Вы тут

Згадкі пра Браніслава Эпімаха-Шыпілу — апекуна Янкі Купалы


У юбілейны год Янкі Купалы згадваюцца імёны людзей, якія адыгралі лёсавызначальную ролю ў яго жыцці і творчым станаўленні. Адным з першых, хто ўзяў апеку над будучым класікам беларускай літаратуры, быў Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. Менавіта ён садзейнічаў паступленню паэта на агульнаадукацыйныя курсы Чарняева, быў рэдактарам яго першага зборніка «Жалейка», а з 1909 да 1913 г. даў прытулак Купалу ў сваёй кватэры на Васільеўскім востраве. Адрас: 4-ая лінія, д. 45, кв. 16 быў вядомы многім беларусам у Пецярбургу.

Ёсць у тым вялікая несправядлівасць: памятная дошка на доме ў Санкт-Пецярбургу, дзе была кватэра Эпімаха-Шыпілы, сведчыць толькі пра тое, што там жыў Янка Купала.


Радзіма. Радавод. Сям'я

Браніслаў Эпімах-Шыпіла нарадзіўся 4 верасня 1859 г. у фальварку Будзькаўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні ў сям'і Ігната Вікенцьевіча і Ганны Аляксандраўны з роду Алецкіх. Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі паспрыялі некаторым удакладненням яго радаводу. З Будзькаўшчыны паходзіла маці Ігната Вікенцьевіча Варвара Скрындзеўская — бабуля Браніслава. Магчыма, што пасля смерці ўладальніцы фальварка Будзькаўшчына Лізаветы Скрындзеўскай — маці Варвары — і атрымання некаторай долі ад спадчыны там і стаў гаспадарыць сын Варвары Ігнат. У хуткім часе пасля нараджэння першынца Браніслава маладая сям'я перабралася ў фальварак Залессе, дзе гаспадарыў дзед Вікенцій Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. У дзеда была вялікая сям'я: сыны Ігнат — бацька Браніслава, Фадзей, Іван, дочкі Ганна і Юзэфа. На час пераезду сям'і Ігната ў Залессе тут, відавочна, жылі ўжо толькі дзед Вікенцій і бабуля Варвара: сын Фадзей жыў і працаваў інжынерам у Рызе, Іван — у Люцыне (цяпер г. Лудза ў Латвіі), дочкі Ганна і Юзэфа выйшлі замуж і таксама пакінулі бацькоўскі дом.

Эпімах-Шыпілы паходзілі са старадаўняга роду, карані якога даследчыкі знайшлі аж у XV стагоддзі. Праз стагоддзі гэты род так і не нажыў вялікіх багаццяў, а ў другой палове ХІХ стагоддзя і ўвогуле адносіўся да малазямельнай дробнай шляхты. Лад іх жыцця мала адрозніваўся ад сялянскага, і, як успамінаў Браніслаў Ігнатавіч, яму ў дзяцінстве даводзілася, як і ўсім вясковым дзецям, зведаць клопаты сялянскай паўсядзённасці. Калі хлопчыку было дзевяць гадоў, памёр бацька Ігнат, пакінуўшы ўдавой маці з трыма сынамі. Гаспадаром у сям'і і мудрым дарадцам заставаўся дзед Вікенцій Ігнатавіч, які пражыў пасля смерці сына Ігната яшчэ восем гадоў і паспеў адчуць гонар за свайго ўнука Браніслава — выдатнага вучня Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі.

Імператарскі Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Выпрабаванне навукай

Пасля заканчэння Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі амаль не ўзнікала пытанняў, дзе працягваць навуку. З 1876 г. настаўнікам гімназіі пачаў працаваць Рыгор Андрэевіч Янчавецкі, вядомы ў той час філолаг, спецыяліст па старажытных мовах. Выдатныя лінгвістычныя здольнасці любімага вучня давалі ўсе падставы Янчавецкаму рэкамендаваць яму гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Тым больш што ў Пецярбургу ён зможа спыніцца ў яго сябра, пісьменніка Пятра Мікалаевіча Палявога, і быць гувернёрам яго сыноў-гімназістаў.

