Вы тут

Лукашэнка: Мы будзем рабіць усё для таго, каб берагчы нашых дзяцей


Новы будынак 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі з’явіўся на месцы старога, які быў разлічаны ўсяго на 190 наведвальнікаў. Сучасная медустанова гатова прыняць у два разы больш маленькіх пацыентаў штодня з Партызанскага, Ленінскага і Заводскага раёнаў сталіцы.

Сімвалічны ключ ад новага будынка праз кіраўніка краіны Уладзімір Бублік, гендырэктар «Будтрэста № 1», які рэалізаваў праект крыху больш за 19 месяцаў, перадаў галоўнаму ўрачу Алле Герасіменцы. Пасля Аляксандр Лукашэнка перарэзаў чырвоную стужку, даўшы старт рабоце медыкаў.


«Зарабляць на здароўі людзей ніхто не будзе»

На цырымоніі адкрыцця Прэзідэнт адзначыў, што гэты дзень знамянальны не толькі для прысутных, але і яго. «Калі ў маім графіку знаходзіцца час, каб пабываць на свяце, — гэта асаблівае пачуццё. Мы гэты дом адкрываем для нашых малых. Цяпер, у першыя дні лета, якое пачалося добрым святам — Міжнародным днём абароны дзяцей, у нас новы будынак 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзякаваў будаўнікам, якія ўзвялі гэты прыгожы, зручны і вельмі патрэбны аб’екта за два гады. Кіраўнік краіны задаўся пытаннем: ці не шмат мы будуем аб’ектаў культуры, спорту, аховы здароўя?

«Напэўна, усё ж зашмат. Але — не для дзяцей. Для дзяцей — гэта асаблівы выпадак. Нам трэба вельмі сур’ёзна прарэвізаваць усё, што мы пабудавалі ў сацыяльнай сферы. Можа, нават у паліклініку варта лішні кіламетр прайсці або праехаць, асабліва ў Мінску, а зэканомленыя грошы ад будаўніцтва накіраваць на павышэнне дабрабыту саміх медыкаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што большая частка рэспубліканскага бюджэту накіроўваецца менавіта на падтрымку сацыяльнай сферы.

Прэзідэнт заявіў, што лакдаўны ў свеце ў час пандэміі выліліся ў шалёную, беспрэцэдэнтную інфляцыю. І ў гэтыя складаныя часы беларускай дзяржаве важна не дапусціць дэстабілізацыі. «Тое, што мы, сціснуўшы зубы, гэтыя два гады пасля выбараў трывалі, стараліся ўладкаваць сваё жыццё так, як мы хочам, гэта абарочваецца сёння нармальным жыццём. Я не скажу, што ўсё выдатна. Але цярпіма. Дай бог, каб і далей так было. Галоўнае, нам не перавярнуць, не дэстабілізаваць краіну. А ўсё астатняе — і паліклінікі, і бальніцы, і стадыёны, і іншае — мы пабудуем», — сказаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі будзе рабіцца ўсё для развіцця дзіцячай аховы здароўя і паабяцаў: «Мы зробім усё для таго, каб берагчы нашых дзяцей перад усім. Вы ведаеце, што мы па ўсіх паказчыках (ад барацьбы з дзіцячай смяротнасцю да іх лячэння) знаходзімся ў першай пяцёрцы краін свету».

Вялікая падтрымка, нагадаў ён, аказваецца абароне дзяцінства. «І мы ніводную праграму не скарацілі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Адзінае, аб чым я папрашу: беларусам час пачаць крыху шавяліцца і думаць аб сабе. Зарабляць для сябе. Магчымасцяў дастаткова».

Прэзідэнт акцэнтаваў, як чалавек дзяржаўны ён будзе рабіць усё, каб развіваць дзяржаўную ахову здароўя. «Я ўжо прыватнага наеўся: куды ні кінь — усюды клін, і кожны хоча зарабіць на здароўі людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне зараз пачалі актыўна аналізаваць і кантраляваць работу прыватных медыцынскіх цэнтраў. «Не таму, што мне не падабаюцца прыватныя прадпрыемствы, у тым ліку і аховы здароўя, а таму што трэба працаваць сумленна. І зарабляць на здароўі людзей ніхто не будзе», — дадаў кіраўнік краіны.

