Вы тут

У НЦСМ знайшоў прытулак мультымедыйны праект «Шэпт»


У трох залах галоўнага корпуса Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў знайшоў прытулак надзвычай цікавы мультымедыйны выставачны праект — «Шэпт». Экспазіцыя заснавана на аднайменнай кнізе фатографа Сяргея Лескеця, які на працягу амаль дзесяці гадоў вывучаў «містычны і заслонены ад чужых вачэй свет „вясковага вядзьмарства“», збіраў партрэты і гісторыі апошніх носьбітак закрытай традыцыі лекаваць словам. 


У якасці эпіграфа да выстаўкі ўзяты фрагмент артыкула «Замова: у бытавых і паэтычных адносінах» з «Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона». У ім апроч іншага сказана: «Замова <...> першапачаткова асноўвалася на сіле чалавечага слова, потым — на аўтарытэце таго бажаства, якое заклікалі, далей — на аўтарытэце замоўшчыка і перакананні веруючых; моц замовы ў дакладным вымаўленні пэўных слоў і выкананні суправаджальных рытуалаў». Гэтак і на актуальнай выстаўцы: без веры просьбіта (гледача) у аўтарытэт замоўшчыка (куратара) магія не адбудзецца, а калі аддацца ў яго ўладу і трымацца маршруту, то, вельмі верагодна, удасца і душу падлячыць. 

Куратарскі праект Дзіны Даніло¬віч (творца здаўна цікавіцца ўсім звышнатуральным, паранармальным), акрамя таго, што з’яўляецца паўнавартасным аўтарскім выказваннем, прызваны таксама дапамагчы паглыбіцца ў сусвет кнігі. Дзеля дасягнення гэтай мэты стваральнікі выкарыстоўваюць розныя спосабы перадачы інфармацыі: ад уласна тэксту і фатаграфій да аўдыязапісаў, ад інсталяцый да відэафрагментаў. Так, гісторыі шаптухі Алены, першай «ахвяры» этнографа, дапаўняюцца таямнічымі плёначнымі фатаграфіямі вядзьмарскай атрыбутыкі, развешанымі тут і там. 

Да таго ж чырвонымі ніткамі яны звязаны паміж сабой і ўсе разам — з дзіўным аб’ектам відавочна рытуальнага прызначэння ў цэнтры залы (выглядае, трэба сказаць, вельмі эфектна). Дарэчы, прадметы, прадстаўленыя ў выставачнай прасторы (ад макавага зерня ў прабірках і ўсёмагчымых зёлак да рукапісных нататак і такіх вось невытлумачальнай формы аб’ектаў), здабыты Сяргеем Лескецям падчас экспедыцый, таму выпраменьваюць сапраўдную магічную аўру. На працягу без малога дзесяцігоддзя «фатограф вандраваў па далёкіх вёсках, дакументаваў і архіваваў сведчанні носьбітаў „сакральных ведаў“». 

Яму выпала магчымасць запісаць рэдкія замовы (вядома, з дазволу саміх замоўшчыц). Гэтым вельмі арыгінальна скарысталася куратарка экспазіцыі «Шэпт» Дзіна Даніловіч. Так, у адной з залаў прагляд суправаджаецца заклінаннем — бабка Алена праз дыктафонны запіс замаўляе суставы і моліцца аб [вашым] здароўі. Моцнае ўражанне дорыць і апошняя зала, дзе ў поўнай меры раскрываецца мультымедыйнасць экспазіцыі. Тут гледачы змогуць на вялікім экране ўбачыць рытуал з удзелам ужо іншай знахаркі. Ды ўражвае нават не гэта — уключаецца яшчэ адзін орган пачуццяў! Апраметную цемру пакоя разбівае ўсёпранікальны пах духмяных зёлак, падвешаных пад столлю. 

Бернард ЗАТЫЛКІН

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.