У доме Палявога Браніслаў пражыў амаль два гады. Ён за кароткі час авалодаў больш чым дваццаццю старажытнымі і сучаснымі мовамі, свабодна валодаў латынню, вывучаў усходнія культуры. Вучобу ва ўніверсітэце скончыў са ступенню кандыдата гісторыка-філалагічных навук. Аднак дыплом, пасведчанне на права выкладання і выключная эрудыцыя, як выявілася, не маглі гарантаваць яму працу. Пазней сам патлумачыць: «Але з прычыны таго, што я па дакументах лічыўся каталіцкай веры і не быў велікарускага паходжання, таму што ўсіх каталікоў лічылі палякамі, мне ўсюды адмаўлялі». Браніслаў Ігнатавіч яшчэ чатыры гады існаваў з выпадковых заробкаў.

Была ў жыцці Эпімаха-Шыпілы служба, якую ён вельмі цаніў і якой ганарыўся — праца ў бібліятэцы Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, якой аддаў трыццаць чатыры гады свайго жыцця. Ужо праз кароткі час ён стаў вядомым бібліёграфам.

Пецярбург. Беларуская справа

Пецярбургскі беларус Эпімах-Шыпіла змог сабраць у сталіцы Расійскай імперыі разрозненае зямляцтва: усіх прымаў, усім дапамагаў і ўсіх падтрымліваў. Ён рабіў галоўную справу свайго жыцця — гадаваў новае пакаленне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Моладзь часта запрашаў проста паабедаць, выпіць гарбаты ці паслухаць свой знакаміты грамафон. Многія выдатныя беларусы, як Купала, Тарашкевіч, Жылуновіч, Цётка і інш., па праве былі яго духоўнымі дзецьмі. У 1906 г. на кватэры Браніслава Ігнатавіча паўстала першая беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца». Суполка праіснавала да 1913 г. і выдала больш як дваццаць беларускіх кніг, тры сшыткі часопіса «Маладая Беларусь», асветныя лісткі, беларускія паштоўкі.

Пецярбург — Мінск. Вяртанне

Лета 1917 года, як і многія ў сваім жыцці вакацыі, Эпімах-Шыпіла правёў на роднай Полаччыне. Пасля прыезду ў Залессе ён напісаў свайму сябру мастаку Язэпу Драздовічу: «26 прошлага чэрвеня месяца выехаў я з Петраграда і ўцёк такім чынам ад страхоцця, каторае там здарылася 3га, 4га і 5 ліпеня». 3 ліпеня 1917 г. у Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загадзе Часовага ўрада была расстраляна. Гэтая трагедыя моцна ўзрушыла Эпімаха-Шыпілу. Усяго некалькі месяцаў таму ён вітаў лютаўскую рэвалюцыю з надзеяй, што і беларускі народ атрымае правы і свабоды. Вярнуўшыся ў апошнія дні жніўня ў Петраград, апынуўся ў віры падзей, якія часам мала разумеў, бо, па ўласным прызнанні, палітыкам быў дрэнным. Ён працягваў кожны дзень спраўна хадзіць на службу ва ўніверсітэцкую бібліятэку, куды ўсё менш і менш прыходзіла чытачоў. Спынілася выдавецкая дзейнасць Эпімаха-Шыпілы, сустрэчы беларускай інтэлігенцыі на яго кватэры сталі рэдкія, а пасля і зусім спыніліся, большасць калег і аднадумцаў раз'ехалася. Ён застаўся амаль адзін, церпячы страшэнныя пакуты ад голаду і холаду.

У 1921 г. урад БССР зрабіў спробу арганізаваць пераезд Эпімаха-Шыпілы ў Мінск. Але ўзніклі праблемы з вывазам маёмасці вучонага. Беларускі наркамат асветы, жадаючы дапамагчы яму, у 1924 г. звярнуўся ў СНК БССР з хадайніцтвам, і 17 снежня 1924 г. СНК БССР прыняў рашэнне аб прызначэнні яму пенсіі. Да таго ж Эпімах-Шыпіла быў абраны членам Інбелкульта. Яго жыццё вярталася ў вартае рэчышча. З'явілася шчаслівая неабходнасць прыязджаць у Мінск, ён актыўна перакладаў, рэцэнзаваў, кансультаваў праз перапіску.

