Вы тут

На сустрэчу з Апалонам


Узвышанасць і адухоўленасць, узнёсласць і палёт фантазіі, феерыя ўражанняў і ўсплёск эмоцый... У віры яго вялікасці Тэатра — таямніца спасціжэння прыгожага. Пульс яго — і дэкарацыі, і акцёрскае майстэрства, і музыка. Апошняя, бадай, незаменная спадарожніца стыхіі тэатра — оперы — дзіўнай з’явы, якая, завалодваючы сэрцам, запрашае да рэфлексіі, абуджае імкненне да ўдасканалення. Оперу лічаць адмысловым сплавам шматлікіх мастацтваў, таму, мабыць, яна сваёй існасцю здольна сягнуць у самыя патаемныя глыбіні душы і, адпаведна, спатоліць і даць адказы на вечныя пытанні. Падобная місія і ў балета, хоць дасягаецца яна іншымі сродкамі — гарманічнымі рухамі класічных па, здольных паказаць каханне, або ўзбуджанымі, рэзкімі скокамі, якія перадаюць, напрыклад, зайздрасць... У балеце яго стваральнікі імкнуцца адлюстраваць праўду жыцця, высокамастацкую і паэтычную, з дапамогай мовы пачуццяў. 


Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь — сэрца айчыннага опернага і балетнага мастацтва. Вось ужо 89 гадоў ён служыць высокай ідэі лячыць і натхняць прыгажосцю. І пачынае са свайго вонкавага аблічча. Пры першым поглядзе на непаўторную архітэктурную кампазіцыю будынка тэатра ўвагу прыцягвае мужная постаць Апалона, які застыў у скульптуры, але, быццам жывы, вітае кожнага, хто спяшаецца на сустрэчу з мастацтвам. Звычайна мы глядзім на Апалона здалёк, а з нагоды свайго дня нараджэння Вялікі падарыў магчымасць падняцца да бога мастацтваў і знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі. І апаноўвае (вы б ведалі!) невыказная веліч! А якія яшчэ сюрпрызы падрыхтаваў Вялікі тэатр на свой дзень нараджэння, чытайце ў нашым аглядзе.

Каб браць урокі ў знакамітых педагогаў, плацяць шалёныя грошы, пераадольваюць сотні кіламетраў. А тут такая ўдача: сустрэча з мэтрамі і зусім бясплатна, у сяброўскай атмасферы, у прыязных зносінах на роўных. Дзіва? Казка? Не, проста Вялікі тэатр Беларусі святкуе 89-ы дзень нараджэння і дорыць сваім прыхільнікам падарункі: майстар-клас па спевах ад заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, саліста тэатра Алега Мельнікава і магчымасць асвоіць танцавальнае мастацтва каля станка з дапамогай галоўнага балетмайстра Вялікага, пераможцы шматлікіх міжнародных конкурсаў Ігара Колба. А на дэсерт — наталенне чароўным, незямным гучаннем цікавага музычнага інструмента ад вядучага выканаўцы Вялікага на ўдарных Міхаіла Канстанцінава. І — сустрэча на казырку Опернага з Апалонам, які ў скульптурнай кампазіцыі быццам бласлаўляе шукальнікаў прыгожага. Акунёмся ў цудоўныя імгненні і атрымаем карысныя веды ад прафесіяналаў! 

Спевы — высокамастацкі крык

Ці задаваліся вы пытаннем, што такое опера ўвогуле? З італьянскай гэтае слова перакладаецца як «праца». Аснова оперы — музыка і драматычнае дзеянне, якія дзякуючы мастацкаму сінтэзу ўзаемапранікаюць адно ў адно, што дасягаецца вялікай працай. Сінтэз мастацтваў у оперным спектаклі — адказнасць як дырыжора, так і рэжысёра, мастака па касцюмах і, урэшце, выканаўцы. І якая ў яго тут роля? Алег Мельнікаў, распачынаючы майстар-клас і жадаючы прадэманстраваць адказнасць працы опернага выканаўцы, прывёў прыклад з уласнага вопыту: «Калісьці на Днях культуры Малдавіі да мяне падышоў Уладзімір Гасцюхін і пачаў разважаць: “Я акцёр, ролю атрымаў, пражываю, намагаюся ўвасобіць у жыццё, але я вольны ў сваіх адчуваннях, свабодны ў інтэрпрэтацыі (вядома, з улікам рэкамендацыі рэжысёра). А вы ж залежыце ад кампазітара, лібрэтыста, рэжысёра, дырыжора, канцэртмайстра і іншых. І вось бераце ролю і павінны прыняць тое, што прапаноўвае кампазітар, і толькі гэта ёсць адзіная праўда. Вы павінны пражыць ролю, прыняць гэтую праўду і даказаць усім у зале, што менавіта гэта ёсць адзіная праўда. І эмацыянальны стан толькі такі — ніякі іншы. Пражыць як сваё асабістае. Таму хто мы ёсць у параўнанні з вамі?”». Такая адказная прафесія опернага артыста. Шлях сюды ў Алега Мельнікава выдаўся цікавы. Скончыў музычную школу па баяне. У акадэмічны вакал прыйшоў у 25 гадоў, да гэтага служыў, як сам згадвае: «Калі прыйшоў у армію, мне сталі казаць: “У цябе ёсць голас, табе трэба вучыцца прафесійна”, і я паступіў у мінскую кансерваторыю. Ды калі здаў першы экзамен, зачыніў дзверы з упэўненасцю: больш сюды не вярнуся. І сышоў. Я іграў джаз, ездзіў па фестывалях, працаваў у рэстаране і планаваў паступаць на эстраднае аддзяленне ў Інстытут культуры. Многім я абавязаны Адаму Мурзічу: менавіта ён мяне вярнуў у вакал. Праз паўгода я выйграў рэспубліканскі конкурс. У 1986 годзе паступіў у Адэскую кансерваторыю. За час вучобы выйграў 10 міжнародных вакальных конкурсаў, усе першыя прэміі...»

