Вы тут

Добры сон, вітаміны і пешыя прагулкі. Як захаваць здароўе ў пачатку восені, расказала тэрапеўт


Восень — сапраўднае выпрабаванне для арганізма: светлавы дзень памяншаецца, імунітэт аслабляецца, а замест сонца за акном шэрасць і дождж. Але варыянты сустрэць змену сезона ў бадзёрым настроі ёсць. Пра іх мы распыталі тэрапеўта вышэйшай катэгорыі Алену БУРАК.


— Алена Міхайлаўна, як мяняецца наш арганізм восенню? Яму сапраўды патрэбна адаптацыя ці гэта адгаворкі занадта адчувальных асоб?

— З надыходам восені наш арганізм перабудоўваецца. Бо мяняецца надвор'е, зніжаецца тэмпература навакольнага асяроддзя і павялічваюцца сярэднясутачныя ваганні тэмператур. Мае свае змяненні і атмасферны ціск. Аднак асноўны фактар — скарачэнне працягласці светлавога дня. І менавіта гэта адыгрывае ключавую ролю ў змяненні нашых біялагічных рытмаў і адпаведна рабоце ўнутраных органаў.

Што ж прыносіць змяншэнне светлавога дня? Усім вядомы гармон мелатанін, які выпрацоўваецца ў галаўным мозгу, з'яўляецца інфармацыйным носьбітам для ўсяго арганізма і паведамляе нашым органам і сістэмам, што адбываецца на вуліцы: дзень ці ноч, холадна ці цёпла. Са змяненнем сезона мяняецца і хуткасць метабалізму гэтага гармону, і яго колькасць. Восенню колькасць мелатаніну ў арганізме павялічваецца, і, з аднаго боку, гэтым можна растлумачыць тое, што нам больш хочацца спаць. З іншага боку, хуткасць абменных працэсаў у чалавека дастаткова высокая, і санлівасць можа вынікаць з іншых прычын.

— Ці трэба нам больш спаць увосень і зімой?

— У пачатку змены сезона такім чынам мы можам кампенсаваць сваю стомленасць і лепш адаптавацца да змены тэмператур, больш актыўнага рэжыму працы ці вучобы, і лішняя гадзіна сну, магчыма, дапаможа адчуваць сябе больш камфортна. Мы рэкамендуем нават дзённы сон, але ён мусіць быць непрацяглы — каля 30 хвілін. У норме ж начны сон аднолькавы як летам, так і зімой — 7-8 гадзін.

— Восень — час прастуд і вірусных хвароб. Як ім супрацьстаяць? Ці трэба ўжываць вітаміны і імунастымулятары?

— Сапраўды, кожнай восенню мы назіраем уздым вірусных і прастудных хвароб. Канешне, кожны з нас спадзяецца, што ўмацаваў свой імунітэт за лета. Але гэта бывае не заўсёды з-за індывідуальных асаблівасцяў, ладу жыцця і якасці харчавання. З іншага боку, восень — гэта час, калі вірусы і бактэрыі трапляюць у сваё любімае асяроддзе, вільготнае і прахалоднае, хутка размнажаюцца і распаўсюджваюцца. Людзі вяртаюцца з адпачынкаў і дачных участкаў і ідуць у калектывы, што таксама садзейнічае хуткай перадачы вірусных інфекцый.

Што датычыцца прыёму пэўных сродкаў, то вітамінна-мінеральныя комплексы можна ўжываць без сур'ёзных прызначэнняў. Хоць лепш карыстацца натуральнымі прадуктамі, тым больш што восень багатая на іх. А вось прэпараты для павышэння работы імуннай сістэмы мусіць прызначаць урач. Яны маюць свае супрацьпаказанні, таму патрэбна хаця б мінімальнае абследаванне і кансультацыя спецыяліста. Іх уздзеянне не заўсёды такое простае і адназначнае, як можа падавацца.

— Ці трэба з надыходам халадоў мяняць свой рацыён? Ці дапамагаюць сагрэцца тлустая ежа, гарачыя супы?

— З паніжэннем тэмпературы паветра наш арганізм імкнецца сагрэцца і запасціся энергіяй, таму рацыён мяняецца незалежна ад нашага жадання, выключэнне хіба што — людзі, якія адмыслова прытрымліваюцца дыет. Сапраўды, восень і зіма — час, калі мы ўжываем больш гарачай і тлустай ежы, каб супрацьстаяць неспрыяльным умовам надвор'я. Аднак не трэба налягаць на каларыйныя прадукты, лепш імкнуцца рацыянальна харчавацца ў залежнасці ад сваіх фізічных нагрузак і штодзённай актыўнасці.

