Вы тут

Што трэба, а чаго не трэба рабіць на агародзе: дзесяць галоўных памылак


Не заўсёды з агародам выходзіць так, як мы планавалі. Чаму? Што зрабілі не так? Гэта недахоп вопыту, працы ці нечага яшчэ?


1. Вырошчванне расады не ў аптымальных умовах. Гэта звязана з тым, што ў большасці з нас няма цяпліцы для вырошчвання расады. І выкарыстоўваем мы падаконнікі. Добра, калі яны паўднёвыя, тады раслінам хопіць асвятлення. Але калі ў вашым распараджэнні толькі паўночныя і ўсходнія вокны, то расада вырасце занадта тонкая і доўгая. Ёй будзе цяжка адаптавацца ў адкрытым грунце і яна не дасць таго ўраджаю, на які здольны дадзены сорт. Каб пазбегчы гэтага лепш за ўсё купіць гатовую расаду.

2. Празмерна рана робім пасадку. Ранняй вясной усе мы з нецярпеннем чакаем цяпла. Мы гатовыя саджаць, як толькі, на нашу думку, прагрэлася зямля. Але ж нават у маі могуць быць замаразкі. Не варта пачынаць пасадку раней, чым наступіць сапраўды стабільнае цёплае надвор'е. Памідоры, баклажаны, агуркі, перац і дыні вельмі адчувальныя ў гэтых адносінах. Іх лепш высаджваць у адкрыты грунт у другой палове мая. Бо, як паказвае практыка, тое, што пасаджана ў глебу, якая недастаткова прагрэлася, адстае ў развіцці ад таго, што было пасаджана на тыдні пазней у цёплую градку.

3. Саджаем занадта густа. Некаторыя віды агародніны з кароткім вегетацыйным перыядам, напрыклад салата «не супраць» густой пасадкі. Па меры росту мы часта вырываем іх з градкі для свайго стала. Тым не менш, большасць «прадстаўнікоў» агародніны мусіць мець досыць месца для росту каранёў і лістоў. Некаторыя, як памідоры, маюць патрэбу ў вентыляцыі, таму калі яны растуць занадта блізка адзін да аднаго, лісты судакранаюцца, і паветра не можа іх высушыць. Тады яны могуць лёгка падхапіць грыбковыя захворванні. Прыволле любяць таксама перац, капуста, бульба, кукуруза.

4. Занадта шмат ці мала паліваем. Добры ўраджай забяспечыць толькі аптымальны паліў, розны для розных відаў агародніны. Калі расліны засыхаюць, агародніна будзе дэфармаваная або ненатуральна малая. Ад празмернай колькасці вады культуры могуць падгніваць, а лісты стануць жоўтыя, як у выпадку засухі.

5. Не паляпшаем урадлівасць глебы. У спешцы і азарце вясновай пасадкі забываемся дадаваць кампост або гной у глебу ці выкарыстоўваць любое іншае арганічнае рэчыва (траву, лісце, харчовыя адходы). Важна аддаваць час і намаганні для ўзбагачэння глебы, таму што потым гэтую памылку цяжка выправіць. Глеба, не запраўленая перагноем, будзе даваць значна больш нізкія ўраджаі, і яны будуць нестабільныя. Дадаваць арганіку на агарод лепш альбо позняй восенню, альбо ранняй вясной. У любым выпадку — да пасеву або пасадкі.

6. Не любім праполку. Маладыя ўсходы агародніны на градцы сутыкаюцца з пустазеллем. Яно забірае ў іх ваду і святло, а таксама пажыўныя рэчывы. Наступу гэтых ворагаў перашкаджаюць пракладка подсцілкі паміж радамі, рыхленне глебы. Выключыце выкарыстанне хімічных гербіцыдаў, таму што яны шкодныя для здароўя. Вас і вашых гадаванцаў выратуе рэгулярная ручная праполка.

7. Вырошчваем зашмат агародніны. Не саджайце тое, чаго не любіце, не марнуйце сіл і часу. Лепш будзе купіць пару кілаграмаў агародніны ў найбліжэйшай краме і на гэтым супакоіцца. Але нават любімую гародніну вырошчвайце ў разумных колькасцях. Так, каб можна было зрабіць запасы на зіму і паесці яе ў сезон. Не стаўце сябе ў сітуацыю, калі гародніны вам ужо дастаткова, а ўраджай яшчэ не ўвесь сабраны.

8. Не робім апоры для раслін, якія гэтага патрабуюць. Пры пасадцы агуркоў, бабоў, памідораў або іншай агародніны, якая мае патрэбу ў падтрымцы, абавязкова паклапаціцеся аб апорах, таму што незамацаваныя расліны ўпадуць на зямлю і вы страціце частку ўраджаю. Самае простае — выдзеліць памідорам па калку на кожны куст, а для агуркоў пабудаваць «вігвам», убіўшы ў зямлю шэсць высокіх жэрдак па крузе і абвязаўшы іх вяроўкай.

9. Не адразу змагаемся са шкоднікамі. Рэгулярна назіраючы за агародам, трэба адразу рэагаваць на першыя сімптомы захворванняў. У гэтым выпадку можна абысціся народнымі метадамі, напрыклад, барацьбы з тлёй. Калі праблема зайшла далёка, давядзецца выкарыстоўваць хімічныя прэпараты. А гэтага пажадана было б максімальна пазбегнуць.

10. Адсутнасць плана пасадак на агародзе. Агародніна не павінна расці выпадкова. Севазварот неабходна планаваць. На самай урадлівай глебе мы сеем у першы год капусту, другі год — паслёнавыя (перац, памідоры), а на трэці — караняплоды. Вы можаце выкарыстоўваць гатовыя табліцы севазвароту. Акрамя таго, трэба ўлічваць спалучальнасць раслін на градцы. Веданне гэтых прынцыпаў з'яўляецца ключом да паспяховага культывавання раслін, а таксама будзе спрыяць ахове ад хвароб і шкоднікаў. Лепш саджаць расліны, якія робяць дабратворны ўплыў адна на адну, чым расліны, якім разам складана.

Ірына ТАМКОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».