Опера валодае пазачасавай здольнасцю ўздзейнічаць на пачуцці. Пры, на першы погляд, сваёй складанасці яна досыць простая, а з дапамогай гарачага дотыку музыкі найлепш раскрывае жыццёвую з’яву і сягае ў яе глыбіню. «Я ўсіх запрашаю наведваць оперу — найвялікшае з мастацтваў, — распавёў Алег Мельнікаў. — Казалі, што опера памрэ. Ніколі! Хаця б таму, што кожны выканаўца нясе сваё адчуванне ролі. Адзін і той жа спектакль глядзіцца па-рознаму, бо інтэрпрэтуецца рознымі акцёрамі». А хтосьці ідзе паглядзець маленькія ролі, хаця насамрэч маленькіх роляў не бывае, лічыць Алег Мельнікаў: «У мяне быў выпадак падчас оперы “Чыа-Чыа-Сан”, выконваў ролю дзядзькі Бонда. Дык з’яўляюся там літаральна на дзве хвіліны: дзядзька Бонд праклінае Чыа Сана. Але да мяне шмат разоў падыходзілі пасля спектакля і казалі: “Застаецца перад вачыма ваш дзядзька Бонд”. Гэта не да таго, што я геніяльны выканаўца, а да таго, што маленькіх роляў не бывае. Яны ствараюць неверагоднае ўражанне і часам запамінаюцца больш, чым ролі першыя».

Слухалі Алега Мельнікава, адкрыўшы рот. Сярод шчасліўчыкаў, якія апынуліся на майстар-класе, — студэнт 1 курса факультэта мастацкай культуры БДУКМ, будучы рэжысёр Руслан Русакевіч, які не хаваў спадзяванняў: «Я чакаю новых ведаў, якія яшчэ не паспелі даць ва ўніверсітэце, магчыма, гэта будзе штосьці эксклюзіўнае, тым больш ад вядучых спецыялістаў Вялікага тэатра Беларусі». На пытанне, чаму выбраў прафесію рэжысёра, Руслан кажа, што з самага дзяцінства любіў штосьці наладжваць, любіў тэатр, чатыры гады выступаў у школьнай студыі — гімназіі № 1 г. Астраўца: «Скончу ўніверсітэт — вярнуся ў родны горад, і не толькі таму, што ён перспектыўны, але і таму што люблю яго. Буду падымаць культуру малой радзімы». Прысутныя гатовы былі працаваць дыяфрагмай, станавіцца як трэба, рабіць вакальны пасыл, адным словам — практычна асвойваць майстэрства спеваў. Ды маэстра Мельнікаў не забываўся пра тэорыю: «Што такое спевы? Гэта высокамастацкі арганізаваны крык. Здзіўлены? А як інакш, калі ў зале паўтары тысячы гледачоў, семдзесят чалавек аркестра, а вы без мікрафона. Напяваць будзе недастаткова».

Спяваць трэба на продыху, пачаў раздаваць парады маэстра: «Слова ад сябе, гук — на сябе. Італьянцы кажуць: “Спевы ёсць працяг удыху”. Выдыхнулі і як быццам працягваеце ўдыхаць — абапертае дыханне». 

Чаму ў спевах важную ролю адыгрывае прамоўніцкае мастацтва? Бо тут галоўнае — пасыл, перакананы Алег Мельнікаў: «Калі я гавару, значыць, веру ў гэта. Толькі так і ніяк інакш. І зала ўспрымае. Незабыўны стан, калі ты “бярэш” залу. Як казаў Фёдар Шаляпін: “Я дасягнуў такога майстэрства, быццам бяру залу на далонь: захачу — яны будуць смяяцца, захачу — плакаць”. Я думаў, што гэта нейкія легенды. Але потым, будучы студэнтам вялікага педагога Яўгенія Іванова (а гэта быў чалавек метр пяцьдзясят, сто сорак кілаграмаў, але голас дзівосны), калі мы з ім прыехалі на майстар-клас у Харкаўскую кансерваторыю, пераканаўся ў гэтым».

