Вы тут

Карэспандэнт Дзмітрыя Ліхачова: Даследчык Багдановіча і «Слова аб палку Ігаравым»


Пройдзе год — і 9 жніўня 2023 года ў календары як юбілейная дата будзе пазначана 130-годдзе з дня нараджэння Васіля Фёдаравіча Мачульскага (1893 — 1973). Хто ж гэта асоба, што імя яго не сыходзіць са старонак энцыклапедый, даведнікаў?..


У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва матэрыялы, якія маглі б праліць крыху святла на асобу нашага земляка — ураджэнца сучаснай Дзяржыншчыны (па ранейшаму адміністрацыйнаму ўладкаванню, нарадзіўся Васіль Мачульскі ў вёсцы Навасады Койданаўскай воласці Мінскага павета Мінскай губерні, Расійская імперыя). Пазначаны гэты фонд нумарам 317, вопіс 1; усяго — 25 адзінак захоўвання. Сярод іншых матэрыялаў — два лісты ад акадэміка Дзмітрыя Сяргеевіча Ліхачова (1906 — 1999). Нагадаем, што Дзмітрый Ліхачоў — славуты філолаг, культуролаг, мастацтвазнаўца, доктар філалагічных навук. Акадэмік Акадэміі навук СССР. Герой Сацыялістычнай Працы. Старшыня Савецкага (пасля — Расійскага) фонда культуры ў 1986 — 1993 гг. Аўтар кніг «Культура рускага народа X — XVII стагоддзяў», «Слова аб палку Ігаравым» — гераічны пралог рускай літаратуры«, «Тэксталогія: На матэрыяле рускай літаратуры X — XVII стагоддзяў», «Паэтыка старажытнарускай літаратуры», «Чалавек у літаратуры Старажытнай Русі»... Надзвычай высокім быў аўтарытэт Дзмітрыя Ліхачова як даследчыка «Слова аб палку Ігаравым»...

Сярод іншых матэрыялаў у архіве беларускага і рускага літаратуразнаўца Васіля Мачульскага — два кароткія да яго лісты Дз. Ліхачова. Адзін датаваны 1 верасня 1961. Чытаем: «Шматпаважаны Васіль Фёдаравіч! Ваша прапанова вельмі цікавая. Адпраўце, калі ласка, Ваш артыкул рэдактару чарговага тома Трудов ОДРЛ — Льву Аляксандравічу Дзмітрыеву на адрас Інстытута руск. літаратуры (Л-д, Наб. Макарава, 4). З павагай Д. Ліхачоў».

І другі ліст — ад 4 мая 1965 г. : «Шматпаважаны Васіль Фёдаравіч! Вялікі Вам дзякуй за адбіткі Вашай цікавай і важнай для вывучэння Слова аб палку Ігаравым працы.

Я не напісаў Вам адразу ж, паколькі ў мяне знік Ваш адрас. З задавальненнем пасадзейнічаю друкаванню Вашых артыкулаў. Але я не ведаю яшчэ іх характара і ступені папулярнасці (на жаль, апошняе пытанне важнае). Можа быць, парэкамендаваць іх у «Русскую литературу»?

Яшчэ раз — вялікі Вам дзякуй.

Са шчырай павагай Дз. Ліхачоў».

Магчыма, Мачульскі і Ліхачоў мелі не толькі віртуальнае знаёмства... У 1958 годзе Васіль Фёдаравіч удзельнічаў у IV Міжнародным з’ездзе славістаў. Праходзіў гэты прадстаўнічы форум у Маскве. Якраз тады і быў заснаваны Міжнародны камітэт славістаў. Папярэднія з’езды — першы ў Празе, Брно і Браціславе (Чэхаславацкая Рэспубліка) у 1929-м — адбыліся да ўзнікнення камітэта славістаў... У 1952 — 1971 гг. наш зямляк выкладаў на кафедры рускай літаратуры філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

