Вы тут

Дзіцячая літаратура ва ўяўленнях 1978 года


Дзіцячая літаратура заўжды — у полі зроку грамадства. І справа тут не ў тым, што пра яе пішуць многія літаратурныя крытыкі, якраз — наадварот: дзіцячай літаратуры заўсёды не хапала пільнай увагі з боку літаратуразнаўцаў, крытыкаў...Справа хутчэй у іншым — аповесці, апавяданні, аўтарскія казкі юнага чытача, вершы, паэмы, адрасаваныя хлопчыкам і дзяўчынкам, патрэбны школьнікам усіх узростаў. На кнігах пабудаваны працэс выхавання, не толькі ў школе, але і ў сям’і. Дзіцячую літаратуру перш-наперш развівае рынак, запатрабаванасць чытача, пакупніка... Можна з гэтым паспрабаваць паспрачацца, але наўрад ці што ўдасца даказаць зваротнае. Вось і сёння, пры ўсіх складанасцях у кнігавыдавецкай справе, кнігі для маленькіх, аповесці для падлеткаў, раманы пра першае каханне — самыя запатрабаваныя выданні. 


Цікавай падаецца статыстыка па выданню літаратуры для дзяцей і юнацтва ў мінулыя гады. Калі ўсяго ў 2021 годзе было выдадзена 1061 назваў кніг мастацкай літаратуры, то 627 з іх склалі кнігі для дзяцей і юнацтва. У 2017-м — 741 назва. І гэта пры тым, што сёння крытыка яшчэ болей безуважная да дзіцячай літаратуры, чым у ранейшыя дзесяцігоддзі. І рэдка калі творчасць тых пісьменнікаў, хто працуе з разлікам на школьнага чытача, становіцца прадметам абмеркавання на навукова-практычных канферэнцыях, творчых пленумах. Ці варта памяняць сітуацыю, паспрабаваўшы надаць шырокую вагу разгляду новых здабыткаў у асяроддзі прафесіяналаў альбо на платформе педагагічных дыскусій?..

Звернемся да аднаго дакумента, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР 7 ліпеня 1978 года звяртаецца да Першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі: «Паважаны Пётр Міронавіч!

Як Вам вядома, 14-15 чэрвеня г.г. адбыўся пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, на якім шырока і ўсебакова было абмеркавана пытанне «Беларуская літаратура для дзяцей і юнацтва, яе стан і задачы ў святле рашэнняў XXV з’езда КПСС, Пастановы ЦК КПСС “Аб мерах па далейшым развіцці савецкай дзіцячай літаратуры” (1969) і Пастаноў ЦК КПСС аб агульна-адукацыйнай школе». І далей: «У рабоце пленума прынялі ўдзел адказныя работнікі Міністэрства асветы БССР, Міністэрства культуры БССР, Міністэрства ўнутраных спраў БССР, ЦК ЛКСМБ, Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, Беларускага рэспубліканскага Саевта прафсаюзаў, а таксама вядомыя педагогі, пісьменнікі, прадстаўнікі творчых саюзаў БССР, бібліятэкары, выхавацельніцы дзіцячых садоў, супрацоўнікі выдавецтваў і рэспубліканскіх газет, госці з Саюзаў пісьменнікаў СССР і РСФСР і братніх рэспублік.

На пленуме выступіла 30 чалавек. 

Поспеху пленума садзейнічала вялікая арганізацыйная работа — напярэдадні Саюз пісьменнікаў і Міністэрства асветы БССР правялі семінар, у час якога пісьменнікі пазнаёміліся з тым новым, што з’явілася апошнім часам у савецкай школе, дэталёва вывучылі пытанне выкладання беларускай літаратуры і мовы...» 

Фактычна справаздача з канца 1970-х гадоў падказвае механізмы, як сёння абудзіць увагу да літаратуры і чытання сярод дзяцей, падлеткаў, юнацтва. Звяртае ўвагу на супольнасць крокаў у гэтай справе. Без міністэрства асветы, іншых зацікаўленых ведамстваў ніяк не абыйсціся. 

«Пленум прайшоў у дзелавой абстаноўцы, якая характэрна ўсяму ладу сённяшняга жыцця, — дакладвае Іван Пятровіч у ЦК КПБ. — Дзіцячая літаратура ў нашай рэспубліцы расце і развіваецца, дзякуючы нястомным клопатам Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада. У апошнія гады напісаны значныя творы, прасякнутыя гуманізмам, палымянай патрыятычнасцю, глыбокім інтэрнацыяналізмам. 

На сучасным этапе камуністычнага будаўніцтва партыя і Савецкі ўрад патрабуюць ад творчай інтэлігенцыі новых намаганняў у справе стварэння духоўных багаццяў для патрэб савецкіх людзей. Дзіцячая літаратура — адзін з важных участкаў ідэалагічнага фронту. 

У пастанове, якая была прынята, намечаны канкрэтныя меры і шляхі па выкананню рашэнняў XXV з’езда КПСС, Пастановы ЦК КПСС “Аб мерах па далейшым развіцці савецкай дзіцячай літаратуры”, Пастаноў ЦК КПСС аб агульнаадукацыйнай школе. 

