Вы тут

Лукашэнка: «Сваё, сваё беларускае, і яшчэ раз сваё»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў паездку ў Гродзенскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў вытворчы кааператыў імя В. І. Крэмко. Гаспадарка вядомая не толькі ў рэгіёне, але і ўвогуле ў краіне — адным словам, узорная. І гэта з першых хвілін свайго знаходжання на гродзенскай зямлі заўважыў беларускі лідар. Менавіта такой, па яго словах, павінна быць сельская гаспадарка ў нашай краіне.


Праўда, на адзін недахоп, які не схаваўся ад вопытнага вока кіраўніка дзяржавы, ён усё ж такі ўказаў — адстаюць у вытворчым кааператыве з уборкай саломы, а адпаведна і з дыскаваннем глебы. Гэта, напэўна, адзінае, за што можна было пакрытыкаваць. Аднак Прэзідэнт не стаў. Гэта, як кажуць, не той выпадак.

І людзі адказныя, і кіраўнікі моцныя

У цэлым беларускі лідар убачыў, што на тэрыторыі заходняй Беларусі зямля для пасеву азімых рыхтуецца. Якія тэмпы — справа іншая. Аляксандр Лукашэнка перакананы: гродзенцы пасеюць своечасова. Кажучы пра вытворчы кааператыў імя В. І. Крэмко, Прэзідэнт не скупіўся на пахвалу: «І людзі тут адказныя, і кіраўнікі заўсёды былі тут моцныя». 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, падлятаючы сюды, ён успамінаў сярэдзіну 1990-х, калі разваліўся Савецкі Саюз. Гродзенская вобласць у савецкія часы была найлепшай у СССР. Сюды прыязджалі і ў мясцовых спецыялістаў пераймалі вопыт. «Гродзеншчына была лепшай ва ўсім Саюзе, — узгадаў кіраўнік дзяржавы. — Я захапляўся вамі, як вы працуеце, і спрабаваў усё гэта (вопыт. — Зв.) перацягнуць туды, на самы-самы ўсход... І я вучыўся тут, у Гродзенскай вобласці». З развалам СССР рэгіён было не пазнаць, і найлепшая вобласць імгненна пераўтварылася ў найгоршую. Давялося прыводзіць рэгіён"да прытомнасці«. 

Сялянам — жыллё, вытворцам — фірменны гандаль 

Беларускі лідар пацікавіўся ў кіраўніка гаспадаркі Сяргея Крэмко, які ў свой час пераняў эстафету кіравання вытворчым кааператывам ад свайго бацькі, ці актуальная для адной з найлепшых гаспадарак краіны праблема жылля. Пачуўшы, што яна, хоць і стаіць не востра, але ўсё ж такі ёсць, Прэзідэнт даручыў будаваць для працаўнікоў сяла арэндныя дамы. У сувязі з гэтым у бліжэйшы час будзе разгледжана пытанне, як зрабіць таннейшым лес, які будзе выкарыстоўвацца для ўзвядзення дамоў у сельскай мясцовасці: «Самае дзіўнае, лесу мора, часам не паспяваем яго перапрацоўваць, а калі перапрацавалі, распілілі на дошку, і вывезлі за мяжу: немцы робяць мэблю і ў нас яе прадаюць, да прыкладу, або палякі. А нашы людзі павінны плаціць шалёныя грошы для таго, каб драўляны дом пабудаваць». Прэзідэнт дадаў, што гэтыя дамы павінны быць арэнднымі. А то, як у нас часта бывае, чалавек пабудуецца за капейкі, а то і ўвогуле за бясплатна, а потым шукае іншае месца працы. 

Таксама кіраўнік вытворчага кааператыва Сяргей Крэмко расказаў Прэзідэнту аб такой праблеме, як нерэнтабельнасць фірменнай прадукцыі. На балансе гаспадаркі — чатыры магазіны з уласнай прадукцыяй, якую апошнім часам стала нявыгадна прадаваць. На гэты конт меркаванне ў Аляксандра Лукашэнкі адназначнае: «Такім гаспадаркам, якія маюць сваю перапрацоўку і гандаль, трэба даваць больш магчымасцяў». У прыватнасці, калі вытворчаму кааператыву патрэбны гандлёвыя кропкі ў Мінску, дзяржава абавязкова падтрымае — канкрэтныя даручэнні ўжо дадзены кампетэнтным асобам. Аднак гэта абсалютна не адзначае, што кожны можа разлічваць да падобныя прывілегіі. «У нас сельская гаспадарка льгот мае дастаткова, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Як не кажы, але ўвага сельскай гаспадарцы ўдзяляецца вялікая. Цяпер сельская гаспадарка знаходзіцца ў больш выгадных умовах, чым прамысловасць. У сувязі з гэтымі санкцыямі і іншым». 