... Шкада, што Беларусь пазбавілася такога ўдумлівага даследчыка. Несумненна, склаўся б яго лёс неяк іначай, Васіль Мачульскі зрабіў бы нямала ў галіне беларускага літаратуразнаўства. Пацвярджэннем на тое яго біяграфія ў маладыя гады. Родам з сям’і святара (бацька працаваў свяшчэннікам у Навасадах і ў Магільна, на Уздзеншчыне), Васіль з 1907 года вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі. Рэктарам на той час у гэтай славутай навучальнай установе, вытокі якой у 1785 годзе, быў Андрэй Данілавіч Юрашкевіч (1854 — пасля 1923), прапаведнік, публіцыст. Дарэчы, сярод выпускнікоў семінарыі — і іншыя беларускія пісьменнікі, літаратуразнаўцы, яркія вучоныя: крытык Адам Бабарэка (1899 — 1938), гісторык, археолаг Уладзімір Завітневіч (1853 — 1927), этнограф, славіст Яўхім Карскі ( 1860 — 1931), географ, эканаміст, краязнаўца Аркадзь Смоліч (1891 — 1938), пісьменнік, этнограф Павел Шпілеўскі (1823 — 1861)... Не скончыўшы семінарыю, Мачульскі паступіў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. А з 1912 г. вучыўся ўжо на славяна-рускім аддзяленні філалагічнага факультэта гэтага ж універсітэта. У 1915 годзе перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1917 годзе. У 1918 — м Васіль Фёдаравіч уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду. Працуе ў Беларускім нацыянальным камітэце ў Маскве.

У 1919 — 1924 гг. В. Мачульскі выкладае ў Слуцку. Як вядома, у 1921 г. на кароткіх настаўніцкіх курсах у Слуцку выкладаў і паэт Якуб Колас. Пасля прыязджаў аўтар «Новая зямлі» у Слуцк і для працы на настаўніцкіх палітыка-педагагічных курсах у 1923 годзе. Відавочна, што ў той час адбылося і знаёмства крытыка і паэта... 15 снежня 1932 г. Васіль Мачульскі выступіць з артыкулам «Да 50-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа» ў газеце «За пралетарскую навуку».

У 1925 — 1933 гг. В. Ф. Мачульскі — навуковы супрацоўнік Інбелкульта, адначасова ( з 1929 г.) — выкладчык Камуністычнага ўніверсітэта ў Мінску. Яшчэ ў 1929 годзе Васіль Фёдаравіч падрыхтаваў працу «Да пытання аб беларускім элеменце ў «Слове аб палку Ігаравым». Цікавіла вучонага і дарэвалюцыйная літаратура, цікавілі творчасць А. І. Вярыгі-Дарэўскага, А. Ф. Рыпінскага, В. І. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, іншых пісьменнікаў XIX стагоддзя. Васіль Фёдаравіч удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання двухтомнага Збору твораў Максіма Багдановіча. У архіўным фондзе захоўваюцца водгукі А. М. Вазнясенскага, М. К. Гудзія і іншых аўтарытэтных вучоных, літаратуразнаўцаў на даследванні В. Ф. Мачульскага, прысвечаных «Слову аб палку Ігараве». У 1933 годзе выйшлі ў свет адразу дзве кнігі літаратуразнаўца — «Да пытаньня аб беларускім элемэнце ў «Слове аб палку Ігаравым» і «Тэхніка работы з кнігай».

А 21 лютага 1933 года рашэннем Прэзідыўма Беларускай Акадэміі навук В. Мачульскі быў звольнены з Інстытута літаратуры і мастацтва як «класава-варожы элемент». Наскокі на літаратуразнаўцу рабіліся і раней: 10 сакавіка 1931 года газета «Савецкая Беларусь» друкуе артыкул Іларыя Барашкі "Класавы вораг у тоге "вучонага"...Васіль Фёдаравіч, пазбаўлены магчымасцяў працаўладкавацца па спецыяльнасці на радзіме, пакідае Беларусь. З 1934 г. наш зямляк выкладае ў розных ВНУ Масквы, працуе нават дырэктарам і настаўнікам у агульнаадукацыйнай школе. Зразумела, у мінулым застаюцца і зацікаўленні гісторыяй беларскай літаратуры. На крайні выпадак — магчымасці ля распрацоўкі ранейшых любімых тэмаў ужо далёка не самыя спрыяльныя...

У 1941 годзе з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пажылы ўжо літаратуразнаўца (было Мачульскаму на той час 48 гадоў) абараняў Маскву ад фашысцкага нашэсця ў складзе народнага апалчэння...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».