Вы тут

Квэст-падарожжы па новых правілах


У суботу, 10 верасня, праект «Камень, нажніцы, папера» адзначыць свой пяты дзень нараджэння з моманту з'яўлення ў эфіры. За плячыма — вандроўкі па 113 гарадах і 370 вёсках Беларусі, 11 500 гадзін здымак і безліч адкрыццяў і здарэнняў «за кадрам», якія назаўсёды засталіся ў памяці іх удзельнікаў, і 240 сустрэч на экране з аўдыторыяй. Напярэдадні святочнай даты мы распыталі шэф-рэдактара і вядучую трэвэл-шоу Вікторыю КАСЯНЮК пра тое, з чаго ўсё пачыналася, што чакае нас у новым сезоне, а таксама як варта вандраваць, каб былі карысць і задавальненне.


— Пачыналі мы з чэленджу. Дзе чаго толькі не рабілі нашы аўтары: і курыць кідалі навыперадкі, і спрабавалі маладзець, у нас нават у праграме была сапраўдная пластычная аперацыя, на якую згадзілася ўдзельніца. Зараз ужо ў шостым сезоне мы робім перазагрузку, і цяпер наш праект будзе называцца «Камень, нажніцы, папера. Квэст», — распавядае мая суразмоўніца. — Вандроўкі, да фармату якіх мы прыйшлі ў другім сезоне, будуць працягвацца, але ўжо ў новай форме. Цяпер аўтарам праграмы патрэбна будзе пацвярджаць альбо разбураць гістарычныя легенды. Так, пачнём з выпуску пра скарб Напалеона. Быў ён альбо гэта толькі прыгожая легенда? На што арыентавацца тым, хто ўсё ж хоча знайсці яго? І ці сапраўды скарб ляжыць на дне Бярэзіны? На такія вось пытанні будзем шукаць адказы. Там паспрабуем даведацца, ці існуе паміж імі таемны ход, ці сябруюць прывіды двух вядомых будынкаў і многае іншае. І кожны раз «падаваць» свае прыгоды будзем у форме квэстаў. А традыцыйны прыём з «каменем, нажніцамі і паперай» дазволіць вызначыць, якую колькасць падказак будзе мець кожны ўдзельнік, каб справіцца з заданнямі квэсту.

— Увогуле, і трэвэл-шоу, і шоу талентаў чымсьці падобныя паміж сабой, і гэта цалкам нармальная з'ява. І калі нас параўноўваюць, то гэта дае стымул рабіць яшчэ лепш, — разважае Вікторыя. — Мы вядзём акаўнты ў Іnstаgrаm і на YоuTubе, дзе адсочваем зваротную сувязь і назіраем, як вандроўкі па Беларусі сталі трэндавай з'явай, асабліва што датычыцца цікавасці да нераспіяраных лакацый. Я і сама люблю больш месцы, дзе няма натоўпу турыстаў, гідаў, кавярань, бо тады атрымліваеш зусім іншыя ўражанні і наогул нібы трапляеш у іншае часавае вымярэнне.

Можна здзейсніць вандроўку ў мінулае таксама скарыстаўшыся парадамі маёй суразмоўцы. У спіс топ-5 трапілі сядзіба Асмалоўскіх у Блоні, у Снове — сядзіба Рдултоўскіх. Яшчэ можна наведацца ў сядзібу Катлубаеў у Ястрэмбелі ці ў Першамайску не прамінуць сядзібу Завішаў, а таксама з'ездзіць у Раванічы ў сядзібу Слатвінскіх. Вядома, у кожнага ёсць і свой спіс любімых месцаў, таму сёння і настолькі папулярныя разнастайныя праграмы, блогі пра вандроўкі. І ўсе мы шукаем нешта сваё, калі адпраўляемся ў падарожжа «ўжывую» альбо не выходзячы з дому.

— Людзям заўсёды падабалася вандраваць, і гэта тое, што дае нам магчымасць абнуляцца, абнаўляцца, знаходзіць новыя погляды на існуючыя праблемы, развівацца ў новых кірунках, — тлумачыць Вікторыя Касянюк. — Калі падарожнічаеце па Беларусі, перш за ўсё трэба вызначыцца, які адпачынак вам блізкі: з камфортам альбо, умоўна, з экстрымам. Але ў любым выпадку вас чакаюць адкрыцці, прыгоды і сустрэчы з апантаннымі сваёй справай людзьмі.

А калі пакуль не гатовыя пракладаць маршрут і купляць квіток да месца прызначэння, тады глядзіце па суботах праграму «Камень, нажніцы, папера» на «Беларусь 2».

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Вікторыі КАСЯНЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?