Такім чынам, сельская гаспадарка ад дзяржавы атрымлівае шэраг прэферэнцый. Аднак, па словах Прэзідэнта, далей льгатаваць сельскую гаспадарку небяспечна. Інакш — чакаць дысбалансу ў эканоміцы краіны. 

У прыярытэце — тэхналогіі

Падчас наведвання кіраўніком дзяржавы машыннага двара вытворчага кааператыва імя В. І. Крэмко міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло далажыў аператыўную інфармацыю аб ходзе ўборачнай кампаніі. На сённяшні дзень сабрана звыш 6 мільёнаў тон збожжа. Увогуле прагноз добры. «Гэта залаты запас, — канстатаваў Прэзідэнт. — У будучыні не толькі малако, мяса, а і зерне, перш за ўсё збожжа, будзе мець прыстойную цану». 

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік давёў Прэзідэнту актуальную інфармацыю па жніве ў рэгіёне. Па словах губернатара, на бягучы момант (на 18 жніўня) на тэрыторыі вобласці ўбраны 71 % плошчаў. «Завершана ўборка рапсу, — далажыў ён. — Атрымана рэкордная ўраджайнасць рапсу за ўсю гісторыю вырошчвання культуры. Па ўраджайнасці самы вялікі прырост атрыманы па азімым трыцікале, а таксама па яравым і азімым ячмені».

У чарговы раз кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на гэтай культуры і назваў усе перавагі вырошчвання азімага ячменю. Пры гэтым парэкамендаваў яго вырочваць тым, каму зручна. «Я проста перавагі называю, не хачу, каб усе пад казырок узялі, — заўважыў Прэзідэнт. — Каб не падумалі, што я насаджаю гэтую культуру. У кожнай культуры ёсць мінусы. Так, ячмень больш далікатная культура, не заўсёды атрымаецца. Аднак атрымаецца, калі мы тэхналагічна правільна будзем да гэтага падыходзіць». І кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад уласны вопыт, калі ўраджайнасць гэтай культуры сёлета на эксперыментальных палях Прэзідэнта склала рэкордныя 74,2 цэнтнера з гектара. Каб дасягнуць такога высокага выніку, па яго словах, трэба выконваць тэхналогіі і падабраць добрае поле.

Пры гэтым, аналізуючы ўборачную кампанію ў цэлым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адчувае, як у добрым сэнсе «стогне» краіна — уборка ідзе напружана. Акрамя таго, Прэзідэнт паставіў задачу максімальна запоўніць сховішчы краіны пладоваагародніннай прадукцыяй, каб у першую чаргу забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку. «Мы павінны спажываць сваю бульбу, а не егіпецкую, — заўважыў ён. — Я нічога не маю супраць Егіпта. Але з Егіпта месяц трэба везці бульбу, вырашчаную ў цяпліцах».

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з новымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі для інтэнсіўных тэхналогій апрацоўкі сельскагаспадарчых культур, якая знаходзіцца на балансе прадпрыемства. Таксама караўніку дзяржавы прадэманстравалі ўзоры сельгастэхнікі вытворчасці прадпрыемстваў Гродзеншчыны, распрацаванай у межах праграмы імпартазамяшчэння. Выснова такая — за гэтым будучыня. 

Наведаў кіраўнік дзяржавы і фруктова-ягадны сад, дзе азнаёміўся з інтэнсіўнымі тэхналогіямі пры вырошчванні ягад і садавіны. У прыватнасці, сад абсталяваны сучаснай сістэмай паліву. У зямлі знаходзяцца датчыкі, якія нясуць інфармацыю аб вільготнасці глебы. Адпаведнае апавяшчэнне паступае галоўнаму аграному на мабільны тэлефон, і ён ажыццяўляе рэгуляванне інтэнсіўнасці паліву. 

Вядучы аграном-садавод вытворчага кааператыва імя В. І Крэмко Генрых Санько працуе ў гэтай сферы 29 гадоў. Каму як не яму адказваць на пытанні Прэзідэнта. Ужо ў размове з журналістамі вядучы аграном-садавод заўважае, што, каб дабіцца добрага ўраджаю тых жа яблыкаў, трэба выконваць усю тэхналогію вырошчвання: гэта і падбор сартоў, і сілкаванне, і абарона ад шкоднікаў, а таксама многае іншае. Адным словам, у гэтай гаспадарцы ёсць чаму павучыцца. Іх вопыт ужо запатрабаваны пры закладцы падобных садоў у іншых рэгіёнах краіны. Спецыялісты гатовы ім дзяліцца. 

