Вы тут

Каб больш такіх «скамарохаў»


Знакаміты кампазітар, заснавальнік рускай класічнай музыкі Міхаіл Глінка паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Першы з гэтага роду, чыё імя захавалася ў дакументах, — Віктарын Уладзіслаў, якому кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў ІV падарыў маёнтак у Смаленскім ваяводстве. Гэты Глінка ў 1569 годзе прыняў падданства Масковіі. Дзед будучага кампазітара даслужыўся да секунд-маёра, а яго сын Іван — капітана. Звольніўшыся з войска, у жонкі ўзяў дачку суседняга памешчыка, таксама Глінкі, Жэню. Першае дзіця не ўбераглі, хлопчык неўзабаве памёр. 1 чэрвеня 1804 года на самым досвітку нарадзіўся другі, названы Міхаілам. Адбылося гэта ў сяле Наваспаскім Ельнінскага павета Смаленскай губерні. 


Што наспяваў салавей

З маленства яго прыцягваў свет музыкі. Калі бацькі ў нядзелю бралі ў царкву, захапляўся перагукваннем званоў. Пасля вяртання «іграў» на медных тазах. Калі падрос, яго вабілі святочныя гулянні, на якія запрашалі прыгонных музыкаў дзядзькі, брата яго маці, Апанаса Андрэевіча, які і сам захапляўся музыкай. Міша падыгрываў ім на маленькай скрыпцы, флейце. 

Бацька, хоць і быў не супраць таго, каб зрабілі іх, усё ж гэта не ўхваляў: «Не дарэмна салавей заспяваў пры яго нараджэнні ля акна, вось і атрымаўся скамарох». Марыў, каб сын звязаў свой лёс з дзяржаўнай службай. Узрадаваўся, калі даведаўся, што пры Галоўным педагагічным інстытуце ў Пецярбургу адкрываецца Шляхетны пансіён. Выпускнікі яго маглі і далей вучыцца па абранай спецыяльнасці ці адразу станавіцца службоўцамі. У гэтую навучальную ўстанову Міша і паступіў. 

Дзе каханне — там і вальс

Але бацька ўсё ж аплаціў яму заняткі па музыцы, якія праводзіліся дадаткова. Міша не прапускаў музычныя прэм’еры і спектаклі, на канікулах у Наваспаскім і суседнім Шмакаве з вяскоўцамі ладзіў карагоды, знаёміўся з фальклорам. Быў упэўнены, што пазней асобныя мелодыі выкарыстае ў сваіх творах. А што стане кампазітарам — не сумняваўся. Паскорыла гэта… каханне.

За тры месяцы да заканчэння пансіёна нечакана пазнаёміўся з дзяўчынай, якая таксама захаплялася музыкай і хораша спявала. Калі ж даведаўся, што ёй падабаецца опера аўстрыйскага кампазітара і дырыжора Ёзафа Вайгля «Швейцарскае сямейства», напісаў на тэму гэтага твора варыяцыі. Натхнёны яе пахвальбой, «падступіўся» і да Вольфганга Моцарта. А пасля з’явіўся і яго ўласны твор — вальс для фартэпіяна. На гэтым каханне і скончылася. Хто яна — невядома. Ва ўспамінах яе імя не назваў. 

Бадай, пайшоў бы служыць у Замежную калегію. Чын дзясятага класа, атрыманы пасля заканчэння пансіёна, даваў такое права. Але ад нараджэння быў хваравіты. А тут магчымасць на Каўказе падлячыцца мінеральнымі водамі. Праўда, лячэнне няшмат дапамагло. Затое пазнаёміўся з мясцовымі песнямі. Неаднойчы назіраў каўказскія танцы. Слухаў легенды і паданні. Пазней гэта прыдалося ў напісанні оперы «Руслан і Людміла». 

А бацька ад свайго не адступаўся. Ніякай музыкі — толькі сур’ёзны занятак. Паслухаўшыся яго, у маі 1824 года стаў памочнікам сакратара ў канцылярыі Савета шляхоў зносін. І не прагадаў. Працаваў толькі гадзін пяць-шэсць у дзень. Работы на дом не давалі. На дзяжурствы не прызначалі. Па вечарах часта наведваўся да старых і новых знаёмых. Якіх, здагадацца няцяжка. Канешне ж, тых, хто любіў музыку. Там нярэдка і сам выконваў класічныя творы. Пісаў рамансы на свае любімыя вершы. 

