Вы тут

У Беларусі з’явіцца адзіная праграма для рэгістрацыі хатніх жывёл


Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама сумесна з Мінскай ЖКГ распрацоўваюць адзіную электронную праграму, у якой будзе акамуліравацца інфармацыя аб усіх зарэгістраваных жывёлах. Доступ да сістэмы будуць мець абслугоўваючыя жыллёва-камунальныя арганізацыі і разлікова-даведачныя цэнтры (РДЦ). Мяркуецца, што гэта спросціць налічэнне падатку за ўтрыманне сабак, а таксама дапаможа аператыўна адшукаць гадаванца.


Абавязкова рэгістраваць у кватэры беларусам трэба толькі сабак і кошак — гадаванцаў іншых відаў гэта не датычыцца. А на кошку, дарэчы, не трэба плаціць і падатак. Аформіць афіцыйную «прапіску» даросламу сабаку ці кату трэба цягам трох дзён з моманту іх з’яўлення ў жыллі. Шчанюкоў і кацянят афармляюць, калі ім споўніцца тры месяцы. Калі чатырохногі сябра загінуў, згубіўся, пераехаў ці быў аддадзены, гаспадар павінен паведаміць пра гэта камунальнікам і ветэрынарнай службе, расказала Настасся ВАРАБ’ЁВА, намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

Каб зарэгістраваць жывёлу ў кватэры, трэба зрабіць наступнае:

- аформіць гадаванцу ветэрынарны пашпарт;

- вакцынаваць яго супраць шаленства і зрабіць адзнаку пра гэта ў ветпашпарце;

- уладальнікі сабак патэнцыйна небяспечных парод павінны прайсці кіналагічныя курсы, атрымаць спецыяльную даведку;

- з пашпартам сабакі ці ката і сваім сведчаннем асобы (а таксама даведкай пра навучанне ў кінолага — для пэўных парод сабак) гаспадару трэба падысці ў жыллёва-эксплуатацыйную службу, таварыства ўласнікаў ці іншую арганізацыю, якая абслугоўвае дом, дзе жыве жывёла;

- напісаць заяву аб рэгістрацыі;

- азнаёміцца з правіламі ўтрымання хатніх жывёл.

Кіналагічныя курсы для спецыяльнага абучэння сабак патэнцыйна небяспечных парод можна прайсці на прадпрыемстве «Фауна горада». Курсы доўжацца ад аднаго да чатырох месяцаў, і праводзяць іх спецыялісты беларускага грамадскага спартыўна-кіналагічнага таварыства, удакладніла спецыяліст:

— Навучанне ўключае ў сябе тэарэтычныя веды, падчас якіх уладальнікаў жывёл вучаць правільнаму стаўленню да сваіх гадаванцаў, і практычныя — калі гаспадар і яго сабака працуюць над карэкцыяй паводзін і ключавымі навыкамі. Па завяршэнні заняткаў выдаецца дыплом «Кіруемы гарадскі сабака» і даведка, якая патрэбна для рэгістрацыі гадаванца ў кватэры.

Пасля рэгістрацыі спецыялісты жыллёва-эксплуатацыйнай службы выдадуць сабаку ці кошцы жэтон, які яны павінны заўжды мець пры сабе. Прымацаваць жэтон можна, напрыклад, да ашыйніка.

Сёння рэгістрацыя жывёл праводзіцца на папяровых носьбітах — у спецыяльных журналах. Аднак паколькі такі падыход ужо састарэў, з часам усе яны будуць унесены ў электронную базу. Да яе, акрамя супрацоўнікаў ЖКГ і РДЦ, будуць мець доступ і спецыялісты «Фауны горада», якія займаюцца пошукам гаспадароў хатніх жывёл, якія згубіліся, ці былі дастаўлены на прадпрыемства, дадала Настасся Вараб’ёва:

З укараненнем электроннай базы ў спецыяльным раздзеле праграмы будзе змяшчацца не толькі нумар жэтона знойдзенага гадаванца, але і іншыя характарыстыкі, у прыватнасці фота.

Нагадаем, што, згодна з законам, у кватэры можа пражываць не больш за дзве жывёлы: кот і сабака, два каты ці два сабакі. 

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.