Ён — кумір соцень тысяч падлеткаў і моладзі, амбіцыйны хлопец і ўзыходзячая зорачка беларускай эстрады. Нягледзячы на юны ўзрост, у свае сямнаццаць юнак ужо паспеў прыняць удзел у папулярных тэлевізійных праектах і прэстыжных міжнародных конкурсах. Сёння Мікіта распавёў нам пра тое, як музыка становіцца часткай жыцця, ці лёгка працаваць у камандзе з зоркамі і якую галоўную параду ён хацеў бы даць нашым чытачам.
— Як музыка з'явілася ў тваім жыцці?
— Яна ўвайшла ў яго фактычна з самага нараджэння. Мая маці — музыкант, заканчвала кансерваторыю, калі я быў маленькі, працавала ў філармоніі. Таму яшчэ ва ўзросце двух-трох гадоў вельмі часта бываў на розных рэпетыцыях і ўліваўся ў артыстычнае жыццё. І ў гэты ж час ў мяне пачалі праяўляцца здольнасці да музыкі.
Таму ў пяць гадоў пайшоў на вакал, а таксама пачаў вучыцца іграць на фартэпіяна.
Першапачаткова мама не моцна хацела, каб я быў музыкантам, таму што ведала, наколькі гэта складана. Але калі ў мяне з'явілася вялікае жаданне займацца гэтым — выбар стаў відавочны.
— Ці памятаеш сваё першае выступленне?
— Яно адбылося, калі мне было пяць гадоў. А ўжо ў шэсць быў першы тэлепраект у маім жыцці «Я спяваю».
Выйшаў на сцэну Палаца Рэспублікі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра, там мы выконвалі песні на розных мовах свету.
Гэта быў каласальны досвед. І менавіта тады я ўпершыню адчуў, наколькі цудоўныя эмоцыі атрымліваеш, выступаючы перад такой колькасцю гледачоў. А мая сям'я на працягу ўсяго выступлення, як і на працягу ўсяго майго творчага шляху, мяне вельмі моцна падтрымлівала. Іх вера ў мяне вельмі дапамагае ў складаныя моманты.
— А калі зразумеў, што музыка — тваё прызванне?
— Дастаткова рана. У больш-менш усвядомленым узросце ўжо цвёрда разумеў, што гэта справа майго жыцця. І не было моманту, калі я думаў: нешта сумна мне зрабілася, а ці не заняцца чым-небудзь іншым?
Нядаўна ўсвядоміў, што самае галоўнае тое, што прымушае займацца і тварыць, — гэта сапраўдная любоў да музыкі, таму што яна — нейкая ўсёабдымная энергія, эмоцыя, стыхія, здольная змяняць жыццё людзей.
— Як вырашыў паўдзельнічаць у шоу «Голас дзеці 5»?
— Туды я трапіў спантанна. Мая бабуля ўбачыла ў інтэрнэце, што да заканчэння падачы заявак на «Голас дзеці 5» застаўся адзін дзень. Мы вырашылі паспрабаваць, асабліва нічога не чакаючы. Але неўзабаве нас запрасілі ў Маскву, і гэта быў цікавы перыяд майго жыцця. Практычна першы раз я пабываў у такім вялікім горадзе. На сляпых праслухоўваннях да мяне павярнуліся Баста і Валерый Меладзэ. Я абраў другога, бо Басту і яго творчасць у тым узросце яшчэ амаль не ведаў. На праекце мы таксама працавалі і з Канстанцінам Меладзэ. Было цікава ўпершыню пасупрацоўнічаць са знакамітымі людзьмі і зразумець, што яны такія ж, як і мы. Першы досвед на такім маштабным праекце прайшоў удала. У тройках мы зрабілі вельмі яркі нумар з песняй «Cryіn» гурта Аerosmіth.
— Калі даведаўся, што ў Беларусі адкрываецца сваё музычнае тэлевізійнае шоу, ці адразу вырашыў паўдзельнічаць?