Аднакурснік па Шляхетным пансіёне Леў Пушкін пазнаёміў з Аннай Керн. Гэта ёй, як вядома, яго старэйшы брат Аляксандр Сяргеевіч прысвяціў знакаміты верш «Я помню чудное мгновенье». Пазней, улетку 1828 года, Міхаіл Глінка пазнаёміўся з Антонам Дэльвігам. На музыку паклаў яго вершы «Ах ты, ночь ли, ноченька» і «Дедушка, — девицы раз мне говорили…» Часта сустракаўся і з Аляксандрам Пушкіным. Неўзабаве з’явілася і першая іх песня «Не пой, красавица, при мне».

А з Саветам шляху зносін развітаўся нечакана. Не апраўдаў спадзяванняў генерала Івана Гарголі, які хацеў адну з трох сваіх дачок аддаць за яго замуж. Пасля гэтага на рабоце пачаліся прыдзіркі. Не жадаючы трываць іх, падаў прашэнне аб адстаўцы.

Слухаў фіна для балады… фіна

Міхаіл Іванавіч заўсёды любіў падарожнічаць. Маючы вольны час, паехаў на знакаміты вадаспад Іматры. Пазнаёміўся з фінам, які ведаў рускую мову. Ад яго пачуў мелодыю, якую пасля выкарыстаў у баладзе фіна ў оперы «Руслан і Людміла». Гэта не першы падобны выпадак. Адна з песень у выкананні сакратара персідскага прынца Хазрэва-Мірзы таксама загучала ў гэтым творы, стаўшы асновай для хору «Ложится в поле мрак ночной».

А здароўе ўсё пагаршалася. 25 красавіка 1830 года паехаў падлячыцца ў замежных лекараў. Брэст, Дрэздэн, Франкфурт, Лазана, Жэнева... У Мілане затрымаўся даўжэй. Хацеў паслухаць вядомых выканаўцаў. Узяць урокі музыкі ў мясцовых спецыялістаў. Не звяртаў увагі на тое, што адчувае сябе блага.

У Італіі жыў каля трох гадоў. Плённым было і знаходжанне ў Берліне. Напісаў фартэпіянныя варыяцыі на тэму раманса Аляксандра Аляб’ева «Салавей», а таксама іншыя творы. Не заспеўшы бацьку жывым, больш за месяц пражыў у Наваспаскім. Потым была Масква, дзе нарадзіўся адзін з найлепшых яго рамансаў «Не называй ее небесной» на словы Мікалая Паўлава. Канчаткова акрэслілася і задума оперы «За цара», цяпер вядомая як «Іван Сусанін». 

Дарэчы, і спачатку яна так называлася. Аднак сябры прапанавалі Міхаілу Іванавічу прысвяціць яе імператару. Калі Мікалай І завітаў на адну з рэпетыцый, музыка яму спадабалася. Падышоў, ласкава загаварыў. У гэты час Міхаіл Глінка і папрасіў дазволу на прысвячэнне. Але цар прапанаваў назву «Жыццё за цара». Чарговая гаворка адбылася ў снежні 1836 года. Мікалай І, зайшоўшы пасля спектакля за кулісы (прэм’ера адбылася 27 лістапада таго ж года), сказаў яму:

— Глінка, я маю да цябе просьбу і спадзяюся, што ты не адмовіш мне, — і прапанаваў стаць капельмайстрам прыдворнай капэлы. Прасцей кажучы — яе кіраўніком.

У капэле працавала не адна сотня спевакоў. Склад пастаянна папаўняўся. У красавіку 1838 года Міхаіл Глінка паехаў на Украіну шукаць новых пеўчых. Там і ўзяўся пісаць оперу «Руслан і Людміла», задумай якой жыў даўно. За год да гэтага канчатковы сюжэт яму падказаў драматург і рэжысёр Аляксандр Шахаўскі. Але асабліва падштурхнула гібель Пушкіна. На яго смерць адгукнуўся песняй Баяна, якая ўвайшла ў оперу. 

Пісаў і рамансы. Адзін з іх — «Если встречусь с тобой», — пакладзены на музыку аднайменны верш Аляксея Кальцова, прысвяціў Кацярыне Керн — дачцэ Анны Керн. Як Пушкін закахаўся ў яе, так Глінка — у Кацярыну. Можа, яшчэ і мацней. На верш «Я помню чудное мгновенье» таксама напісаў музыку і прысвяціў… Канешне ж, Кацярыне Керн. Атрымліваецца, што дзве Керн у адным творы. 