Спевы, аказваецца, — працэс натуральны, такі, напрыклад, як напісанне артыкула. Вы пішаце — і вы свабодныя, але не расхлябаныя. Такім чынам, найперш — свабода. Другі важны складнік правільных спеваў — дыханне (але не грудзьмі). Трэці — яснае вымаўленне літар (літара трымае тэсітуру). І важная дэталь: язык пры спевах павінен ляжаць каля дзясен ніжніх зубоў.

Часам можна пачуць пра карысць той або іншай школы спеваў. Алег Мельнікаў развеяў стэрэатыпы наконт гэтага: «Чаму італьянцы кажуць, што ў іх самая лепшая школа? Насамрэч няма ніякіх італьянскіх, нямецкіх, французскіх, беларускіх школ — ёсць адзіная правільная школа вакалу, а вось накладваецца ўжо розная спецыфіка. У нямецкай школе — свая спецыфіка, у беларускай — свая». 

Маэстра Мельнікаў перакананы, што патэнцыял голасу ёсць у кожнага чалавека. Іншая справа — наколькі развіта яго мастацкасць. Думаецца, майстар-клас хоць крыху наблізіў да дасканаласці. 

Прэпарасьён, пліе, рэлевэ

А для аматараў выказваць пачуцці з дапамогаў рухаў цела — заняткі па балеце, якія пагадзіўся даць прафесіянал з сусветным імем галоўны балетмайстар Вялікага Ігар Колб. Да станка! І пачалося спасціжэнне азоў балета. Знайшлі першую пазіцыю — раскрытыя наскі ног, паклон, і робім прэпарасьён — падрыхтоўку да руху. «Галава глядзіць на кісць рукі», — сачыў клапатлівы педагог Ігар Колб. Ён, уладар танца, як ніхто ведае сэнс кожнага руху. І натхнёныя вучні ўражана глядзелі на сваё адлюстраванне і дзівіліся ўласнай грацыі, якую адкрываў знаны настаўнік. Вытанчанае пліе, ход ног крыжом уперад, потым назад... Рэлевэ: прыпадымаемся, апускаемся. Апора заўсёды працуе на адной назе. Пераходзім да адажыа: знаходзім пятую пазіцыю, якая найпрасцейшая. Нага адводзіцца ўбок, закрываем тандзю ў пятую пазіцыю. Нясём сябе высакародна. Прэпарасьён: ногі збіраем у першую пазіцыю. «Раз, два, тры, чатыры — паварот», — кантраляваў балетмайстар. Ды ў яго тоне зусім не адчувалася ганарыстасці, а, наадварот, таварыскасць. «Нам падалося цікавым узаемадзейнічаць з вамі ў такім фармаце, — дзеліцца Ігар Колб. — Каб вы лепш разумелі, чым мы жывём з ранку да ночы, і што балет — гэта прыгожа, цудоўна і лёгка». Наколькі гэта лёгка, вучні маглі праверыць, калі прыйшлося расцягвацца: пакласці нагу на палку і рабіць удых-выдых — заадно, такім чынам, расслабляць мышцы. Думаецца, і гэта не спужала апантаных навічкоў балета. Тут застаецца толькі падзякаваць непераўзыдзенаму артысту Колбу за яго педагагічную вытрымку! 

Экзотыка вібрафона

І — доўгачаканы дэсерт! Сустрэча пад акампанемент вібрафона з уладаром Вялікага тэатра — Апалонам. Калі выходзіш на казырок Вялікага, адкрываецца чароўны від на Мінск. А побач — бог мастацтваў уласнай персонай, ды так блізка, што, здаецца, ты ў параўнанні з ім мурашка. Скульптурная кампазіцыя Апалона з дзвюма музамі ўражвае веліччу. І калі яшчэ давядзецца апынуцца ў гэтым прыўкрасным месцы! Ды Вялікі ўмее рабіць сюрпрызы на свой дзень нараджэння! А ў кампаніі цудоўнага музыканта, вядучага выканаўцы акестра Опернага тэатра Міхаіла Канстанцінава, які іграў на вібрафоне, душа акрылялася. «Вібрафон прыдумалі ў 40-я гады ХХ ст. у Амерыцы, — расказвае музыкант. — Гэта ўдарны клавішны інструмент, які вібрыруе за кошт маторчыка. Ён выкарыстоўваецца ў нас у балеце “Кармен-сюіта”, у спектаклях Яўгенія Глебава, Вячаслава Кузняцова...» На першы погляд падаецца, што інструмент рэдкі, бо яго гучанне экзатычнае, быццам казачнае, нават фантастычнае, але ў Беларусі вібрафонаў хапае. Але, здаецца, так па-майстэрску абыходзіцца з ім, як Міхаіл Канстанцінаў, не можна ніхто. Пералівы мелодыі ўзносілі высока да мар аб шчасці.

Кожны педагог і ўсе творчыя супрацоўнікі, хто далучыўся да майстар-класаў у дзень нараджэння Опернага, паўсталі Апалонамі, здольнымі натхніць і падарыць магчымасць дакрануцца да прыгожага.

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.