Вы тут

Выкарыстанне біягазу дапамагае вырашыць шмат экалагічных праблем


У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўпэўненыя: аднаўляльная энергетыка з выкарыстаннем энергіі біягазу мае найбольшы экалагічны складнік у параўнанні з іншымі відамі АКЭ.


Біягаз атрымліваюць з біямасы — адходаў жывёлагадоўлі і раслінаводства, малочнай і харчовай прамысловасці і іншай арганікі.

Угнаенні з адходаў

Тэхналогія анаэробнага метанавага зброджвання дапамагае вырашаць розныя экалагічныя, эканамічныя і энергетычныя праблемы аграпрамысловага комплексу.

— Яна выключае бактэрыяльнае і хімічнае забруджванне наваколля, дазваляе скарачаць выкіды парніковых газаў у атмасфернае паветра, атрымліваць з біямасы і выкарыстоўваць каштоўныя арганічныя ўгнаенні, абагачаныя злучэннямі калію, азоту і фосфару, — тлумачыць Наталля Кліменка, кансультант упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Мінпрыроды. — Так, 8 біягазавых установак агульнай магутнасцю не больш за 10 МВт, пабудаваныя ў 2018—2022 гадах у Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, дазволілі перапрацаваць летась больш за 600 тысяч тон цвёрдага гною і больш за 800 тысяч м3 жывёлагадоўчых сцёкаў. Пры гэтым атрымана і выкарыстана 93 млн м3 біягазу і выпрацавана каля 85 млн кВт·г электраэнергіі.

Небяспечны, але каштоўны рэсурс

Атрымаць біягаз можна таксама пры дэгазацыі палігонаў цвёрдых камунальных адходаў, што нясе шэраг пераваг.

  • Метан, які ўтвараецца на палігоне ЦКА, дае ў 25 разоў больш парніковага эфекту ў параўнанні з СО2. Вытворчасць біягазу з метану вырашае дадзеную праблему.
  • Звалачны газ мае непрыемны пах і нясе рызыку ўзгарання ці выбуху. Летась пажары былі зафіксаваны на некалькіх палігонах ЦКА, дэгазацыя якіх не праводзіцца. Між тым, пасля ўводу ва эксплуатацыю ўстановак на іншых палігонах пажары на іх спыніліся.
  • Калі звалачны газ забіраецца з палігона, вызваляецца месца для адходаў. Гэта эканоміць бюджэтныя сродкі на будаўніцтва новых аб'ектаў.
  • Атрымліваючы энергію з мясцовых адходаў, можна зменшыць залежнасць ад імпартнага паліва, напрыклад, прыроднага газу.

Сёння звалачны газ выкарыстоўваецца на гарадскіх палігонах ЦКА Мінска («Паўночны», «Трасцянецкі», «Трасцянец»), Віцебска, Гомеля, Магілёва, Оршы, Полацка. Як расказала Наталля Кліменка, дзякуючы ўстаноўцы тэхналагічнага абсталявання на сталічных палігонах аб'ём утылізацыі звалачнага газу вырас з 19,5 да 30 млн м3 у год (з 2014 да 2021 года). Гэта дапамагло зменшыць небяспеку выбухаў і пажараў, палепшыць экалагічную сітуацыю ў рэгіёне і знізіць некантралюемыя выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра.


У краіне таксама рэалізоўваецца шэраг праектаў, у межах якіх выпрацоўваюць біягаз з іншых крыніц. З асадку сцёкавых водаў на ачышчальных збудаваннях яго здабываюць на Баранавіцкім КУВП «Водаканал» і ААТ «Слонімскі водаканал». На Брэсцкім смеццеперапрацоўчым заводзе — з ЦКА, глею і асадку сцёкавых водаў. З адходаў вытворчасці біягаз атрымліваюць у Вілейскім філіяле ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» і ААТ «Мілкавіта».

Падтрымаць зялёную энергетыку

Нягледзячы на значную сыравінную базу для атрымання біягазу, сумарная электрычная магутнасць біягазавых установак у Беларусі складае менш за 50 МВт. Большасць з іх сканцэнтравана ў Мінскай вобласці.

— Праекты па атрыманні і выкарыстанні біягазу — самыя затратныя як па капітальных укладаннях, так і па эксплуатацыйных расходах, — тлумачыць прадстаўнік Мінпрыроды. — Таму вельмі важная дзяржаўная падтрымка такіх праектаў на першым этапе іх рэалізацыі. І яна прадугледжана — Законам «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі», а таксама падат-
ковымі льготамі. Яны датычацца падатку на самі ўстаноўкі АКЭ, на зямельныя ўчасткі, дзе яны знаходзяцца, а таксама экалагічнага падатку за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра.

Андрэй Худык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Важнасць развіцця выкарыстання АКЭ ў нашай краіне не выклікае ніякіх сумненняў. І не толькі таму, што гэты від энергетыкі забяспечвае эканомію нафты і газу, якія ў вялікай ступені з'яўляюцца для Беларусі імпартуемым таварам. Аднаўляльная энергетыка садзейнічае скарачэнню выкідаў парніковых газаў у атмасферу і робіць неабходны ўнёсак у барацьбу з глабальным змяненнем клімату. А калі асобна вылучаць з усіх варыянтаў выкарыстання АКЭ працэс вытворчасці энергіі з біягазу, то ён з пункту гледжання экалогіі найбольш выгадны.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?