Вы тут

Шулейка: Хлебаробы Брэстчыны дастойна адстаялі гонар першага рэгіёна


Такога фэсту старажытныя Целяханы не бачылі напэўна з паўстагоддзя — гэтую думку ў розных варыяцыях агучвалі сёння многія сталыя жыхары пасёлка. Сапраўды, зранку наваколле было расквечана стракатымі фарбамі кірмашу, мноствам па-святочнаму прыбраных людзей, усмешкамі гасцей і ўдзельнікаў, якія сустракалі тут сяброў і знаёмых. Героі дня былі пазнавальныя здалёк па яркіх стужках перадавікоў. Настрой стварала бадзёрая музыка і лагоднае вераснёўскае сонейка. 


Фестываль паступова браў разгон у раёне кірмашовых шатроў на цэнтральных вуліцах населенага пункта. Руплівыя гаспадыні прыцэньваліся да рознай смакаты і далікатэсаў, турысты-адпачывальнікі адразу займалі месцы ў сезонных кафэ. Арганізатары сказалі, што ўсяго разгорнута каля 140 гандлёвых павільёнаў, а ў летніх кавярнях адначасова могуць адпачыць да 1700 чалавек. Тут бойка ішоў не толькі гандаль, вытворцы прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў рознымі забаўлянкамі, якія зрадні ўдалым маркетынгавых хадам. У адным месцы наладзілі шумную дэгустацыю з конкурсам, у іншым прапаноўвалі акцыю са зніжкамі. Ну — як на кірмашы. 

Асобныя вытворцы зладзілі не проста выставы сваёй прадукцыі, аформілі іх як экспазіцыі-падворкі. Тут можна было не толькі набываць, але і любавацца, разглядаць. А колькі кампазіцый, зробленых са збожжавых культур, сапраўдных твораў мастацтва прывезлі на свята! Дарэчы, штогод іх прадстаўляюць на конкурс сельскагаспадарчыя каледжы і ліцэі вобласці. Тут можна сустрэць самае рознае — ад славутасцяў нашага рэгіёна — палацаў і замкаў з саломы, да фантастычных сюжэтаў у выглядзе шароў з зоркамі, якія сімвалізуюць сусвет. 

А побач з саламянай прыгажосцю, як правіла суседнічаюць самыя розныя хлебныя шэдэўры. На гэты раз маю ўвагу звярнуў на сябе шыкоўны каравай з выпечанымі каласкамі і дарамі восені. Як высветлілася, яго аўтар — Святлана Каліноўская, вядомая ў Высокім Камянецкага раёна майстрыха ў справе хлебапячэння. 

— Якія ж дажынкі без караваю!? — падзялілася сваімі эмоцыямі Святлана Фёдараўна. — Вунь іх колькі, сімвалаў свята: усе прыгожыя, усе зробленыя з любоўю. Галоўнае, каб было збожжа, былі мір і дабрабыт у краіне, а хлеба мы напячом. 

Парадаваў горад майстроў на вуліцы Леніна. І вядомыя, і пачаткоўцы прадставілі гледачам сваю творчасць. Іх вырабы, майстар-класы арганічна ўпісваліся ў абноўленае аблічча Целяхан. За час падрыхтоўкі да фестывалю пасёлак змяніўся грунтоўна. Зроблена сапраўды многа, асабліва на сацыяльных аб’ектах. Тое, што цярпліва чакала абнаўлення, рамантавалі ў першую чаргу. Такім чынам мадэрнізавалі шэраг інжынерных камунікацый. Асфальт пракладзены на 11 кіламетрах вуліц. На вуліцы 1 Мая паявіўся водаправод. Тратуары з лінёўкай паклалі па вуліцы Савецкай. Абноўлена вулічнае асвятленне, устаноўлены новыя дзіцячыя пляцоўкі. 

Знешнія перамены найлепш угадваюцца па будынку школы. Тут абноўлены фасад і дах, зроблена новая агароджа, добраўпарадкавана тэрыторыя. Па-іншаму пасля рамонту выглядаюць Дом быту, Цэнтр культуры і вольнага часу, дзіцячая школа мастацтва, гарадская бальніца, дзіцячыя садкі. 

На вуліцах устаноўлены тры вялікія і тры малыя пярголы. Іх падарылі лясгасы вобласці. Гэтыя вулічныя веранды-альтанкі, несумненна, упрыгожылі знешні выгляд Целяхан. А камунальнікі па традыцыі напярэдадні правялі конкурс па азеляненні і пакінулі ў пасёлку свае кветкавыя шэдэўры. Клумбы ў выглядзе казачных ды іншых сюжэтаў, вядома, спрыяюць святочнаму настрою. І не толькі ў самым цэнтры населенага пункта.

