Вы тут

Знята на «Беларусьфільме». У пракат выйшла стужка «Падрыў»


Тэма вайны ў беларускім кіно надзвычай папулярная, але рэжысёр і сцэнарыст Іван Паўлаў разам з суаўтаркай Таццянай Команавай вырашылі пакласці ў аснову сюжэта карціны перыпетыі не ратных подзвігаў, а пасляваеннага часу. Прэм’ерны паказ фільма, створанага на нацыянальнай кінастудыі, адбыўся ў сталічным кінатэатры «Беларусь» 30 чэрвеня, у пракат стужка выйшла 3 ліпеня.


У праекце, заснаваным на літаратурным сцэнарыі «Полымя пад попелам» Юліі Ляшко і Людмілы Перагудавай, апавядаецца гісторыя не дарослых людзей, якія прайшлі вайну, а моладзі, чыё жыццё толькі пачынаецца. І, як сказаў генеральны дырэктар Беларусьфільма Уладзімір Карачэўскі, «гэты фільм не пра вайну і смерць, а пра каханне і маладосць». Зразумела, драме ў стужцы таксама знайшлося месца, аднак пра тое пагаворым пазней…

Кампанія маладых людзей вырашае ўступіць ў атрад размінёраў, каб ачышчаць зямлю ад снарадаў, пакінутых нядаўняй вайной. Леначка і Люся ў выкананні актрыс Дар’і Карпячэнкавай і Таццяны Фёдаравай — першакурсніцы медыцынскага ўніверсітэта, якіх спрабуе адгаварыць ад небяспечнай задумы выкладчык. Поля (Анжаліка Барчан) працуе прыбіральшчыцай у тым жа ўніверсітэце. Ваня і Коля, увасобленыя на экране Уладзіславам Соладавым і Арсеніем Урагавым, разбіраюць завалы побач з навучальнай установай.

Андрэй Сенькін у ролі камандзіра Ігара Валяр’янавіча.

Аўтары акцэнтуюць увагу гледачоў на надзеях маладых герояў, якія хочуць дапамагчы сваёй краіне, іх марах і спробах даказаць сабе і іншым, чаго яны варты. Леначку, чый бацька не вярнуўся з вайны, натхняе яго подзвіг. Яна сварыцца з маці, бо тая не хоча адпускаць адзіную дачку, але дзяўчына цвёрдая ў сваім намеры. Люся, мама якой памерла ад тыфу ў ваенным шпіталі, нават не кажа бацьку, куды з’язджае, — не адпусціць. Хаця ніякіх грандыёзных бітваў у гэтым фільме вы не ўбачыце, асабістая драма герояў — не толькі галоўных, але і другарадных — абавязкова звязана з вайной.

Прыбіральшчыца Поля ў выкананні Анжалікі Барчан.

Калі жаданне адказнай і спакойнай Леначкі стаць размінёрам — наіўная, але ўсё ж такі зразумелая ідэя, то дзеянні эмацыянальнай і гарэзлівай Люсі больш падобныя да падлеткавага бунту. Яна нават не хоча апранацца ў спецыяльны рабочы касцюм і ўжо шкадуе, што скончыла курсы ды паехала размініраваць далёкую вёску, хоць не так даўно гучней за ўсіх спрачалася з выкладчыкам ва ўніверсітэце, які адгаворваў дзяўчынак ад рызыкоўнай задумы. Натуральна, Люся не можа кінуць справу на палове. Сорам перад таварышамі, а таксама закаханасць у камандзіра Ігара Валяр’янавіча, ролю якога выконвае акцёр Андрэй Сенькін, утрымліваюць яе.

Камандзір крычыць на ўчарашніх школьнікаў і студэнтаў за парушэнне парадку, перажывае, што хто-небудзь з іх па неасцярожнасці падарвецца на міне. Вяскоўцы ж, якія перажылі вайну, звяртаюцца да Ігара Валяр’янавіча з рознымі просьбамі, спадзяючыся, што ён ім дапаможа. Кожны спрабуе адбіць свой кавалак зямлі, вярнуць сваю маёмасць, выратаваць жывёлу або зарабіць грошай, бо неяк трэба жыць далей.

Не забыліся стваральнікі і пра загадкі і інтрыгу. Так, прыбіральшчыца Поля ўвесь час змагаецца з дзіўнымі прыступамі галаўнога болю, а камандзір Ігар Валяр’янавіч загадкава маўчыць пра сваё мінулае — словам, стрэльбы развешаны. Аднак, як вядома, важна яшчэ і выбраць правільны момант для стрэлаў. І гэта, як здаецца, у творчага калектыву не атрымалася. Склалася ўражанне, нібыта вырашэнне аднаго з ключавых сюжэтных паваротаў папросту прыцягнута за вушы. Атрымалася драма дзеля драмы, дзеля шоку і глядацкіх слёз.

Хоць маленькая дзяўчынка, якая сядзела побач у кінатэатры, сапраўды плакала на працягу ўсёй канцоўкі фільма, усё ж фінальны паварот хутчэй бянтэжыць: «Чаму герой робіць менавіта так, як робіць?» Відаць, тое выклікана жаданнем стваральнікаў зрабіць фільм падобным больш на галівудскі блокбастар, чым на гістарычную драму, жанр якой заяўлены ў афішы. У той жа час варта адзначыць, што акцёры сыгралі пераканаўча. Нельга абмінуць увагай і выдатнае музычнае суправаджэнне Уладзіміра Сівіцкага, чые кампазіцыі перадаюць патрэбную атмасферу ў кожнай сцэне.

Люся (Таццяна Фёдарава) і Леначка (Дар’я Карпячэнкава).

Нягледзячы на тое, што адна з драматургічных стрэльбаў спрацавала не зусім так і не аказала на гледача чаканага эфекту, фільм, безумоўна, заслугоўвае самай пільнай увагі. Прагляд карціны «Падрыў» — цудоўная магчымасць не толькі ўспомніць імёны герояў ваеннага і пасляваеннага часу, але і ўласную маладосць — безразважную і наіўную.

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».