Вы тут

Экзамен на «аўтамаце»: Аўташколы будуць працаваць па новых правілах


З новага ў працэсе навучанні будучых аўтааматараў можна адзначыць галоўнае: ужо у хуткім часе ў іх з'явіцца магчымасць вучыцца і здаваць экзамен на машыне толькі з аўтаматычнай каробкай перадач. «Механіка», якой многія чамусьці баяцца, будзе непатрэбна. Але ці стане прасцей у такім выпадку здаць выпрабаванне ў ДАІ?


Папраўкі ў закон аб дарожным руху пачнуць дзейнічаць з 22 верасня 2022 года. З навацый: будуць выдаваць міжнародныя правы па Канвенцыі аб дарожным руху 1968 года. Пры гэтым грамадзяне РФ змогуць кіраваць транспартнымі сродкамі ў Беларусі, карыстаючыся сваімі нацыянальнымі дакументамі.

Змяненняў шмат і іншых. Але ўсё ж адно з самых доўгачаканых і галоўных — магчымасць праходзіць навучанне і атрымліваць правы на кіраванне машынай з аўтаматычнай каробкай перадач (АКПП).

Варта разумець, што правы на АКПП будуць адрознівацца ад тых, хто атрымае, вывучыўшыся на механічным варыянце. Здаваць на правы на «аўтамаце» некаму, можа, і сапраўды лягчэй, але трэба мець на ўвазе, што калі пачынаючы вадзіцель сядзе з імі за руль аўтамабіля з МКПП, гэта будзе прыраўноўвацца да язды без пасведчання. У сваю чаргу, атрымаўшы правы на «механіцы», кіроўца будзе мець права кіраваць машынай з любой каробкай перадач.

Здаць на «аўтамаце», але ездзіць на «механіцы»?

Раней навучацца ў аўташколе і здаваць экзамен можна было толькі на аўто з «механікай», прычым нават калі на ёй многія зусім і не збіраліся ездзіць.

Цяпер жа, калі курсант здае практыку на машыне з АКПП і экзамен у школе і ДАІ, то і ездзіць яму можна будзе толькі на «аўтамаце» — правы будуць з такой адзнакай.

І яшчэ: калі з такімі правамі кіроўца сядзе за машыну з «механікай», то супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі будуць лічыць яго, на жаль, самым сапраўдным бяспраўнікам. За першае парушэнне такі «бяспраўнік» атрымае штраф у 20 базавых (з 1 студзеня 2022 года БВ складае 32 рублі). За паўторнае парушэнне яму пагражае да 50 базавых ці адміністрацыйны арышт. Калі кіроўца з правамі на АКПП сядзе за руль аўто з «механікай» трэці раз, яго чакае наогул «крыміналка».

Зразумела, што той, хто атрымаў правы на машыну з «механікай», зможа ездзіць як на МКПП, так і АКПП (як і раней).

Новыя групы ў аўташколах

Мы наведаліся ў некаторыя аўташколы і высветлілі, ці ёсць ужо набор кіроўцаў для навучання на «аўтамаце».

У аўташколе «Твае Правілы» такога набору, на жаль, пакуль што няма. Гэта абсалютна зразумела, сказалі нам: навошта вучаць будучых кіроўцаў па новых правілах, пакуль яны яшчэ не дзейнічаюць. Кіраўнікі сталічных аўташкол тлумачаць: пакуль яшчэ няма спецыяльных праграм, з дапамогай якіх можна было б вучыцца і здаваць экзамены на «аўтамаце». Праграмы, як і набор, чакаюцца толькі ў верасні.

Важна разумець, што ў ДАІ павінны яшчэ патлумачыць усе нюансы навучання будучых кіроўцаў па новых правілах. На сёння мала што вядома.