— У халодны час года мы расходуем больш энергіі альбо ўзмоцнены рацыён, наадварот, вядзе толькі да набору вагі?

— На жаль, дастаткова часта за восень—зіму многія набіраюць лішнія кілаграмы. У гэты перыяд зніжаецца наша фізічная актыўнасць і больш часу мы праводзім дома, а не на свежым паветры, у рацыёне з'яўляюцца не самыя карысныя прадукты. Таму варта сачыць за фізічнай актыўнасцю, яна мусіць быць рэгулярнай. Абярыце для сябе найбольш прымальны спосаб яе падтрымліваць: колькасць пройдзеных крокаў штодня або заняткі 3-4 разы на тыдзень у спартыўнай ці трэнажорнай зале, або іншы спорт, або проста штодзённыя пешыя прагулкі. Важна сачыць, колькі вы з'ядаеце і ці адпавядае гэта вашым фізічным затратам.

— Калі восенню пачынаецца выпадзенне валасоў, з чым гэта можа быць звязана і як сабе дапамагчы?

— Валасы дастаткова актыўна рэагуюць на ўсякія змены, у тым ліку сезонныя. І перш за ўсё адной з прычын павышанага выпадзення валасоў з'яўляецца зніжэнне ў арганізме колькасці вітаміну D. Таму важна падтрымліваць яго на ўзроўні нормы. Акрамя таго, селен, цынк і жалеза — асноўныя элементы, якія патрэбны для здаровай скуры, валасоў і пазногцяў. Таксама на выпадзенне валасоў могуць уплываць і змены гарманальнага спектра, у прыватнасці гармонаў шчытападобнай залозы. Таму моцнае выпадзенне валасоў — нагода звярнуцца да спецыяліста і правесці хаця б мінімальныя абследаванні.

— З наступленнем халадоў і адсутнасцю сонца мяняецца і наш настрой. Што рабіць, каб не сысці ў дэпрэсіўны стан?

— Сапраўды, сырое надвор'е і воблачнасць спрыяюць таму, што настрой у нас падае, з'яўляюцца раздражнёнасць, стомленасць, санлівасць. Віной таму і гарманальныя змены, у прыватнасці сінтэз мелатаніну. Гэтаму можна супрацьстаяць: шукаць станоўчыя эмоцыі, наведваць карысныя і цікавыя мерапрыемствы, сустракацца з сябрамі і людзьмі, з якімі вам прыемна кантактаваць. Вядома, займацца фізічнай актыўнасцю, бо гэта садзейнічае выпрацоўцы рэчываў, якія паляпшаюць настрой, спальваюць лішнія калорыі і павышаюць наш жыццёвы тонус.

— Якія хранічныя захворванні абвастраюцца восенню? Каму варта ўважліва сачыць са сваім станам?

— Людзям з хранічнымі захворваннямі варта прыслухоўвацца да свайго арганізма. Змена сезонаў, у прыватнасці, восень — перыяд абвастрэння многіх хвароб у сувязі з пахаладаннем і вільготнасцю. Гэта датычыцца большасці сістэм, у тым ліку бронха-лёгачнай (у многіх пацыентаў узмацняецца кашаль) і сардэчна-сасудзістай (больш частыя гіпертанічныя крызы, болі ў вобласці сэрца). Восень — час абвастрэння гастрытаў, язваў як наступства змены рэжыму харчавання, больш актыўнай працы ці вучобы і інш. Таксама гэта сезон абвастрэння артрытаў і артрозаў, для людзей з хворымі суставамі гэта вельмі неспрыяльны сезон. Таму амаль усім можна парэкамендаваць загадзя пачынаць падрыхтоўку, карэкціраваць лячэнне, параіцца з урачом наконт прафілактычных прызначэнняў, не чакаючы абвастрэння.

— Наколькі хутка адбываецца гэта перабудова — з лета на восень?

— Тут усё індывідуальна. Камусьці дастаткова тыдня, а некаму і месяца мала. Каб настроіцца на актыўны рабочы лад, мы рэкамендуем рацыянальна падыходзіць да планавання адпачынку, правільна складаць рабочы графік, прытрымлівацца рэжыму працы і адпачынку. Камусьці, магчыма, трэба ўзяць дадатковы выхадны, калі цяжка ўваходзіць у асенні актыўны рытм. Важна паўнацэнна адпачываць у выхадныя, рацыянальна харчавацца.

І многае залежыць ад кліматычных умоў. Часта мы назіраем надыход бабінага лета, калі надвор'е раптам паляпшаецца, а з ім — і наш настрой, а ўсе непрыемныя адчуванні самі па сабе праходзяць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.