Вы тут

Лукашэнка: Усе рэзервы росту і развіцця мы павінны шукаць у сабе. Іх — мора


У краіне дастаткова рэзерваў для росту і развіцця эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў на нарадзе па праекце закона «Аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі». 


«Нам ніхто не дапаможа, апроч нас саміх. Усе рэзервы росту і развіцця мы павінны шукаць у сабе. Іх — мора, нават у гэтых няпростых умовах. Таму ад урада, Нацыянальнага банка і іншых прысутных хацеў бы пачуць, як прапанаваны праект закона будзе вырашаць гэтыя задачы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Закон «Аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі», падрыхтаваны ўрадам, устанаўлівае на 1,5 года новыя падыходы да эканамічнай палітыкі.

Таму перад тым, як накіраваць гэты закон у парламент, нарада праводзіцца з удзелам зацікаўленых бакоў, каб прыняць канчатковае рашэнне па спрэчных пытаннях. Палярныя меркаванні ёсць у дзяржорганаў і распрацоўшчыкаў. Палажэнні дакумента закранаюць практычна ўсе сферы: інвестыцыі і фінансы, умовы для вытворчай дзейнасці, транспарт і лагістыку, сацыяльныя гарантыі насельніцтву.

«Нягледзячы на тое, што прапанаваныя меры маюць часовы характар (да канца 2023 года), кожная з іх дастаткова сур’ёзная і ўносіць істотныя змены ў рэгуляванне асобных працэсаў. І тут (найбольш парламентарыяў гэта тычыцца) нам бы гэтымі часовымі мерамі не разбалансаваць і не дэстабілізаваць сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне. Як мне дакладваюць, мэтай падрыхтоўкі закона з’яўляецца імкненне ўстараніць негатыўны ўплыў заходніх санкцый на эканоміку Беларусі», — заўважыў кіраўнік краіны.

Айчынныя прадпрыемствы сапраўды сутыкаюцца з бар’ерамі, дадаў ён, якія закранулі ўсе этапы вытворчага працэсу і якія штучна створаны на вонкавым контуры.

«Нагадваю, цяжкасці — не нагода для панікі, але і разлічваць, што сітуацыя вырашыцца сама па сабе, таксама не трэба. Як я ўжо казаў раней, і гэты прагноз апраўдваецца, у нас адбываецца фізічнае зніжэнне аб’ёмаў продажаў калію і нафтапрадуктаў», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэта негатыўна паўплывала ў цэлым на вынікі работы прамысловага комплексу, на транспарт, аптовы гандаль. Астатнія сектары нашай прамысловасці працуюць з вынікам 100 працэнтаў і вышэй. 

«Упэўнены, і з нафтай, і з каліем таксама разбяроэмся. Таму бягучыя задачы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця 2022 года былі абазначаны: імкнуцца да 100 працэнтаў, але без вымывання дэфіцытных абаротных сродкаў і нарошчвання складоў, — сказаў Прэзідэнт. — Другая задача: забяспечыць занятасць людзей, не дапусціўшы спынення вытворчасцей, захаваць хаця б цяперашні ўзровень даходаў. У каго прадукцыйнасць працы вышэй, добра, няхай плацяць больш. Задача ўрада — падтрымаць бюджэтнікаў, пенсіянераў і сацыяльна неабароненых грамадзян. Усё, што абяцалі, трэба выканаць», — арыентаваў кіраўнік краіны.

Ён працягнуў, што інструменты вырашэння гэтых пытанняў таксама акрэслены: тэрміновая пераарыентацыя экспартных патокаў з Украіны і краін ЕС у Расію і Азію, жорсткая эканомія бюджэтных расходаў, агрэсіўнае імпартазамяшчэнне.

«Толькі зрабіць гэта трэба не да 2025 года, як было запланавана, а, пажадана, за год-паўтара. Прыярытэт таксама зразумелыя: буйныя і малыя прамысловыя вытворчасці — і дзяржаўныя, і прыватныя. Галоўнае, каб яны працавалі і працавалі сумленна, плацілі падаткі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што неабходна нагружаць і пытацца з улады ў раёнах. «Хопіць мясцовай вертыкалі лунаць у аблоках і чакаць указанняў “з цэнтра”. Усе яны дадзеныя. Не замацуем у раёнах людзей шляхам стварэння вытворчасцей і пераразмеркавання рэсурсаў — правалім усю справу. Спыніце адток спецыялістаў у абласныя гарады і сталіцу праз прадастаўленне жылля, размеркаванне спецыялістаў ВНУ, ільготы і іншае — гэта вашы пытанні», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён яшчэ раз нагадаў «зямныя» задачы мясцовай вертыкалі: 

  • адзін-два новыя інвестпраекты на пяцігодку ў кожным раёне; 
  • два самыя слабыя сельгаспрадпрыемствы замацаваны персанальна за кожным старшынёй райвыканкама;
  • •адраджэнне райаграсэрвіса і перасоўных механізаваных калон; 
  • падваенне тэмпаў меліярацыі;
  • вырашэнне пытання з пустуючымі дамамі і зямлёй.

