Вы тут

Лукашэнка пра інфармацыйную бяспеку: Мы павінны ўмець весці контрпрапаганду


​Пытанні ўдасканалення інфармацыйнай палітыкі, прапановы ўлады па барацьбе з фэйкамі і контрпрапагандзе разглядзелі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі. Да абмеркавання запрасілі дзяржсакратара Саўбеза Аляксандра Вальфовіча, яго першага намесніка Паўла Муравейку, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергеенку і яго намесніка Ігара Луцкага, міністра абароны Віктара Хрэніна, старшыню КДБ Івана Тэртэля, прэс-сакратара Прэзідэнта Наталлю Эйсмант.


Улады будуць абараняць беларусаў у інфармацыйнай прасторы, выкарыстоўваючы метады контрпрапаганды і агітацыі. «Самае галоўнае, мы павінны ўмець весці контрпрапаганду, як яе называлі раней у Савецкім Саюзе. Я і сёння не адмаўляюся ад гэтага. Так, гэта — контрпрапаганда. Не трэба палохацца слова “прапаганда”. Мы прапагандуем лепшае. Мы агітуем за лепшае. Раней аддзелы прапаганды і агітацыі былі ў ЦК партыі і да райкамаў. Прапагандавалі свой лад жыцця, вялі барацьбу, расказвалі пра ўсё, чым мы ганарыліся. І сёння так і адбываецца. Толькі з нас пасмейваюцца: “Прапагандысты, агітатары”. Чаму пасмейваюцца? Каб нас сбіць з толку», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, няма нічога страшнага, калі краіна будзе прапагандаваць свой вобраз жыцця і агітаваць за яго.

«Але трэба навучыцца весці контрапрапаганду супраць той прапаганды, што разгорнута супраць нас. Неабходна выпрацаваць механізмы супрацьдзеяння, контрамеры», — заявіў Прэзідэнт.

«Да гэтай тэмы звяртаемся не ў першыню. Таму што яна працягвае быць актуальнай, ці проста працягвае быць. Ціск на нас у гэтай сувязі ўзмацняецца, таму і супрацьдзеянне павінна з нашага боку быць адпаведным», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Усе запрошаныя на нараду, як ён абазначыў, людзі дастаткова дасведчаныя, у сілу сваёй прафесійнай дзейнасці кожны глыбока пагружаны ў сутнасць падзей, якія адбываюцца ўнутры краіны і вакол. 

«Вы ведаеце, што выклікі, з якімі мы сёння сутыкаемся, — абсалютна не новая гісторыя, — акцэнтаваў кіраўнік краіны. — Вось ужо амаль трэць стагоддзя мы будуем сваю дзяржаву і пастаянна падвяргаемся ідэалагічным, інфармацыйным, ваенным і псіхалагічным пагрозам. Знаходзімся фактычна пад гэтым прэсам з боку, як модна зараз казаць, калектыўнага Захаду, Вашынгтона і ягоных саюзнікаў».

Па словах Прэзідэнта, намеры палітычных апанентаў вядомыя: дэстабілізаваць грамадства, змяніць канстытуцыйны лад і прывесці да ўлады неабходных Захаду людзей. 

«Узровень тэхналогій, кінутых на рэалізацыю гэтых мэт, сёння вельмі высокі. Неабходна разумець, што людзі, якія сочаць за навінамі, не заўсёды ў стане аддзяліць праўду ад хлусні. Калі не з’яўляешся рэальным удзельнікам падзей, атрымліваеш велізарную колькасць інфармацыі ў выглядзе хлусні і фэйкаў. Бывае сапраўды складана аддзяліць праўду ад хлусні», — дзеліцца меркаваннем Аляксандр Лукашэнка. 

Ён выказаў думку, што на Захадзе палітыку даўно ператварылі ў пастановачнае кіно, шоу, і людзі там прызвычаіліся да такога фармату падачы інфармацыі, таму праўда часам не цікавая. 

«Цікавыя — фэйкі, шоу, бо прыгожа пастаўлена, — дадаў Прэзідэнт. — Як я казаў, рэальнасць часам сумная. Не такая яркая, як хлусня і фэйкі. І ў гэтым галоўная праблема. У выніку мы бачым, што нават прымітыўна сфабрыкаваныя сюжэты прымаюцца людзьмі на веру. А любая “негарачая”, гібрыдная вайна — вайна за розумы людзей», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Самая небяспечанае, дадаў ён, што ўсе негатыўныя інфармацыйныя дзеянні на Беларусь ажыцццяўляюцца з выкарыстаннем псіхалагічных аперацый, методык уздзеяння на свядомасць людзей. 

«Мы глядзім на Украіну і разумеем, што там разгортваецца сцэнарый, не рэалізаваны на нашай зямлі. Калі задаюць пытанне: “А што было б з намі?” — калі ласка, глядзіце на Украіну. Журналісты нашы выдатна зразумелі гэта і тлумачаць людзям. Мы бачым узровень пагроз, актыўнасць якіх усяго толькі змясцілася на тэрыторыю суседняй краіны», — рэзюмаваў Прэзідэнт. 

Каментарый у тэму

Ігар Сергеенка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, адзначыў, што Беларусь ужо які год жыве і працуе ва ўмовах інфармацыйнай вайны, калі на грамадзян ільюцца плыні хлусні з разнастайных замежных тэлегерам-каналаў. Такая непраўдзівая інфармацыя, па яго словах, прадстаўлена па самых розных кірунках: міжнародная палітыка, сітуацыя ва Укараіне, санкцыі.

