Вы тут

Лукашэнка: Тэма ўрока — далейшая мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі


Гэтым разам Аляксандр Лукашэнка наведаў Крупскі раён Мінскай вобласці. Ізноў у цэнтры ўвагі — сельская гаспадарка. Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ «Агракамбінат Дзяржынскі». Ён азнаёміўся з вытворчымі магчымасцямі прадпрыемства і перспектывамі яго развіцця. Прэзідэнту паказалі новае аддзяленне па адкорме куранят-бройлераў, мясаперапрацоўчы цэх вытворчай пляцоўкі побач з вёскай Дворышча.


«Тэма сённяшняга ўрока — далейшая мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі. Падтэма — выратаванне тых, хто тоне», — адразу абазначыў Прэзідэнт. І першае пытанне на гэтым «уроку» ён адрасаваў намесніку прэм'ер-міністра Леаніду Зайцу — аб яго ацэнцы работы аграсектара ў Крупскім раёне. Віцэ-прэм'ер назваў яе добрай, прывёўшы адпаведныя паказчыкі росту. Значна павысілася і эфектыўнасць работы на землях, якія былі перададзены агракамбінату «Дзяржынскі». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што палова сельскіх гаспадарак краіны працуе добра. Чвэрць гаспадарак пры належнай дапамозе і падтрымцы развіваюцца. Яшчэ адну чвэрць гаспадарак кіраўнік дзяржавы назваў «забітымі». Па яго словах іх трэба выратаваць, паколькі там ёсць людзі, якія хочуць працаваць. Аляксандр Лукашэнка назваў некалькі шляхоў рэалізацыі гэтай праблемы.

Адзін з іх прадугледжвае аб'яднанне сельгаспрадпрыемстваў і стварэнне новых гаспадарак фактычна з нуля. У прыклад Прэзідэнт прывёў ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» у Мядзельскім раёне, які наведаў месяц таму. Таксама для выратавання некаторых гаспадарак іх будуць перадаваць прамысловым прадпрыемствам. Для Беларусі гэта ўжо не новая практыка, ёсць адпаведны вопыт. «Ад гэтага нікуды не дзенешся, і гэта справядліва. Усё ж такі прампрадпрыемствы выпампоўваюць людзей з вёскі. Таму даўгі трэба аддаваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Адпаведныя падыходы кіраўнік дзяржавы нядаўна ўзгадніў у Гомельскай вобласці. Ён падкрэсліў, што далучаць стратныя гаспадаркі да прампрадпрыемстваў будзем прадаўжаць і ў далейшым.

Крупскі раён паказвае і трэці шлях аднаўлення сельгаспрадпрыемстваў. Ён заключаецца ў супадзенні інтарэсаў. У раёне былі землі, якія не давалі належнага выніку. А ў Мінскай вобласці працаваў буйны перапрацоўшчык і вытворца — агракамбінат «Дзяржынскі». Яму былі патрэбны дадатковыя сельгасугоддзі для вытворчасці прадукцыі, кармоў для патрэб птушкагадоўлі і жывёлагадоўлі. Замест закупкі па імпарце прадпрыемства ўзяло землі ў Крупскім раёне і наладзіла там эфектыўную вытворчасць.

