Вы тут

У школу — з добрым сэрцам


Па ўсёй краіне зазвоняць тысячы школьных званкоў, запрашаючы хлопчыкаў і дзяўчынак у цікавы свет ведаў. Але падрыхтавацца да школы — справа нялёгкая, таму ў шматдзетныя сем’і з падарункамі прыходзяць нераўнадушныя людзі.


Чым хутчэй набліжаецца верасень, тым больш клопату з’яўляецца ў бацькоў: маленькім «чамучкам» неабходна прыдбаць і касцюмчык, і спартыўную форму, выбраць падыходзячы ранец, зручны і прыгожы абутак. А яшчэ — запоўніць заплечнік шматлікімі сшыткамі, каляровымі алоўкамі і ручкамі. Для першакласнікаў гэты спіс значна павялічваецца: фарбы, пластылін, каляровая папера і кардон... І заўсёды непаседам не хапае гэтых матэрыялаў для палёту дзіцячай фантазіі. У межах рэспубліканскай акцыі «Збярэм партфель у школу» прадстаўнікі грамадскасці наведваюць сем’і, якім патрэбна дапамога, і, як чараўнікі, дораць дзецям маленькае свята летам.

Сёлета да сям’і Несцярэнкаў з вёскі Ліпаўцы Віцебскага раёна завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова і старшыня Віцебскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава. 

Бацька Дзмітрый працуе трактарыстам-машыністам сельскагаспадарчай вытворчасці СУП «Ліпаўцы» і зараз амаль не бывае дома — заняты на жніве. Надзейны тыл мужу дома стварае жонка Кацярына, клапоціцца аб траіх дзетках: старэйшы Антон толькі заўтра пераступіць школьны ганак, Назар наведвае дзіцячы садок, а малодшай Эльвіры ў пачатку жніўня споўніўся год. Пакуль бацька заняты на палях, маладой маці на дапамогу прыходзіць бабуля. Кожны дзень — у вірлівым карагодзе хатніх спраў і звонкіх дзіцячых галасоў. 

«Нам прыемна сёння павіншаваць вашу сям’ю з надыходам новага вучэбнага года. Для дзяцей — гэта яшчэ адзін крок у дарослае жыццё, для бацькоў — адказны і складаны перыяд. Жадаю вам выхаваць дастойных грамадзян нашай краіны, гэта атрымаецца абавязкова — перад дзіцячымі вачыма прыклад бацькі», — павіншавала Ірына Міхайлаўна і ўручыла каляровы набор канцылярыі. 

Усяго ў рамках рэспубліканскай акцыі дэпутат з падарункамі наведала тры шматдзетныя сям’і ў Віцебскай, Шумілінскай і Гарадоцкай выбарчых акругах.

Да цёплых пажаданняў далучылася і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна, адзначыўшы, што сем’ям людзей, занятых у сельскай гаспадарцы, галіновая арганізацыя аказвае дапамогу невыпадкова — праца на зямлі — цяжкая і адказная, механізатарам, асабліва ў гарачы жнівеньскі сезон, не хапае часу на штодзённыя клопаты, таму сваё плячо падстаўляе прафсаюз. 

Антон з радасцю азнаёміўся са змесцівам падарунка, абацяючы абавязкова падзяліцца з братам. А на пытанне, ці хочацца хлопчыку хутчэй сесці за першую ў жыцці школьную парту, з натхненнем адказвае «Вельмі!». 

Напярэдадні свята першага званка шчырыя віншаванні прымалі выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Віцебскага раёна. Сёння ў ім знаходзяцца 8 дзетак ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, якія трапілі ў складаныя сямейныя абставіны. Самыя маленькія наведваюць дзіцячы садок, школьнікі — мясцовую Старасельскую школу. Выхаванцам уручылі шматлікія падарункі ад аддзела па адукацыі райвыканкама, раённых прафсаюзаў, абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай вобласці. А яшчэ сюрпрыз для школьнікаў падрыхтавала абласное ДАІ — яны развярнулі на тэрыторыі цэнтра інтэрактыўную пляцоўку з гульнямі, квэстамі і падарункамі. Дзеці ў сваю чаргу падрыхтавалі для гасцей святочны канцэрт.

Для Кіры Фадзеевай заўтрашні школьны званок празвініць у другі раз, для яе сябра Ягора Раманчука — у трэці. Дзяўчынка родам з Ноўкі, хлопчык — з Шапуроў, але так склаліся абставіны, што сядуць за парту яны ў Старым Сяле. Сумаваць не прыйдзецца — з Кірай у цэнтры жыве сястрычка Нэлі і брацік Даня, з Ягорам — старэйшая сястра Мілана, яна ўжо выпускніца. Усе яны з нецярпеннем чакаюць заўтрашні святочны дзень: адпачылі летам дастаткова, цікава акунуцца ў незвычайны свет ведаў. 

З добрым сэрцам і надзеямі на светлую будучыню адправяцца ў школы вобласці тысячы дзяўчынак і хлопчыкаў. Будзем спадзявацца, што яшчэ адзін школьны год прынясе толькі яркія эмоцыі, шчырых сяброў і неабходныя ў жыцці веды.

Аляксандра ГВОЗДЕВА 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.