Вы тут

Што трэба прадугледзець, каб навядзенне парадку не прывяло да пажару?


Яшчэ не паспеў сысці снег, як людзі пачалі прыбіраць свае прысядзібныя тэрыторыі. Аднак наводзячы парадак на зямлі, як гэта часта бывае, грамадзяне забываюцца пра самае галоўнае — бяспеку. І калі нядаўна супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у асноўным выязджалі на тушэнне ўзгаранняў у хатах, то апошнім часам яны вымушаны змагацца з вогненнай стыхіяй яшчэ і ў экасістэмах: з гэтай нагоды кожны дзень ратавальнікам паступае больш за сотню званкоў.


Людзі, якія змагаюцца са смеццем такім чынам, не задумваюцца яшчэ і аб тым, якую шкоду яны наносяць расліннаму свету. Спальванне сухастою прыводзіць да збяднення расліннасці, павышэння кіслотнасці і памяншэння ўрадлівасці глебы. Амаль усё жывое, што знаходзіцца ў сухой траве або на паверхні зямлі, гіне падчас узгарання. Нярэдка на папялішчах знаходзяць спаленыя птушыныя гнёзды, грызуноў, вожыкаў і нават зайчанят.

Небяспечны форс-мажор

У першы ж дзень вясны ў аграгарадку Падарэссе Старадарожскага раёна мужчына на сваім участку вырашыў спаліць смецце. Дапамагаць яму ўзяўся таварыш. Не паспелі развесці вогнішча, як навядзенне парадку пайшло не па плане. Раптоўна парывы ветру перакінулі агонь на траву. Не маючы ніякіх сродкаў тушэння, адзін з жыхароў пачаў збіваць агонь нагамі. Зразумеўшы, што самастойна патушыць узгаранне не атрымаецца, патэлефанаваў ратавальнікам. У гэты час агонь ужо перакінуўся на ўчастак суседзяў — пачалі гарэць цюкі з саломай. На шчасце, жыллё і пабудовы не пацярпелі. Абышлося і без ахвяр.

Супрацоўнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Чэрвеньскага раёна паведамленне аб узгаранні сухой расліннасці 10 сакавіка паступала двойчы. Спачатку аб тым, што паблізу вёскі Астравы гарыць поле, ратавальнікам паведаміў відавочца. Як высветлілася, мясцовы жыхар наводзіў парадак на сваім агародзе, за якім знаходзіцца калгаснае поле. Менавіта на яго і перакінуўся агонь. Падраздзяленні МНС, якія аператыўна прыбылі, ліквідавалі ўзгаранне. На месцы здарэння таксама працавала тэхніка гаспадаркі: для прадухілення распаўсюджвання агня з дапамогай трактара ажыццяўлялася абворванне.

Літаральна праз гадзіну ратавальнікі Чэрвеньшчыны тушылі пажар каля моста ў гарадскім пасёлку Смілавічы. У ходзе расследавання было ўстаноўлена, што наўмысна там агонь ніхто не паліў. Па папярэдніх прагнозах ратавальнікаў, прычынай узгарання стаў непатушаны недакурак, які нехта выкінуў з акна аўтамабіля — у тым месцы наладжаны інтэнсіўны дарожны рух. Агонь быў аператыўна ліквідаваны.

Днём 19 сакавіка ратавальнікам Гомельскага рэгіёна паступіла паведамленне, што гарыць сухая расліннасць у вёсцы Чыстыя Лужы Веткаўскага раёна. Агнём была знішчана драўляная хата, а таксама пашкоджаны суседнія дамы і гаспадарчыя пабудовы. Акрамя таго, на плошчы ў 10 гектараў згарэла сухая расліннасць з пажніўнымі рэшткамі: кукуруза, якую чамусьці не паспелі прыбраць восенню, пераўтварылася ў вуглі. На шчасце, няглядзячы на маштаб узгарання, абышлося без пацярпелых. Адна з магчымых версій пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас спальвання сухой расліннасці, травы на корані.

Па гэтай жа прычыне, як паведамляюць супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, хутчэй за ўсё, адбыўся пажар і за тэрыторыяй нежылога домаўладання ў вёсцы Яшыцы Жлобінскага раёна. У гэтым выпадку — без хэпі-энду: на пажары без прыкмет жыцця знойдзена пенсіянерка, якая з'яўлялася грамадзянкай Украіны.

Супрацоўнікі Ваўкавыскага райаддзела МНС днямі змагаліся з агнём у вёсцы Старыя Хацькоўцы. Жыхар раённага цэнтра прыехаў навесці парадак на лецішчы. Пасля вырашыў, як гэта часта бывае, спаліць смецце. Парыў ветру выбіў з яго рук запаленую паперу, з дапамогай якой ён хацеў развесці вогнішча. За лічаныя секунды ўспыхнула полымя. Агульная плошча пажару склала паўтара гектара. Тушыць пажар ратавальнікам дапамагалі мясцовыя жыхары. На шчасце, абышлося без ахвяр.