Трэба адзначыць, што навучанне на АКПП будзе даражэйшая з-за больш дарагога абслугоўвання аўтамабіля. Гэта не выключае таго, што давядзецца змяніць кошт на атрыманне правоў катэгорыі «В» з улікам паліва і вылучэння машыны аўто ў ДАІ.

Ці адменяць эстакаду?

Незразумела і тое, як кіроўцы будуць здаваць практыку ў Дзяржаўтаінспекцыі. Да Напрыклад, ці варта правяраць эстакаду на аўто з «аўтаматам»? У гэтым амаль няма сэнсу, упэўнены прадстаўнікі аўташкол.

Што датычыцца аўтапарка, не ўсе прадпрыемствы па аказанні гэтых паслуг, аказалася, маюць тэхніку з АКПП. Таму цяпер для многіх аўташкол галоўная задача — папоўніць парк аўтамабіляў з АКПП.

Дзяржаўтаінспекцыя краіны пакуль не дае ўсіх падрабязнасцяў па новых праграмах, але абяцаюць гэта зрабіць у хуткім часе. Цяпер той момант, калі трэба адладзіць усе працэсы, удакладнілі там.

«Каробка» для гурманаў

Кіраўнік Цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі Сяргей Аўчыннікаў адзначыў, што новаўвядзенні па іспытах і правах на АКПП доўгачаканыя ў Беларусі, прымаць трэба было іх яшчэ раней.

«Гэта даўно трэба было зрабіць. Аўтамабілі, якія цяпер выпускаюць на МКПП, робяцца для «гурманаў», альбо гэта старыя мадэлі аўто. Таму мы становімся карыстальнікамі аўтамабіляў без неабходнасці ў іх разбірацца. Напрыклад, мы ж не задаёмся пытаннем, як уладкаваны камп'ютар. Нам гэта не трэба, калі што — нясём тэхніку ў рамонт. Гэтак жа і з аўтамабілямі: не ўсім абавязкова ведаць, якое ў яго начынне, не ўсе любяць гэтыя складанасці, мы хочам карыстацца тэхнікай, каб ад гэтага былі карысць і камфорт», — расказвае Сяргей Аўчыннікаў.

Паводле яго слоў, няма сэнсу ўскладняць жыццё. Не трэба людзей прымушаць вывучаць «вантробы» машыны, якія, як кажуць, ім абсалютна нецікавыя.

«Механіка» лепшая за «аўтамат»?

Ён тлумачыць, што кіраванне аўто з «механікай» патрабуе дадатковых маніпуляцый. І часам няўменне кіраваць такім тыпам транспарту можа прывесці да аварыйнай абстаноўкі на дарогах.

«У нас тры педалі ў машыне і дзве нагі — увогуле, шматзадачнасць. Але цяпер час, калі ўсё спрашчаецца. Ужо ствараюцца аўтамабілі на аўтапілоце, калі нават на педалі націскаць не трэба. Толькі руль папраўляй», — кажа Аўчыннікаў.

Хоць, вядома, у «механікі» ёсць свае перавагі. Машына з механічнай каробкай перадач лепш паводзіць сябе на бездаражы. Таксама «механіку» прасцей запусціць, як кажуць, са штурхача, а для «аўтамата» ў такой сітуацыі выклікайце эвакуатар. І, самае галоўнае, надзейнасць ручной каробкі перадач. Дарагое абслугоўванне ёй не трэба на працягу ўсяго тэрміну службы.

«Цяпер у людзей ёсць магчымасць выбару. Напрыклад, жанчына адвозіць і прывозіць дзяцей са школы — навошта ёй «механіка»? Яна ніколі ёй не будзе карыстацца. А калі ты хочаш развівацца, неяк паляпшаць сваё майстэрства кіравання, то можаш пасля здаць і на «механіку», таму што гэта больш складана. І калі ў цябе ёсць правы на кіраванне транспартам з МКПП, то і АКПП можна кіраваць — гэта лагічна.