Станоўча ацэньваючы здабыткі дзіцячай літаратуры за апошнія гады, пленум Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР лічыць, што выкарыстаны не ўсе магчымасці і творчыя рэзервы ў напісанні і выданні кніг для дзяцей і юнацтва». Дарэчы, хто ў 1970-я гг. актыўна працаваў у дзіцячай літаратуры, чые творы асабліва прыйшліся па душы беларускім школьнікам? У 1970 годзе выйшла аповесць Івана Сяркова «Мы — хлопцы жывучыя» як працяг яго ж твора «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968). У 1977 г. выходзіць аповесць Паўла Місько «Прыгоды Бульбобаў». Алена Васілевіч у 1970 годзе кнігай «Пачакай, затрымайся...» завяршыла сваю славутую тэтралогію пра пакутлівы лёс дзяўчынкі, яе судакрананні з драматычнымі падзеямі жыцця. Гэтыя аповесці былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. У 1974 годзе выйшла аповесць Уладзіміра Дубоўкі «Як Алік у тайзе заблудзіўся». У дзіцячай паэзіі працягвалі працаваць Эдзі Агняцвет (яе кнігі «Краіна маленства» і «Доктар Смех» — якраз з сямідзесятых), Васіль Вітка («Чытанка-маляванка», «Хто памагае сонцу», «Ладачкі-ладкі»), Станіслаў Шушкевіч, Мікола Чарняўскі... З разлікам на юных чытачоў працавалі многія пісьменнікі, якіх усё ж нельга аднесці да дзіцячых... 

Далей Іван Пятровіч, як быццам выканаўшы абавязковую частку справаздачы, запэўніўшы ў тым, што ў СП БССР разумеюць, што «дзіцячая літаратура — адзін з важных участкаў ідэалагаічнага фронту», пераходзіць да канкрэтных пытанняў: «Выступаючыя выказалі прапановы, над вырашэннем якіх Саюз пісьменнікаў БССР будзе працаваць. Аднак ёсць пытанні і праблемы, што патрабуюць разгляду і вырашэння ў ЦК КПБ. У прыватнасці: на пленуме ставілася пытанне аб неабходнасці мець у рэспубліцы асобнае выдавецтва, якое займалася б выпускам кніг для падрастаючага пакалення. 

Шырока вялася гаворка аб паляпшэнні выкладання мастацкай літаратуры ў школе. Прапанавалася перагледзець і ўдакладніць існуючыя праграмы, рашуча змяніць практыку камплектавання школьных бібліятэк, узняць іх ролю і адкрыць новы часопіс “Мова і літаратура ў школе”. 

Вялікая ўвага была ўдзелена эстэтычнаму выхаванню. Было выказана пажаданне больш выпускаць кінафільмаў і спектакляў для дзяцей і юнацтва. 

Варта правесці конкурс на лепшую песню для дзяцей. Міністэрству асветы, Белкамвыдату, ЦК ЛКСМБ, Саюзу пісьменнікаў і Саюзу мастакоў правесці ў 1980 годзе конкурс на лепшую кнігу для дзяцей...»

Задачы даволі няпростыя нават па тым часе. І, разумеючы ўсю складанасць у іх вырашэнні, вопытны адміністратар і арганізатар літаратурнага жыцця ў рэспубліцы, ставіць іх не проста перад ЦК КПБ, а піша Іван Пятровіч менавіта Пятру Міронавічу Машэраву — партыйнаму кіраўніку рэспублікі, першай асобе ў адміністрацыйнай іерархіі Беларусі на той час. Чытаем далей: «Адстае крытыка дзіцячай і юнацкай літаратуры. Каб яе актывізавацйь, варта пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР адкрыць сектар дзіцячай і юнацкай літаратуры.» Здавалася б, што прасцей — звярніцеся напрамую ў Акадэмію навук. Але, відавочна, і тут патрэбна падтрымка Машэрава, яго ўсведамленне сітуацыі, яго разуменне масштабу праблемы... Ды і, відавочна, Акадэмія — на вышыні, да якой самому творчаму саюзу не дабрацца. Кажучы па-руску, напэўна, прысутнічаў і момант «снисходительности» з боку саміх літаратуразнаўцаў акадэмічнага кірунку: якая, маўляў, дзіцячая літаратура, калі мы займаемся праблемамі вайны і міру, калі мы займаемся тэорыяй мастацкай літаратуры... Крытыкаў, якія спецыялізаваліся б у дзіцячай літаратуры, можна пералічыць па пальцах — Марыя Барсток, Маргарыта Яфімава, Эсфір Гурэвіч... І гэта яшчэ дзякуючы таму, што выдавецтва пагаджаліся на манаграфіі, кнігі пра Янку Маўра, іншыя знакавыя тэмы. 