Вогнішча пад кантролем

І такіх прыкладаў, калі навядзенне парадку на зямлі заканчваецца пажарам, а ў некаторых выпадках — яшчэ і гібеллю людзей, хапае ў кожным рэгіёне краіны. З году ў год ратавальнікі не перастаюць паўтараць, да чаго можа прывесці спальванне смецця на сваім участку, нагадваюць, як звычайную прыборку на прысядзібнай тэрыторыі не пераўтварыць у трагедыю. Толькі ці прыслухоўваемся мы да парад спецыялістаў?! Як заўсёды, нам здаецца, што падобнае можа адбыцца з кім заўгодна, толькі не з намі.

Каторы раз ратавальнікі рэкамендуюць пры выбары спосабу ўтылізацыі смецця аддаваць прыярытэт бяспечным. Калі ж вы ўсё-такі вырашылі развесці вогнішча ў сябе на падворку, не забывайцеся падумаць аб тым, як не дапусціць пажару.

Перш чым развесці вогнішча, прадугледзьце, дзе лепш гэта зрабіць. Вызначыўшыся з месцам, улічыце, каб яно знаходзілася на бяспечнай ад будынкаў і збудаванняў адлегласці. Месца для развядзення агню павінна быць ачышчана ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці. Каб агонь не распаўсюджваўся па сухой траве, вогнішча трэба акапаць. Катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць для распальвання гаручыя ці лёгкаўзгаральныя вадкасці.

Спальванне неабходна ажыццяўляць пад пастаянным кантролем. Пад рукой павінны быць першасныя сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель або вядро вады і рыдлёўка — у выпадку пазаштатнай сітуацыі гэтыя звычайныя рэчы дапамогуць папярэдзіць распаўсюджванне агню. Пасля таго, як вогнішча дагарэла, не забудзьцеся вуглі заліць вадой: гэтым вы папярэдзіце паўторнае ўзгаранне. Калі на вуліцы ветранае надвор'е, лепш навядзенне парадку на прысядзібнай тэрыторыі, звязанае са спальваннем смецця, перанесці на іншы дзень.

— Спальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях увогуле забаронена, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Трэба разумець, якую небяспеку цягнуць са сабой бяздумныя дзеянні. Ад невялікага вогнішча могуць загарэцца хаты і хлявы, пацярпець або загінуць самі людзі. Акрамя таго, правядзенне палаў часта прыводзіць да ўзгарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў. Часта дастаткова адной іскры, каб ваша жыццё і маёмасць аказаліся пад пагрозай.

Ратавальнікі звяртаюцца да грамадзян не праходзіць міма травы, якая гарыць. Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі паведамляйце аб узгараннях у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па нумарах 101 або 112.

Вераніка КАНЮТА

Фота: Гомельскае абласное ўпраўленне МНС


Інтэлігент, прафесіянал, светлы чалавек

Вельмі сумная вестка прыйшла ў рэдакцыю: пайшоў з жыцця памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях — прэс-сакратар палкоўнік унутранай службы Віталь Уладзіміравіч Навіцкі.

Не без клопату гэтага светлага чалавека, прафесіянала сваёй справы, на працягу многіх гадоў паміж газетай «Звязда» і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях наладжана шчыльнае ўзаемадзеянне. Не без увагі Віталя Уладзіміравіча на старонках найстарэйшага рэспубліканскага выдання краіны выходзіў спецыяльны праект рэдакцыі і ведамства «Жывіце ў бяспецы». Прэс-сакратар нярэдка падказваў для рубрыкі тэмы, актыўна выступаў на старонках «Звязды» ў якасці эксперта. Патрэбную інфармацыю даваў заўсёды па сутнасці і аператыўна.

Журналістам вельмі проста і цікава было з ім працаваць. Сам журналіст па адукацыі, Віталь Уладзіміравіч добра разумеў, што ад яго хочуць прадстаўнікі масмедыя, пагаджаўся на любыя прапановы, звязаныя з падрыхтоўкай эксклюзіўнага інфармацыйнага прадукту. Нярэдка Віталь Навіцкі быў госцем нашай рэдакцыі.

Заўсёды інтэлігентны, просты, шчыры і з усмешкай — такім запомніцца прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Ён пражыў вельмі кароткае жыццё (у пачатку месяца Віталю Навіцкаму споўніўся ўсяго 41 год), але пакінуў аб сабе толькі светлы напамін. Вечная памяць...

Калектыў Выдавецкага дома «Звязда» выказвае спачуванні родным і блізкім памочніка міністра па надзвычайных сітуацыях — прэс-сакратара палкоўніка ўнутранай службы Віталя Уладзіміравіча Навіцкага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».