— Калі толькі анансавалі «Х-фактар», для нашай краіны гэта была сапраўды грандыёзная падзея. Але ў той момант я не падыходзіў па ўзросце, і тады ў мяне яшчэ актыўна праходзіла ломка голасу. На жаль, пачалася пандэмія, і праект прыйшлося перанесці. Даведаўся аб тым, што тэлевізійнае шоу зноў аднаўляецца, зусім выпадкова. На адным канцэрце размаўлялі з Андрэем Коласавым, ён мне і паведаміў гэтую навіну, параіў не ўпускаць магчымасць. Я рашыўся! І зусім не дарэмна.
— Раскажы пра свае ўражанні ад удзелу ў шоу...
— У «Х-фактара» вельмі цікавы фармат. На праекце правяраюцца не толькі твае вакальныя і артыстычныя даныя, але і характар, стойкасць, уменне трымаць сябе падчас стрэсавых сітуацый. Наогул, я лічу, што гэтае шоу вельмі моцна загартавала мяне. Я рады, што ўдалося прабіцца праз чатыры тысячы прэтэндэнтаў, трапіць у трэніровачны лагер, а затым у каманду Вольгі Бузавай. Разам мы прайшлі доўгі шлях на праекце і дабіліся добрых вынікаў.
— Ці складана было працаваць з такой «зорнай» настаўніцай?
— Мне было прыемна пазнаёміцца з Вольгай Ігараўнай Бузавай. Яна адразу пачала праяўляць клопат аб сваіх удзельніках, змагалася за нас, сваю каманду, да канца ў любых сітуацыях. Яшчэ мяне ўражвала яе шчырасць. Якая яна была на камеры ў эфіры, такой жа была за кулісамі пры асабістых стасунках, а гэта каштоўная і рэдкая якасць у людзях. А яшчэ падкупляла яе непадробная цікавасць да гэтага шоу.
— З якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца?
— Самым складаным і ў той жа момант самым цікавым былі прамыя эфіры. Нервы абвостраныя да мяжы, велізарны ціск як з боку настаўнікаў, так і з боку гледачоў, якія дасылалі сотні паведамленняў падчас шоу кожны дзень. За час праекта былі частыя перапады настрою, бо за тыдзень трэба было вывучыць новую песню, паставіць нумар, а ў апошніх эфірах — два нумары за тыдзень. І ў пэўны момант падавалася, што часу не хопіць, што нічога не атрымаецца. Але я не зламаўся і даказаў сабе і ўсім, на што здольны.
— А што было самым запамінальным?
— Незабыўнымі былі выхады на сцэну ў прамым эфіры, асабліва першы эфір пасля дастаткова доўгага перапынку на вялікай сцэне. Пасля выступлення не мог стрымаць эмоцый — настолькі гэта была неверагодная энергія і шчасце ад працэсу.
— Як змянілася тваё жыццё пасля «Х-фактару»?
— Пасля праекта я актыўна займаюся творчасцю і, спадзяюся, лета атрымалася вельмі прадукцыйным. Выпусцілі адну песню «Крыжыкі-нулікі», яна ўжо некалькі месяцаў гучыць на ўсіх радыёстанцыях. У хуткім часе выйдзе песня «Паўкрока да цябе», кантрасная кампазіцыя ў адносінах да першай песні. Цяпер эксперыментую з рэпертуарам, шукаю сябе. Пачаўся тур па Беларусі, ды і шмат канцэртных выступленняў не толькі ў межах яго. Планую вучыцца новаму і ўзнімаць планку якасці музыкі і індустрыі ў цэлым у Беларусі.
— Якія захапленні, акрамя музыкі, у цябе ёсць?
— Яна займае амаль усё жыццё. Я спяваю, іграю на фартэпіяна, вельмі шмат слухаю музыку. З іншых хобі: люблю кнігі, футбол, кіберспорт, але ў прынцыпе часу на гэта амаль не хапае.
— Якую параду хацеў бы даць моладзі?
— Не слухайце, калі вам кажуць, што тое, што вы робіце, няправільна і ў вас нічога не атрымаецца. Можа, і не атрымаецца, але вы хоць бы паспрабуеце і не будзеце потым шкадаваць пра ўпушчаную магчымасць. Часта бывае, што музыку і артыстаў, якіх не разумеюць сёння, могуць зразумець праз пэўны час, таму набярыцеся цярпення, вучыцеся, любіце сваю справу і верце ў сябе.
Ангеліна НОВІКАВА
Фота дадзены героем
Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.
Ацяпляльныя «лайфхакі» вяскоўцаў.