«Аўтамат» — ужо не раскоша

Трэба ўлічваць і той факт, што з кожным годам усё больш вытворцаў аўто адмаўляецца ад вытворчасці машын з механічнай каробкай пераключэння перадач.

«Аўтамат» перастаў быць спадарожнікам прэміяльных машын. У Беларусі таксама расце колькасць аўто з АКПП, пра гэта сведчаць справаздачнасці па продажах у дылераў.

Так, адзін папулярны ў краіне дылер у афіцыйнай справаздачнасці паказаў, што за пяць гадоў амаль у тры разы нарасціў продажы ў Беларусі аўто з АКПП. Калі ў 2015 годзе аб'ём продажаў такіх машын складаў парадку 18 %, то ў 2021 годзе гэты паказчык склаў амаль 50 %.

Не ўсе пажаданні ўлічаны

Сяргей Аўчыннікаў адзначае, што ў новых правілах можна было прапісаць і яшчэ шэраг іншых ініцыятыў. У прыватнасці, уніфікаваць правілы здачы на правы: зрабіць іх падобнымі, як у іншых еўрапейскіх краінах.

«Цяпер яны адрозніваюцца. Напрыклад, у Германіі практычны экзамен дзесьці 1,5 гадзіны здаецца: 45 хвілін па горадзе, 45 хвілін кіраванне па аўтабане. Думаю, што, напэўна, трэба было б перагледзець многія пытанні і вызначыць, што ўзяць карыснага, тое, што ўжо даўно ёсць у іншых краінах. Можа, яно і не трэба ў нашых умовах, а можа — трэба. Час паказаў бы. Дарожная статыстыка здарэнняў — у першую чаргу. Таксама і абмежаванне хуткасці: чаму за мяжой 50 кіламетраў у гадзіну, а ў нас — 60?» — задаецца пытаннем спецыяліст па кіраванні.

З іншага боку, уніфікаваць ўсе правілы дарожнага руху па прыкладзе еўрапейскіх або расійскіх таксама наўрад ці магчыма. Усё ж такі многія пункты (у тым ліку пры здачы экзаменаў) абумоўлены асаблівасцямі мясцовасці, клімату і іншымі нюансамі, падкрэслівае Сяргей Аўчыннікаў.

«Аўтамат» ці «механіка»?

Пачынаючых кіроўцаў заўсёды хвалюе пытанне, які аўтамабіль лепш абраць: з механічнай КПП або з АКПП? Правядзём параўнальную характарыстыку двух відаў трансмісій з пункту гледжання іх пераваг і недахопаў. За аснову возьмем наступныя крытэрыі: цана, абслугоўванне і рамонт, ККД і разгон, надзейнасць, рэсурс эксплуатацыі, Умовы зімовага кіравання, камфорт, рэсурс счаплення і рухавіка і паводзіны машыны на дарозе.

Цана пытання

Аўтамат даражэйшы за механіку. Ды і расход паліва на аўтамаце будзе на 10—15 % большы, чым на механіцы. У асноўным гэта датычыцца гарадской язды, за горадам розніца па выдатку паліва будзе крыху меншая.

Абслугоўванне і рамонт

Абслугоўванне і рамонт аўтамабіля з аўтаматычнай КПП выйдзе даражэйшым. Аўтамат патрабуе больш машыннага масла, чым механіка, ды і каштуе даражэй. Патрабуе замены і масляны фільтр. У параўнанні з аўтаматам механічная КПП простая ў абслугоўванні і не патрабуе дарагіх расходнікаў і запасных частак.

ККД і разгон

Дынаміка разгону ў механічнай трансмісіі лепшая, чым у аўтаматычнай КПП, ды і ККД у механікі вышэйшы. Механічная КПП дае магчымасць рэалізацыі ўсёй магутнасці рухавіка. Выключэнне складаюць рабатызаваныя каробкі перадач з двума счапленнямі.