Каля возера Вулькаўскае, дзе звычайна праводзяцца турыстычныя злёты, падноўлены будынак амфітэатра. А рэзчыкі па дрэву правялі пленэр і пакінулі на памяць драўляныя скульптуры гістарычных асоб, у тым ліку і выхадцаў з Целяхан. 

Варта сказаць, што Целяханы старадаўні пасёлак, ён вядомы з пісьмовых крыніц ХVІ стагоддзя як гандлёвае мястэчка. Блізкасць Агінскага канала заўсёды накладвала адбітак на развіццё. Брэнд тутэйшых мясцін — берагавая паласа ўздоўж канала, па якой сплаўлялі лес пры дапамозе людской і коннай цягі, выкарыстоўваючы трывалую вяроўку-канат. З часам гэтая частка набярэжнай стала месцам прагулак і адпачынку мясцовых жыхароў. Дык вось тут і ўстаноўлены драўляныя скульптуры. 

— Менавіта ў асяродку грамадскасці ўзнікла ідэя адрадзіць і добраўпарадкаваць гэтую мясціну. Цяпер на берагавой паласе застанецца цудоўная памяць пра дажынкі — сказала старшыня Целяханскага сельскага Савета Аксана Мялік. 

Дажынкі спраўлялі ў адпаведнасці з традыцыямі мінулага, свята ўраджаю адзначылі годна, як гэта рабілі продкі. Апошні факт адзначалі і шматлікія госці фестывалю. Павіншаваць хлебаробаў Брэстчыны прыехалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, намеснік прэм’ер-міністра краіны Леанід Заяц, старшыня парламенцкай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцоваму самакіраванню Міхаіл Русы, міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло. 

Ігар Сергеенка адзначыў, што кожныя дажынкі ў невялікім населеным пункце — гэта рух наперад, пэўны прагрэс у развіцці, бо вядзецца сур’ёзная работа па падрыхтоўцы, населены пункт мяняецца ў лепшы бок. Леанід Заяц падзякаваў хлебаробам Брэстчыны за дастойны ўклад у харчовую бяспеку краіны — чвэрць рэспубліканскага караваю брэсцкая. 

Па традыцыі ўрачыстая частка дажынак пачалася з шэсця перадавікоў жніва. Першае месца сярод раёнаў па выніках уборачнай кампаніі заняў Ляхавіцкі раён. Другое і трэцяе месцы адпаведна — Драгічынскі і Пружанскі. Сярод гаспадарак лепшай прызнана ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Баранавіцкага раёна. Два другіх пераможцы з Пружанскага раёна — філіял «Айчына» ААТ «Белавежскага» і ААТ «Вялікасельскае агра». Па многіх намінацыях ушанавалі камбайнераў, вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа, машыністаў збожжасушыльных комплексаў, спецыялістаў гаспадарак і іншых удзельнікаў жніва.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка зачытаў Прывітальны адрас Кіраўніка дзяржавы аграрыям Брэстчыны, у якім Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шчодры ўраджай сёлетняга года сімвалізуе лепшыя якасці нашых хлебаробаў. 

А хлебаробам Брэстчыны было чым ганарыцца на свяце. Першымі ў краіне завяршылі ўборку з надзвычай добрымі вынікамі. Усяго атрымана 1,4 мільёна тон збожжа (без уліку грэчкі, проса, кукурузы). Па валавым зборы прыбавілі 200 тысяч тон. Ураджайнасць склала амаль 40 цэнтнераў з гектара. Цудоўны ўраджай даў, напрыклад, азімы ячмень — 52 цэнтнеры намалацілі з кожнага гектара. Ды і другія культуры не падвялі. 

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка ў сваім выступленні падкрэсліў, што аграрыі рэгіёна замацавалі за сабой лідарскія пазіцыі па тэмпах жніва. «Сёння добры ўраджай — аснова харчовай бяспекі краіны і яе суверэнітэту. І вы не падвялі — сказаў губернатар, звяртаючыся да аграрыяў — дастойна адстаялі гонар першага рэгіёна». Кіраўнік вобласці шчыра падзякаваў усім, хто не зважаючы на надвор’е, без выхадных працаваў на палетках усю ўборачную пару. 

Агульны настрой дня выразіў пераможца спаборніцтва сярод маладых камбайнераў, чатырохтысячнік з сельгаспрадпрыемства «Белавежскі» Камянецкага раёна Андрэй Кабятка, калі сказаў: «Мне падабаецца мая работа». І ўсе, хто атрымліваў у гэты дзень розныя ўзнагароды, несумненна, любяць сваю справу. Таму і вынікі добрыя, таму і свята атрымалася. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.