«Птушку сенажом і сіласом не накорміш. Кіраўнік мог бы закупляць гэтае зерне недзе ў Расіі і жыў бы прыпяваючы. Але ў чым яго каштоўнасць — землі пачалі даваць аддачу. Разворвай, атрымлівай збожжа і кармі курэй», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што пры ўздыме гэтых 25 працэнтаў «забітых» гаспадарак перш за ўсё — кантроль з боку віцэ-прэм'ера і Камітэта дзяржаўнага кантролю. «Ніякага збожжа з боку мы закупляць не павінны. У нас хапае зямлі для таго, каб вырошчваць тут збожжа, карміць птушку, свіней, перапрацоўваць гэтае зерне ў добрыя камбікармы і карміць жывёлу. Атрымліваць мяса, малако. Вось простая арыфметыка», — растлумачыў Прэзідэнт. У Крупскім раёне менавіта такім чынам і ідзе работа. Аляксандр Лукашэнка завастрыў увагу, што гэта добры шлях і добрая справа. Ён падкрэсліў, што такім чынам вырашаецца і дзяржаўная задача.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў гэтым хаваецца адна з галоўных прычын, чаму ён выступае за захаванне і развіццё буйнатаварных гаспадарак, так званых калгасаў і саўгасаў. «Кіраўніку агракамбіната патрэбна зямля. А нам трэба, каб ён і людзей глядзеў. Чаму я трымаюся за буйнатаварныя гаспадаркі — калгасы, саўгасы, таму што яны выконваюць сацыяльную функцыю, утрымліваюць вёску. І мы тут ствараем аграгарадкі. Гэта працэс працяглы. Мы будзем тут доўга яшчэ працаваць, каб дарогі былі добрыя, гандаль быў, дзіцячыя сады, школы і гэтак далей. Яны цягнуць на сабе гэтую сацыялку. Таму для мяне кіраўнікі прадпрыемстваў — людзі дзяржаўныя. Мы за іх трымаемся», — адзначыў беларускі лідар. Ён заўважыў, што гэта не азначае, што нельга ствараць фермерскія гаспадаркі. Калі будуць фермеры — можна раздаць землі і ім. Але фермер можа не несці сацыяльную нагрузку. І гэта мае значэнне.

«У нас і фермеры нясуць гэту сацыяльную нагрузку. Таксама малайцы. Таму што ў нас такая палітыка ў дзяржаве: хочаш забраць землі ўчарашняга калгаса — калі ласка, з вёскай, вытворчымі памяшканнямі, даводзь да розуму, працуй. Вось палітыка ў вёсцы. Гэтым самым мы падымаем, ратуем вёску і даём работу людзям на зямлі. Так павінна быць. Гэта наша палітыка ў сельскай гаспадарцы», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гэтай сферы неабходны кантроль, каб не атрымаць негатыўныя прыклады дзяльбы зямель, як у некаторых суседзяў, у прыватнасці ва Украіне. Ён акцэнтаваў увагу, што кантроль патрэбны паўсюль, у тым ліку гэта тычыцца і фермераў.

«Я не хачу, каб фермеры, пачуўшы гэта, падумалі, што мы супраць іх. Не, калі ласка. Калі б прыехалі сюды фермеры замест яго (агракамбіната), 40 % гэтых земляў узялі ў раёне, людзям далі працу, жыллё будавалі, дапамагалі, стваралі такую вытворчую базу... Калі ласка, мы рады былі б!» — сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб сваім даручэнні, дадзеным падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць, аб зніжэнні кошту будаўніцтва жылля ў вёсцы. «Трэба будаваць жыллё і прыцягваць людзей сюды», — сказаў Прэзідэнт. З гэтага вынікае і кадравае пытанне, на якое звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён зрабіў акцэнт на працоўнай дысцыпліне і недапушчэнні расхлябанасці. Таксама Прэзідэнт заўважыў, што кіраўнікі прадпрыемстваў павінны кантраляваць прыём і звальненне спецыялістаў. «Атрымаў адукацыю за кошт дзяржавы — калі ласка, працуй. Гэта не прыгоннае права. Але калі мы хочам захаваць, выратаваць сябе, — гэта пытанне бяспекі, нацыянальных інтарэсаў, незалежнасці. Кадры вырашаюць усё», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Не трэба рваць кіпцюры, каб было больш збожжа

Кіраўнік дзяржавы спытаў у міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло, колькі ўраджаю сабрана на ранак пятніцы. Міністр далажыў, што ў краіне засталося ўбраць менш як 3 працэнты плошчаў. Ураджай збожжавых і зернебабовых, як плануецца, будзе не менш як 10,7 мільёна тон. «Мы завастрылі ўсіх: збожжа, збожжа, збожжа. Але кукурузу трэба паглядзець. Трэба, каб быў кукурузны сілас. Не трэба гнаць да 11 млн тон збожжа. Трэба акуратна разабрацца, што нам трэба ад кукурузы: ці збожжа, ці пакласці добры сілас. Проста не трэба рваць кіпцюры для таго, каб больш, больш, больш збожжа, і мы будзем выхваляцца. Разумна падыходзіць», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што сёлета можна сабраць 11 мільёнаў зерня, але пытанне — ці трэба. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на аператыўную сяўбу азімых: «Мы зразумелі, што азімыя трэба сеяць, павялічваць, павялічваць плошчы».

