Вы тут

У Добрушы выступяць пісьменнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі


У гэтыя восеньскія дні, 3-4 верасня, у Добрушы паўсюль гучаць музыка, спевы і вершы: у горадзе адзначаецца XXIX Дзень беларускага пісьменства. Удзельнікі і госці свята падзяліліся са «Звяздой» добрым настроем, а таксама распавялі аб галоўных мерапрыемствах, якія зараз адбываюцца на вуліцах горада. Сярод іх: літаратурныя імпрэзы ад сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі, святкаванне 100-гадовага юбілею часопіса «Полымя» і прэзентацыя новага выдання з серыі «Беларусь літаратурная». 

Віктар Шніп, паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя»

Да Дня беларускага пісьменства выдавецтва «Мастацкая літаратура» кожны год у серыі «Беларусь літаратурная» выдае кнігі, прысвечаныя літаратурнай спадчыне края, дзе адбываецца свята. У гэтым годзе кніжка незвычайная: калі раней мы прадстаўлялі толькі раён, то ў новым выданні будзе адлюстравана ўся літаратурная Беларусь. Кніжка, зразумела, адкрываецца Гомельшчынай — там прысутнічаюць аўтары, якія нарадзіліся ў Добрушскім раёне. Для многіх з аўтараў гэта першая публікацыя ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Такім чынам, атрымалася своеасаблівая анталогія рэгіёнаў. 

Само свята непаўторнае, бо кожная яго сталіца мае сваю гісторыю, непаўторныя адметнасці. Неяк звычайна атрымоўваецца, што нам шанцуе з надвор’ем: заўсёды сонечна. Магчыма, ад таго, што людзі сабраліся разам, і ад іх усмешак сонца не можа хавацца за аблокі. Дзякуючы такім святам, мы, літаратары, маем магчымасць сустрэцца адзін з адным і з чытачамі. Самае галоўнае, што свята было, ёсць і мае працяг. 

Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»

У наш новы том «Беларусь літаратурная» увайшлі творы 90 аўтараў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Мы звярнуліся да старшынь абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кніжка атрымалася ўнікальная, бо дагэтуль усе абласныя аддзяленні не былі прадстаўлены ў такім аб’ёме. Выданне дапамагае ўбачыць не толькі творчасць канкрэтнага пісьменніка, а прэзентуе ўсю літаратурную Беларусь, наколькі яна багатая і разнастайная. 

Я стаяў каля нашага павільёна і ўбачыў незнаёмага чалавека — ён сеў на крэсла і хвілін 20 чытаў кнігу, якую выдала «Мастацкая літаратура». Я падумаў, што павільён у нейкім сэнсе замяніў яму бібліятэку — чалавек адкрыў для сябе новага аўтара. Я не хацеў яго адрываць, таму што калі хтось чытае, ён жыве ў сваім свеце. Такое адкрыццё чытачамі новых цікавых беларускіх аўтараў — адзін з выдатных вынікаў свята.

Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі 

Сёння ў Добрушы прадстаўніцтвы Брэсцкага, Гродзенскага і Віцебскага абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі — яны найбольш аддаленыя, таму вельмі прыемна, што яны прыехалі сюды і перанялі эстафету ў Гомельскага абласнога аддзялення. Канешне, літаратурныя праграмы нашых калег звязаны з інтанацыяй самога свята, яны прысвечаны Году гістарычнай памяці, нашым продкам і караням, сувязі пакаленняў і важнасці пераймання вопыту. Заўтра, 4 верасня, да агульнага свята далучацца Мінскае і Магілёўскае аддзяленні — гэта будзе вялікае сугучча паэтычнай творчасці ўсёй Беларусі. Прычым у Добруш прыехалі пісьменнікі з кожнага куточка нашай краіны, каб паказаць свае творчыя набыткі. 

Канешне, для нас вельмі хвалюючы момант, што заўтра на галоўнай пляцоўцы адбудзецца прадстаўленне літаратурна-музычнай кампазіцыі, якая таксама складзена сіламі нашых абласных аддзяленняў — для сябраў саюза вялікі гонар, што ў сталіцы Дня беларускага пісьменства яны падзеляцца сваёй творчасцю. 

Аляксей Чарота, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва»

Выдавецкі дом «Звязда» на Дні беларускага пісьменства прапаноўвае наведвальнікам набыць кнігі з прыемнымі зніжкамі. На нашых стэндах прадстаўлены як упадабаныя чытачамі выданні, так і навінкі, напрыклад, новая кніга Кацярыны-Хадасевіч Лісавой «Сакрэты аднаго каралеўства». Акрамя таго, заўтра адбудзецца аўтограф-сэсія з Інай Фраловай, Ірынай Карнавухавай і Уладзімірам Гаўрыловічам. 

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.