Калі рэгіёнам не хапае паўнамоцтваў для эфектыўнага вырашэння гэтых праблем, Прэзідэнт просіць уносіць прапановы. 

«Паўтару, генеральная задача ўлады — забяспечыць спакой грамадства, абараніць людзей і мінімізаваць уплыў рабаўнічых санкцый на працоўныя калектывы. Цешыць, што людзі і самі адэкватна разумеюць сітуацыю, падтрымліваюць наш мірны курс на развіццё і трымаюцца за працу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік краіны дадаў, што ўважліва вывучыў праект закона і ўбачыў шэраг мераў, якія накіраваны на абарону дзяржаўных інтарэсаў і ўмацаванне нашай эканамічнай бяспекі. Ёсць у ім і пэўныя пытанні.

«Напрыклад, вы прапануеце мытныя і падатковыя адтэрміноўкі, мараторый на рост маёмасных падаткаў. Але як гэта паўплывае на даходы бюджэту? Такім чынам, на заробкі настаўнікаў, урачоў, выплацту пенсій і дзіцячых дапамог? А гэта найбольш уразлівыя групы насельніцтва, якія залежаць ад бюджэтў», — лічыць Прэзідэнт.

Далей пытанне ад яго: ці сапраўды забарона на выбарачныя праверкі, аптымізацыя нагрузкі пры атрыманні дазвольнай дакументацыі, змяненне крытэрыяў ацэнкі працы кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый павысяць дзелавую актыўнасць у краіне?

«Заказы ёсць, рынак неабдымны на ўсё, што мы ствараем. Неабходна ўпірацца і працаваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пытаецца, ці выкананы баланс інтарэсаў пры прадастаўленні адтэрміновак пагашэння спажывецкіх крэдытаў і крэдытаў на жыллё грамадзянам? А таксама пры забароне на павелічэнне ў 2022 годзе тарыфаў на цеплазабеспячэнне і электрычную энергію?

«Мае асцярогі па аднамомантным прыняцці такога пласта рашэнняў: ці гатовы мы да гэтага? Ці не надуманыя гэта нормы, якія прыгожыя на паперы, але нічога не даюць на практыцы? Я нездарма запрасіў губернатараў і асобных галіновых міністраў. Пра ўзмацненне мясцовай вертыкалі сёння ўжо сказана. Але і стратэгію працы міністраў мы вызначылі даўно, — сказаў кіраўнік краіны. — Успомніце шквал крытыкі нашых псеўдалібералаў за ручное кіраванне асобнымі пытаннямі. Сёння без гэтага не абысціся». 

Прэзідэнт акцэнтаваў: «Час ваенны. Канкрэтныя меры і задачы — канкрэтныя тэрмін і вынік. Вось і ўся формула. Няма ніводнай развітой краіны без матэрыяльнай асновы — ад энергетыкі да прамысловасці».

Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што ўлады «дзяўблі» некалі за мадэрнізацыю флагманаў і традыцыйных галін. А сёння сельская і лясная гаспадарка даюць 10 мільярдаў долараў экспарту. 

Ён задаў пытанне, што дасць новы закон міністру замежных спраў, зыходзячы з яго галоўнай задачы раскруціцца ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы? «Неабходна перанесці туды ўвесь груз працы пасольстваў і прадстаўніцтваў. Пакуль бачу толькі маленькія крокі. Можа, закон падштурхне дыпламатаў бегаць хутчэй?» — задаў пытанне кіраўнік краіны. 

Далей — прыклад прадпрыемства «Нафтан». Краіна ўклала ў яго мадэрнізацыю, па словах Аляксандра Лукашэнкі, больш за 1,5 мільярда долараў, пастаянна падтрымлівае па ўсіх пытаннях шматтысячны калектыў. «Чым гэты закон дапаможа “Нафтану”, Мазыру, “Беларуськалію” пераадолець бягучыя праблемы і цяжкасці? Закон законам, але без таго, каб у бягучай сітуацыі вазіць калій “мяшкамі” ці дызель “бочкамі”, мы не абыдземся. Час перадаплаты і самавывазу прайшоў. Закасаць рукавы і адпрацоўваць кожны кантракт уручную. Ад спецыяліста на прадпрыемстве да прэм’ера, а дзе патрабуецца — і Прэзідэнта», — дадаў кіраўнік краіны.

Галоўныя пытанні Прэзідэнта да асноўнага дакладчыка, першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова, па законе: каго ён закране, што дасць для развіцця эканомікі ў цэлым, якія магчымыя рызыкі і пагрозы і ці можа жыць краіна, не змяняючы сваю сацыяльна-эканамічную палітыку.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.