Яшчэ адно не менш важнае пытанне — уздым ільнотрасты. Прэзідэнт расказаў пра свае планы ў канцы восені наведаць Аршанскі льнокамбінат, дзе і будзе абмеркавана гэта пытанне.

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць нарыхтоўкі якасных кармоў. «Гэты год трэба зрабіць базавым, вызначальным, і мы будзем тады і ў будучыні лічыць працэнты ўраджайнасці, зыходзячы з гэтага года, таму што гэта нядрэнны год», — сказаў ён.

Трэба ўзбуйняцца

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся перспектывмі развіцця «Агракабіната Дзяржынскі». Генеральны дырэктар агракамбіната Уладзімір Лук'янаў расказаў, што запланавана будаўніцтва новых малочнатаварных ферм, завода па перапрацоўцы нехарчовай жывёльнай сыравіны, аб'ектаў па вырошчванні мяса індычкі. На агракамбінаце плануюць да 2025 года наладзіць штогадовую вытворчасць 110 тысяч тон літра мяса птушкі цыплят-бройлераў, 6 тысяч тон мяса індычкі і 91 мільён яек. Уладзімір Лук'янаў расказаў, што ў перспектыве кампанія павінна выйсці на мільярд рублёў.

Кіраўнік дзяржавы таксама задаў пытанне, ці ёсць на рынку попыт на птушку і ці будзе ён павялічвацца. Уладзімір Лук'янаў адказаў, што праблем з попытам на прадукцыю няма як унутры краіны, так і за мяжой. І ён пастаянна расце. На гэта Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, калі няма праблем са збытам, трэба павышаць рэнтабельнасць продажу, а для гэтага неабходна пашыраць вытворчасць. «Трэба ўзбуйняцца. Гэта не варта зацягваць. Калі ты некуды вока паложыш, мы імгненна прымем рашэнне», — канстатаваў ён.

Прэзідэнт наведаў і мясаперапрацоўчы цэх. Яму далажылі аб стане і перспектывах развіцця АПК Мінскай вобласці, у тым ліку інтэграцыйных структур. Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын прапанаваў 50 працэнтаў сродкаў з інавацыйнага фонду Мінскага аблвыканкама накіроўваць на фінансаванне інвестыцыйных праектаў, такіх як у Крупскім раёне. Тут збіраюцца будаваць дадатковыя птушнікі. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што гэта цалкам магчыма. Ён даручыў пры бюджэтным планаванні на наступны год разгледзець і ўлічыць адпаведныя пытанні.

У тэму

Пакуль усё атрымліваецца

Генеральны дырэктар агракамбіната Уладзімір Лук'янаў расказаў журналістам, што прадпрыемства ідзе па тым шляху, каб маштабавацца і стаць іграком не толькі ў краіне, але і на іншых рынках. Сёння гэта атрымліваецца. «Агракамбінат выходзіць на 100 тысяч тон вытворчасці мяса птушкі, мы не забываемся пра землі, пра кармы для ўласнага забеспячэння. Таму задачы, якія перад намі пастаўлены, і бачанне нас як інтэграцыйнай структуры пакуль атрымліваюцца», — расказаў Уладзімір Лук'янаў. У агракабміната, які размешчаны ў васьмі раёнах Мінскай вобласці, да 2025 года запланаваны чатыры інвестпраекты. Адзін з іх — будаўніцтва дадатковых птушнікаў, паколькі перад прадпрыемствам стаіць задача дадаць яшчэ 20 тысяч тон мяса птушкі, зараз яно вырабляе 100 тысяч тон. «У нас заканчваецца праект у Капыльскім раёне, гэта поўны замкнёны цыкл вырошчвання і перапрацоўкі мяса індычкі, якое мы будзем запускаць у снежні. Чым унікальны праект? Гэта 500 працоўных месцаў для Капыльскага раёна плюс магчымасць павелічэння аб'ёму да 20 тысяч тон, гэта і выручка, і дадатковыя інвестыцыі», — падкрэсліў гендырэктар агракамбіната.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Крупскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».