«Не трэба захапляцца будаўніцтвам усяго новага»

Адкрыццё новай паліклінікі — нагода для Прэзідэнта, каб заслухаць даклады аб арганізацыі педыятрычнай дапамогі ў краіне ад міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. Свой даклад кіраўнік ведамства пачаў з заўвагі: у краіне колькасць народжаных хлопчыкаў перавышае дзяўчынак.

«Чаму стала хлопчыкаў больш, бо дзіцячая смяротнасць зменшылася. Стала ніжэй, чым калі», — адзначыў міністр. 

«Вось вам і пандэмія. Я казаў вам тады, што трэба жыць. А вы — мне: «Давайце зачынім людзей!» — адказаў Прэзідэнт.

Дзмітрый Піневіч паведаміў і пра праблемныя тэндэнцыі са здароўем дзяцей: паказчыкі стану здароўя пагаршаюцца з дашкольнага, школьнага часу. Такая тэндэнцыя характэрна для ўсяго свету.

«Вельмі важна, што мы не пайшлі па капіраванню прынцыпу ўрачоў агульнай практыкі ў педыятрыі. Мы захавалі педыятрыю. Больш таго, мы павялічылі набор на педыятрычныя факультэты», — паведаміў кіраўнік ведамства.

Падхапіла даклад Алена Богдан, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Сёння ў Мінску, паводле яе дадзеных, 40 дарослых і 21 дзіцячая паліклініка.

«Нам гэтага дастаткова, ці тут ёсць яшчэ напружанне?» — запытаў Аляксандр Лукашэнка.

«Канечне, ёсць. Горад сёння будуецца, і дзіцячае насельніцтва прырастае. У нас будуецца „Мінск-Мір“, у Сухарава, Лошыцы напружаная сітуацыя. Таму там павінны быць і новыя дзіцячыя паліклінікі», — адказала суразмоўца.

«Адназначна для дзяцей неабходна рашаць гэтыя пытанні, там дзе ёсць напружанне. Але неабходна разумець, што Мінск — не глухая вёска, адкуль складана дабрацца. Таму не трэба захапляцца будаўніцтвам новага», — сказаў Прэзідэнт.

Алена Богдан паведаміла, што ў гэтым годзе адкрыецца дзіцячая паліклініка ў мікрараёне Сухарава і будуюцца яшчэ дзве: у Лошыцы і Мінск-Міры.

«Неабходна зараз браць крэн на тое, каб падтрымаць урачоў. Тады яны і будуць працаваць у ахове здароўя», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Для кіраўніка краіны правялі невялікую экскурсію па новай паліклініцы. Паказалі рэнтгенаўскае і стаматалагічнае аддзяленне, кабінеты лор-урача і ўрача-афтальмолага.

«Самы аптымальны варыянт для Еўропы — гэта адзінства з Расіяй»

Скарыстаўся Прэзідэнт магчымасцю пагутарыць з журналістамі, якія сабраліся для асвятлення адкрыцця паліклінікі. Ён амаль гадзіну адказваў на разнастайныя пытанні рэпарцёраў: ад падтрымкі шматдзетных сем’яў да канфлікту на Украіне.

Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні, падкрэсліў, што сістэма кантролю над цэнаўтварэннем у краіне выбудаваная. І яе, акрамя МАРГ, таксама фарміруюць прафсаюзы, дэпутаты, Камітэт дзяржкантролю. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі гэтаму не ўдзяляць увагі, то ў магазін давялося б хадзіць як у музей: «Вось ён, рынак. Можа адрэгуляваць так, што будзем у магазін хадзіць як у музей: паглядзелі — нічога купіць не можам».

Паводле слоў Прэзідэнта, у цяперашняй сітуацыі, у тым ліку санкцыйнага націску, трэба шукаць шляхі патаннення тавараў. І яго рэакцыя ў дачыненні да падаражання аўтамабіляў Geely была сігналам усім. «Такіх прыкладаў дастаткова. Гэта быў сігнал. Хопіць спасылацца на лагістыку і нейкія рынкавыя адносіны. Давайце па-чалавечы будзем будаваць бізнес і дзяржаўных прадпрыемстваў, і прыватных», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што ў павышэнні цэн ёсць і аб’ектыўныя складальнікі. Гэта не толькі санкцыі, але і пандэмія, якая падштурхнула інфляцыю.