Надзейнасць

Прастата ўстройства дазваляе механіцы ў параўнанні з аўтаматам прэтэндаваць на званне больш надзейнай каробкі перадач. Буксіроўка на працяглыя адлегласці на гнуткай або жорсткай счэпцы магчымая толькі для аўтамабіляў з механічнай КПП. Машыну з аўтаматам рэкамендуецца перавозіць толькі на эвакуатары. Ды і эксплуатацыя аўтамабіля, абсталяванага механікай, пры яздзе ў галалёдзіцу, па гразі і бездаражы будзе лепшая ў параўнанні з аўтаматам.

Рэсурс эксплуатацыі

І гэты крытэрый кажа на карысць механікі, рэсурс эксплуатацыі якой вышэйшы. Некаторыя механічныя каробкі могуць функцыянаваць нават пасля выхаду са строю «роднага» рухавіка аўтамабіля. Чаго нельга сказаць пра АКПП, якая праслужыць толькі да капрамонту.

Зімовае кіраванне

На аўтамабілі з механікай лягчэй ездзіць па слізкай паверхні і буксаваць у снезе. Для аўтамата гэтыя дзеянні не пажаданыя — можа перагрэцца трансмісійнае масла.

Такім чынам, па шасці разгляданых пазіцыях (кошт, абслугоўванне і рамонт, ККД і разгон, надзейнасць, рэсурс эксплуатацыі, умовы пры зімовым кіраванні) выйграе механічная каробка перадач. Паглядзім, чым адкажа аўтамат.

Рэсурс рухавіка і счаплення

У гэтым плане выйграе таксама аўтамат: ён кантралюе абароты і не дае рухавіку перагрэцца. На механіцы пры некарэктным пераключэнні перадач магчымая перагрузка матора. Пачаткоўцы могуць забыцца і не змяніць своечасова перадачу з ніжэйшай на вышэйшую, прымушаючы рухавік працаваць на павышаных абаротах.

Тое ж самае адносіцца і да счаплення. У аўтамабілі, абсталяваным аўтаматычнай КПП, няма неабходнасці пастаянна выключаць счапленне.

Паводзіны машыны на дарозе

Аўтамабіль з аўтаматычнай КПП рухаецца плаўна, без рыўкоў, не адкочваецца на горцы. Аўтамат мае рэжым «паркінг», пры якім рухавік адключаецца ад трансмісіі, а выхадны вал каробкі механічна заблакіраваны. Гэты рэжым дазваляе машыне надзейна ўтрымлівацца на месцы.

Ну што ж, тры супраць шасці! Атрымліваецца, механіка лепшая за аўтамат? Можа. Але распрацоўшчыкі не стаяць на месцы і працуюць над новымі, усё больш дасканалымі разнавіднасцямі аўтаматычных каробак перадач. Калі за крытэрый узяць, напрыклад, паскарэнне аўтамабіля, то механіка разганяецца хутчэй за класічны аўтамат, а вось варыятарная каробка па эфектыўнасці дакладна не саступіць механічнай трансмісіі, а часам і перасягне яе.

Так што на пытанне, якую каробку перадач выбраць, няма адзінага, канкрэтнага меркавання. Усё залежыць ад таго, што для кіроўцы ў прыярытэце, а таксама ў якіх умовах ён збіраецца эксплуатаваць свій аўтамабіль. Калі ў асноўным плануецца язда па горадзе са шматлікімі пробкамі, то лепшым рашэннем будзе аўтамат. Пры руху за горадам дапушчальныя абедзве КПП. А эксплуатаванне машыны ў складаных дарожных умовах адназначна дыктуе выбар на карысць механікі.

Калі камфорт і хуткае навучанне ваджэнню для вас стаяць на першым месцы — выбірайце аўтамат. Хочаце адчуць хуткасць і раскруціць рухавік да мяжы — бярыце аўтамабіль з механічнай трансмісіяй.

Данііл ДЗМІТРЫЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».