Паказалі Прэзідэнту і тое, як у гаспадарцы вырошчваюць сою. Пра рэнтабельнасць гэтай культуры развязалася дыскусія, галоўную выснову з якой зрабіў кіраўнік дзяржавы — трэба быць гатовым да заўтрашняга дня, а ў сувязі з гэтым чаму б і не эксперыментаваць.

Вырошчваць сваё

Пасля дэталёвага знаёмства з магчымасцямі вытворчага кааператыва імя В. І. Крэмко, Прэзідэнт правёў нараду па пытанні закладкі садоў і забеспячэння ўнутранага рынка садавінай і агароднінай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што традыцыйна ў час уборачнай кампаніі розным напрамкам АП надаецца павышаная ўвага. У Квасоўцы ў цэнтры ўвагі — беларускія сады.

«Маё глыбокае перакананне: хлеб, мяса, малако, гародніна і, зразумела, садавіна, якая расце ў нас, на стале па максімуме павінны быць айчыннай вытворчасці. Сваё, сваё беларускае, і яшчэ раз сваё. І жыццё шматразова пацвярджала правільнасць такога падыходу», — упэўнены Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, нельга сядзець і чакаць, пакуль сюды прывязуць яблыкі з Польшчы ці Малдовы. Як паказвае час, можна і не дачакацца. Аляксандр Лукашэнка арыентуе на тое, што трэба вырошчваць самім. «І, як мы бачылі сёння, пры гаспадарскім падыходзе і выкананні тэхналогій гэта выдатна атрымліваецца. Прычым не толькі на Гродзеншчыне», — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў: яго пераконваюць у тым, што цудоўныя сады ёсць ва ўсіх рэгіёнах. Але іх відавочна не хапае. «З года ў год я даручаю ўраду і аблвыканкамам павялічыць плошчы закладкі прадуктыўных сартоў пладова-ягадных культур, патрабую адраджаць сады», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У рамках Дзяржпраграмы «Аграрны бізнес» з рэспубліканскага бюджэту на названыя мэты пастаянна выдзяляюцца немалыя грошы. У прыватнасці, на 2022 год — каля 1,6 мільёна рублёў. Але тым не менш плошча садоў штогод скарачаецца. «Але калі на скарочанай плошчы мы будзем вырошчваць у тры-чатыры разы больш прадукцыі — калі ласка. Але пакуль такога няма, таму трэба і на плошчы глядзець акуратна», — папярэдзіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў свае словы лічбамі і фактамі. Таксама адзначаецца зніжэнне прадуктыўнасці садоў: напрыклад, за 2021 год у сярэднім па краіне ўраджайнасць пладоў і ягад склала 38,5 ц/га, што на 2% менш у параўнанні з 2020 годам.У гэты ж час у сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках — 154 цэнтнеры з гектара. А гэта ў чатыры разы вышэй! Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, у чым справа. «Зразумела, што асобныя паўднёвыя сарты з-за кліматычных умоваў не прыжываюцца. Але ў нас жа ёсць інстытут пладаводства і тры навуковыя ўстановы, якія займаюцца селекцыйнай работай, а таксама адаптацыяй замежных сартоў да нашых умоў», — нагадаў ён.

Паводле інфармацыі Нацыянальнай акадэміі навук, работа па стварэнні новых сартоў ідзе пастаянна. У дзяржаўны рэестр уключана амаль 150 найменняў, з іх трэць — яблыні. Усё гэта дазваляе ў поўным аб’ёме забяспечыць галіну пладаводства ўласным матэрыялам пладовых і ягадных культур.

«Акрамя таго, распрацаваны і тэхналагічныя рэгламенты апрацоўкі, проста іх толькі трэба выконваць! Мы пастаянна гаворым аб тым, што тэхналогіі ўсюды. А садоўніцтва ўвогуле не церпіць парушэння тэхналогій. Там, калі нешта не зроблена, нічога цябе не выратуе. Людзі старэйшыя не маглі і ўявіць, што ў нашым клімаце будуць расці кавуны, дыні, персікі, буякі. А сёння — калі ласка. І на асабістых падворках, і ў фермерскіх гаспадарках. Трэба больш актыўна падцягвацца таксама вялікім сельгаспрадпрыемствам. Прыклад сёння бачылі, і ён не адзіны», — сказаў Прэзідэнт.