Працягваючы тэму санкцый, Прэзідэнт адзначыў, што краіны ЕС, якія іх ініцыююць, не толькі сабе ў нагу страляюць, яны ўжо прастрэлілі сабе галаву. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тыя, хто ўводзіць санкцыі, у большай ступені шкодзяць уласнай эканоміцы, і літаральна праз год там можа пачацца абвал. Гэта, на яго думку, выгадна найперш ЗША, якія хочуць трымаць у цуглях не толькі Расію і Кітай, але і Еўрасаюз.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што самы аптымальны варыянт для ЕС — цеснае супрацоўніцтва з Расіяй. «Самы аптымальны варыянт для Еўропы — гэта адзінства з Расіяй і стварэнне вялізнага цэнтра сілы. Тэхналагічны Захад, рэсурсная Расія (постсавецкая прастора) — ніхто побач не стаяў бы», — сказаў Прэзідэнт.

Задалі пытанне журналісты і пра спецаперацыю па вызваленні беларускіх грамадзян ва Украіне. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, было некалькі варыянтаў яе правядзення, але нават цяпер нельга расказаць усе падрабязнасці і паказаць асобы разведчыкаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні беларусаў. «Але галоўнае не гэта. Самае галоўнае, што мужыкі вярнуліся ў свае сем’і», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт Беларусі, адказваючы на пытанні журналістаў, расказаў, навошта спатрэбілася ствараць у краіне народнае апалчэнне і якім яно будзе. «Усе нашы тэрытарыялы прыпісаны, арганізаваны ў палкі, батальёны. Мы ведаем прозвішчы, усе іх даныя. І зброя для іх маецца — на кожны раён, кожны батальён», — растлумачыў ён.

Улічваўся таксама і негатыўны ўкраінскі досвед, калі з-за недахопу людзей прыйшлося прызываць мужчын старэйшага ўзросту і тых, хто не мае ваеннага вопыту. «І я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы іх прызываем для навучання, каб маглі абараніць свой дом», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Такім чынам, народнае апалчэнне можа быць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны.

Размаўляючы з рэпарцёрамі, Прэзідэнт выказаўся на тэму сусветнага голаду. Паводле яго слоў, краіны-лідары павінны ўкладвацца не ў зброю, а ў развіццё афрыканскага кантынента, тады ў свеце не будзе голаду. «Абадралі і паставілі на калені ўсю Афрыку. У транснацыянальных заходніх кампаній яны, афрыканцы, — рабы. Яны працуюць на іх за капейку. Вось у чым галоўная прычына — няроўнасць. Таму трэба раскашэліцца еўрапейцам, амерыканцам, кітайцам і расіянам не на зброю, а ўкласціся ў гэтыя краіны, стварыць там нармальную сітуацыю. У Афрыцы ўсё можа расці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Таксама, на яго думку, неабходна ўкласціся ў паўднёваазіяцкія краіны, дзяржавы Лацінскай Амерыкі, дзе таксама бываюць праблемы з харчаваннем. 