«У гэтым свеце інфармацыі складана часам разабрацца, дзе хлусня, а дзе — праўда. Адзін з вядомых замежных палітыкаў мінулага стагоддзя адзначыў так: “Хлусня паспявае абыйсці паўсвету, пакуль праўда нацягвае штаны”. Супрацьстаяць і супрацьдзейнічаць хлусні і фэйкам у эфіры дастаткова складана. Неабходна працаваць па многіх напрамках з апярэджваннем, даваць праўдзівую інфармацыю раней плыняў хлусні, тлумачыць, паказваць. Таму сёння на нарадзе ішла размова, як удасканальваць гэтую работу, як актывізаваць нашых журналістаў, тэлевізійныя каналы, у якіх напрамках творча і цікава падаваць інфармацыю, займаючыся прапагандай і контрпрапагандай», — сказаў Ігар Сергеенка.

Па яго словах, на сустрэчы абмяркоўвалі, як на практыцы рэалізоўваць мерапрыемствы на інфармацыйным фронце вайны.

«Вызначылася агульная стратэгія і канкрэтныя формы работы, — дадаў спікер. — Забараняльных мер не разглядалася. У сродках масавай інфармацыі можна гаварыць многае, але галоўнае — несці за гэта адказнасць, у першую чаргу перад грамадствам і перад законам».

Ігар Сергеенка мяркуе, што ў грамадства ёсць запыт на праўду, але яно, грамадства, разбэшчанае фэйкавай інфрамацыяй.

«Фэйкавая інфармацыя ўспрымаецца як шоу. Калі следам крочыць праўда, ёй складана прабіцца. Але ведаем адно: усе зацікаўлены атрымліваць і арыентавацца на праўдзівую інфармацыю», — рэзюмаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

З першых вуснаў

«Вельмі высакародная справа для ваеннага чалавека — без шуму, без стрэлаў вярнуць дзясяткі людзей дадому»

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў супрацоўнікам КДБ, якія ўдзельнічалі ў спецаперацыі ва Украіне, медалі «За адзнаку ў воінскай службе, паведаміла прэс-служба кіраўніка краіны. 

Падчас уручэння узнагарод Прэзідэнт раскрыў некаторыя падрабязнасці праведзенай імі спецыяльнай аперацыі ва Украіне. «У нас сёння незвычайны фармат, хаця вы заслугоўваеце, напэўна, самых добрых слоў і самых яркіх пазіцый у сродках масавай інфармацыі. Але не я ж выбіраў жыццё для вас і вашы перавагі. Вы выбралі такое жыццё, такую службу. Я вам вельмі ўдзячны за гэта. Гэта сапраўдная мужчынская служба», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівыя словы падзякі супрацоўнікам КДБ кіраўнік дзяржавы выказаў за паспяховае правядзенне аперацыі па вызваленні дзясяткаў беларускіх грамадзян, якія знаходзіліся фактычна ў палоне на тэрыторыі Украіны.

«Відавочна, не па сваёй волі яны апынуліся заложнікамі, і не толькі сітуацыі, але і асобных жаданняў самых дрэнных людзей ва Украіне. Калі пачалася спецаперацыя Расійскай Федэрацыі, нашы людзі, некалькі дзясяткаў, засталіся там, прама скажам, заложнікамі сітуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем’і. Вельмі высакародная справа для ваеннага чалавека — без шуму, без стрэлаў вярнуць дзясяткі людзей дадому. Таму я вам празмерна ўдзячны за ваш учынак», — прыадкрыў некаторыя падрабязнасці Прэзідэнт.

Ён са шкадаваннем адзначыў, што двум беларусам так і не пашчасціла вярнуцца дадому. Да пачатку аперацыі спецслужбаў яны былі загнулі. «Прыйдзе час, мы разбяромся і з гэтым, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. —Я памятаю, тады сказаў пра тое, што калі нам не вернуць хлопцаў, то мы правядзем у тым ліку і вострую спецаперацыю для вызвалення нашых хлопцаў. Камітэту дзяржбяспекі было даручана падрыхтаваць гэтае мерапрыемства і вызваліць нашых людзей. Пры вашым непасрэдным удзеле, пад вашым кіраўніцтвам была ажыццёўлена гэтая аперацыя без адзінага стрэлу. Па-мойму, ва Украіне так і ніхто не разабраўся, як гэта здарыліся», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пра цырымонію журналістам крыху расказаў і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ. Па яго словах, узнагароджаныя выконвалі задачы ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, але, на жаль, імёны, прозвішчы і абставіны аператыўнага задання раскрыць нельга.

«Такая спецыфіка службы. Але важна галоўнае — гэтыя хлопцы правялі ўнікальную спецыяльную аперацыю па вызваленню нашых грамадзян з чужой тэрыторыі. Грамадзян Беларусі было шмат, каля 70 чалавек. Яны аказаліся фактычна ў палоне, іх жыццю і здароўю пагражала небяспека», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго, унікальнасць аперацыі і ў тым, што байцы маглі прымяніць зброю, але спецзаданне было ажыццёўлена настолькі прафесійна, што яна не спатрэбілася.

«Яны не зрабілі ніводнага стрэлу і вывезлі нашых грамадзян з тэрыторыі чужой краіны, вярнулі гэтых людзей у сем’і, дамы. Гэтыя хлопцы праявілі сапраўды гераізм, адвагу, выканалі з годнасцю гэту аперацыю», — дадаў суразмоўца.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.