Вы тут

Рэстаўрацыя ў Свята-Раство-Багародзічным манастыры падыходзіць да завяршэння


Рэстаўрацыйныя работы ў асноўным храме Свята—Раство—Багародзічнага манастыра (былога комплексу іезуітаў) ў Юравічах падыходзяць да завяршэння.


Адзін з буйнейшых храмаў Гомельскай вобласці пабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі. Гісторыя манастыра цесна звязана з абразам Божай Маці Міласэрднай. Па легендзе манаху, які спыніўся на адпачынак у Юравічах, явілася Багародзіца і папрасіла, каб ён пакінуў у мястэчку абраз, з якім падарожнічаў. Так тут спачатку быў узведзены драўляны, а пасля мураваны храм. Свяшчэннікі кажуць, што манастыр стаў «абрамленнем» для абраза.

Храм у гонар Раства Найсвяцейшай Багародзіцы быў пабудаваны ў 1746 годзе. У паўднёвай вежы размяшчалася званіца, а ў паўночнай — зроблены па спецзаказе гадзіннік з боем. Вакол храма рос цудоўны сад. Пры манастыры дзейнічала школа, бібліятэка, працаваў і школьны тэатр.

Захавалася ўязная брама і сцены, узведзеныя вакол манастыра.

З Божай Маці Юравіцкай звязана багата гісторый аб цудах, якія яна здзяйсняла. У радзівілаўскай друкарні ў Нясвіжы нават была надрукавана кніга, якая распавядала пра палескую святыню і цуды, якія яна явіла. Пакланіцца абразу ішлі паломнікі з розных куткоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Але ў ХІХ стагоддзі абраз быў вывезены ў Кракаў, а ў Беларусі захоўваецца яго спіс, на які, людзі вераць, распаўсюдзіліся дзівосныя якасці.

Ёсць у Свята-Раство-Багародзічным манастыры яшчэ адзін загадкавы абраз. Калі яго знайшлі падчас рэстаўрацыйных работ, на чорнай паверхні толькі ў адным месцы праступаў лік. Сёння абраз вісіць у храме і з кожным годам выява становіцца больш бачнай. Даследчыкам яшчэ трэба разгадаць, якая гісторыя стаіць за гэтым прадметам.

У межах семінара Нацыянальнага агенства па турызме, прысвечанага турыстычнаму патэнцыялу Гомельскай вобласці, карэспандэнты «Звязды» змаглі паглядзець на работу рэстаўратараў і спусціцца ў падвальныя памяшканні былога езуіцкага калегіума.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».