«Неаднаразова падымалася пытанне пра неабходнасць павелічэння аб’ёму часопіса “Бярозка”, — прадаўжае Іван Пятровіч. — На пленуме гаварылася пра гэта, бо часопіс не можа друкаваць значных па памеру твораў — аповесцей, раманаў, што стрымлівае развіццё гэтых жанраў». Пытанне відавочнае і невырашальнае на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Сёння і ўвогуле часопіс знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. Мо і віна сённяшняга стаўлення да гэтага выдання з боку Саюза пісьменнікаў Беларусі... Але ж і тая заўвага, што ў «Бярозку» не прынясеш раман, аповесць нават з разлікам на публікацыю з працягам, застаецца нявырашанай да сённяшняга часу. 

Канцоўка ў звароце да П. Машэрава аптымістычная: «Своечасовае і паспяховае вырашэнне гэтых пытанняў і праблем дапаможа выканаць рашэнні XXV з’езда КПСС па камуністычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, узняць на новы якасны і ідэйна-мастацкі ўзровень беларускую савецкую літаратуру, адрасаваную дзецям і юнацтву». 

Як адрэагавалі ў ЦК КПБ на такі канкрэтны зварот? Рэзалюцыі на пісьме Машэрава на пісьме першага сакратара Праўлення СП БССР няма. Як прынята ў такіх выпадках, пісьмо павінна разглядацца ў адпаведным аддзеле ЦК. Відаць, таму, што тэмы перасякаюцца, закрануюць розныя партыйныя «службы», па пытаннях, узнятых у СП БССР, тлумачэнне даюць загадчык аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ Ю. Смірноў, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК С. Паўлаў, загадчык аддзела культуры ЦК А. Петрашкевіч. Двое з іх — пісьменнікі. Алесь Петрашкевіч — з 1974 года член СП БССР. Да 1978 года — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі), кінасцэнарыст, драматург. Савелій Паўлаў — кандыдат гістарычных навук, публіцыст. І вось які вынік іх калектыўнага адказу: «... Гэтыя прапановы разгледжаны ў аддзелах <...> Лічым мэтазгодным даручыць Саюзу пісьменнікаў БССР распрацаваць перспектыўны план шэфскай працы пісьменнікаў над агульнаадукацыйнымі школамі рэспублікі. 

Рэкамендаваць Саюзу пісьменнікаў БССР увайсці ў Прэзідыум АН БССР з прапановай аб адкрыцці ў Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы сектара дзіцячай і юнацкай літаратуры. 

З мэтай прыцягнення творчых сіл рэспублікі да болей актыўнага стварэння высокамастацкіх твораў для дзяцей і юнацтва даручыць Дзяржкамвыдату БССР сумесна з Саюзамі пісьменнікаў і мастакоў рэспублікі штогод праводзіць конкурс на лепшую дзіцячую кнігу, а Саюзу кампазітараў БССР сумесна з Саюзам пісьменнікаў рэспублікі праводзіць штогод конкурс на лепшую дзіцячую песню. 

Даручыць Саюзу кінематаграфістаў БССР, кінастудыі “Беларусьфільм” забяспечыць стварэнне і штогадовы выпуск фільмаў для дзяцей і юнацтва. Беларускаму тэатральнаму таварыству узяць пад строгі кантроль працу тэатраў рэспублікі па стварэнню дзіцячых спектакляў. 

Што датычыць адкрыцця выдавецтва дзіцячай і юнацкай літаратуры, часопіса “Мова і літаратура ў школе”, а таксама павелічэння аб’ёма часопіса “Бярозка”, то вырашыць гэтыя пытанні ў бліжэйшы час не прадстаўляецца магчымым. Неабходна прыняць да ўвагі, што выпускам кніг для дзяцей і юнацтва ў рэспубліцы займаюцца два выдавецтвы: “Мастацкая літаратура” і “Народная асвета”. На працягу многіх гадоў яны адчуваюць востры дэфіцыт таленавітых арыгінальных кніг на дзіцячую і юнацкую тэматыку. Таму ў першую чаргу неабходна актывізаваць удзел беларускіх пісьменнікаў у стварэнні высокамастацкіх твораў для дзяцей і юнацтва, а таксама болей эфектыўна выкарыстоўваць тую паліграфічную базу, якая маецца». 

... Пройдзе час. Пачне працаваць і выдавецтва «Юнацтва». З 1980 года ў пісьменнікаў рэспублікі з’явілася магчымасць з рукапісамі кніг, адрасаваных дзецям, падлеткам, спрачацца за ўключэнне ў план ужо ў прасторы роўных сабе. Пачаў выходзіць альманах перакладной літаратуры — «Ветразь». У «Юнацтве» заснавалі і серыю «Бібліятэка дзіячай літаратуры народаў СССР». Ужо ў суверэннай Беларусі за гэты творчы праект Валянцін Лукша, Уладзімір Карызна і Уладзімір Анісковіч атрымалі Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Пачаў выдавацца напрыканцы 1980-х гг. часопіс «Беларуская мова і літаратура ў школе» (выдаецца і зараз — пад назвай «Роднае слова»). У любым выпадку ліст народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна, які добра ведаў не толькі псіхалогію пісьменнікаў, але і ўяўляў, як трэба закладаваць пытанні «на заўтра», зрабіў сваю справу. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота – БелТА і з адкрытых крыніц.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».