Вы тут

На што варта звярнуць увагу бацькам непаўналетніх?


На падыходзе — новы навучальны год. І калі бацькі дагэтуль не паклапаціліся аб тым, каб сабраць сваіх дзяцей у школу, то ў іх яшчэ ёсць на гэта час. Аднак, думаючы пра тое, у якім адзенні школьнікі пойдуць на першы званок і што панясуць з сабой у партфелі, нельга забываць аб самым важным — нагадаць дзецям аб іх бяспецы.


Фота: pixabay.com

У гэтым бацькам дапамогуць супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Каму, як не ім, ведаць, у якія непрыемнасці, у тым ліку звязаныя з парушэннем заканадаўства, трапляюць дзеці. І далёка не заўсёды, па віне апошніх — зацікаўленых уцягнуць падлеткаў у злачынную дзейнасць нямала. Зарабляючы на гэтым вялікія грошы, злачынцы ламаюць непаўналетнім лёсы.

Пакуль пятух не клюне

— Дзеці — лёгкая здабыча для зламыснікаў, — адзначае начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Блізнюк. — І ў шэрагу выпадкаў ад таго, хто першым завядзе гутарку з падлеткам: міліцыянер, які прыйшоў у школу для прафілактычнай размовы, або прадстаўнік наркамаркету праз перапіску ў сацсетках, можна меркаваць, які шлях выбярэ неакрэплая асоба. Вядома, перасцерагаць дзяцей ад неправавых дзеянняў і расказваць аб наступствах, якія яны нясуць, павінны і бацькі. Аднак, як паказвае практыка, не ўсе з іх суадносяць небяспеку сучаснага свету са сваімі дзецьмі і, адпаведна, пазбягаюць нязручных тэм.

А пра гэта гаварыць трэба. У прыватнасці, пра шкоду наркотыкаў. Аднак калі пра трагічныя наступствы іх спажывання ўжо больш-менш зразумелі, то рэальныя тэрміны зняволення, якія свецяць у выпадку незаконнага абароту наркотыкаў, мала каго з падлеткаў палохаюць. Пакуль, як кажуць, пятух не клюне. У прыватнасці, некалькі месяцаў таму ў распаўсюджванні дурману аператыўнікі затрымалі 14-гадовую дзяўчынку. З перапіскі школьніцы з куратарам наркамаркета стала зразумелым: яна добра ўсведамляла наступствы, бо згадвала «работадаўцу» ў дачыненні да ўжо затрыманых аднагодкаў. Дзялілася яна са зламыснікамі і інфармацыяй аб прафілактычнай рабоце, якая праводзіцца інспектарам па справах непаўналетніх — адным словам, ведала, на што ішла.

Супрацоўнікі міліцыі фіксуюць новы від злачынства, у якім задзейнічаны дзеці. Непаўналетнія тэлефануюць пажылым грамадзянам і паведамляюць аб тым, што хтосьці з іх сваякоў — унучка, дачка або нехта іншы — здзейсніў цяжкае дарожна-транспартнае здарэнне. Грамадзянам даводзяць, што пацярпелы знаходзіцца ў цяжкім стане, аднак, каб пазбегнуць адказнасці, можна вырашыць пытанне — і пад такой маркай выманьваюць буйныя сумы грошай. У адносінах да некалькіх падлеткаў, якія займаліся такім відам махлярства, ужо ўзбуджаны крымінальныя справы.

Як расказвае Аляксандр Блізнюк, галоўнае, што падштурхоўвае дзяцей да парушэння закона, — жаданне мець уласныя грошы. Акрамя таго, адной з прычын, па якой непаўналетнія ідуць на злачынства, з'яўляецца іх незанятасць: асабліва гэта актуальна ў летні перыяд. А, між іншым, па заканадаўстве хлопцы і дзяўчаты могуць стаць супрацоўнікамі арганізацыі з 14 гадоў. Галоўнае — жаданне, а вакансія абавязкова знойдзецца. Спосабаў карысна правесці свабодны час нямала: можна наведваць гурткі, спартыўныя секцыі, адпачываць у аздараўленчых лагерах. Толькі на базе воінскіх часцей унутраных войскаў дзейнічае 17 ваенна-патрыятычных клубаў, дзе ўхіл зроблены на ваенную і спартыўную падрыхтоўку. Там дакладна сумна не будзе.

Многае залежыць ад бацькоў

У бліжэйшы час інспектары возьмуць удзел у бацькоўскіх сходах і педагагічных саветах, каб расказаць аб схемах уцягнення дзяцей у супрацьпраўныя паводзіны, якімі карыстаюцца зламыснікі. Раскажуць яны і аб спосабах, алгарытмах супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам. Наведаюць праваахоўнікі дзіцячыя дамы і вёскі, інтэрнаты, прыёмныя і апякунскія сем'і, а таксама сем'і, дзе непаўналетнія выхоўваюцца пры ўдзеле айчымаў. Гэтыя візіты ў першую чаргу будуць накіраваныя на папярэджанне злачынстваў супраць палавой свабоды і недатыкальнасці ў адносінах да малалетніх.

— На жаль, такіх злачынстваў выяўляецца ўсё больш, — заўважае Аляксандр Блізнюк. — Напярэдадні новага навучальнага года мы падрыхтавалі комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, якія ўжо пачалі праводзіць ва ўстановах адукацыі. У першую чаргу педагогам даводзіцца, на што звяртаць увагу ў паводзінах дзяцей. Увагу бацькоў засяроджваем на тое, з кім іх дзеці маюць зносіны, што яны робяць у інтэрнэце — часцей за ўсё, знаёмства злачынцаў са сваімі будучымі ахвярамі адбываецца менавіта ў віртуальнай прасторы. Ад бацькоў залежыць многае. Калі яны ўважлівыя да сваіх дзяцей, калі паміж імі ўсталяваны даверлівыя адносіны, трагедыі можна пазбегнуць.

Яшчэ адна з негатыўных тэндэнцый апошняга часу — павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з дзецьмі. Пры гэтым варта заўважыць, што, перавозячы дзіця ў аўтамабілі без утрымлівальнага крэсла, бацькі рызыкуюць здароўем і нават жыццём сваіх нашчадкаў. Трагічныя выпадкі з дзецьмі, якія рэгулярна фіксуцца супрацоўнікамі міліцыі, — сведчанне безадказнасці дарослых.

Апошнім часам усё часцей надзвычайныя здарэнні з дзецьмі адбываюцца і на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Нярэдка сэлфі, зробленыя на фоне цягніка, які набліжаецца, становяцца апошнімі. Няўважліва сябе паводзяць непаўналетнія і падчас пераходу чыгуначных пуцей. У гэтым плане важна разумець, што цягнік у адно імгненне не спыніцца! Машыніст, безумоўна, убачыць парушальніка, але своечасова затармазіць не паспее.

Праваахоўнікаў хвалююць і непаўналетнія кіроўцы, якіх таксама нямала. З пачатку года зафіксавана 12 выпадкаў кіравання аўтатранспартам дзецьмі. Адзін з апошніх, які адбыўся ў Бярозаўскім раёне, увогуле аказаўся рэзанансным. Пяцігадовы хлопчык сеў у аўтамабіль і павярнуў ключ запальвання, у выніку чаго пацярпела сямігадовае дзіця, якое спрабавала ў гэты час дастаць з-пад машыны кацяня. Хлопчык быў шпіталізаваны з цяжкімі траўмамі. Дзе ў гэты час былі бацькі як аднаго, так і другога хлопчыка — пытанне рытарычнае.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».