І ўсё ж на Радзіму Эпімах-Шыпіла вярнуўся, і вяртаўся з вялікай радасцю. А галоўнае — вучоны і збіральнік прыняў рашэнне аб перадачы сваіх унікальных збораў Інстытуту беларускай культуры. Пасля прыезду ў Мінск Эпімах-Шыпіла быў прыняты ў доме паэта Альберта Паўловіча, а яго калекцыю размясцілі ў будынку Інстытута беларускай культуры па вул. Рэвалюцыйнай, 21. Разборам і апісаннем калекцый у Мінску займаўся сам Эпімах-Шыпіла. Пра гэта гаворыць заўвага Каспяровіча ў артыкуле «Там, дзе тварыў Каганец», які быў надрукаваны ў часопісе «Наш край» (№ 10 за 1928 г.): «Магчыма, што ў канцы разьбіраньня сваіх колекцый проф. Эпімах-Шыпіла (Менск, Рэвалюцыйная, 21) знойдзе якія-небудзь творы нябожчыка (К. Каганец)». Як бачым, у канцы 1928 г. калекцыі ўсё яшчэ разбіраліся і апісваліся, і іх поўная перадача ў Інстытут беларускай культуры да арышту вучонага ў 1930 г. так і не была завершана.

Спадчына і смутак страты

У зборах Эпімах-Шыпілы на час пераезду ў 1925 г. у Мінск значылася звыш 5000 адзінак кніг, рукапісаў і дакументаў. У выпадку, калі ўладальнік рарытэта не мог саступіць яму арыгінал, Эпімах-Шыпіла рабіў дакладную каліграфічную копію. Мэтанакіраваны пошук беларускіх рарытэтаў пазнаёміў яго з многімі калекцыянерамі, у тым ліку і з Аляксандрам Ельскім, які жыў у Замосці на Міншчыне. Вядома, што апошні прыслаў яму рукапіс недрукаванай камедыі Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» разам з рэдкім здымкам шаноўнага аўтара, пачынальніка новай літаратуры. Паводле бездакорнай копіі Браніслава Ігнатавіча нам і вядомы сёння гэты выдатны твор. З далёкага Кракава дырэктар Ягелонскай бібліятэкі і знакаміты бібліёграф Эстрайхер у знак поўнага даверу прысылае яму ў арыгінале ўнікальны экзэмпляр марцінкевічаўскага перакладу «Пана Тадэвуша», забароненага, як вядома, у свой час царскай цэнзурай. Эпімах-Шыпіла робіць каліграфічную копію і з гэтага выдання, як капіруе і адшуканы недзе ў бібліятэчных нетрах верш Адама Плуга 1856 года «Да В. Марцінкевіча, беларускага пісьменніка».

Цікавіўся Эпімах-Шыпіла і нацыянальнымі музейнымі каштоўнасцямі, выкарыстоўваючы для набыцця рарытэтаў любую нагоду. Нават Янку Купалу даваліся такога роду даручэнні. Улетку 1912 года Купала ў Акопах вёў перамовы з уладальнікам нейкай адмысловай старасвецкай шаблі, каб набыць яе для збораў свайго пецярбургскага сябра.

У архіве Эпімах-Шыпілы доўгі час зберагаўся рукапіс трэцяга паэтычнага зборніка Багушэвіча «Скрыпачка». Мастак Язэп Драздовіч перадаў яму на захаванне свае малюнкі.

Эпімах-Шыпіла на працягу свайго жыцця вёў актыўную перапіску з многімі дзеячамі навукі, літаратуры, мастацтва. Кожны ліст завяршаў нязменным «Застаюся адданы Вам...» Але ні адзін з лістоў, дасланых Эпімаха-Шыпілу, не захаваўся.

Гаворачы пра архіўную спадчыну Эпімаха-Шыпілы, мы нязменна гаворым аб стратах. Першую вялікую страту прынёс пажар у яго сядзібе ў Залессі ў 1910 г. Пра гэта Браніслаў Ігнатавіч успамінаў: «Увесну 1910-га года, калі Янка (Я. Купала) жыў у мяне, атрымаў я са сваёй сядзібы Залессе за 20 вёрстаў ад Полацка сумную вестку пра тое, што дамок мой, які я будаваў сабе на старасць на працягу 10 гадоў, разам з іншымі пабудовамі згарэў датла. Гэта мяне так засмуціла і прыбіла, што я не мог ні есці, ні спаць і ледзь быў не захварэў».

Найгоршым было тое, што ў пажары загінула этнаграфічная калекцыя Эпімаха-Шыпілы, а таксама некаторая частка рукапісных і кніжных збораў, якія павінны былі пакласці аснову беларускага музея ў Залессі.