Жыхары Беларусі з задавальненнем купяць айчыннае 

Набліжаецца час уборкі пладоў. І калі ў канцы лета яблыкі каштуюць няшмат, дык зімой, а тым больш вясной на іх зусім іншая цана. «Трэба толькі ўмець захаваць. І вы атрымаеце 150-200 працэнтаў рэнтабельнасці, ніякія вуглевадароды побач не стаялі. Зімовых сартоў у нас дастаткова. І жыхары Беларусі з задавальненнем купяць айчыннае па разумнай цанее. А на пастаўках за мяжу мы можам добра зарабіць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу на важнасць айчыннай прадукцыі. Ён звярнуўся да ўсіх губернатараў. «Усё, што вырасціце і хочаце прадаць, павінна быць закантрактавана і прададзена, гэта значыць дамовы заключаны з гандлем. Не прададзена — грошы плаціць будзе той, хто не ўзяў, або, хто загубіў, калі ў сховішчы прадукцыя прападзе. Справядліва? Справядліва», — сказаў ён.

Прэзідэнт паставіў перад урадам канкрэтныя пытанні. Па-першае, якія меры прымаюцца па закладцы прадуктыўных садоў пладова-ягадных культур у рэспубліцы? Па-другое, як ідзе работа навукоўцаў па вывядзенні сучасных сартоў пладова-ягадных культур беларускай селекцыі і стварэнні тэхналогій у інтэнсіўным садоўніцтве? Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта садоўнікі прадэманструюць яму на радзіме. Па-трэцяе, наколькі падрыхтаваны сховішчы для вырашчанага ўраджаю? Па-чацвёртае, які прагноз па аб’ёмах закладкі пладова-ягаднай прадукцыі на міжсезонне для ўнутранага спажывання, а таксама паставак на экспарт?

З дакладам аб развіцці садаводства ў краіне выступіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Пасля нарады Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Квасоўка. Вяскоўцы сустрэлі кіраўніка дзяржавы на выхадзе з офіснага будынка вытворчага кааператыва. Большая частка жыхароў Квасоўкі працуе на прадпрыемстве. «Дзякуй вам! Малайцы! І вось тыя кіраўнікі, якія сёння былі, — гэта найлепшае, што ёсць у краіне. Лепш я нідзе не бачыў. І мы будзем рабіць усё, каб так было ўсюды», — сказаў Прэзідэнт. 


У тэму 

Нагода выйсці з зоны камфорту

Пасля нарады з Прэзідэнтам віцэ-прэм’ер Леанід Заяц расказаў, як будзе вырашацца пытанне закладкі садоў і забеспячэння ўнутранага рынку садавіной. Ён падкрэсліў, што на радзіме Героя Беларусі Віталя Крэмко паказана, як правільна інтэнсіўна развіваць сельскую гаспадарку.

«Прэзідэнтам была пастаўлена канкрэтная задача — у бліжэйшую пяцігодку неабходна стварыць інтэнсіўныя сады ў краіне для таго, каб мы маглі вырабляць у сябе не менш за мільён тон пладовай прадукцыі. Тым больш мы бачым, што ідзе сур’ёзнае пацяпленне клімату і ў тых зонах, дзе раней па вызначэнні было немагчыма атрымліваць чарэшню, абрыкосы, ужо можна вырошчваць тыя культуры, якія раней мы завозілі па імпарце з Сярэдняй Азіі. Гэта пасільная задача, тым больш што ў нас напрацаваны практычны вопыт і ў фермерскіх гаспадарках, у нас ёсць свой інстытут харчавання, які ў Беларусі не проста захаваўся, але і развіўся. Маючы вопыт практычны і навуковы, нам неабходна зараз інвентарызаваць усе гаспадаркі нашай краіны. І ўжо на базе закладзеных садоў нам трэба дапрацаваць тэхналогіі, а менавіта кропельнае паліванне, з тым разлікам, каб атрымаць максімальную колькасць пладоў. Натуральна, інтэнсіўныя сады з абавязковым паліву. Упэўнены, што гэта дасць нам вельмі сур’ёзны прырост гэтай прадукцыі ў любое надвор’е», — расказаў Леанід Заяц. 

Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік падкрэсліў, што ўсе праблемы, якія ёсць у сельскай гаспадарцы вобласці абсалютна вырашальныя. «Наша асноўная задача — гэта дыктатура тэхналогій, працоўная дысцыпліна. І дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто добра працуе. Каб нашы гаспадаркі не проста былі нагодай для гонару, але яшчэ і забяспечвалі высокую эканамічную эфектыўнасць працы», — сказаў ён.

Губернатар падкрэсліў, што санкцыі — гэта дадатковы выклік, але гэта нагода многім работнікам выйсці са звыклай зоны камфорту і пачаць шукаць новыя лагістычныя ланцужкі, новыя рынкі збыту, новую запатрабаваную прадукцыю. «І тая тэхніка, якую мы паказвалі, і якая зроблена па праграме імпартазамяшчэння і запатрабавана сялом, мае добры экспартны патэнцыял. Гэтыя санкцыі прымусілі нас павялічваць працэс лакалізацыі», — заўважыў Уладзімір Каранік. 

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Гродзенскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».