На «Руслана і Людмілу» пад прымусам

Праца над «Русланам і Людмілай» зацягнулася. Аднак дзіўна не гэта, а тое, што прэм’ера правалілася. Толькі Феранц Ліст, які якраз знаходзіўся ў Пецярбургу, ацаніў яе па заслугах. Пасля гэтага ёю зацікавіўся вялікі князь Міхаіл Паўлавіч. Аднак зласліўцы не спыняліся. Кампазітар і педагог Уладзімір Кашпераў, даўні прыяцель Глінкі, прыводзіў такі прыклад: «…Паміж афіцэрамі неаднойчы паўтаралася фраза: “Глядзі не пападзіся на чым-небудзь — а то цябе пашлюць «Руслана Людмілу» слухаць”. Гэтая фраза паўтаралася, бо яна была прамоўлена адной з уплывовых асоб». Такую несправядлівасць Міхаіл Іванавіч успрымаў вельмі балюча. Разумеў, што «Руслан і Людміла» — вяршыня яго творчасці. Час усё паставіць на сваё месца. Але да гэтага трэба дажыць. У ліпені 1844 года адправіўся ў доўгатэрміновую паездку за мяжу. У Парыжы пазнаёміўся з Гектарам Берліёзам — найвыдатнейшым французскім кампазітарам, дырыжорам, музычным пісьменнікам. Сустрэліся не толькі два вялікія таленты, але і людзі ў многім блізкага творчага лёсу.

Неадназначна крытыка адзывалася і пра Берліёза. Ацэнкі былі рэзка супрацьлеглыя. Ад поўнага прызнання да гэткага ж адмаўлення. Глінка шчыра захапляўся яго талентам. У сваю чаргу Берліёз даў некалькі канцэртаў, у якіх пазнаёміў французскую публіку з некаторымі яго творамі. Глінка адважыўся даць і свой канцэрт. Зала была перапоўнена. 

Ці глупства вечнасць?

Пасля ажыццявіў і сваю даўнюю мару — паехаў у Іспанію. Больш за два гады знаёміўся з нацыянальнымі танцамі, песнямі. Вывучаў звычаі і быт іспанцаў. Аднак напісаў толькі вядомую сімфанічную ўверцюру «Арагонскае паляванне» і «Ноч у Мадрыдзе».

Пасля вяртання жыў у Наваспаскім, Смаленску. Потым зноў паехаў у Варшаву, дзе напісаў сваю знакамітую «Камарынскую». Яе высока ацаніў Пётр Чайкоўскі, які зазначыў, што ў гэтым творы Глінкі «як дуб у жолудзе, схавана ўся руская сімфанічная школа». Але і ў Варшаве не затрымаўся. Прыязджаў на пахаванне маці. Аб’ездзіў амаль усю Францыю. У нечым нагадваў перакаці-поле. Шукаў пэўны прыстанак і не знаходзіў яго. Не давёў да канца і шмат з таго, што задумаў. Не закончыў, прынамсі, вялікую сімфонію для аркестра «Тарас Бульба» і невялікую оперу «Двумужніца». Сюжэт апошняй быў узяты з волжскага быту. Знайшоўся нават нейкі аўтар лібрэта.

27 красавіка 1896 года выехаў з Пецярбурга, дзе тады знаходзіўся, у Берлін. За два дні да гэтага Уладзімір Стасаў параіў сястры Міхаіла Іванавіча сфатаграфаваць яго. Партрэт Глінку спадабаўся. «Надзвычай падобны», «дзівосны» — так паставіўся да здымка. Ні сам ён, ні сястра, ні Стасаў не здагадваліся, што гэта яго апошні партрэт. Не ведаў Глінка і таго, што раманс «Не говори, что сердцу больно» — яго апошні твор у гэтым жанры. 

У канцы ж снежня 1856 года (па новым стылі 9 студзеня 1857-га) адбывалася важная для яго падзея. У каралеўскім палацы ладзіўся парадны канцэрт. На ім выконвалася і трыа з оперы «Іван Сусанін». Выйшаўшы пасля канцэрта, усхваляваны, разгарачаны, прастудзіўся. На другі дзень злёг. Не мог абыходзіцца без дапамогі. Калі станавілася крыху лепш, спрабаваў жартаваць. Вечарам 14 лютага 1857 года нечакана загаварыў пра вечнасць, прамовіўшы, што ўсё гэта глупства. У ноч з 14 на 15 лютага яго не стала. 

У нямецкай зямлі спачываў нядоўга. 22 мая 1857 года труну з целам параходам даставілі ў Пецярбург. Праз два дні знайшоў свой вечны спачын на могілках Аляксандра-Неўскага манастыра. Тады ж на яго магіле з’явіўся і помнік. А ў 1885 годзе велічны манумент быў пастаўлены ў Смаленску. Узвялі яго за сродкі, сабраныя па ўсенароднай падпісцы. Міхаіл Іванавіч стаіць у поўны рост. Надпіс на п’едэстале: «Глинке — Россия». Не забывае яго і Беларусь. Памятае як аднаго з самых выдатных людзей, чые карані на нашай зямлі.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».