Мінск — Ленінград. Апошнія дні

Самым непрадказальным і трагічным у жыцці Эпімаха-Шыпілы стаўся 1930 г. 18 чэрвеня 1930 г. Эпімах-Шыпіла трапляе пад следства па сумна вядомай справе «Саюз вызвалення Беларусі». Падчас вобыску забіраюць асабістыя дакументы і перапіску вучонага. Сямідзесяцігадовы хворы чалавек прабыў у турэмнай камеры да 12 верасня 1930 г. Фінал усяго гэтага быў больш чым сумны: яму загадалі ў самы кароткі тэрмін пакінуць Беларусь.

У Ленінград, такі блізкі і добра знаёмы горад з яшчэ не забытай назвай Пецярбург, Эпімах-Шыпіла павёз невялікі пакунак дарагога для яго скарбу, дзе паміж усім была яго знакамітая «Беларуская хрэстаматыя», перапісаная ім у 1893 г. паэма Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» у перакладзе Дуніна-Марцінкевіча на беларускую мову, фарс-вадэвіль «Zaloty» Дуніна-Марцінкевіча, спіс «Рэвізіі ваяводства Полацкага» з арыгінала 1552 г., «Калядная пісанка» на 1904 год, аркушы з перапісанымі ў розны час беларускімі творамі і інш.

У Ленінградзе Браніслаў Ігнатавіч пражыў свае апошнія і самыя цяжкія гады. Ленінградскі вучоны-славіст Канстанцін Аляксеевіч Пушкарэвіч, актыўны ўдзельнік дарэвалюцыйнага гуртка, які збіраўся на кватэры Эпімах-Шыпілы, у гэты час як мог падтрымліваў свайго старога сябра. Ім жа быў зроблены і гістарычны запіс на форзацы «Беларускай хрэстаматыі»: «2-га чэрвеня пасля другога ўдара Браніслаў Ігнатавіч страціў прытомнасць і сканаў 6.VІ.34 а 8-ай г. раніцы ў бальніцы імя С. Пяроўскай». Гэта сведчыць яшчэ і пра тое, што свой рукапісны скарб Эпімах-Шыпіла перадаў менавіта Пушкарэвічу, і да 1942 г. ён захоўваўся ў асабістым архіве вучонага.

Пушкарэвіча не стала ў лютым 1942 г. На форзацы «Беларускай хрэстаматыі» з'явіўся яшчэ адзін запіс, на гэты раз рукой Лукі Бэндэ: «Атрымана ад Канстанціна Аляксеевіча Пушкарэвіча 13/1 — 1936 г. Завешчана ва ўласнасць 1.1.1942. Памёр Канстанцін Аляксеевіч у лютым 1942 у гасцініцы «Асторыя».

Так частка рарытэтаў са збораў Эпімаха-Шыпілы перайшла ў калекцыю Бэндэ, якая разам з асабістым архівам апошняга ў 1963 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Вяртанне імя. Памяць

Эпімах-Шыпіла вельмі шчодра дзяліўся рарытэтамі са сваіх збораў. У рэдакцыю першага акадэмічнага збора твораў Максіма Багдановіча (1927—1928) перадаў пісьмы паэта ў выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». На пачатку 1929 г. перадаў Янку Купалу некалькі дзясяткаў яго вершаў дарэвалюцыйнага перыяду, якія ў свой час не друкаваліся з цэнзурных меркаванняў. Друкуючы гэтыя вершы ў часопісе «Полымя», Купала адзначыў: «Рукапісы гэтыя пакінутыя мною ў Браніслава Ігнатавіча, калі яшчэ я жыў у яго ў 1909 — 1913 гг. у Пецярбурзе і аб якіх я сам ужо быў забыўся... Адначасна выказваю тут шчырую падзяку праф. Эпімах-Шыпілу за яго мілую для мяне неспадзеўку».

Частку купалаўскіх матэрыялаў Эпімах-Шыпіла пераслаў літаратуразнаўцу Льву Клейнбарту, які распачаў працу над манаграфіяй пра Купалу. Колькі яшчэ людзей атрымалі неацэнныя дарункі ад Браніслава Ігнатавіча!? Не многае ацалела з яго багатых збораў. На вялікі жаль, згарэлі ў віхуры вайны многія рукапісы Купалы, страчаны рукапіс трэцяга паэтычнага зборніка Багушэвіча «Скрыпачка», зніклі «Беларускія адозвы і лісткі», і найвялікшая страта — вывезеная ў Германію ў Вялікую Айчынную вайну калекцыя, перададзеная ў свой час Інстытуту беларускай культуры, амаль цалкам загінула.

Ганна ЗАПАРТЫКА, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.