысяч тон бульбы, 5—6 тысяч тон гародніны і больш за тысячу тон свежых яблыкаў. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Скіндэр.

Па стане на 9 верасня саюз закупіў ужо 5 тысяч тон бульбы, больш за 17 тысяч тон гародніны, 14,5 тысячы тон пладоў і ягад. Урадзілі сёлета клубніцы: закуплена 660 тон, з якіх палову рэалізавалі ў свежым выглядзе насельніцтву.

Актыўна зараз збіраюць яблыкі. Нарыхтавалі ўжо больш за 18 тысяч тон. Асноўныя пакупнікі ў арганізацыі — перапрацоўчыя прадпрыемствы. Па словах начальніка ўпраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза, папулярнасцю ў спажыўцоў карыстаюцца мочаныя яблыкі.

З ягад тут закупляецца чырвоная і чорная парэчкі, а таксама чарнаплодная рабіна, вырошчванне якой паступова адраджаецца ў нашай краіне. Таксама актыўна набываюць дурніцы і маліну. Аксана Скіндэр заўважыла, што наперадзе яшчэ збор пазнейшых грыбоў і яблыкаў. Дарэчы, з 10 верасня дазволілі сёлета збіраць журавіны. А на «паляванне» па яе ходзяць у некаторых месцах нават у снежні. Штогод гэтай ягады закупляецца каля 1 тысячы тон. Журавіны запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, у краінах Еўропы.

Паводле слоў спецыяліста, у параўнанні з мінулым годам закупачныя цэны на таварныя пазіцыі выраслі. Так, цяпер бульба закупляецца ад 50 да 70 капеек за кілаграм, а летні таварны яблык каштуе ад рубля да рубля і 30 капеек.

«Паколькі сезон збору ўраджаю ў гэтым годзе ссунуўся, то ў канцы жніўня — верасні людзі яшчэ здымалі з дрэў яблыкі летніх гатункаў. Такія яблыкі мы рэалізоўваем у рознічнай гандлёвай сетцы. Казаць аб цэнах на пазнейшыя гатункі яблыкаў пакуль рана, але ўсё ж іх кошт будзе вышэйшы, чым у мінулым годзе», — дадала спецыяліст.

На працягу апошніх 8 гадоў Белкаапсаюз вядзе актыўную работу з фермерскімі гаспадаркамі па доўгатэрміновых дагаворах. Са слоў Аксаны Скіндэр, беларускія фермеры навучыліся вырабляць перцы і таматы розных колераў і гатункаў. Яны вырошчваюць розныя гатункі капусты, якая ў свежым выглядзе прысутнічае у рознічнай гандлёвай сеткі і на рынках.

«Гэтая прадукцыя ў шырокім асартыменце будзе прадстаўлена і на сельскагаспадарчых кірмашах, якія пройдуць у раёнах, абласных цэнтрах і, вядома ж, у Мінску. У гэтыя выходныя, 17—18 верасня, — першая кірмашовы гандаль у Мінску. Традыцыйна наша пляцоўка будзе прадстаўлена на «Чыжоўка-Арэне». Плануецца гандаль свежай плодаагародніннай, перапрацаванай і дзікарослай прадукцыяй. Таксама — прадукты з мяса: пачынаючы ад паўфабрыкатаў, заканчваючы гатовымі мяснымі вырабамі па нашых асаблівых тэхналогіях», — падсумавала спецыяліст.

Усяго гэтай арганізацыяй за здадзеную прадукцыю за 8 месяцаў было выплачана каля 355 мільёнаў рублёў, з іх насельніцтву — 235 мільёнаў рублёў.

Да 100 тысяч тон — перапрацоўка

Менавіта такая колькасць плодаагародніннай прадукцыі штогод перапрацоўваецца ў Беларусі. З гэтага аб'ёму 80 % — айчынная сыравіна. Намеснік начальніка аддзела цукровай, кансервавай і дражджавой галін упраўлення па вытворчасці прадуктаў харчавання канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алена Андрэева заявіла, што сёлета спецыялісты канцэрна пачынаюць актыўна працаваць з мясцовай абляпіхай, агрэстам, баклажанам і чарнаплоднай рабінай. Работнікі галіны імкнуцца фарміраваць свае стабільныя сыравінныя зоны ў вёсках, каб пастаянна супрацоўнічаць з сялянскімі і фермерскімі гаспадаркамі. Вядома, тут патрэбна і падтрымка мясцовых органаў улады.

Перапрацоўваюць беларускія прадпрыемствы і імпартаваную прадукцыю, якая ў нас не расце, але мае высокі попыт у спажыўцоў (манга, банан, чарнасліў). Яе працэнт, вядома, значна ніжэйшы, чым колькасць нашай сыравіны. Закранула Алена Андрэева і праблемы ў галіны. Яны датычацца ў асноўным таго, што некаторыя плады і гародніна нявыгадна пастаўляць у крамы ў перапрацаваным выглядзе, паколькі выдаткі на іх кансервацыю і ўпакоўку значна вышэйшы за іх сабекошт. Такія кансервы будуць занадта дарагія, іх ніхто не купіць.

Пітныя ўзвары з Ляхавічаў

Намеснік начальніка аддзела тэхналогій кансервавання харчовых прадуктаў РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні» Дзіяна Сафронава распавяла, што іх цэнтр забяспечвае навуковае суправаджэнне вытворчасці кансерваванай прадукцыі на аснове садавіны, гародніны і грыбоў. Яна адзначыла, што эксперты цэнтра распрацавалі 52 дзяржаўныя стандарты і 45 тэхнічных умоў на кансерваваную прадукцыю.

Пад кіраўніцтвам Акадэміі навук былі створаны новыя кансервы на агародніннай аснове для дзіцячага харчавання для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту (таматавы соус «Казка», агароднінныя соусы «Антошка» і «Рыжык», кансерваваныя агуркі, таматы і таматы Чэры).

У параўнанні з прадукцыяй агульнага прызначэння, у новых кансервах прадугледжана выкарыстанне высокагатункавай гародніны, якая адказвае патрабаванням бяспекі сыравіны для дзіцячага харчавання. У іх адсутнічаюць пякучыя спецыі, воцат, у два разы зменшана колькасць дабаўленай солі, у 1,5 зніжана кіслотнасць прадукцыі. У кансервах для дзяцей адсутнічаюць фарбавальнікі, араматызатары, падсалоджвальнікі, кансерванты, генетычна мадыфікаваная сыравіна.

Дзіяна Сафронава асобна адзначыла пітныя ўзвары, якія вырабляюць на Ляхавіцкім кансервавым заводзе. Спецыялісты цэнтра прапанавалі мясцовым вытворцам узвары ў новым выглядзе з нізкім утрыманнем садавіны. І яны сапраўды атрымаліся смачныя, дзякуючы ашчаднаму працэсу стэрылізацыі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».