Цяперашняя геапалітычная сітуацыя толькі пагаршае агульную праблему, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, таму пытанне харчовай бяспекі гучыць яшчэ больш востра. «Самы лепшы кірунак (мы з Пуціным вызначылі пяць) — Беларусь. Калі ласка — мы не хочам, каб у Афрыцы галадалі. Ды і ў Афрыцы, у Еўропе і Амерыцы сёння прадуктаў не хапае. Мы не супраць, вязіце праз Беларусь, але павінны быць кампрамісы: мы — вам, вы — нам. Адкрывайце парты і будзем грузіць», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Працягваючы размову з журналістамі, Прэзідэнт прапанаваў дапамогу ЗША з пастаўкай дзіцячага харчавання. «Мы гатовы амерыканцам дапамагчы ў пастаўках дзіцячага харчавання. Можаце давесці гэта праз сродкі масавай інфармацыі да кожнага амерыканца. У нас добрае малако, добрыя мясныя прадукты для дзетак, і кансервы, і малочныя сумесі, і іншае. Калі яны хочуць, хоць заўтра пачнём пастаўкі », — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне ад работнікаў СМІ і прафесійнае: аб інфармацыйнай вайне. Па словах кіраўніка дзяржавы, галоўная зброя ў ёй — праўда. «Дрэнна працуем. Таму нядаўна быў у Мінабароны і праводзіў нараду наконт інфармацыйных, псіхалагічных і іншых аперацый і гэтак далей. Пакуль мы недацягваем, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Усе вы будзеце займацца сумленна гэтым. Маё патрабаванне было адно — гэта не павінны быць фэйкі».

Прэзідэнт пагадзіўся, што людзей больш чапляюць яркія карцінкі і гучныя здарэнні, якія ў далейшым аказваюцца фэйкамі. У Беларусі, падкрэсліў ён, гэтым займацца не будуць.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў журналістам, што паміж Прэзідэнтам Украіны і вайскоўцамі гэтай краіны пачынаецца сур’ёзнае супрацьстаянне. «Польшча— і туды і сюды: і прымем бежанцаў, і не прымем, і грошы дайце, і праз нас грошы ва Украіну. Ужо дагаварыліся да таго, што заходнюю Украіну гатовы адцяпаць, — сказаў Прэзідэнт. — Адсячы не атрымаецца. Ужо ва Украіне, па маіх дадзеных, паміж Зяленскім і ўкраінскімі вайскоўцамі пачынаецца сур’ёзнае супрацьстаянне і канфлікт. Ваенныя, як ніхто, разумеюць, што такое канфлікт з Расіяй».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з украінскага боку хутка не будзе каму ваяваць, а тэрытарыяльная абарона не заменіць узброеныя сілы, і ваенныя гэта бачаць.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым акцэнтаваў увагу і на сумнеўных дамоўленасцях і абяцаннях украінскага кіраўніцтва ў адрас Польшчы, што таксама выклікае негатыўную рэакцыю ўнутры нацыяналістычных сіл ва Украіне. «Яны ўбачылі, што ён палякам надаў статус. А гэта вядзе да чаго? Адцяпаць захад (Украіны, „Зв.“), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму ў іх пачынаецца гэта супрацьстаянне паміж Прэзідэнтам і ваеннымі. І я ўпэўнены, украінскія ваенныя знясуць галаву любому. Я не гавару там нацыкі-ненацыкі. Слухайце, гэта пытанне філасофскае. Ваенныя Украіны знясуць галаву любому, асабліва тым, хто жадае мець „самасційную, вольную Украіну“. Яны не хочуць, каб там былі не толькі рускія, беларусы, але і палякі. І яны знясуць галовы ўсім, хто сёння хоча раздзяліць Украіну. Нам гэта не трэба. Я даўно пра гэта сказаў. Глядзіце, збываецца. Я ж тады сказаў: яшчэ да нас і расіян звернуцца, каб мы абаранілі Украіну».

Прэзідэнт Беларусі расказаў журналістам, што лічыць магчымым перадаць асуджаную Соф’ю Сапегу ў Расію. «Шкада дзяўчынку. Трэба пытанне гэтае вырашаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. —Яна ж расіянка... У нас ёсць практыка. Мы можам расійскага грамадзяніна перадаць у Расію. Няхай яна там адбывае тэрмін. Або яны што хочуць, там робяць. Думаю, для яе навука вялікая».

Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб магчымасці прымусовага вяртання на радзіму збеглых з ліку тых, хто ўключаны Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў спіс, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што правядзенне такіх аперацый магчыма, але лічыць, што для гэтага пакуль не час. «Цяпер, напэўна, не да месца, калі ўжо абсалютна сумленна. Прыйдзе час — паглядзім, — адказаў журналісту Прэзідэнт. — Ніхто ім не даруе таго, што яны робяць з нашай краінай і з нашымі людзьмі. Я ім гэтага дараваць не магу». 

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».